Замецены след. Вінцэсь Мудроў

Замецены след. Вінцэсь МудроўЛегкадумныя крытыкі прымаюць творы Вінцэся Мудрова за ідэйна і часава састарэлыя. Яны  пакутліва моршчаць лбы і стогнуць: «Ну колькі можна пісаць пра тую савеччыну». І сапраўды, Мудроўскія героі не жлукцяць  капучына, не казеляць вочы на жаночыя азадкі ў ружовых ласінах, не ўстаўляюць праз слова мацюкі і не жартуюць у стылі расейскага стэндапу. Аднак ёсць і ў Беларусі чытачы, якім дагэтуль  цікава назіраць за правінцыйным жыццём, напрыклад,  Іонвіля сярэдзіны 19-га стагоддзя, ці абмяркоўваць згубу носа сакавіцкім днём 1836 года ў адной паўночнай сталіцы.

Чалавечая натура, чалавечы характар гэта не пра сучасных персанажаў у стылі попкорна, якія апроч пякоткі нічога не пакідаюць у свядомасці. Мудроў трэці дзясятак гадоў даследуе асобу беларуса. І, калі ў ранейшых творах пісьменніка прысутнічаў несумненны драматызм, дык у апошніх сваіх творах аўтар «скочваецца» да відавочнага абсурду і мяккай сатыры.

Мудроўскае чытво, на маю думку, тэст на ўдумлівасць, пільнасць і інтэлект. За праставатымі, на першы погляд, сюжэтамі ідзе спасціжэнне ўмоўнага маленькага чалавека, які жыве ў не лепшыя часы і які абмежаваны правіламі і законамі бязлітаснай дзяржавы. Як сведчаць падзеі апошняга часу, дзяржава, увогуле, страшэнная спаруда для чалавецтва. Яе адносіны да асобы нічым іншым, як вычварэнствам, назваць нельга. Чалавек там не больш чым вінцік сістэмы. І не так і важна, як яна, сістэма, сябе называе. Хай сабе і самай дэмакратычнай у свеце.

А чалавек жывая істота. І яму, чалавеку, хочацца калі не кахання, то хаця б крышачку пяшчоты і цяпла. Вось галоўны герой апавядання «Вушанка». Шараговы маладзён з правінцыйнага гарадка. Прозвішча Зяблік адначасова назва непрыкметнай звонкай птушкі з вялікім дыяпазонам прыстасавальнасці (ці не пра беларускі характар). Як і шмат аднагодкаў, Мішка Зяблік мае развод у анамнезе і, дзеля паляпшэння жыццёвых умоваў, едзе ў Сібір (Еўропу, Амерыку). Без прыгод тут ніяк. Па першае, праз запозненае ўсведамленне героя «іншасці» людзей у далёкай Цюмені. Здаецца, яны выглядаюць звычайна, як суродзічы, аднак менталітэт відочна  іншы. У небаракі Зябліка крадуць вушанку (пашпарт, кашалёк, банкаўскую картку), а застацца без шапкі на лютым марозе раўназначна смерці. Таму ён набывае ў мясцовым універмагу капронавы капялюш. І, як можна здагадацца, гэта яму не надта дапамагае. Калі б не добрая самарыцянка ў асобе зямлячкі, Мішка Зяблік дакладна захварэў бы на менінгіт. Але застаўся б з цэлай, не пасечанай сякерай, нагой. Што тут лепей  — невядома. Парадаксальнасць жыцця, якое бессаромна шпурляе герояў з агню ды ў полымя, даспадобы аўтару. Ён проста пацірае ў захапленні рукі, назіраючы як прыдуманы ім персанаж змагаецца з цёткамі з «маянэзнага спісу», пачынае палохаць тых цётак маянэзнымі маскамі, а пад час вандроўкі баіцца гаманіць з расейцамі пра палітыку (Анічога ў Гарбатага не атрымаецца… Расеі патрэбны цар з бізуном…), і ўадначас давярае сваё майно суседцы па вакзальнай лаве. Як кідаецца ў адчай і думае пра зашмаргу на шыі, і ўрэшце ўсцешваецца рондалем пельменяў. Вось ужо і папраўдзе смех скрозь слёзы. Сюжэт, годны Шэкспіра.

Жанчына, толькі што згубіўшая мужа, чабохтаецца ў моры адчаю, але яе стан выдае толькі ніжняя вусна, якая нервова трымціць. Студэнт у заклад разжоўвае брытву, застаецца жывым і ўражаныя гэтым учынкам мойры дасылаюць герою падарункі. Паэт і пісьменнік пад час спрэчкі на спрадвечную тэму «каму жыць лягчэй» вырашаюць памяняцца тварамі. Малады інжынер на Поўначы перасяляецца ў душу дзяўчыны і уяўляе, як здарылася яе згуба. Ведзьма на жалезным ложку, сустрэтая студэнтам на возеры Селігер…   ці гэта не збіральны вобраз адной краіны? Кот Базыль, які навуркатаў пісьменніку пра свае быццё, здаецца больш рэальным стварэннем, чымся некаторыя двухногія, якія выракаюцца Радзімы, будучы на верхатуры ўлады. Дзеля чаго?  Гэтага не можа зразумець нават савецкі кіраўнік Мікіта Хрушчоў. Вясковы гумарыст ладзіць для цешчы прадстаўленне пад назвай «Канец свету». Відовішча па моцы эфекту атрымліваецца неверагодным, нават для пастаноўшчыка.

Дарослы чалавек разумее, што для шчасця яму неабходны свой вятрак. Але «дастаецца» яму толькі палова жарона.

Гісторыя фінскай вайны(«Зімовыя сны»), дзе крышталік вачэй раба крыва скажае сутнасць падзей.  Падзей трагічных, жахлівых, фантасмагарычных. Як само жыццё. Ну і без дыялогаў пра сэнс пісьменніцтва ніяк.

– Адкажы мне на пытанне: «Дзеля чаго ты пішаш?» – пытаецца (здагадваюся, у самога аўтара) паэт – «марская душа». Той, да каго звяртаецца, задуменна тузае бараду. Адказу ў яго няма.

У творах пісьменніка, як пралескі скрозь снег, праглядаюць слоўныя наватворы. У кожным апавяданні іх з добры дзясятак. Яны настолькі гарманічна выглядаюць, што толькі праз пэўны час разумееш, што ўсе тыя «нясхлынныя дажджы», «спалавелыя валасы» і «зыркія люстрыны лужын», каля якіх «адчайдушна цвыркаюць» вераб’і – гэта ўсё  свет, створаны Мудровым.

Мне вельмі прыемна, што знаёмая з аўтарам, чыя літаратурная мова гучыць як ручай. І адразу рашуча заяўляю, што “ўсхваляю” сп. Мудрова не без дай прычыны. Проста збіраюся перацягнуць ягоныя слоўцы у свае творы. Пакуль пісьменнік не забараніў гэта рабіць.

Alena Vieštort.

Сачыце за абнаўленнямі ў Тэлеграме

Пакінуць адказ

Сачыце за абнаўленнямі ў Тэлеграме