Сабака Мані. Бода Шэфер (Ігар Крэбс)

Сабака Мані. Бода Шэфер (Ігар Крэбс)Фінансавая тэорыя і практыка для дзяцей. Але насамрэч – не толькі для іх. Аўтар кажа пра гэта напрыканцы кнігі: маўляў, дарослым прасцей успрымаць такую інфармацыю менавіта ў фармаце “гісторыі для дзяцей”, бо тады не выглядае, што гэта мяне, дарослага, вучаць, як абыходзіцца з грашыма.

📙 Тут не варта шукаць выкшталцонага стылю ці цікавых мастацкіх рашэнняў. Мова простая, ключавыя думкі паўтараюцца шмат разоў (каб ужо дакладна адклаліся ў галаве 🙃) Спачатку я нават жартавала, што гэта нейкі Дэйл Карнэгі for kids.

🧶 Гісторыя такая: сям’я – мама, тата і дзяўчынка Кіра – знаходзіць параненага лабрадора, якога яны вырашаюць узяць да сабе. У пэўны момант сабака пачынае размаўляць з дзяўчынкай, і высвятляецца, што ён дасведчаны ў фінансавых пытаннях, бо ягоны папярэдні гаспадар – выбітны фінансіст. А ў бацькоў Кіры акурат праблемы з грашыма: яны купілі дом і не спраўляюцца з крэдытнымі выплатамі. Праз гэта ў сям’і напружаная атмасфера.

✨ Кіра пачынае карыстацца парадамі сабакі, якога яны назавуць Мані. І яе жыццё паступова змяняецца: яна сустракае важных людзей, наладжвае кантакт са стрыечным братам, які раней лічыў яе дурнічкай. Кіра змяняецца сама і праз гэта мяняецца свет вакол яе. Напрыклад, яна пазнаёміцца з былым гаспадаром Мані, навучыцца зарабляць грошы, завядзе рахунак у банку, пачне цікавіцца інвестыцыямі. Праблемы бацькоў таксама паступова вырашацца, хаця яны спачатку не будуць сур’ёзна ўспрымаць дзеянні Кіры.

👨🏻 Кнігу сыну чытаў муж, я прачытала яе паралельна з імі самастойна. Яны чыталі перад сном і, напэўна, лепей так не рабіць: даводзілася рэгулярна вяртацца, бо Захар ужо не памятаў, пад што засынаў. Кнігу я ўзяла ў беларускай кнігарні “Чытальня” @cytalnia, але цяпер хачу яе купіць, каб Захар меў магчымасць перачытаць кнігу пазней. І пачаць карыстацца парадамі Мані і Кіры 😏

👌🏼 Крэдыты, дэпазыты, працэнты, банкаўскія рахункі, акцыі, інвестыцыйныя фонды, стратэгіі размеркавання заробка – усё гэта літаральна на пальцах тлумачыцца ў кнізе. Карацей, карысна ўсім. Я ажно прыгадала, як у іншым жыцці два гады выкладала курс “Грошы, крэдыт, банкі” 😅

kniznyja_razmovy.

 

Пакінуць адказ