Паэтаў Востраў : успаміны пра Міхася Рудкоўскага. Лявон Валасюк (укладанне)

Паэтаў Востраў : успаміны пра Міхася Рудкоўскага. Лявон Валасюк (укладанне)Кніга прысвечана памяці Міхася Рудкоўскага (1936–1991), вядомага беларускага паэта з Берасцейшчыны, тэлежурналіста, перакладчыка і публіцыста. Успамінамі і згадкамі пра паэта дзеляцца родныя, сябры і землякі творцы.

У кнігу ўключаны таксама выбраныя вершы Міхася Рудкоўскага.

З анатацыі.


Пасля толькі атрымання гэтай кнігі падумалася, што напішу па-іншаму… Не пра кнігу, як твор ці збор твораў, але пра кнігу, як факт выдання…

Серыі кніг заўсёды прыцягваюць увагу. Найперш той ідэяй і думкай, якая ў іх закладзеная. І, па шчырасці, не ведаю больш значнай за ідэю тую, дзе на першым месцы – захаванне нашай спадчыны.

Лявон Валасюк узваліў (а гэта зараз відавочна) работу неймавернай па сённяшнім часе цяжкасці: захаваць памяць пра “Берасцейскае вогнішча”, пра слынных літаратароаў-берасцейцаў, якія насамрэч гарэлі так ярка ў свае часы. Пра тое, што кожны з іх даў сваёй малой радзіме і агулам беларускай літаратуры і што яны далі разам, напісана ўжо нямала. Пра Міхася Рудкоўскага прывяду словы Алеся Каско з гэтай кнігі:

Менавіта ён, інтэлігент-паляшук, стаў першым прафесіяналам-паэтам на Берасцейшчыне, калі за аснову першынства браць не членства ў Саюзе пісьменнікаў, дзе піянерам быў Мікола Засім, а дасягнуты ўзровень майстэрства. Ды і папулярнасць у яго была не меншая, чым у папярэдніка. Яго, выпускніка Брэсцкага педінстытута, асабліва цанілі філфакаўцы, да якіх у 1968 годзе далучыўся і я. Спазнаў перад тым немалы сорам. «А, из ганцевичских? — населі на мяне ў парозе інтэрнатаўскага пакоя старшакурснікі. — Михася Рудковского знаешь? Читай наизусть, или жить с нами не будешь».

Дык вось, пра выданне. Няма чаго казаць, што сам збор матэрыялаў – гэта немалая праца. Асабліва калі ўлічыць, што большасці артыкулаў няма ў электронным выглядзе. Укласці, падрыхтаваць, знайсці выдаўца… І знайсці грошы. Пры гэтым ведаць наперад, што гэта ніякі не камерцыйны праект. Што укладзеныя сродкі не вернуцца.

Недзе на тле старонак гэтай кнігі верашчыць неразумнае інфантыльнае дзіця: “Гэта ж справа і гонар дзяржавы, саюза пісьменнікаў, галіновага упраўлення аблвыканкама – выдаваць такія кнігі! Гэта ж ім у першую чаргу трэба рупіцца аб захаванні… аб развіцці… аб пашырэнні… аб павышэнні…”

Усё так, і было б так, і фінансаванне б было, калі б…

Лявон Валасюк і ягоны праект – а гэта ўжо трэцяя кніга гэтай серыі – прыклад не проста ахвярнай працы, але прыклад адзінага на сёння рэальнага выйсця. У стагнацыі літаратурнага працэсу (наўрад ці хто аспрэчыць гэты факт) адзіным магчымым шляхам для тых, каму балюча за літаратуру і гісторыю, ёсць самастойная праца і самаахвяраванне. Ахвяраванне сваім спакоем, сваімі сіламі і сваімі грашыма. Цяперашні часам сапраўдным ратаваннем для літаратурнага працэсу ёсць бяссрэбранікі – тыя, хто робіць справу ў зацятасці і цішыні, без гучных заяў і крыклівых пантоў. Тыя, хто ўзвальвае на сябе работу, не думаючы пра адэкватную ацэнку абранай ім справы. Робяць, бо ім баліць, бо унутранае пакліканне зберагчы любімае – па-над усім.

Мы сёння з крыштальнай яснасцю ўсведамляем, што літаратуру робяць не саюзы і упраўленні – літаратуру робяць адзінкі, асобы, творцы. Цяпер – тым больш.

Гэтая кніга, як і папярэдняя, складаецца з артыкулаў і эсэ пра Міхася Рудкоўскага самых розных людзей. Ёсць там і вершы паэта. Гэты, што прыведзены ніжэй, стаўся ўжо амаль хрэстаматыйным:

Ёсць Востраў у мяне.
Паміж бароў,
Як між заліваў хвалістых, ляжыць ён.
Там жоўты месяц плавае у жыце
У песнях трактароў і камароў.
Ёсць Востраў у мяне. З нягод і скрух
Я да яго лячу, як да святыні:
Ён даў дыханне мне, і зрок, і імя
І, разамкнуўшы небасхілу круг,
Ідзі, сказаў…

Я не мудрэц. Але адрозню ўсё ж
Здалёк і сталь нарога, і рапіры…
Ёсць Востраў у мяне — ў мяне ёсць ліра,
І ліра тая, пэўна, значыць штось…

Апошні радок – як ідэя і сэнс усяго жыцця. І відавочна, не толькі самога паэта, але і ўсіх тых, хто абраў сваёй справу служэння літаратуры. У гэты радку – не толькі чалавечая сціпласць (якая ў апошнія гады сталася раптам “нямоднай” і бесперспектыўнай), але і ўпэўненасць у выбраным шляху. Упэўненасць для сябе самога, тая самая светлая зацятасць, якая дапамагае сённяшнім рупліўцам рабіць справу…

В. Г.

Сачыце за абнаўленнямі ў Тэлеграме

Пакінуць адказ

Сачыце за абнаўленнямі ў Тэлеграме