Эда. Забытыя песні. (Яўген Папакуль)

Эда

Забытыя песні суворай поўначы.

Зусім нядаўна з выхадам кнігі “Эда. Забытыя песні” (выдавецтва “Тэхналогія”, 2023) завяршыўся амбітны праект па перакладзе знакамітых стараісландскіх твораў на беларускую мову. І зроблены ён намаганнямі ўсяго аднаго чалавека.

Кандыдат філалагічных навук Яўген Папакуль нарадзіўся  ў Наваполацку і ўжо колькі часу працуе над тэкстамі Эды. Так цягам трох апошніх гадоў кніжныя паліцы беларусаў узбагаціліся кнігамі “Эда. Песні пра багоў”, “Эда Сноры Стурлусана”, “Эда. Песні пра герояў”.

Варта зазначыць, што перакладчыку, акрамя непасрэднай працы з тэкстамі прыйшлося вырашыць колькі метадалагічных пытанняў, пачынаючы з нехарактэрных для нашага культурніцкага абсягу назваў прадстаўленых кніг да суаднясення правіл стараісландскага вершаскладання з асаблівасцямі беларускай мовы.

Адмовіўшыся ад паняткаў “старая” і “малодшая”, “паэтычная” і “празаічная” Эда, Яўген Папакуль прапануе замацаваць іншы, менш распаўсюджаны на постсавецкай прасторы падыход. Назвы даюцца адпаведна зместу твораў, а ў выпадку “Эды Сноры Стурлусана” – іх аўтарства. Гэтая тэза аргументавана даводзіцца ва ўступных артыкулах да выданняў, як і іншыя ўстаноўкі перакладчыка.

Пра сур’ёзнасць падыходу да справы сведчыць і колькасць каментароў ды тлумачэнняў (складаныя метафары, геаграфічныя назвы, літаратуразнаўчыя ўдакладненні), якія няхай і маюць ад выдання да выдання разыходжанні ў афармленні і спосабе падачы, але ўсё-такі носяць грунтоўны характар. Непадрыхтаванаму чытачу без іх абысціся сапраўды цяжка. Дзіва, што змест гэтых старажытных твораў мы найчасцей даведваемся з кніг пераказаных папулярнай мовай, а не з першакрыніц.

Са старонак “Эдаў” на нас абрынаецца безліч сюжэтаў, імёнаў, назваў, найменняў, выбудаваных у свой непаўторны космас, для поўнага ўяўлення каторага варта пазнаёміцца з усімі чатырма кнігамі.

Касмагонія, паходжанне і прыгоды багоў, гісторыі герояў, песні скальдаў, правілы стараісландскай паэтыкі і вершаскладання. Чытач з самымі рознымі інтарэсамі зможа адшукаць тут нешта сваё. Даследчыкі міфалогіі і рэлігіязнаўцы – унікальную сістэму вераванняў, гісторыкі – згадкі пра падзеі і персаналій ранняга сярэднявечча ў Паўночнай Еўропе, культуролагі і псіхолагі – архітыпічныя мадэлі, характэрныя для вялікага рэгіёна.

Але не варта забывацца, што “Эда” гэта ў першую чаргу літаратура з уласнай паэтыкай і разуменнем прыгожага.

Асноўным, але далёка не адзіным, паэтычным памерам паэзіі “Эды” з’яўляецца дротквэт – васьмірадковік, які мае шматлікія (больш за 60) варыяцыі і будуецца не толькі на звыклай рыфмоўцы, але жорсткай слогавай структуры, алітэрацыях, колькасці і чаргаванні літараў і г.д. Гэтыя асаблівасці характэрныя для ўсёй эдычнай паэзіі. Падрабязна гэтая тэма разглядаецца ў “Пераліку памераў, які Сноры склаў пра конунга Хакана і герцага Скулі” з “Эды Сноры Стурлусана”, якая лічыцца ледзьве не падручнікам па напісанні вершаў. Прапаную вашай увазе невялікую вытрымку:

“Зварот да маладых скальдаў.

Вось што хацелася б зараз сказаць маладым скальдам, якія жадаюць спазнаць мастацтва паэзіі, узбагаціўшы свае веды старадаўнімі прыёмамі і навучыўшыся бачыць і разумець схаваны змест: няхай вывучаюць гэтую кнігу для навукі, а таксама для забавы. Нельга забываць гэтыя паданні ці сумнявацца ў іхняй праўдзівасці і выкідаць з паэзіі старадаўнія кенігі, якія так любілі славутыя скальды. Хрысціянам жа не варта верыць у язычніцкіх багоў і праўдзівасць гэтых гісторый інакш, чым сказана ў пачатку кнігі”.

