Чаму ўсё так? Таццяна Карытка.

Кніга, якую было жаданне адкінуць прэч, пачытаўшы першую палову старонкі. Да слоў “…напэўна залупіла б нешта па-будысцку светлае і маркотнае…”. Не ляпнула, не ўляпіла. А “залупіла”.

Гэта – пошласць, як яна ёсць.

Але стаў чытаць далей. Бо ж – пераможца прэміі Дэбют. Бо ж пазнаёміўся раней з кнігамі Уласенкі і Касцюка, якія ў гэтым конкурсе не выйгралі. Бо  нагэтулькі ўхвальныя водгукі…

Раптам я і пабачу надзвычай каштоўнае? Ці ж я сляпы?

Пачытаў.

Кніга пісалася на рускай мове, пасля перакладалася. Можа, і ў галаве аўтаркі, не аспрэчваю такі варыянт. Як прыклад “рухнула тварам”; любімае гуглаўскае “атрымоўвацца” замест “атрымлівацца”; “Дні праходзілі па датычнай” і болей. У кнігі і рэдактар, і карэктар ёсць, таму крыўдна за гэтыя абароты і слоўцы і яшчэ за многія. “Абсыпаная… акраўкамі спаленай скуры” – гэта пасля загару. Скуру на сонцы ўсе спальвалі… Акраўкі – абрэзаныя кавалкі, частачкі тканіны, скуры, але той, з якой нешта шыюць. А тут дарэчнае?

“На галінцы дрэва…вісела Соня”. Галінка – яна і ёсць галінка, якую адломяць камароў адганяць, а вісець чалавек можа на галіне ці на суку.

У якія гады вучылася Яська? Адно ведама: тады былі мабільныя тэлефоны, а яшчэ маці памячае накрыўкі слоіўкаў “16”. Быццам зразумела. Ну і якім такім чарнілам, рыхтуючы ўрокі, мог дзіцёнак запэцкаць світар? Які, дарэчы, разам з шортамі складаў яе “любімы жоўты касцюмчык”.

“Кінуўшы ўсе сілы, каб не расплакацца”. Можа, тут бы правільней было б: “на тое, каб  не”? Ды і на расейскай мове “бросать все сілы” – амаль штамп, але ў беларусаў кідаць у такім значэнні скарыстоўваюць ваенныя і чыноўнікі перад сяўбой-касавіцай-жнівом. Ці Бог забараніў напісаць хіба так: “намагаючыся з усіх сіл, каб не…”

Але, выключаю свайго унутранага рэдактара, які не даваў мне чытаць спакойна.

Бог з мім, памылкамі ці недарэчнасцямі, ці недакладнасцямі. Ва ўсіх ёсць. І будуць.

А вось што рэальна не давала неяк засяродзіцца на тэксце, дык гэта абраны стыль.

Калі мне не здраджвае памяць, ён з’явіўся больш за 20 гадоў назад. Сцёб. Зухаватасць. Не іронія, але насмешка. “Касіць пад Ільфа-Пятрова”.  Часам за ім бачылася адно жаданне аўтара здзівіць, уразіць. Ваў-ў-ў, як умею!

І гэтая кніга напісана менавіта так. Добра, калі гэтакія стылі у дзявочых-жаночых пікіроўках, калі нейкая гераіня так размаўляе. Але каб на кожнай старонцы не-не ды ўсунулася гэтае “ваў-ў-ў!”, для мяне занадта.

…зламаюць нос, і куды я потым са зламаным носам, хіба што вершы пісаць?

У нас былі паэткі са зламанымі насамі, не?

Яна нават не стала папраўляць валасы ці праціраць вочы: у сне можна пабыць і феміністкай.

Праз некалькі гадзін выпрабаванняў Лёлінай цярплівасці акт міласэрнасці, нарэшце, падышоў да канца.

