Сцебуракаў лёс. Усевалад Сцебурака

На самой справе не зусім лёгка далася мне гэта кніга. Спачатку, калі толькі пачаўся аповед, я чытала хутка. Мне было цікава. А падрабязнасці пра жыццё беларусаў ў складзе Польшчы не сустрэнеш у кожнай кнізе. А тут столькі новага! Прызнаюся, я пачувала сябе нейкім невукам, а не чалавекам ,які мае вышэйшую адукацыю.

А калі пачала чытаць пра савецкі час, то чытаць стала цяжка. Бо на прыкладзе сям’і так добра паказаў герой усю сілу і жудасць людской пыхі, бязглуздзіцу і выпрабаванні.

Так. Уся кніга – гэта аповед пра адну сям’ю. Пачынаецца з успамінаў 17.. году і па сённяшні час. Шчыра зайздрошчу аўтару, які атрымаў у спадчыну такія ўспаміны і сам працягнуў пісаць далей. І, канешне, вялікі дзякуй, што столькі новага з нашай гісторыі не сканала, а засталося.

Спадзяюся, што кагосьці зацікавіла сваім водгукам да кнігі. Не шукайце ў ёй хуткага аповеду, нейкіх таямніц або сентыменталізму. Не . Тут іншае – тут аповед пра час, пра змену падзей, улады. Пра людзей, якія жылі і вымушаны былі страчваць…

natallya_kuzminava.


Ад дошкі да дошкі прачытаў нарысна змястоўныя, а ў дакументальнай значнасці проста грунтоўныя старонкі, дбайна сабраныя пад прыцягальнаю назваю “Сцебуракаў лёс”.

Магу сказаць: незвычайны твор, народнае сказанне пра светлую працавітую радзіну, своеасаблівая паэма любові да родных людзей, якія адчувалі і адчуваюць сябе сапраўднымі беларусамі.

Яшчэ адзначу: панарамная карціна, жанравая плынь якой – гісторыя роду.

У гісторыі ж роду Сцебуракаў змясцілася надзвычай багатая хроніка драматычнага сямейнага жыцця, падрабязны летапіс  трагічных падзей, што абрынуліся на гаспадароў, якія не баяліся цяжкой работы і ўсё неабходнае здабывалі сваімі рукамі…

Аўтары Ўсевалад Сцебурака і Анатоль Сцебурака ўзбагацілі сваю выдатную творчую працу ўспамінамі дзеда Анатоля і бацькі Міколы, а таксама архіўнымі матэрыяламі, і ў выніку ўзнік россып гістарычных каштоўных згадак!

Род Сцебуракаў убачаны ў пару каралёў Аўгуста III Саса і Станіслава Панятоўскага, у эпоху Расійскай імперыі, у часы Другой Польскай рэспублікі, у гады нацысцкай акупацыі, а таксама на выгнанні ў Казахстане і ў тыя дні хвалявання, у якія адбывалася вяртанне ў БССР.

Такі неабдымны тэматычны абсяг сюжэтнага пісьма, а сага Сцебуракаў менавіта сюжэтная – то-бок займальная ў шмат якіх не прыдуманых з’явах і здарэннях як з царскага, так і з польскага перыяду, як з гадоў нямецкай акупацыі, так і з дзесяцігоддзяў чырвонай улады.

Ядраны бляск цікавага зместу існуе скрозь, у кожным раздзеле!

Скажам, не можа не цешыць хатні ўспамін пра тое, як у сям’і збіралі залатыя мікалаеўскія манеты, каб набыць зямлю.

Золата хавалі ў торбе, і ў нейкі дзень бацька загадваў маленькаму сыну закінуць тую торбу за плечы!

Калі хлопчык закідваў, то гэта значыла – грошай яшчэ мала, трэба далей збіраць.

Але от надыходзіла пара, калі ў торбе паўнела, як у тым гумне жыта, і хлопчыку ўжо бракавала сіл закінуць залатую ношку за спіну, тады задаволены бацька радасна пастанаўляў: “Усё! Можна пачынаць куплю! Золата, здаецца, хопіць!”

Бачна (!) выпісаны прыкметы заходнебеларускага жыцця – “польскія” і “рускія” крыжы, такія ж Раство і Вялікдзень, багатыя кірмашы, дарагая гарэлка ў карчме, першыя ровары, сена ў цюках, швейцарскі сепаратар, брукаваныя вуліцы, дзейнасць Таварыства беларускай асветы…

А якія яркія чалавечыя постаці пададзены – раз прачытаеш і ўжо ніколі не забудзеш ні Геніка Шарошку, ні Дубягу-Дзянісава, ні пана Эйманта.

З прыязнасцю ўспамінаецца малады Максім Танк – паэт гасцяваў у Сцебуракаў у іхнім слаўным фальварку Субачы.

А якія вабныя малюнкі зіхацяць у апавяданнях пра літвакоў, пра Сару-рэзнічыху, пра жыхара “…Крывічоў па прозвішчы Высоцкі…”, пра пекара Кайзера!

Зрэшты, пра ўсё тут і не скажу, проста, завяршаючы гаворку, аднатую: “Сцебуракаў лёс” варта прачытаць кожнай душы, у якой ёсць душа.

Натхнёныя бацькам сыны напісалі пра сваё!

Дарэчы, трэба найбольш і пісаць пра сваё і хваліць найбольш трэба сваё!

Я, чытач, займеў ад чытання асалоду.

Leanid Dranko-Maisiuk

 

Сачыце за абнаўленнямі ў Тэлеграме

Пакінуць адказ

Сачыце за абнаўленнямі ў Тэлеграме