Дзявятая рыба. Людміла Сіманёнак

Дзявятая рыба. Людміла СіманёнакАкурат да светлага свята Раства з Віцебска дайшла, ці дакладней даплыла “Дзявятая рыба” цудоўнай паэткі Людмілы Сіманёнак. Усцешаны, што маю непасрэднае  дачыненне да выхаду ў свет гэтага густоўнага выдання, бо з’яўляюся ягоным рэдактарам і аўтарам прадмовы, у якой дзялюся ўражаннем ад новай кнігі з інтрыгуючай назвай “Дзявятая рыба”. На жаль, наклад яе  вельмі абмежаваны, таму хочацца, каб пра кнігу даведалася як мага больш прыхільнікаў сучаснай беларускай паэзіі.

Рапсодыя лёсу

Перад тым, як брацца за пяро, кожнаму творцу спярша неабходна адказаць на адно вельмі важнае, сакральнае пытанне: “Што ёсць Паэзія?” Для кагосьці паэзія – гэта ўменне жангліраваць словамі, літаратурная гульня, сцэнічнае паяцтва. Для іншых, паэзія – гэта ўменне хадзіць па вадзе… Нябёснае пакліканне, рапсодыя лёсу. Нельга навучыцца хадзіць па вадзе, калі ты не Бог… Нельга быць паэтам, калі ты не абагаўляеш Слова. Нашы вершы – сляды на вадзе. Без веры ў Слова, без веры ў Бога яны – нішто, падманлівая ілюзія, прывідны міраж. Гэта значыць, што Слова і Дух – ёсць непарушнае адзінства. Без іх няма сапраўднай паэзіі. Сапраўдная ж паэзія нараджаецца тады, калі паэт перастае адчуваць сябе вязнем чужых слоў, чужой музыкі, чужой душы… Калі ў адзін момант ён становіцца самім сабой і раптоўна заўважае, як:

Рапсодыя цэглы, узнесенай лёсам,
Крануўшыся крыжам бяздоння нябёсаў,
Зірне у ваду ды чытае здалёку
Паданняў радкі на адбітках аблокаў…

А заўважыла гэта ўжо ў самых першых радках сваёй новай кнігіі  віцебская паэтка Людміла Сіманёнак… І не толькі гэта… Яна, як і нашы паэтычныя геніі, таксама не баіцца “хадзіць па вадзе”…

Непрыкметна штораз падыходжу сюды
Сілкавацца намерам прынадным:
Дакрануцца балюча-халоднай вады
І на хвалю ступіць неаглядна…

“Дзеля чаго?”, — спытаеце вы.  Магчыма, дзеля таго, каб:

“Кінуць выклік лагодна-пагоднаму дню
У чаканні нязнанай пацехі,
І спакусную раптам спазнаць глыбіню
І няўменне трымацца паверхні…”

Гэткі выклік сабе і лёсу паэтка неаднойчы кідае ў многіх сваіх вершах, бо без гэтага яна ніколі не змагла б валадарыць не толькі словамі, а і “паловай мораў, шчасцем”  і сваім каханнем, ці, як казачная прынцэса,  “пацалункам вусны адамкнуць” таму, хто  дасылае ёй  “пісьмы  на бусловым крыле”…

Наогул жа, чытаючы вершы з новай кнігі Людмілы Сіманёнак, мяне увесь час не пакідала адчуванне духоўнай прысутнасці Максіма Багдановіча. Магчыма таму, што, як і Максім Багдановіч, які калісьці быў улюблёны ў лялечны тэатр “Батлейка”, спадарыня Людміла шмат сваёй любові аддала працы ў Віцебскім тэатры лялек… І вобразы Дамавіка, Русалкі, Вадзяніка, Снягуркі, Вужакі і Цмока ёй, як і Багдановічу, вельмі дарагія…

І, канешне ж, – Вера… А яе не бывае без Бога, з якім у паэткі склаліся асабістыя, сакральныя стасункі, бо па яе словах,  новая кніга з’явілася на свет толькі таму, што стваралася  разам з Богам — “у чатыры творачы рукі”…