Тут яшчэ і пытанне адно: сустрэча ў інтэрнаце насамрэч цягнулася ажно некалькі гадзін? Не веру (с)

Усе размаўляюць як заведзеныя лялькі, эпізоды пра кожную напісаны ў аднолькавым стылі. Гэта ніяк не дае магчымасці зразумець напачатку, дзе якая Лёля-Соня-Каця-Яська.

Яшчэ больш цікавае пачынаецца з трэцяй часткі, дзе становіцца зразумела: у Яські – праблемы з псіхікай. І вельмі сур’ёзныя.

І цяпер мяне удвая раздражняе гэты сцёбны стыль.

Чытаў другую палову, а ў галаве стаялі карцінкі з фільма. Што пачынаецца неміласэрна жорстка. Пра дзяўчынку. Якая едзе з глуздоў ад убачанага забойства маці і гвалту над ёй. А далей – гісторыя. А ў той гісторыі – яшчэ адна гісторыя, якая усплывае падчас танцу дзяўчынкі ў першай гісторыі. І ў фінале – жорсткая рэальнасць лабатаміі. Гэта “Забаронены прыём” Зака Снайдэра.  Не ведаю, ці глядзела гэты фільм аўтарка, але там –  мы глядзім і бачым несапраўдны свет створаны ў несапраўдным свеце, тут – мы чытаем пра несапраўднасць у несапраўднасці.

І вось калі не ўлічваць названых мной вышэй “спатыкачоў”, тады ідэя, задума кнігі – выдатная. І рэалізацыя амаль атрымалася. Амаль, бо аўтару варта было засяродзіцца менавіта на галоўнай гераіні – Ясьцы. Усё іншае адкінуць, бо яно нічога не дае, а толькі перашкаджае. Гісторыя ж галоўнай гераіні вельмі цікавая. Хоць і расказаная не з той выразнасцю, якую сама гісторыя патрабавала.

Галоўнае пытанне засталося без адказу: чаму Яська “здала” сябра? Вырашыла “завязаць”? І чаму адважылася на самагубства? “Завязаць” другі раз? Тут няўцямнасць.

І калі засяродзіцца менавіта на унутраным драматызме гераіні, зразумеем, што абраны стыль – гэта амаль што здзек з хваробы. І ён тым больш ніяк не дапамагае раскрыць сапраўды заблытаны свет, у якім жыве Яська.

Але ж напісана як напісана, з нагрувашчваннем процьмы і адной загадкі прыканцы, дзе да невыразных Лёлек-Кацяў-Соняў прыплятаюцца не больш выразныя віцькі-вадзікі-жорыкі ды яшчэ і дзеці. Адчуваецца, што аўтарка проста стамілася запісваць – калі ўлічыць, як яна выпісвала сцэны з пачатку, і які сумбур дае ў фінале.

І назва кнігі пераўтвараецца ў пытанне: чаму ўсё так, мілы аўтар? Куды вы спяшаліся? Няўжо ніхто з больш дасведчаных не выказваў вам пэўныя заўвагі?

Прабачце за старэчае бурчанне.

В. Г.


 

«Чаму ўсё так?» Цудоўная дэбютная кніга маладой беларускай пісьменніцы, сапраўднае адкрыццё

Вокладку для кнігі стварыла сама Таццяна.

Фота гэтай інсталяцыі я зрабіла ў час падарожжа па Францыі, у горадзе Кан. Калі я дакладна памятаю, яна знаходзіцца на тэрыторыі Канскага замка. Там шмат было дзіўных твораў мастацтва, але ад гэтай дзяўчынкі складана было адарваць погляд. І калі я думала над вокладкай, я зноў успомніла гэтую дзяўчынку на фоне даху і вырашыла, што лепш не прыдумаеш.

Дэбютная кніга пісьменніцы «Чаму ўсё так? – гэта якасная вострасюжэтная псіхалагічная аповесць. Збіралася напісаць «жаночая вострасюжэтная псіхалагічная аповесць», але рука завісла над клавіятурай. З чаго б гэта – бо галоўныя гераіні жанчыны? Але мы з цікавасцю чытаем пра герояў мужчын, чаму б і мужчынам пра нас не пачытаць. Дык вось – вострасюжэтная псіхалагічная аповесць. Але гэта толькі абалонка. У кнізе шмат слаёў.

