Гэта кніга пра тое, як у Беларусі праходзіла “сэксуальна-сямейнай рэвалюцыя” пасля рэвалюцыі 1917 года. У анатацыі пазначана так:
“Першае ў айчыннай гістарыяграфіі комплекснае даследаванне радыкальных змен у сямейна-шлюбных адносінах і сэксуальным жыцці беларускага савецкага грамадства на працягу першага дзесяцігоддзя яго існавання. Разгляданы час характарызаваўся неверагоднай нават па сённяшніх мерках свабодай нораваў. Сэксуальная рэвалюцыя кінула выклік традыцыйнаму сямейна-шлюбнаму ладу, трансфармавала інстытут шлюбу і заснаваную на ім мараль, паставіла сэксуальнасць у грамадскі дыскурс.
Кніга напісана на багатым фактычным матэрыяле, з прыцягненнем новых архіўных крыніц і тагачасных перыядычных выданняў.
Мабыць, пачну з цытаты.
Аўтар аповесці «Голы звер» надаваў найбольшую ўвагу апісанню вострых душэўных перажыванняў дзяўчыны і ўнутраным маналогам Яроцкага. Але ўвагу чытачоў і крытыкаў прыцягнулі перш за ўсё шчырыя апісанні сцэн кахання. Першы наклад «Голага звера» разышоўся ў кнігарнях імгненна, таму неўзабаве з’явілася яе другое выданне. У бібліятэках аповесць зачытвалася да дзірак, прычым узбуджаныя маладыя чытачы вырывалі адпаведныя старонкі, рабілі на палях каментары і эратычныя малюнкі.
Гэта з раздзелу кнігі, дзе аўтар апісвае і аналізуе уплыў той “сексуальнай рэвалюцыі” ў Беларусі на тэатр, літаратуру, мастацтва агулам. І за гэтай цытатай выпукла бачыцца, бадай што, самы востры канфлікт быццам бы перадавых ідэй пабудовы грамадства і неадукаванасці, нявыхаванасці таго грамадства, над якім ставілі эксперымент. Гэта першы момант з двух, якія мяне найбольш уразілі ў кнізе. Тое, як ва ўяўленні тагачасных “гаспадароў жыцця”, камуністаў і камсамольцаў, ап’янелых ад сваёй усёдазволенасці трансфармаваліся ідэі вызвалення жанчыны, наданне ёй ва ўсім роўных правоў, як славутая тэорыя “шклянкі вады” адносна сексуальных патрэб пераўтварыліся ў разбэшчанасць і ўсёдазволенасць, дзікунства і ўрэшце – у гвалт.
Фізіялагічны сэнс у тэрмін «каханне-сяброўства» ўкладалі арганізатары вечарын, што праводзіліся ў Магілёўскім медыцынскім тэхнікуме. Іх вечарыны заўсёды складаліся з маленькай культурнай праграмы, пасля якой ішлі скокі. «А потым у калідоры на другім паверсе, дзе пануе прадугледжаная кімсьці цемра, страбочуць і кахаюць маладыя акушоркі і фармацэўткі маладых хлапцоў». Сэкс быў галоўнай часткай праграмы закрытых вячорак маладых рабочых і работніц барысаўскай фабрыкі «Чырвоная Бярэзіна».
Цяпер зірніце на афішу гэтых камсамольскіх вячорак. Будзем ведаць, адкуль і з якога году ў маладога беларускага цынізму растуць ногі.
Недзе камсамольцы былі больш радыкальнымі, ці, будзе правільней, менш стрыманымі:
«Адзін камсамолец у Краснапольскім раёне пагражаў дзяўчыне, якая адмаўлялася быць разам з ім: я табе морду наб’ю, я камсамолец, і нічога ты мне не зробіш».
А тэорыя “шклянкі вады” разумелася і так:
У лістападзе 1928 г. у Нова-Барысаве група маладых рабочых мясцовай гуты імя Домбаля згвалціла работніцу, прычым жахлівай чаргой распараджаўся камсамолец Л. Дзяругін.
Увогуле ж, кніга агаломшвае фактычным матэрыялам. Аўтар, у адрозненне ад мяне, як навуковец, не робіць самастойных высноў – ён дае словы іншым. Але адначасова раскрывае пакрысе перад намі такую карціну, ад якой варушацца валасы на галаве. Ну, вось проста адмаўляешся верыць. І хай бы такое вось “пераасэнсаванне сямейных каштоўнасцей” адбывалася недзе стыхійна на месцах, хай бы то вар’яцелі ад сваёй асабістай улады наваяўленыя князькі, але ж…
Тут – другі момант. Усе гэтыя змены ўзнікалі не на пустым месцы. Усё было практычнай рэалізацыяй шматлікіх тэорый. Быццам навуковых. Быццам перадавых і чалавечных.
