Доўгая дарога дамоў. Маша Мароз, Ганна Карпенка, Ігар Бабкоў, Валерый Мароз

Доўгая дарога дамоў. Маша Мароз, Ганна Карпенка, Ігар Бабкоў, Валерый МарозНа крок бліжэй да Палесся

Для сучаснага чалавека важная візуалізацыя. Колькі ні гань “кліпавае мысленне” сучаснай моладзі, а яно ўжо “з намі ў адным пакоі” – у нашых галовах, а значыць, няхай кліпавасць будзе прынамсі якасная. Спалучэнне кадра і слова (прыгожага кадра і важкага, сур’ёзнага слова) прапануе арт-бук “Доўгая дарога дамоў” маладой мастачкі Машы Мароз. Кніга мае некалькі аўтараў розных пакаленняў – Ганна Карпенка, Ігар Бабкоў, Валеры Мароз (Машын бацька), – але першасным быў менавіта праект Машы. Ён падмурак і сцены кнігі, словы – яе інтэр’ер. Маладое стварае карцінку – “дарослыя” асэнсоўваюць і прамаўляюць.

Палессе настолькі асаблівая прастора, што адкрываць яго наноў як нябачанае можна не толькі кожнаму новаму пакаленню, але і шматкроць цягам аднаго пакалення, з розных ракурсаў, тэхнік і відаў мастацтва. Што ўбачыла Маша Мароз? Колеры. Аб’ёмы. Канцэпты. Гэта вынік дзесяці гадоў падарожжаў па кадр, па сэнс, па ідэю.

Куды ж вяртаецца Маша Мароз? Дамоў… дзе яна ніколі не была (палеская вёска – радзіма яе дзядулі). Псіха-генны – нематэрыяльны, народжаны ўнутранымі працэсамі самаўсведамлення дом душы, памяць пра які абуджаецца, як спалучэнне генаў, – на эстэтычны трыгер.

Вяртанне дадому – у месца, дзе ты ніколі не быў, але якое ва ўсіх тваіх снах аб’яўляе сябе Радзімай.

Я… адчуваю сябе “мостам” над скрадзенаю сучаснасцю, які абапіраецца на мінулае і будучыню адначасова.

Фотаздымкі ўраўнаважваюць некалькі тэкстаў: Ігара Бабкова і Ганны Карпенкі, гутаркі з Машай Мароз, завяршае кнігу гістарычна-этнаграфічны допіс Дзмітрыя Мароза. “Інфармацыйная нагода” – арт-бук Машы Мароз – даў магчымасць выказацца пра больш агульныя, маштабныя рэчы, адкрываючы ў фотаальбома іншае вымярэнне.

Ігар Бабкоў асэнсоўвае складаныя праз стагоддзі зноў і зноў прагавораныя канцэпты “вяртання”, “дому”, “шляху”. Філосаф лёгка жанглюе імёнамі Гамера, Джойса, Эліята, Багушэвіча, лучыць антрапалогію, літаратуру, метафізіку і псіхагеаграфію Беларусі.

Ганна Карпенка піша пра сакральны топас Палесся, яго асаблівы нелінейны час, хрысціянскую метафізіку і сінкрэтычнасць вераванняў, яе канцэпты больш лакальныя і прадметныя: “балота”, “пчолы”, “шаптухі”.

Будзьце гатовыя да мазгалоўных тэрмінаў і фармулёвак, “складаназлучанай” беларускай мовы, “птушынага шчабятання” інтэлектуалаў:

Згаданая табою “іншасць” палескага вымярэння сугучная таму, што сёння часта называюць “liminal spaces” – месцы лімінальнасці, транзіту, дзе суб’ект адначасова знаходзіцца ў некалькіх часавых і прасторавых зонах. Такая форма лімінальнасці невыпадкова звязана з сакральнасцю і нават магічнасцю Палесся…

Што ж, сёй-той перастаў даказваць, што на беларускай мове магчыма выказаць любую складаную думку, і проста выказваецца.

Самы “лінейны” і “просты” тэкст належыць Валерыю Марозу. Ён адказвае на пытанні, адкуль паходзіць назва Палессе, хто насяляе гэтую лакацыю, якія яе гістарычныя, культурныя, рэлігійныя, касмаганічныя вехі. Гэта традыцыйны этнаграфічны аповед пра адзін з беларускіх рэгіёнаў і ў іншым, не філосафацэнтрычным выданні ягонае месца было б на пачатку кнігі. Але канцэпцыя гэтага выдання такая, што гістарычны аповед выконвае ролю даведачнага каментара.

Кніга выйшла ў выдавецтве “Тэхналогія” ў вельмі якаснай паліграфіі. Усе тэксты перакладзеныя на англійскую мову, прадмова – таксама і на французскую. І гэта вельмі важна. Мне падаецца, каштоўнасць кнігі для замежнага чытача нават большая, чым для ўнутранага. Усё ж няспыннае самаўсведамленне, усё больш ускладнена прамаўляная тутэйшасць у зачыненай лакацыі “роднай хаты” ўрэшце робіцца душным. А вось свету, хочацца думаць, будзе цікавая новая канцэпцыя беларускай псіхагеаграфіі.

Як ацэньваць здымкі Машы Мароз? Яны розныя: сюжэтныя, прадметныя, канцэптуальныя, на іх мала пейзажу, панарамы ўвогуле. Ці выказваюць яны ўсё Палессе? Вядома, не. Гэта толькі мімалётны, выпадковы, суб’ектыўны позірк, які ганарыцца тым, што ён суб’ектыўны і не маштабуецца да аглядавасці, аб’ектыўнасці, універсальнасці. Гэта толькі сегмент. Але ж няма і не можа быць такога альбома, такой кніжыскі, куды ўлезла б ажно ўсё Палессе. Перад намі адно выхапленае, скрадзенае ў часу імгненне рэчаіснасці. Чужы мірг вачыма. Ён ужо прамінуў і яго няма. Ёсць кніга. Не поўная. Не для ўсіх, не ва ўсім дасканалая. Адзін крок па дарозе да недасягальнага канцэпту Радзіма. Значыць, мы цяпер на адзін крок бліжэй.

Krysty-Krysty

Сачыце за абнаўленнямі ў Тэлеграме

Пакінуць адказ

Сачыце за абнаўленнямі ў Тэлеграме