У першым – аповед пра здымкі рэаліці-шоу. На піку нацыянальнага абуджэння беларускае тэлебачанне здымае аналаг праграмы «Халасцяк». На загадкавага рэдактара Славу прэтэндуюць чатыры дзяўчыны: крутога нораву Каця, ціхмяная Яся – «майстар кароткіх рэплік», Лёля, што хоча ўсім падабацца, і Соня з няўдалым досведам сямейнага жыцця. Адна з іх – галоўная гераіня. Хто? Даведаецеся. У апошнім раздзеле…

На здымках адкрываюцца асабістыя гісторыі кожнай гераіні, сакрэты, шкілеты – карацей, усё, чаго патрабуе рэаліці-шоу і добрая кніжка на вечар.

У другім слаі аповесці – гісторыя сталення ў 1990–2000-я. Вельмі асабістая, з дзіўнымі характэрнымі дэталямі (гераіня ўспамінае, як кожны дзень, прыйшоўшы са школы, павінна была цалкам пераадзявацца. «Успамін не даваў спакою: у чым была патрэба пераадзяваць трусы? Хто гэта прыдумаў: мама ці сама Яська? І калі гэта практыка спынілася?..»). Аповесць поўная адсылак на тыя дзіўныя часы, і я, аднагодка аўтаркі, памятаю ўсё гэта вельмі выразна: фільм «Чаго хочуць жанчыны», вобраз Алсу ў кліпе «Зімні сон», пакуначак з налепкамі «Барбі», якія ўклейваліся ў спецыяльны альбом… А зашчаміла мне, калі гераіня ўспомніла серыял пра выратавальніц з такой прыгожай Памэлай Андэрсан у галоўнай ролі. Пад серыял гераіня есць вафлю «Віцьба» ў шакаладнай глазуры, і найбольшае майстэрства – расцягнуць яе на ўсе 60 хвілін серыі.

У трэцім слаі аповесці аўтарка прапануе паназіраць за гульнямі нашай падсвядомасці. Гэта, бадай, самы захапляльны слой. Сапраўдную чытацкую сатысфакцыю атрымліваеш, калі злучаеш нітачкай факт рэальнасці і яго адбітак у падсвядомасці адной з гераінь. Часам прыходзіцца пашукаць, але ў выніку ўсё злучаецца. Азартна!

Чацвёрты слой кніжкі – гэта гісторыя змагання з цяжарам сваіх траўм, гісторыя перажывання сораму за сябе, свае паводзіны і ўчынкі… Кніжка пра тое, да чаго даводзіць гвалт у дзяцінстве, нават досыць бяскрыўдны. Пра тое, як мы не ўмеем даваць рады грузу мінулага. Наша культура не вучыла нас процістаяць гвалту, не вучыла, і як перажываць, прапрацоўваць памылкі. Зрэшты, усё гэта, у першую чаргу, пра сумныя вынікі непаразумення дзяцей і бацькоў.

Гераіня ўцякае ад сябе, ад свайго мінулага, але аднойчы яе ўцёкі твар у твар сутыкаюць яе з сабой. Усведамленне, хто ты ёсць, можа быць страшнае – і адначасова гэта момант абсалютнай свабоды. І нягледзячы на ўсе гэтыя слаі, кніжка застаецца вострасюжэтнай аповесцю. Апошнія старонкі чытаеш агаломшаны ад фіналу. Раптам усе замкі расчыняюцца. Магчыма, вам нават захочацца вярнуцца да пачатку і зноў прайсціся па тэксце – пазбіраць ключы.

Цяпер пішацца вельмі цяжка. Любая тэма, якую ні закрані, здаецца няважнай у параўнанні з тым, што адбываецца. Але і акунацца ў той жа кашмар, толькі ў літаратуры, не хочацца. Таму даводзіцца пераконваць сябе, што аднойчы свет адновіцца, і людзям, і мне самой зноў стануць цікавыя тыя тэмы, на абмеркаванні якіх мы спыніліся. 

