
Знаўцы кажуць, што такое трэба ўмець, але ў мяне атрымалася: мы пасварыліся з аўтарам яшчэ да выхаду кнігі.
З-за чаго? Ну, найперш, назва. Перагукванне з добра вядомай кнігай “Ордэн белай мышы” вядомага аўтара падалося мне недапушчальнай. Ну, хіба ў беларускай літаратуры столькі ўжо кніг, што няварта звяртаць на такое ўвагу? Не лічу апраўданнем тут той факт, што кніга Папакуля – іранічнае фэнтэзі, якое быццам павінна дапускаць пэўныя алюзіі. Магчыма, не мая рацыя, але пакуль я на сваёй пазіцыі.
Не спадабаліся мне і пэўныя слоўцы ў прыведзеных аўтарам урыўках. Кшталту, фантастычнае стварэнне – сцыклоп. Гэта такі цыклоп, які надта баязлівы, вы зразумелі. Але відавочна вульгарнае “сцыкло”…
Лічыў і лічу, што якога б жанру ні была літаратура, у яе аснове заўсёды павінна быць адна з ключавых функцый – эстэтычная. (Так, ёсць прыклады, калі эстэтыка пераўтвараецца ў антыэстэтыку, тым не менш, застаючыся стваральнай функцыяй, ды тут не той выпадак.)
Вось так мы і пасварыліся.
А потым ужо я меў магчымасць пагартаць выдадзеную кнігу і пачытаць яе.
За што плюсуем
Шыкоўнае выданне – гэта трэба найперш сказаць. Крэйдавая папера, выдатныя шрыфт і вёрстка, малюнкі мне таксама зайшлі пасля знаёмства з тэкстам. Цвёрдая вокладка з аздабленнем. Лічы, падарункавае выданне. Прыгожае.
Цяпер пра тэкст. Тут я быў уражаны не адзін раз.
Найперш – мова.
Яўген Папакуль – дэбютант у прозе. Мы ведаем яго як перакладчыка, а тут – фэнтэзі. Ды яшчэ адразу такі складаны напрамак – іранічны тэкст.
Іранічным тэкст атрымаўся, вялікі плюс аўтару – ён вытрымаў свой стыль ад пачатку і да апошняга радка. Безумоўна, на першых старонках гэта самая іранічнасць куды гусцей і смачней, гэта зразумела, але не будзем тут надта ўпікаць аўтара. Урэшце, хоць і густа наперадзе, пуста ззаду не выйшла.
Але іронія, пабудаваная ў тым ліку і на мове герояў, якая іскрыцца ад украпленняў цалкам сабе народнай такой, дзе і салёнай, гутаркі з лаянкай і праклёнамі, не адзінае, чым мова сталася выключнай для нашага часу. Так, не баюся перабольшыць, кажучы “выключнай”.
Менавіта выключнай сярод усяго апошняга новага, што мне давялося чытаць. Мова не проста багатая – аўтар імкнуўся па максімуме скарыстаць тыя словы, якія б адпавядалі таму часу, а сёння перайшлі ў разрад калі не забытых, дык амаль не ўжываных. Відавочна, што аўтар добра ведае і “Вушацкі кнігазбор” Барадуліна, і слоўнікі Ластоўскага, і чытаў Марыю Вайцяшонак. Вось, падзівіцеся, як смачна і густоўна гучаць:
Стрыбля
Люны
Не дараіць (не пасуе)
Касмылямі вісела павуцінне
Кузлакі смецця
Капялюш-няўгледак
Бастэля
Недалэнга
Вобземлю
Нешта аўтар прыдумляе і сваё, нешта скарыстоўвае ў іншым значэнні, але да месца:
шарнуць – ведаем, што гэта азначае утварыць шум, але тут у аўтара скарыстанае як шпурнуць.
Валасістасць – замест валасатасць
Застракнуць – замест захраснуць.
