Тутэйшы дзэн. Артур Вакараў, Сабіна Брыло

Тутэйшы дзэн. Артур Вакараў, Сабіна БрылоМабыць, ужо ўсе беларусы ведаюць, што для перадачы беларускай мовы на пісьме былі распрацаваныя кірыліца, беларуская лацінка і арабіца. Але ці ведаеце вы, што мы маем ужо і беларускія іерогліфы? Ці ўсё ж не зусім іерогліфы?..

Вы можаце самастойна скласці ўражанне і вырашыць, як называць графічныя знакі, з якіх складаецца кніга «Тутэйшы дзэн».

Аўтар канцэпцыі, стваральнік графікі і аўтар шэрагу вершаў Артур Вакараў і паэтка Сабіна Брыло прадставілі сумесны праект – кнігу, у якой беларускія словы, што адгукаюцца глыбока ў душы і свядомасці, спалучаюцца з эстэтыкай далёкай Японіі. Абрысы намаляваных беларускіх словаў нагадваюць іерогліфы. Вершы вытрыманыя ў традыцыйных формах японскай паэзіі: хайку, танка, сэнру.

Словы-вобразы часам расшыфроўваюцца быццам шарады, часам інтуітыўна прачытваюцца, а часам зацягваюць сваёй няўлоўнасцю – і праз асацыятыўны шэраг могуць прывесці да зусім іншых паняццяў. Завіснуць можна ўжо на вокладцы, дзе мы бачым увасабленне тутэйшага дзэну: Дз у ступені n.

Несумненна толькі адно: для кожнага чытача гэтая кніга будзе прачытаная па-свойму. І, магчыма, пры вяртанні да яе праз нейкі час яна стане ўжо зусім іншай кнігай.

Дык што гэта – беларускія іерогліфы? Візуальная паэзія? Графічны эксперымент? Ці нешта, для чаго нам яшчэ толькі трэба прыдумаць назву? Мабыць, лепш за ўсё паглядзець і прачытаць самім.

Cytalnia.

Сачыце за абнаўленнямі ў Тэлеграме

Пакінуць адказ

Сачыце за абнаўленнямі ў Тэлеграме