Раней Карытка пісала па-расейску, але цяпер стварае на дзвюх мовах.

Роднай лічу расейскую, але гэта выбар, які зрабілі ў дзяцінстве за мяне і да якога я прывыкла і ўспрымаю як свой. Ёсць прыкладна тысяча прычын, з якіх я напісала кнігу на беларускай, адзначу адну. Беларускамоўную літаратуру часта папракаюць, што яна толькі «пра вайну ды пра вёску». Я шаную гэтыя тэмы і лічу іх патрэбнымі, але мне яны няблізкія, і хацелася стварыць нешта на мове, што было б блізка мне і такім, як я.

Мне кніжка Таццяны Карытка перагукаецца з раманамі амерыканскай аўтаркі Марышы Пэсл: загадкі, нечаканыя сувязі між падзеямі і персанажамі, амаль дэтэктыўная фабула і фінал, у якім кніга абарочваецца зусім не дэтэктывам. Цікава, што Марыша Пэсл таксама стала пісаць свой першы бестселер – «Некаторыя пытанні тэорыі катастроф» – працуючы фінансавым кансультантам. Сумна адно: наклады Пэсл – сотні тысяч, наклады Карытка – 150 асобнікаў. Але некалі і нашы аўтары будуць прадавацца па ўсім свеце. Усё ў нас будзе.

Паўліна Скурко.


Разбор аповесці Таццяны Карыткі «ЧАМУ ЎСЁ ТАК?»

Памяць… Ці добра вы запамінаеце прачытаныя кнігі? Падаецца, гэта немудрагеліста: чатыры маладыя жанчыны, адзін мужчына і адзін рамантычны тэлепраект. Наўрад ці тут заблукаеш. А што, калі сапраўдная колькасць і статус мужчын да самага фіналу застаюцца невядомымі, ды і жанчын як бы не чатыры? Што, калі тэлепраект урэшце адсоўваецца на задні план, а гісторыя кардынальна змяняе жанр? Разбураюцца мосцікі, перакінутыя між сюжэтнымі лініямі, непрадказальна ўзнікаюць новыя, і не вельмі ясна, дзе чые ўспаміны… таму што пад пытаннем нават тое, ці былі яны насамрэч. У адной кніжцы фактычна злучаны дзве гісторыі, якія патрабуюць рознага разбору, і ў некаторым сэнсе я гатовая не згадзіцца з развязкай. Але гатовая і аналізаваць.

Гэта яшчэ той квэст – раскласці на часцінкі твор, асноўнай тэмай якога з’яўляюцца выбрыкі свядомасці.

Тады пачнем так, быццам развязкі не было.

Найперш вызначым, хто ёсць хто ў нашай надзвычайнай чацвёрцы.

  1. Самая яркая.

– Мяне надоечы некалькі разоў спыталі, ці бачыла я, колькі Каця п’е, і ці не лічу я, што гэта не варта ўдзельніцы такога шоу.

– І што ты адказала? – з цікавасцю спытала Каця.

– Што ты нічога не ясі, і калі пакінеш яшчэ і піць, твой арганізм памрэ ад абязводжвання.

– Гучыць як тост, – заўважыла Каця.

***

Бесшабашнасць, разняволены язык, аднолькавая прыхільнасць да алкаголю, Скрыптаніта і класічнай рускай літаратуры – гэта пра Кацю. Маўленне варта вылучыць асобна: можна адкрыць кніжку ў адвольным месцы і па Кацінай рэпліцы з ходу ўгадаць характар. Што ні фраза, то афарызм ці жарт. Ведаеце, каб укручваць падобнае на працягу ўсяго твора, трэба або самой разважаць у гэткім ключы, або ўходаць процьму часу на прыдумванне. Зачытваць яе рэплікі ўголас было б цікавей, чым любыя іншыя.

