Калі казаць пра цяперашні час, то дакладна: я першы раз за апошнія гадоў дзесяць перачытваў аўтафікшн (кніга пачынаецца з яго).
Чужыя ўспаміны-згадкі няпроста чытаць, не адзін раз ловіш сябе на думцы, што ты працівішся, імкнешся не паддацца настрою, які ліецца са старонак. Гэткая абарона сябе ад чужога эмацыянальнага.
Успаміны Людмілы Рублеўскай не гвалтавалі мяне і нават не спрабавалі назаляць. Яны, недзе трошкі інтымныя нават, быццам і не краналі надта. Але… у кожным быў прыхаваны адмысловы трыгер асабіста для мяне. Іншым разам ён спрацоўваў адразу – і фонам да чытання ўзнікала карцінка з ужо майго мінулага быцця, пасля прачытання дазваляў згадкам расцвісці.
Быццам такія простыя, звычайныя ўспаміны аўтара, але яны не пра нейкі год ці падзею. Яны пра іншае – пра тое, што мяняе нас, пра тое, як мяняемся мы. Пра унутраныя зрухі. Кожны ўспамін мае сваю глыбіню, лёгка счытваецца першы, быццам такі звычайны верхні пласт. За ім бачыцца пласт другі, трэці. І гэты наступны пласт, як адкрыццё, ужо толькі твой. Рублеўская ўсяго толькі абудзіла тваё бачанне.
Таму і хацелася перачытваць, таму і перачытвалася.
Чалавечую памяць параўноўвалі шмат з чым.
…Не помню ўжо, адкуль ён з’явіўся ў маім дзяцінстве – калейдаскоп. Я круціў яго гадзінамі, узіраўся ў неверагодныя ўзоры і марыў паўтарыць хоць адзін, асцярожна круцячы ў руках туды-назад кардонную трубку. Пасля, вядома ж, мяне зацікавілі нейкія цені пад матавым шклом з другога боку акуляра. Там нешта шархацела… Прыхапіў з хаты невялікі нож, якім маці чысціла бульбу, падаўся ў свой будан. Там і калупаўся, каб урэшце аддзерці накрыўку з тым матавым шклом.
Не апісаць мае пачуцці ў той момант, калі я пабачыў ці то ўсяго чатыры розныя па велічыні і колеры аскепкі шкла. Расчараванне – адно, але радасць адкрыцця была трохі большая. Ну і магчымасць эксперыментаваць акрыляла. Я выцягваў па шкельцы, па два, збіраў калейдаскоп, круціў… Прачасаў сметнік за вёскай, знайшоў кавалкі шкла ад бутэлек: зеленаваты, сіняваты, карычневы. Радаваўся, калі чаканні спраўдзіліся: розныя шкельцы – розныя ўзоры, розная каляровая гама. Блакітна-зялёная, жоўта-белая, зялёна-жоўтая, чырвона-блакітная… І – поўны набор, калі клаў усе каляровыя шкельцы.
Што ж, чалавек – бездань, памяць – калейдаскоп, з якога высыпаюцца шкельцы…
Так напісала Людміла Рублеўская, і дакладней не скажаш. І не толькі ў тым справа, што мяняецца наша ўспрыманне падзей з улікам набытага вопыту і карцінка мяняе-губляе пэўныя фарбы, але яшчэ і таму, што чалавек побач ніколі не пабачыць той узор у калейдаскопе, які во толькі бачыў ты.
Пра майстэрства Людмілы Рублеўскай, як беларускага аўтара, новага я нічога не скажу. Хіба вось падумаў толькі, што ейная кніга “Запавет Фаўста” падалася мне яе Magnum opus.
…Бездакорная беларуская мова. Прызнаюся, пасля чытання ўсяго запар, без выбару, чытаць твор на такой мове, дасканалай, прыгожай – наўпрост асалода, параўнаць якую хіба можна з першымі глыткамі калодзежнай вады, калі сасмяглы ў сваіх блуканняў спякотным днём ты ўрэшце адчапляеш ад дзюбы жураўля поўнае вядро чысцюткай свежасці…
Рублеўская – майстра тропаў. Не буду хаваць, у ранейшых яе творах эпітэты і параўнанні часам падаваліся для мяне надта частымі, можа, недзе і надуманымі. Але ў гэтай кнізе кожны троп – да месца, ён не існуе дзеля самога сябе ці дзеля мудрагелістасці мовы, але толькі як дапаможнік у раскрыцці з’явы, настрою, думкі.
Шкло разляцелася куслівымі пырскамі.
Так гучыць другі сказ твора – і ён перадае момант з выключнай бачнасцю. Куслівыя пырскі шкла – гэта не проста дакладна, гэта па-майстэрску. Болей прыкладаў прыводзіць не буду, яны – на кожнай старонцы, тыя моманты, ад якіх паспытваеш не проста захапленне, а сапраўдны экстаз. Бо прыгожа, поўна, дакладна. І – нова.
…Я не ведаю, як пісалі свае трактаты некалішнія алхімікі. Уяўляю прыблізна так: там павінны быць асноўныя веды, там павінны быць спасылкі на веды спецыфічныя. Там павінны быць формулы, якія дазвалялі б скарыстоўваць гэтыя веды. Але нічога наўпрост. Для старонняга чалавека, магчыма, такі трактат быў бы цікавым чытаннем, не больш.