Суіснаванне веры ў адзінага бога і пантэон скандынаўскіх багоў – тэма асобнай размовы, нейкім парадаксальным чынам яно не замінала адно другому, і для Беларусі гэта блізка, як ні для якой іншай краіны.

Для таго, каб скласці ўяўленне пра згаданыя вышэй кенігі, давайце паспрабуем звярнуцца да кнігі “Эда. Забытыя песні” і паглядзім, наколькі празрыстым з’яўляецца іх прыхаваны сэнс. “Імша жалеза”, “пунсовыя росы”, “зала сэрца”, “вопратка ветру”, “словаў кішэня”, “глуздоў пагорак”, “чэрапа поўні”, якія з’яўляюцца адпаведна кёнігамі сечы, крыві, грудзей, ветразя, рота, галавы, вачэй.

Яшчэ адным распаўсюджаным прыёмам з’яўляецца выкарыстанне шырокага шэрагу найменняў – хэйці. Часам настолькі шматлікага, што колькасць іх можа дасягаць сотні, як у выпадку Одзіна. У “Прамове Грымніра” (“Эда. Песні пра багоў”) чытаем:

46.

Я Шматаблічны,
я Падарожнік,
Войскаў-збіральнік я ды Шлеманосец,
я называюся Слынным і Трэцім,
я Грамабой і Любімы-бязмежна,
я Асляпляльнік-у-сечы, Высокі,

47.

Зменлівы, Шчыры,
Праўды-шукальнік,
Рады-вайне ды Гатовы-ўсё-зрынуць,
Пільнае-вока ды Жорсткае-вока,
Носьбіт-ліхога ды Той-каго-многа,
Я Шматаблічны ды Пад-башлыком я,
Хуткі-ў-падмане ды Мудрасцю-слаўны…

і г.д.

Што да зместу апошняй кнігі “Эды. Забытыя песні”, то яна задумвалася хутчэй, як дадатак да асноўнага корпуса тэкстаў, але ў працэсе работы ўвасобілася ў паўнавартаснае выданне. Яно дае больш поўнае ўяўленне пра песні, якія цытаваў Сноры Стурлусан, прыклады скальдычнай паэзіі ІХ-Х стагоддзяў, “казачныя песні” позняга сярэднявечча і нават стылізацыі-фальсіфікацыі ХVIII стагоддзя.

Песні, прысвечаныя рунам – таямнічым знакам, вытлумачэнне якіх было загадкай яшчэ ў часы стварэння твораў. Цікавыя шчытавыя песні, складзеныя ў падзяку за падарунак. Асобна вылучу “Перадсмяротную песню Рагнара Ладброка”, бо яна, як мне падаецца, вельмі хораша перадае ваярскую свядомасць і светасузіранне старажытных скандынаваў. Казкі парадуюць вас хітрымі меладраматычнымі сюжэтамі, складзенымі на мяжы старажытнай эдычнай і “новай” баладнай паэзіі. Варта зазначыць, што некаторыя творы перакладзены на сучасную мову ўпершыню.

Напрыканцы кнігі змешчаны дадатак: “Пасма пра Торвальда Вандроўніка” і аўтарскі каментар да яе. Яўген Папакуль не толькі перакладае жыццяпіс знакамітага ісландскага прапаведніка, але выбудоўвае сваю гіпотэзу, дзе можа быць пахаваны Торвальд – як тут абысціся без мясцовага полацкага патрыятызму.

Рамантызаваны праз сучасную масавую культуру вобраз вікінгаў дае толькі павярхоўнае ўяўленне пра багацце міфа-паэтычнай спадчыны скандынаваў. Таму знаёмства з першакрыніцай – гэта добрая магчымасць паглыбіцца ў тэму, пазбегнуўшы інтэрпрэтацый. Зараз мы маем магчымасць зрабіць гэта на беларускай мове, а ў некаторых выпадках (размова пра “казачныя песні”) нават раней за астатніх.

Міхал Бараноўскі

One thought on “Эда. Забытыя песні. (Яўген Папакуль)

Пакінуць адказ