  1. Самая згодлівая.

«Час раставаў, цямнела, і Лёля клалася спаць стомленая, але незадаволеная, бо дзень зноў прайшоў дарма, бо яна так старалася, бегла, рабіла, але нічога не паспела, бо ўся яе актыўнасць накіравана толькі, каб падтрымаць сваё матэрыяльнае жыццё. <…> Калі і быў у Лёлі перыяд жаночага росквіту, то яна паспяхова яго прапусціла. Напэўна, стаяла ў чарзе ў краме. Ці гартала навінавую стужку».

***

У бясконцай мітусні і шэрасці дзён так проста прывыкнуць здавольвацца малым. Галоўнае – не спазніцца, паспець ускочыць у апошні вагон апошняй электрычкі пад назвай «Сямейнае жыццё»… Але за кошт чаго? І ці не разумней скарыстацца ведамі, атрыманымі разам з псіхалагічнай адукацыяй, і перш падлячыць сабе душу?

(У плане спешкі я спачувальна даю пяць – як чалавек, які бягом бяжыць на любы аўцік або тралік. І часам нават паспявае. Пры тым, што наручны гадзіннік наведзены на дзве хвіліны наперад.)

  1. Самая няўпэўненая.

«Ясьцы не спалася. Яна сабрала доўгія валасы ў касу, <…> падзякавала ўсяму добраму, што адбылося за дзень (дзякуй за добрае надвор’е, дзякуй, што хаця б першыя паўдня не мучылася дурнымі ўспамінамі, <…> дзякуй, што некалькі імгненняў перад люстэркам яна сабе падабалася – пакуль не заўважыла свежы россып рабаціння на носе); даравала ўсім, каму трэба было (як заўжды, усім, але толькі не сабе), ды сон ніяк не ішоў».

***

Бегчы, бегчы, так хутка, як Яська можа: не зазіраць у чорную бездань памяці, не ўглядацца ў твар страху, не дазваляць дзвярам і вокнам зачыняцца, а часу – несціся наўскач, не размыкаць кайданкі на стакгольмскім сіндроме, не расплюшчваць вочы перад праўдай і…

Стойце, што было першым пунктам?

  1. Самая загадкавая.

«Разам з Соняй знікла магчымасць успаміну пра яе. <…> Астатніх трох удзельніц вельмі строга папярэдзілі, што, калі яны па-ранейшаму маюць нейкі інтарэс, каб працягваць удзел у будаўніцтве свайго шчаслівага жаночага лёсу, трэба прытрымлівацца правіл, а правілы з гэтай раніцы такія: ніякай Соні яны ў вочы не бачылі, рукамі не краналі, носам не нюхалі».

***

Дваццаць дзевяць год. Сышла ад мужа. Малая дачка. Фактычна гэта ўсё, што застаецца нам на памяць ад Соні, і звестак, напэўна, малавата, каб падагнаць яе пад пэўны тыпаж. Соня магла б раскрыцца праз дзеянні, але адкрыта дзейнічаць ёй не дазволена па сюжэце. Можна выхопліваць яе пачуцці ў моманты з’яўлення: вытрыманая, таямнічая, прахалодна-мудрая, расхваляваная да слёз, падазроная… І як мінімум слёзы – нешта не тое, не пра яе. А што пра яе? Складана. Няма акрэсленасці, і чытацкія чаканні таксама затуманеныя.

Што да тэмы твора, то яна павінна здавацца выразнай: рамантычнае шоу, з’яднанне двух палавінак, поспех у летуценных хатніх гаспадынь… Вось толькі замест паглыблення ў адносіны «Ён + Яна» аўтарка прапануе паглыбіцца ў чалавечую сутнасць. Заахвочвае гераінь раз за разам выварочваць душу і вытрасаць з яе дзіцячыя і/ці дарослыя траўмы. Саромныя, непрыгожыя, пакутныя. Праявы невідавочных рыс характару або выпадкі гвалту.

Дапусцім, муж «проста» не абараняе жонку ад кпінаў сваіх сваякоў.