Усё разам дапамагло стварыць тэкст багаты, насычаны і арыгінальны. Падобнага даўно не даводзілася чытаць.
Героі, сюжэт і іншае
У сваім жаданні стварыць менавіта іранічнае фэнтэзі, аўтар скарыстоўвае не толькі адметны стыль і мову, але і іншыя сродкі, прыкладам, постаці герояў. Тут няма цалкам дадатных, цалкам прыстойных. Героі ўвогуле не выклікаюць поўнай сімпатыі. Ці то стары чарадзей – амаль страціўшы розум, “бздун” і самотнік, ці то галоўны герой – баязлівец з прагай грошай, славы і пасад, ці быццам мужная і адважная волатка – грубая, нявыхаваная цётка з лексікай, у якой ёсць месца словам і з абсцэннай лексікі.
Новыя фантастычныя жывёлы і расліны. Прыкладам, жабалюды і – цудоўная знаходка для свету беларускага фэнтэзі – каталакі. Гэта, агулам, не навінка, але ў аўтара каталак атрымаўся цалкам такі беларускі. Ёсць яшчэ шаблязубыя вожыкі, рагатыя качкалычы і торбавыя крыжадзюбы. Ну і новыя расліны: цыбульба, дубуракі…
Сюжэт не надта складаны, але зноў жа, падпарадкаваны той самай задачы іроніі. Мажліва, можна б было закруціць і яшчэ нейк таямніча і востра, але аўтар да гэтага не імкнуўся. Што добра, з аднаго намёку – і менавіта з лексікі прыўкраснай прынцэсы, якую героі ідуць вызваляць, робіцца зразумелым, што яна – трошкі не тое, кім выглядае:
– Роване, мой рыцар, трэцюю частку амулета захоўвае ў сябе слынная эльфійская прарочыца. Але спяшайся: я баюся, што ворагі пачалі нешта падазраваць. Гэтыя бессардэчныя засранцы пойдуць на ўсё, нават на катаванні, нават на забойства…
Фінал не надта каб нечаканы, але даволі пакручасты. І што добра – не зацягнуты.
Трохі прыкрае
Рэдагаванне – гэта надзвычай адказны кавалак працы. І, гледзячы на тэкст, разумею, што аўтару трэба б было запрашаць спецыяліста, які меў бы непахісны для яго аўтарытэт і выключную здольнасць пераконваць. Цяпер жа, на жаль, сустракаюцца месцы, дзе даводзіцца моршчыцца.
“сустрэўся поглядам”… Погляды ў беларусаў могуць супасці, а сустракаюцца позіркамі.
“не мог паснуць” (двойчы сустракаецца). Паснуць – гэта ў адносінах да многіх асоб: “Нарэшце ўсе паснулі”.
“мармуровыя галовы андатраў на ёй выглядалі так, быццам бачылі голага Марывальдзі ў ванне”. Галовы мяняюць выгляд ад бачання нечага, ці пысы жывёл?
“мужык з заплеценай у касу барадой і гладка выгаленым голавам”. Ёсць голаў у Байкова-Некрашэвіча, але не сустракаў выпадку, каб слова скланялася: бярэ яе голаў, ранялі на голаў, палажыць сваю голаў… Жаночы род да ўсяго…
Яшчэ аб адным. Гэта суб’ектыўна, канешне, ды наўрад ці хто пераканае. Не магу пагадзіцца з тым, каб у цалкам мастацкім тэксце ўжываліся брудныя выразы, вульгарныя. Твор ні на ёту не стаў бы горшым без прашмандоўкі. Больш прыводзіць прыкладаў не буду, аўтару ў прыватнай размове я пра іх казаў.
І яшчэ пра прыемнае напрыканцы
Важным для мяне стаўся факт росту герояў, іх змянення. Няхай у некага яно не надта заўважнае, што ж тычыцца галоўнага героя, дык ён расце істотна. Зразумела, не фізічна – духоўна.
