Вырай. Вікторыя Кляўко

Вырай. Вікторыя Кляўко.Гэта кніга зацікавіла мяне ў першую чаргу тым, што ейную аўтарку абвінавацілі ні многа ні мала, у плагіяце сюжэту. Не помню, з каго пачалося, але “навіну” падхапілі і панеслі, яна загучала з прасаў электрычных і вугальных, далібог. Нават пабеглі “журналісты” пытацца ў Евы Вежнавец: а вы ведаеце, што аўтарка з Беларусі сплагіяціла ваш сюжэт? А што вы будзеце рабіць?”. Бяру слова “журналісты” ў двукоссе, бо гэта насамрэч не журналістыка – нешта там пачытаць у анонсе і рабіць высновы. Зусім як вядомае: “Не чытаў, але асуджаю”. Як гэта вельмі часта бывае, анатацыя кнігі зусім не пра гэту кнігу. Пафасу насыпалі жменямі, не шкадуючы, але тэкст, мякка кажучы, трошачкі не пра тое. У дужках заўважу: не называю тэкст раманам, гэта, безумоўна, аповесць, якую льга і трэба б было скараціць сама мала на трэць.

Дык вось, як той казаў, з усёй адказнасцю кажу: сюжэт “Выраю” падобны да сюжэту балотнай казкі Евы Вежнавец, як фігурнае катанне да балету. Ну, быццам жа аднолькава ўсё: і там, і там гэтакія во касцюмы бессаромныя, дзеўкі ногі задзіраюць, ажно ўсё відаць, а мужыкі іх хапаюць, лапаюць за такія месцы…

Тут я не столькі бараню аўтарку “Выраю” (хоць і гэта трэба рабіць!), колькі мне прыкра і гідка ад непрафесійнай дураты асобных работнікаў СМІ, якім сёння, бачыцца, галоўнае, каб што гарачае, зыркае, уежнае для peoples.

У Евы Вежнавец гераіня – алкагалічка, едзе з-за мяжы дахаты, бо баба памерла.

У Вікторыі Кляўко гераіня – прафесарка, едзе з-за мяжы дахаты, бо ў маці – раптоўны інсульт.

Прабачце, калі з-за гэтага падабенства трубіць аб плагіяце, то час казаць пра поўную дэградацыю журналістыкі як прафесійнага занятку.
А далей гісторыі ўвогуле не маюць і самага малога падабенства. Як кажуць, кнігі і побач не стаялі.

У Вежнавец – драма, сацыяльная і нацыянальная, страшная балотная казка.

У Кляўко – гісторыя жыцця і кахання, (не)сяброўства і (не)любові. Я б сказаў: меладрама. Прычым, класічная, з паступовым даставаннем шкілетаў з шафы.

Што тычыцца самога тэксту Кляўко, скажу хіба, што гэта – дэбют, плюс да ўсяго з далёка не самым добрасумленным перакладам з рускай мовы на беларускую. Усе тыя думкі і заўвагі, якія ў мяне ўзніклі падчас чытання і пасля яго, я выказаў пры сустрэчы з аўтарам, паўтарацца мне тут не хочацца…

В. Г.


Я вельмі доўга намагалася напісаць водгук на кнігу “Вырай” Вікторыі Кляўко @eta_belka .

У чым праблема? Мне падавалася, што пасля маіх слоў, што мне не заходзіць Караткевіч, ніхто мае літаратурныя меркаванні не будзе сур’ёзна ўспрымаць. Але, калі вы дагэтуль са мной у маім Караткевіч-free Інстаграме, нікуды не разбегліся пасля тых сторыз, то я ўсё ж паспрабую падзяліцца з вамі сваімі ўражаннямі.

  1. Я вельмі баялася расчаравання перад знаёмствам з кнігай, бо ведаю Вікторыю асабіста і тая мне вельмі падабаецца. Пасля прачытанага Віка мне падабаецца яшчэ больш!
  2. Я чытала гэтую кнігу на кожным перапынку паміж сазвонамі 🇬🇧, у кожную вольную хвіліну і не магла адарвацца. Прачытала за 2 дні. Апошні раз я так чытала “Гары Потэра”, калі мне было недзе 22.
  3. Шчыра прызнаюся, я плакала. Шмат плакала. У кнізе, можна сказаць, хэпі энд, але падчас чытання плакалі амаль усе, з кім я абмяркоўвала “Вырай”.
  4. Я бачыла і адчувала падчас чытання ўсё тое, пра што пісала Вікторыя – вельмі трапныя і дэталёвая апісанні.
  5. Адразу, як дачытала кнігу, набыла экземпляр для сваёй мамы і экземпляр яшчэ для аднаго чалавека. Сваю захоўваю на палічцы, бо тая з аўтографам аўтара – вялікая для мяне каштоўнасць. Дарэчы, кніга была выдадзеная выдавецтвам “Мастацкая літаратура”, і яе можна пазычыць пачытаць у дзіцячых бібліятэках Беларусі. Катэгорыя 16+.
  6. Нават мне шчымліва захацелася дадому падчас чытання, а я, на хвілінку, жыву ў сваім родным горадзе, дзе жывуць мае бацькі і дзе жылі татавы бацькі. Я зараз максімальна дома🤣
  7. Я ўсё круціла ў галаве, які зрабіць здымак да гэтага допісу. Доўга круціла-перажоўвала розныя варыянты. Напэўна, тыдні 2 тым сябе забаўляла. А сёння раптам схапіла сваю каштоўную кніжку і пабегла пад дажджом да дрывотні ў двары рабіць фота. Лячуваласыназад і думаю: “А лепшы здымак і не прыдумаць! Бо кніжка вось менавіта пра тое!”

Калі вы яшчэ не чыталі “Вырай”, ведайце, што я вам зайздрошчу.

Усё.

vera_kramko.

 

 

Пакінуць адказ