Што ж, застаецца толькі пажадаць, каб словы праўды і любові, якія прарокі і сапраўдныя паэты  апранаюць у “радзюжку, шоўк і браню”  адгукнуліся не пустым рэхам у сэрцах  прыязных чытачоў гэтай кнігі. А  “Дзявятая рыба” Людмілы Сіманёнак вярнула ў душу кожнага з нас светлую надзею на тое, што мы ёсць і мы будзем…

Эдуард Акулін


Бываюць паэткі задуменныя, як рэкі; спакойныя, як сшытак выдатніцы; насмешлівыя, як праменьчык у завіруху; назіральныя, як зоркі на небе; прыгожыя, як кветкі ў садзе; спагадлівыя, як глыток вады ў спёку; шчырыя, як сама жыццё; уважлівыя, як гадзіннік; арыгінальныя, як думкі аб лёсе.

Усе гэтыя рысы ёсць у творчасці беларускай паэткі Людмілы Сіманёнак.

Хіба можа хоць адной жанчыне ва ўсім Сусвеце не спадабацца радкі:

Напішы мне пісьмо на бусловым крыле.
І прасі, каб ад выраю рушыў смялей.
Хай вясну прынясе і крылом трасяне –
Можа слоўца адно даляціць да мяне.

Ліст кляновы ўвосень вазьму на далонь.
Пакручу, пашапчу ды ўкіну ў агонь.
Ды адчуеш: нядоўга чакаць да зімы,
Дзе ў квецені саду сустрэнемся мы.

Паводзіны прыгожыя дастойнай і прыемнай асобы: не патрабуе і не моліць, а цярпліва чакае. Вось так Людміла вучыць сапраўднаму каханню, бо каханне- цуд: напісаць пісьмо на бусловым крыле і чакаць спаткання ў квецені саду.

Я ўсё думала і гадала: чаму кніга называецца “Дзявятая рыба”?

Дзевяць муз у Грэцыі, дзевяць сфер у Ірландыі.

Дзевяць сімвалізуе добразычлівасць, мудрасць, самаахвярнасць, прыгажосць, радасць, спагадлівасць, мілагучнасць, напеўнасць, афарыстычнасць.

Я чула гаворку: дзевяць рыбак жывуць у акварыуме: 8- яркіх,- напрыклад,- пярліна- як сонейка святло, ламіралогус – жоўты, як лімон; лабея зялёная, як папараць; сіняя амека, блакітная боцыя, неон залаты, чырвоны вуалехвост, чырвона- жоўтая тэтра і …шэрая рыбка аруліус, якая гарманізіруе ўвесь акаляючы асяродак.

Але звернемся да верша”Дзявятая рыба”:

Неабачлівы верад
Падпіхае крануцца хаця б.
Патрапляем у нерат,
Пра казачны марачы скарб.

Пад вадою не плачам,
Гады абдзіраюць луску.
І ратуе ўдача
На апошнім жывым плаўніку.

І праз кожнае гора
Праслізне, разумней удвая.
У падземнае мора
Дзевятая рыба твая.

Тая, што марыць пра казачны скарб, часцей  за іншых патрапляе ў нерат?

Гады абдзіраюць луску, але разумнееш удвая?
Хай тым, хто на дне, пасвятлее ад жару апёкаў маіх…

Многае залежыць ад чалавека. Але не ўсё:

Прасі сабе пакоры і спакою,
Бо мы не больш валодаем зямлёю,
Чым мурашы – тым борам у нізіне,
Што ад іскрынкі дробнае загіне.

Я вельмі ўдзячна спадарыні Людміле за кнігу!

Кніга таленавітай прыгожай віцебскай аўтаркі, яна мне грэе душу і будзіць светлыя пачуцці, кніга душы ўраўнаважанай, глыбокай, філасафічнай, загадкавай, вельмі-вельмі разумнай, добрай, спагадлівай, крыху іранічнай, смелай і эмпатычнай!

Наталля Салаўёва.

 

Сачыце за абнаўленнямі ў Тэлеграме

Пакінуць адказ

Сачыце за абнаўленнямі ў Тэлеграме