Імя Кастуся Тарасава ў беларускай літаратуры стаіць побач з імем Уладзіміра Караткевіча. Гістарычныя творы гэтых знакамітых пісьменнікаў цудоўна дапаўняюць адзін аднаго. Калі Караткевіч уваскрашаў атмасферу і каларыт даўніны, то Тарасаў даваў другое жыццё рэальным гістарычным асобам. Ён неверагодна глыбока ведаў і адчуваў гісторыю — яе матэрыяльны свет разам з патаемнымі рухамі чалавечай душы. Тарасава лёгка ўявіць і ў баявым шыхце рыцараў на Аршанскім полі, і ў велікодным віленскім натоўпе часоў Жыгімонта Аўгуста і Барбары Радзівіл.
Аповесць «Апошняе каханне князя Міндоўга», прысвечаная заснавальніку дзяржавы нашых продкаў — Вялікага Княства Літоўскага, бачыцца найлепшым у беларускай гістарычнай літаратуры творам пра ўзаемадачыненні ўладара і ўлады. У прыгодніцкай аповесці «Здань Чорнага шляху» чытач апынаецца ў атмасферы неадступнага страху, у якім на пачатку ХVI стагоддзя жыў Ашмянскі павет. У фінале здань набывае аблічча бязлітаснай шляхцянкі Ядвігі Русіноўскай…
З анатацыі
Чаму нам не расказваюць такое на уроках гісторыі!? Менавіта такія рэчы запамінаюцца, і дазваляюць лягчэй разабрацца ў асноўных падзеях.
А што адбылося? Князь Міндоўг вельмі кахае сваю другую жонку Марту. Але, ня гледзячы на тое, што яна была шмат маладзейшая, Марта памірае. Вялікі князь нісколькі не трымае траур, а амаль на памінках жэніцца на яе малодшай сястры – Агне. А ў Агны ёсць муж! Дзікія звычаі таго часу дазвалялі такое зрабіць. Але навошта? Я так і не знайшла адказ на гэтае пытанне.
Падзеі, апісанныя ў рамане адбываліся шмат стагоддзяў таму. І мы, безумоўна не зможам дасканала разгадаць матывы Міндоўга. Адно зразумела – гэта быў неўвычайны чалавек. Сапраўдны князь і першы кароль ВКЛ.
Мне вельмі падабаецца чытаць гістарычныя раманы на аснове рэальных падзей. У падручніках гісторыі мы бачым сухі пералік фактаў: вось быў князь Міндоўг, за ім Тройнат, а потым Войшлак… А на старонках рамана, яны ажываюць, атрымліваюць голас, характар.
Вось такая гісторыя безумоўна запомніцца на доўга!
Дзеянне рамана адбываецца ў 13 стагоддзі, калі князь Міндоўг, запрошаны княжыць у Навагрудак, збірае вакол горада беларускія і літоўскія землі, каб стварыць новую дзяржаву з цэнтрам у гэтым горадзе.
У барацьбе за ўладу Міндоўг забіў князя Відзімунта і ажаніўся на яго ўдаве Марце, якая пазней нарадзіла яму двух сыноў. У паходах і бітвах праходзіць каля 10 гадоў, Марта нечакана памірае. На памінкі прыязджае малодшая сястра памерлай – Агна, і князь, абвясціўшы, што, паводле апошняй волі Марты, ён павінен узяць у жонкі яе сястру, сілай утрымлівае Агну ў сваім замку. Малады муж Агны, Даўмонт задумвае страшную помсту і бярэ ў саўдзельнікі пляменніка Міндоўга, які даўно марыць заняць месца свайго дзядзькі.
Кніга напісана вельмі добрай мовай, не перанасычана гістарызмамі. Галоўная яе добрая якасць – эфект апускання ў эпоху. Думкі, ідэалы, светапогляд герояў такія, якімі яны былі ў людзей 13 стагоддзі. Дзякуючы гэтаму пачынаеш разумець, чаму Марта пражыла 10 шчаслівых гадоў з забойцам свайго мужа, чаму Агна змірылася са сваім лёсам, чаму шлях да ўлады непарыўна звязаны са смерцямі не толькі чужаземцаў, але і крэўных сваякоў.