Ужо ў 1919 г. орган ЦК Камуністычнага саюза моладзі Літвы і Беларусі — часопіс «Факел коммунизма» — заклікаў да ажыццяўлення рэвалюцыі ў псіхалогіі людзей шляхам адмовы ад любога, нават ідэальнага шлюбу. На яго месца быў павінен прыйсці «калектыўны шлюб». На думку першых лідараў беларуска-літоўскага камсамола, «…агульнасць жонак і мужоў створыць абыякавасць у палавых зносінах, зробіць іх натуральным задавальненнем запатрабаванняў, знішчыць каханне і будзе першым каменем абагульвання ўсяго жыцця». Калектыўны шлюб створыць новую жачыну, якая стане «вольнай каханкай, грамадзянкай і маці». Удзельнікі ІІ Усебеларускага з’езда Камуністычнага саюза моладзі Беларусі, які адкрыўся 20 красавіка 1921 г. у Менску, вырашылі, што на практыцы новы калектыўны шлюб павінен увасобіцца ў новых дамах-камунах для моладзі. Але ў сувязі з эканамічнымі цяжкасцямі на бліжэйшы час дамовіліся «…развіваць самую шырокую ініцыятыву па гэтым пытанні на месцах».
Ідэя гэтых самых дамоў-камун была не проста ідэяй, але цэнтрам пабудовы “новага грамадства”. Хіба не адтуль пачалі расці тыя самыя камунальныя кватэры?
Найбольш радыкальны праект у 1929 г. прапанаваў малады савецкі архітэктар М. С. Кузьмін у выглядзе дома-камуны для сібірскіх шахцёраў. Ён прадугледжваў пражыванне ў пакоях на шэсць чалавек паводле палавой прыкметы. Для вядзення палавога жыцця на верхнім паверсе былі запраектаваны «двухспальныя кабіны». Дзеці выхоўваліся асобна ў спецыяльным памяшканні. Пабытовы працэс камунараў, падзеленых на ўзроставыя групы, складаўся з сямі дакладна вызначаных па часе раздзелаў: сну, харчавання, палавога жыцця, выхавання дзяцей…
А яшчэ ж былі заклікі “Далоў сорам!”. І яны ўвасабляліся ў жыццё “актыўнымі камсамольцамі”
«Дзясяткі грамадзян бесцырымонна распранаюцца ледзь не на алеі саду і гэтак жа бесцырымонна, ніколькі не саромеючыся, боўтаюцца ў Свіслачы. І на гэты абураючы факт ніхто не звяртае ўвагі, быццам бы ўсё апісанае ў парадку рэчаў…»
Не ведаю, па шчырасці, што б было з гэтымі адурэлымі ад сваёй улады камунарамі, каб не вёска, якая супраціўлялася, як магла, імкнучыся з усёй сваёй моцы захаваць сямейныя каштоўнасці, і калі б не здаровы сэнс, які пачаў прабівацца ў галовах правадыроў. Што праўда, сэнс быў выкліканы страхам. Першая частка страху – назіранні ўрачоў:
Выступаючы ў красавіку 1924 г. на менскай гарадской канферэнцыі работніц, доктар Зелінсон адкрыта крытыкаваў першыя вынікі фарсіраванага разбурэння традыцыйнай сям’і: «Стварыўся новы бясформенны сямейны быт, небясьпечны і шкодны, калі няма ніякіх абавязацельстваў у сямейных адносінах і жанчына штучна вырывае ўласнае мацярынскае пачуцьцё… Без абавязкаў сыходзячыся паводле палавога патрабаваньня, жанчыны ня хочуць быць маці і прымаюць розныя шкодныя сродкі, якія пазбаўляюць магчымасьці мець дзяцей і вядуць да выраджэньня».
А другое – тыя самыя забітыя вяскоўкі-дзяўчаты не жадалі станавіцца ў шэрагах камсамолак “свабоднымі жанчынамі” і проста не ўступалі ў камсамол:
Нежаданне значнай часткі дзяўчат уступаць у камсамол, іх палітычная пасіўнасць уяўлялі сур’ёзную праблему для арганізатараў камуністычнага руху беларускай моладзі.
Зразумела, гэта не ўсё тое, што ўтрымлівае ў сабе кніга. Ёсць яшчэ цэлы пласт пра дзіцячыя камуны, пра тое, як там “выхоўвалі будучых будаўнікоў камунізма” (спойлер: было – разбэшчвалі, гвалтавалі), яшчэ – пра педалогіку, пра іншыя навуковыя і псеўданавуковыя тэорыі, пра аўтараў. Знойдзецца тут і слова, і эпізод з жыцця выбітных асоб Беларусі, шмат фактычных матэрыялаў, уражвае прыведзеная статыстыка.
У нас, беларусаў, вядзецца несці сваю крыўду на плячах сваіх. І калі кажуць пра тое, што перанёс, перажыў беларускі народ, дык згадваюць многае: вайны, бежансвтва, калектывізацыю… Але вось гэтага не згадваюць – гвалту ў дачыненні да таго, што чалавек лічыў спакон веку выключна сваім: каханнем.
Хто жадаў, мог раней пазнаёміцца з кнігай Аляксандра Гужалоўскага аб тым, як у Беларусі ставілі эксперымент па пабудове камуністычнага грамадства. Гэта кніга дапаўняе нашу гісторыю тым, пра што або маўчалі, або ніякавата (ці дуракавата) пасмейваліся. У нас заўсёды так пра надта балючае…
В. Г.


Замовіць кнігну можна тут: https://knihi.by/huzalouski-alaksandr-sturmujucy-buducyni-avanposty