
Напэўна, кожны ў падлеткавым узросце перажываў перыяд любові да дэтэктываў… Калі ў школе трэба бясконца адказваць “Што хацеў сказаць нам аўтар?” і “Пра што нам кажа надвор’е ў сюжэце кнігі”, то хочацца на вакацыях не думаць ні пра аўтара, ні пра тое надвор’е, а проста паглыбіцца ў свет кнігі, чытаць цікавыя прыгоды, разгадваць загадкі і знаходзіць злачынцаў…
Менавіта так мы і прабавілі час з сынам і прачыталі новую кнігу.
Дэтэктыў сучасны. Пра падлеткаў з мабільнікамі, камерамі і іншым… Даволі добрая гісторыя пра сяброўства, прыгоды і… курган Рагвалода. Ці чулі вы пра такі? Я, напрыклад, не чула ні разу… Уразілася. І адразу пайшла глядзець мапу. Цікавае месца. Па паданні там пахаваны Рагвалод (спадзяюся, усе помняць, хто гэта? Нават тыя хто не любіў гісторыю?), праз шмат год туды ж пахавалі і дачку Рагнеду. Гісторыкі і археолагі даследавалі курган. Пахаванне менавіта Рагвалода не пацвердзілі… Але ж знайшлі ўпрыгожанні і вырабы тых часоў. Таму… Усё магчыма…
Новая кніга для падлеткаў 12+ па-беларуску ❤️💪! Я так заўсёды радуюся, калі з’яўляюцца такія гісторыі👏🤩. А гэтая — наогул дэтэктыў, ды яшчэ з архэалагічнымі акалічнасцямі. Аматарам раскопак, пошукаў скарбаў вельмі рэкамендую ❤️. Адзінае, што насамрэч пажадана на 12+ ці нават старэйшым дзецям, бо, напрыклад, маёй 10-гадовай дачцэ было даволі складана зразумець некаторыя дэталі.
У кнізе даволі шмат дзеючых асоб, у тым ліку 13-гадовыя падлеткі Мацвей, Ганна, Пятрусь і Міхась. Але, на жаль, больш месца ў кнізе займаюць дзеянні дарослых людзей. Не ўсім дзецям цікава чытаць пра развагі і ўзаемаадносіны дарослых людзей або варта падаваць такое пад іншым “соўсам”. Гэта мінус кнігі, на мой погляд.
Сюжэт такі: адзін з хлопчыкаў знайшоў на падлозе школы старажытны пярсцёнак і паказаў яго тату. У таты сваякі-знаёмыя — вучоныя-археолагі, якія зацікавіліся, як у школе апынулася такая старажытная рэч. Вырашылі, што гэта дзейнічаюць нейкія чорныя капальнікі. Пачалі раскручваць вяровачку і выйшлі на злодзея, настаўніка са школы, дзе быў знойдзены пярсцёнак. Дзеці таксама дапамагалі дарослым, розныя файныя ідэі падкідвалі, сачылі за падазраванымі. У выніку атрымалася прадухіліць крадзеж з раскопак на кургане ў Расонскім раёне старажытнага паса вікінгаў. Заадно выкрылі яшчэ і браканьера, таксама са школы, дзе вучыліся гэтыя 4 дзяцей. Карацей, сюжэт пакручасты🔥.
У кнізе даволі шмат ілюстрацый (гартайце карусель), але не пазначаны мастак. Дачка кажа, што гэта ШІ. Я сама ў роздуме, падкажыце, калі ласка, хто разбіраецца.
Вельмі файна было б зноў прыехаць у Стары Менск, і асабліва на раскопы, каб замацаваць прачытаны матэрыял💪. Пастараемся туды трапіць у бліжэйшы час. Калі мы ездзілі туды 2 гады таму, Ксюшы вельмі спадабалася ❤️