Або на розум «проста» цісне п’яная лаянка з калідора, таму шчымліва хочацца займець уласную, правільную сям’ю, як і належыць харошай дзевачцы.

Або найлепшы сябар на правах старэйшага і мацнейшага «проста» зачыняе вас у кватэры і па тэлефоне аддае вар’яцкія загады, прымушаючы называць яго гаспадаром…

Прыклады на першы погляд не самыя ўражлівыя. Урэшце, не збіццё, не дамаганне… Але і яны дэфармуюць асобу. Праграмуюць на іншыя паводзіны, знішчаюць адчуванне спакою і абароненасці. Даводзяць чалавека да стану вечнай ахвяры.

І гэта страшна. Тое, з якой лёгкасцю надломваецца свядомасць.

Тут варта перавесці ўвагу на адну з крыніц гвалту – ключавы мужчынскі персанаж. У адрозненне ад большасці дзяўчат, з ім не ўсё гладка. Узяць хоць сумесны візіт у інтэрнат, калі ён «гуляў з нейкімі пацанамі ў футбол, нешта прыемнае крычаў маленькім дзяўчынкам <…> і запаўняў сваёй весялосцю ўвесь пакой». Герой успрымаецца як добры станоўчы хлопец, а ў яго між тым сур’ёзныя праблемы з законам, якія не маглі не паўплываць на характар (гл. вышэй). У гэтай сцэне нескладана падставіць замест яго імені чыё-небудзь іншае, напрыклад Жорыка, і рэплікі не падкажуць, што персанаж не той. Намякнуць на таямніцу атрымалася на першым спатканні – з Кацяй, якая так удала падлавіла псеўдарэдактара на тым, што ён не чытаў «Ганну Карэніну». Чыстасардэчна прызнаюся, што не чытала таксама, але справа яшчэ і ў паводзінах героя, якія выдаюць унутраную агрэсію. Рэплікі ж на працягу твора часам здаюцца больш роўнымі і літаратурнымі, чым чакаеш.

Паколькі дзеянне разгортваецца ў дэкарацыях рэаліці-шоу, несвядома абапіраешся на пэўныя яго вехі. Таму раптоўная змена жанру становіцца нечаканасцю і прымушае чытаць усё хутчэй – а сюжэт усё нястрымней коціцца ў невядомасць, пакуль не разбіваецца ўшчэнт аб фінальную частку. «Чаму ўсё так?» – усклікваеш з круглымі вачыма. Разламаць гісторыю – надзвычай смелы ход, заўжды захапляе аўтарская здольнасць скласці з абломкаў нешта абсалютна іншае (і не зламаць пры гэтым мозг). Пераасэнсаваная версія можа патлумачыць любыя шаргаватасці, калі спісаць іх на мысленне ненадзейнага апавядальніка. Вось толькі могуць узнікнуць і новыя.

Напрыклад, чыста суб’ектыўна ў мяне выклікае адмаўленне перапісаная Яська. Адзінота, у якую ўпірае Вадзік, падаецца не такой і адзінокай за кошт наяўнасці безадмоўнага прыхільніка на заднім плане, і да дзяўчыны ставішся не са спагадай, як раней, а з дакорам. У Каці сітуацыя яшчэ складаней: пасля ператасоўкі ўспамінаў у яе знікае слабае месца, той самы «паразит с тысячью зубов», які так ці інакш грызе кожную гераіню. А значыць, вобраз яе, па сутнасці, аднабаковы, няўскладнены. Кацю, якая рассыпае гумар, мы запомнілі і ацанілі. А што наконт Каці збянтэжанай, Каці засмучанай?.. Гэта настолькі супярэчыць яе характару, што прымушае ўгледзецца ўважлівей: што яшчэ тоіцца там, унутры? Губляць такі козыр наўпрост шкада. Дарэчы, слабасцю магла б стаць начытанасць, калі б была раскручана трохі больш. А ну раптам і тут прыхаваны прыкры выпадак?