Ці робіць іх горшымі тое, што яны «не такія»? Дакладна не. Дык, можа, нармальнасць – гэта быць сабой і не падлажвацца пад іншых? Паважаць астатніх, але перш за ўсё ганарыцца сваім родам, сваёй культурай, сваёй мовай?
Гэта з роздуму героя пра сваіх сяброў. Урэшце праяўляецца і характар героя ў фінале, праступае праз бязлівасць і прагу славы ягонае высокародства…
Агулам, кніга добрая. Дэбют атрымаўся, няма сумневаў. Паўтаруся, асаблівая заслуга аўтара – мова. Тут ён наўпрост малайчына. І яшчэ вельмі спадзяюся, што вульгарная лексіка пэўных герояў не стане адметнай пазнакай будучага празаіка.
В. Г.
На мой погляд, беларускай літаратуры бракуе вясёлых, гумарных кніг, якія не вымагаюць нейкага складанага і напружанага мыслення, а наўпрост дораць нам цудоўны настрой 😊. І вось спіс такіх лёгкіх, дасціпных твораў папоўніўся “Ордэнам шэрай макрыцы” аўтарства Яўгена Папакуля. Гэта ягоная першая кніга ў якасці пісьменніка💪. Раней ён радаваў нас толькі сваімі выкшталцонымі перакладамі з ісландскай, шведскай, нарвежскай, дацкай і інш.моў
Кніга “Ордэн шэрай макрыцы” — гумарыстычнае фэнтэзі 16+, але думаю, што можна і крыху раней чытаць. Выйшла яно ў выдавецтве Цымберава @tsymberau.publisher напрыканцы 2025. Кніга багата аздоблена ілюстрацыямі Соф’і Кудзелінай, якія дужа ўдала пасуюць зместу кнігі. Шчыра кажучы, па прычыне вялікай колькасці ілюстрацый я спачатку думала, што гэта дзіцячая кніга 😊. Але не, не вядзіцеся на карцінкі! Я думаю, што пазнака 16+ нададзена кнізе праз насычанасць тэксту лаянкавай лексікай і смачнымі выразамі не для маленькіх вушак. Насамрэч, ніякіх замоцных і зусім ужо непрыстойных слоўцаў тут няма. Наадварот, вы можаце ўзбагаціць свой моўны досвед і вось такой тэмай 😁 (я, напрыклад, выпісала шмат кляцьбонікаў 🫣, мне як філолагу цікава ўсё такое). Напрыклад, паскуда іклатая, кабяліна саплівая, падла вусатая, лахі пад пахі, адарві сраку ад лавы, ляпу завалі, а каб цябе ўсе тры халерыі, недалэнга мехам ляснуты, наваляем табе па самыя баклажаны. І гэта толькі зусім малая частка 😁
Яшчэ мне спадабаліся новатворы/новыя слоўцы, якія аўтар прыдумаў (ці дзесьці пачуў🤔) адмыслова для стварэння свайго фантазійнага сусвету: каталак (мабыць па аналогіі з ваўкалак, толькі тут кот), сцыклоп (сцыкло+ цыклоп), баравікінг (баравік+вікінг), цыбульба (цыбуля+бульба), дубуракі (дуб+бурак), задодацца (стаміцца), упэтрухі (ушчэнт) і шмат-шмат іншых.
Багата ў кнізе і розных смешных выразаў: а гадзіннічак-та цікае; гармоны лявоніху вырашылі станчыць на старасці гадоў; не заб’ем, дык хоць паскубаем трохі; хлопец так зайшоўся барвай, што лёгка атрымаў бы прыз Самы пунсовы бурак году, і т.д.
Змест кнігі пісаць не буду, толькі скажу, што ў ёй шмат фідбэкаў, якія адносяць нас да нашай беларускай рэчаіснасці (вучоба ў ВНУ, размеркаванне і інш.)🔥