“Запавет Фаўста” нехта можа прачытаць менавіта як цікавую гісторыю, у аснове сваёй амаль фантастычную. І тое добра. Бо глыбіня, цалкам магчыма, некаму і не трэба.
З аднаго ракурсу твор – тая самая неабавязковая чытанка. З другога – гэта кампіляцыя ведаў пра тое, як Беларусь станавіліся Беларуссю. Гэта гісторыя змагання, гісторыя пошукаў і ахвяраванняў. Гісторыя нацыянальнага адраджэння, пакутлівая да невыноснасці. Гісторыя, дзе адчай можа ўхапіць задушлівай лапай за горла. Гісторыя веры і надзеі.
Мноства спасылак на імёны і падзеі – гэта той самы прыём трактату. Ты хочаш больш ведаць? Тады звяртай увагу, шукай сам. Вучыся адкрываць для сябе гісторыю.
Уражвае, як па-майстэрску, ненавязліва падштурхоўвае Людміла Рублеўская свайго чытача да пошукаў і роздумаў. Прыкладам так:
Пчала, аднак, не адразу зляцела, абурана памацала графіт – не, не ўежна – і цяжка сарвалася ў лесвічны пралёт. Што ж, у адрозненне ад паэта Янкі Купалы, у пчалы меліся крылы.
І больш ні слова пра паэта. У кнізе – дзясяткі такіх згадак, дзясяткі імёнаў: Галавач, Бэндэ, Сержпутоўскі, Ластоўскі, Баршчэўскі, Лёсік, Караткевіч, Шамякін… І за кожным стаіць падзея, факт, акалічнасць. Кожнае згадка заклікае альбо ўспамінаць раней вядомае, альбо шукаць новыя веды. І менавіта заклікае, запрашае, але не пакідае без выбару.
У нечым гэта наўпрост энцыклапедычны твор, бо, расказваючы заблытаную ў часе, але фіксаваную ў прасторы Беларусі гісторыю, Рублеўская аздабляе яе дзясяткамі іншых гісторый (не расказаных ёй). Загадкавы сшытак стаўся адно ствалом дрэва, ад якога разбегліся ва ўсе бакі сукі і галіны. Не хочаш бачыць і думаць – табе хопіць цэнтральнага аповеду. Ты хочаш ведаць больш? Пашукай, вось для цябе сцежка, збоч, прайдзіся… Хочаш пабачыць карціну цалкам – ідзі за падказкамі.
…Мяне заўсёды уражвала, наколькі Людміла Рублеўская паглыбляецца ў тэму. Просты прыклад: нейкае побытавае апісанне месца, час – сярэдні век. Калі вы прачытаеце яго, будзьце упэўнены: так і было. Ці то гэта апісанне адзення, сталовых прыбораў, меню карчмы – усё будзе дакладна так, і толькі так. І калі ў нейкай карчме былі відэльцы (і з якой колькасцю зубоў), а ў іншай другія стравы елі рукамі – тое факт, бо аўтар праверыла. Дзеля аднаго ўпамінання таго відэльца яна ўглядалася не ў адну крыніцу. На сённяшні час наўрад ці ёсць у нас больш дасведчаныя ў пытаннях сярэднявечча аўтары, Рублеўская перасягнула свайго настаўніка – Караткевіча – у майстэрстве ажыўляць мінулыя часы.
Такім чынам, ёсць у нас два галоўныя складнікі трактату Людмілы Рублеўскай аб нацыянальным адраджэнні. Трэці неабходны – формулы. Яны простыя. Іх толькі трэба бачыць пры чытанні, акцэнтавацца ў патрэбныя моманты. Вось тры з тых, што адшукаў я:
Жыццё сапраўды наразае колы па крузе, як навязаны на ланцуг вар’ят.
калі мы забудземся на тых, хто дратаваў бязвінных, хто даносіў, і калі тое, што яны ўтваралі, прыкрываючыся ідэалагічнай задачай часу, так і застанецца не асуджаным – усё паўторыцца наноў.
Вялікае Дзеянне працягваецца.
Пабудова кнігі, дзе напачатку ідуць тыя самыя “нязначныя” ўспаміны, аўтафікшн, робіцца дарэшты зразумелай. Гэта не проста ўступ, але падрыхтоўка для далейшага ўспрымання тэксту, гісторыі і законаў з формуламі. І знаў жа, паўтаруся: некаму гэта падасца наўпрост цікавым чытаннем.
Так і задумвалася.
І апошняе – пра пчалу. Гэтая істота з’яўляецца ў полі зроку герояў кожнага прамежкавага часу. Яна бы тая чырвоная нітка сягае праз увесь трактат. Вядома, кожны мае права на сваю асабістую інтэрпрэтацыю гэтага сімвала. Для мяне ж пчала тут – не толькі нястомная руплівасць і самаадданасць сваёй справе, не толькі формула дзеяння, калі ўсё вялікае і каштоўнае пачынаецца і збіраецца па літары, па сказу. Пчала – гэта яшчэ і гатоўнасць да самаахвяравання.
На тым стаўлю кропку. З поўным перакананнем, што гэта кніга – самая важкая апошніх часоў беларускай літаратуры.
В. Г.