Хаця ў жыцці не ўсё так ураўнаважана, як у кнігах. Можа, ёсць моцныя, пафігістычна настроеныя асобы, якія не назіраюць у сябе яўных слабых месцаў. Можа, у адных абставінах людзі пакутуюць у ролі ахвяры, а ў іншых самі становяцца пераследнікамі…

Калі б мне прапанавалі выбраць адну з дзвюх версій гэтай гісторыі, я аберуч схапілася б… за першую. Якая існуе з пачатку да эпілога-лібрэта. «Вечна вы, чытачы, незадаволеныя, – прабурчыць, пэўна, кожны другі аўтар. – Пішаш занадта змрочную гісторыю – дрэнна, занадта пазітыўную – яшчэ горш. Нічым не дагадзіць!» І на самай справе, першая версія нашмат цямнейшая (і ад таго глыбейшая), а цёмныя гісторыі ў такой жа пашане, як і дрэнныя хлопцы. Таму, мабыць, і цягне закрыць далонню ў змесце дзве апошнія часткі: вас не было, вы несапраўдныя. Доўга назіраеш за ходам складанай шматграннай гісторыі, верыш ёй, упускаеш яе ў сябе… Потым жа ўпіраешся ў шыльду «Пс-с, усё было інакш».

Спрашчэнне супакойвае, гэта так. Але…

Ёсць і розныя дробныя моманты:

☑ У першай сцэне не адразу абазначана месца дзеяння. Гіпатэтычна можна ўявіць што заўгодна, напрыклад тыповы павільён, насамрэч жа гераіні здымаюцца на сонечнай палянцы.

☑ Пры дыялогах досыць часта фігуруе слова «заўважыла». Найбольш у Каці, але ёсць і ў іншых.

☑ Хто падкажа: са зрокам мінус 2,75 яшчэ не носяць акуляры? Складана разгледзець праўду з маімі мінус 7 з капейкамі.

☑ Славу «да сённяшняй раніцы не бачыў ніхто», але ж Каця бачыла і нават хадзіла на спатканне.

☑ «Частка чацвёртая, у якой Лёля выйграе ў конкурсе на самага дрэннага чалавека». Вынікі спаборніцтва абвяшчаюць толькі ў наступнай частцы, а ў гэтай пакуль няясна, хто каго перагаварыў (хіба што прыблізна).

☑ Соня «моўчкі глядзела кожнай роўна ў вочы». Цяжка ўявіць траекторыю позірку, бо напрамкаў адразу тры.

☑ Адна з фраз па сюжэце паўтараецца, але не даслоўна: у першым выпадку там «пужліўка», у другім – «пугліўка». Падобна да карэктарскай праўкі ў самы апошні момант, але хто яе ведае.

☑ На вокладцы кропкі ў простай мове стаяць унутры двукоссяў, а павінны звонку.

З серыі «Пункт адліку» гэта сёмая кніжка, якую я прачытала. І – не, я не збіраюся параўноўваць, бо ў гэтым ёсць пэўная ненармальнасць. Розныя жанры, розныя мэты, ды і часу колькі прайшло… Але ж гэты твор падаецца найбольш важкім з пункту гледжання пачуццяў. Напоўненасці і перапоўненасці імі. Чытаць яго няпроста: ён пабудаваны на мэтанакіраваным выкрыцці шкілетаў у шафе, любы з якіх – а то і не адзін – можа аказацца вашым. Гэтак жа, як у тэксце рэцэнзіі ўважлівы чытач мог прыкмеціць сёе-тое пра мяне, ён знайшоў бы і раскладзеныя па ўсёй кнізе згадкі чагосьці такога, што многім невымерна блізка, трапна, што ёміста і адначасова неахопна.

Не адшукаць падабенства і выдыхнуць… або адшукаць і зажмурыцца, каб не бачыць.

І дамовіцца з памяццю, начыста забыць, як гэта часам балюча – быць сабой.

 

Дар’я Значонак

 

Пакінуць адказ