З маленства мы ведаем, што казкі — гэта не проста прыгожыя гісторыі, у якіх пераплятаюцца рэальнасць і выдумка, а і бязмежная прастора адкрыццяў, дзе можна знайсці мудрасць, прыклады для пераймання і нават новыя погляды на звыклыя з’явы і рэчы. Але ці заўсёды казачныя аповеды даюць чытачу тое, чаго ён шукае? Паспрабуем разабрацца на прыкладзе кнігі Сяргея Давідовіча «Незвычайны кухар».
Выданне, дзе пад адной вокладкай сабраны казкі аўтара, убачыла свет у Выдавецкім доме «Звязда» ў серыі «Нацыянальная літаратурная прэмія». Кніга разлічана на дзяцей малодшага і сярэдняга школьнага ўзросту. Назву ёй дала адна з казак, якую чытач знойдзе сярод чатырнаццаці прадстаўленых гісторый. Яна пра ўменне чалавека слухаць сэрцам, што дае магчымасць нават даведацца, аб чым спрачаюцца стравы перад падачай на стол і якая з іх прэтэндуе на званне галоўнай. Твор спачатку захапляе, але надта ўжо хутка аўтар скіроўвае да фінальнай кропкі, дзе і вырашаецца галоўная інтрыга. І тут ужо хочацца спытаць, чаму так сцісла пададзена думка, але проста падзякуем за напамін, што важна ўмець чуць сэрцам, бо тады зможам даведацца шмат цікавага. Назву можна лічыць удалай, бо пасля прачытання ўсяго зборніка кожны чытач мае магчымасць быць на месцы таго самага «кухара», які ўмее чуць, адчуваць больш за іншых.
Увогуле, калі ўважліва прачытаць усе казачныя гісторыі ў кнізе, то вымалёўваецца некалькі разваг пра жыццёвую мудрасць, творчы падыход да непрадбачаных сітуацый і нашу ролю ва ўсім гэтым, бо заўсёды ж (свядома альбо не) мы ставім сябе на месца літаратурных герояў. Так, казка «З першым юбілеем» знаёміць чытача з гісторыяй Воўка, які хоць драпежнік па прыродзе, але пры гэтым слабейшы, бо «бываюць слабейшыя, затое разумнейшыя». Аднак, назіраючы за персанажамі, мы спасцігаем не толькі гэта, а і тое, што сапраўднае сяброўства трымаецца на параднёнасці душ, што важна клапаціцца аб сваім здароўі і ўключаць розум, калі вам пагражае небяспека.
А вось гісторыя «Усё паўтараецца» не толькі нагадае знаёмыя нам народныя казкі, дзе ёсць хітрыя Воўк і Ліса (лейтматывы вядомых многім твораў у кнізе сустракаюцца неаднаразова), але пасылам сваім дае падставу разважаць на важныя тэмы. Напрыклад, аб тым, што не варта жадаць займець тое, што вам па праве не належыць, паколькі ёсць вялікая рызыка трапіць у сваю ж пастку… Бо ўсё таемнае рана ці позна становіцца яўным, хітрасць тут і цяпер можа выратаваць, але не трэба страчваць розум і пільнасць, каб прагнасць вас не згубіла. Дарэчы, аўтарскія малюнкі да казак таксама дапамагаюць больш пранікнуцца прачытанымі гісторыямі.
«Літаргічна-камічны сон» — аповед, дзе ёсць прыклад працавітасці і чараўніцтва, а ў фінале нават нагода для шчырай усмешкі. У казцы «Ратавальная мана» аўтар ужо запрашае чытача паразважаць пра тое, ці магчымы падман дзеля паратунку? А яшчэ даведацца, ці ёсць верагоднасць сустрэць у беларускіх лясах слана…. Твор «Конкурс» — казка, якая вучыць, што калі няма ўпэўненасці ў сабе, то можна стаць проста часткай натоўпу, дзе будзеш альбо «сплюшкам», альбо «прыгажуном»… Сюжэт «Калабковага футбола» зноў вяртае нас да ўжо вядомых казак — пра Калабка, пра Машу і Мядзведзя. Але ў аўтарскім варыянце яны нібы набываюць працяг, дзе героі сустракаюцца зноў і сябруюць. Тут людзі і звяры жывуць у згодзе, а нечаканыя непрыемнасці прыводзяць да новых знаёмстваў.
Казка «Пытанне без адказу» больш нагадвае міні-разважанне на тэму ўплыву чалавека на навакольнае асяроддзе. І калі спачатку аўтар робіць акцэнт на тым, што ўяўленні аб прыгажосці залежаць ад нашага ўспрымання, то пазней галоўнае пытанне бачыць у тым, які ўплыў аказвае чалавек на прыроду. «Чалавек не задумваецца, што нішчыць наша жыццё ў самым яго пачатку, што жыць мы маглі б і сто, і больш гадоў, прыносячы карысць усяму жывому на Зямлі, — разважаюць дрэвы. — …Людзі не адчуваюць нашага болю, не разумеюць нашай мовы і ўвогуле ставяць сябе па-за законамі прыроды. А ў прыродзе ўсё ўзаемазалежнае і ўзаемазвязанае. Не стане нас, лясоў, і людзі сутыкнуцца з вялікімі бедамі».
Пра важнасць клопату пра ўсё жывое нагадвае нам і твор «Сучасны гном», дзе чытачы знаёмяцца з героем, які верыць у цуды, але і сам не сядзіць склаўшы рукі. Сяргейка напачатку задумваецца: «Хіба ж бывае нейкая дазволеная пара, якая вышэй за права на жыццё, напрыклад, зайца, казулі ці таго ж лася?», а калі ў яго з’яўляецца магчымасць спраўдзіць нейкае сваё жаданне, то хлопчык загадвае, каб з’явіўся прытулак для жывёл. І вось так на прыкладзе аднаго персанажа мы не проста вучымся спагадзе да братоў нашых меншых, а і ўсведамляем: падтрымаць і паклапаціцца пра жывых істот, калі ім патрэбны дом і ежа, можа кожны чалавек.
Разважаць пра важныя рэчы, аналізаваць учынкі герояў мы маем магчымасць на працягу ўсёй кнігі. У казках Сяргея Давідовіча можна знайсці і дынамічныя сюжэты з ноткамі гумару, і яркіх персанажаў, у якіх чытач вучыцца шчырасці, спагадлівасці і адказнасці за ўсё жывое на Зямлі. Таму, мяркую, кніга абавязкова знойдзе сваю аўдыторыю і стане яшчэ адной крыніцай жыццёвых урокаў.

