Падслуханая казка. Андрэй Федарэнка

Падслуханая казка. Андрэй ФедарэнкаГэта чарговая кніжачка для маленькіх чытачоў і слухачоў серыі “Ветрачок”.

Калі сустракаю падобныя казкі, міжволі пасля прачытання мільгане думка: пісьменнік спачатку вырашыў напісаць казку менавіта пра гэтае вось гэта, ці напачатку недзе бліснула яму кароткая інфармацыя, асляпіла-ўразіла, палез ён шукаць далей, яшчэ трошкі… І вось ужо сам, агаломшаны, сядзіць, трымае ў руках гэтулькі цудоўных, нечаканых ведаў, займальных  гісторый… Як імі падзяліцца?

Як расказаць пра простыя кветкі так, каб выклікаць сапраўднае захапленне нават дасведчанага чытача? А Андрэй Федарэнка расказаў пра стракоткі. І я, які хадзіў па вясне па гэтых непераборлівых кветках, што густа ўсейвалі некалі наш двор, пачытаў… І ўразіўся. Прызнаюся шчыра, адносіны да гэтай кветкі ў мяне змяніліся.

Мова твораў Андрэя Федарэнкі не патрабуе лішніх слоў у падкрэсліванні ейных якасцей. Гэта на сёння агульнавядомы і ўсімі прызнаны факт. Аўтар больш вядомы нам як “дарослы” празаік, але ж у дзіцячай казцы ён раскрываецца з нечаканага боку: датклівы, чуйны апавядальнік. Які ўмее адным сказам не проста ажывіць абраную кветку, але надаць ёй характар, падкрэсліць асаблівасць, выклікаць у чытача сімпатыю ці нават замілаванне.

У нейкага іншага аўтара гісторыю маргарытак-стракотак, розныя легенды пра іх мы маглі б пачуць з адных вуснаў. І нешта падобнае я ўжо бачыў сярод таго мноства дзіцячых кніжачак, якія хваляй абрынуліся на паліцы кнігарняў. Вось гарадская ўнучка прыязджае ў вёску, тут – ну, безумоўна ж, мудрая, кемлівая, клапатлівая бабуля вядзе яе ў агарод і ўсё расказвае і паказвае. Федарэнка прыдумаў шлях абсалютна іншы, сапраўды казачны: ягоныя стракоткі, паколькі ўсе яны хоць крышку, ды розняцца адна ад другой, становяцца ў сне дзяўчынкі жыхаркамі розных краін: вось табе францужанка, вось італьянка, вось грачанка… І кожная апавядае цікавую гісторыю. Для дзяцей гэтая казка, безумоўна, стане сапраўдным адкрыццём, а ведамі з яе можна і падзяліцца па вясне з іншымі, калі абудзяцца першыя кветкі…

Успрыняць казку-сон цудоўна дапамагаюць ілюстрацыі Кацярыны Яфрэмавай – стыль малюнкаў і стыль тэксту супадаюць, сапраўды ствараецца адзіная прастора з вербальнага і візуальнага.

І ў канцы зазначу, што я не магу ніяк тут напісаць, што казка Анжрэя Федарэнкі вучаць і паказвае,  раскрывае і навучае. Яна не праваднік нечага там некуды. Гэта проста чароўная, цікавая, пазнавальная казка. І адначасова яна прыклад: як трэба пісаць.

В. Г.

Сачыце за абнаўленнямі ў Тэлеграме

One thought on “Падслуханая казка. Андрэй Федарэнка

Пакінуць адказ

Сачыце за абнаўленнямі ў Тэлеграме