
Прачытаў зборнік апавяданняў «Контуры душы» Вінцэся Мудрова. Пры ўсёй павазе да аўтара, я лічу, што гэта другарадная літаратура. Яе нельга назваць дрэннай, але мне не хапіла філасофскай і псіхалагічнай глыбіні, стылістычнай вытанчанасці і гумару.
Гэтая кніга выйшла ў 2025 годзе. Да гэтага я нічога ў Мудрова не чытаў. Ужо потым выявілася, што ў яго было як мінімум 11 іншых зборнікаў з апавяданнямі і эсэ. Некалькі з іх я набуду, каб маё стаўленне да аўтара канчаткова сфармавалася. Падазраю, што ён мог проста стаміцца.
Хоць Оскар Уайльд і пісаў, што першае ўражанне заўсёды самае правільнае, але можа скласціся так, што чалавек паслухае альбом «The Man with the Horn» Майлза Дэвіса і прапусціць «Kind of Blue». Ці будзе яго ўражанне аб творчасці Дэвіса адэкватным?
Калі шукаць аналогіі ў кінематографе, то ўявіце, што нехта натхніўся фільмам Роя Андэрсана «You, the Living» і «Адпачынкам у верасні» Віталя Мельнікава і вырашыў зняць нешта падобнае на гэтыя дзве карціны, але прадзюсары далі яму мала грошай і дадаткова парэзалі гатовы фільм.
Дзеянне некаторых з 28 апавяданняў адбываецца пад канец 70-х і напачатку 80-х; некалькі з іх належаць 60-м. Таксама тут можна сустрэць «нулявыя», адно апавяданне адбываецца ў «дзясятыя», і яшчэ адно — у наш час.
У большасці гісторый нехта з персанажаў п’е алкаголь. Гэта не мінус і не плюс, а хутчэй прымета эпохі. У Савецкім Саюзе людзі сапраўды шмат пілі: гэта была адна з нямногіх даступных масавых забаў і дапамагала крыху зняць боль ад атупляльнай і задушлівай рэальнасці.
У гісторыях, якія адбываюцца бліжэй да нашых дзён, людзі таксама п’юць. І гэта, напэўна, зноў прымета эпохі. Дарэчы, паколькі часы ў кнізе перамяшаныя, і за «нулявымі» могуць ісці «сямідзесятыя», то мне даводзілася толькі па асобных дэталях здагадвацца, пра які час ідзе гаворка.
Гэта дазволіла ацаніць, наколькі ж насамрэч гэтыя часы падобныя: ад «сисек-масисек» нас аддзяляе айфон. Ці сам аўтар настолькі належыць таму часу? Не ведаю. Але тыя ж «нулявыя» ён сустрэў без асаблівага энтузіязму («дзевяностых» у кнізе няма).
Вось што ён пісаў у сваім прысвячэнні Кену Кізі ў 2001 годзе (адзін з лепшых, на мой погляд, тэкстаў у гэтай кнізе): «Надарылася тое, што і павінна было надарыцца. Мушка, якая завіхалася на мокрым шкле, так і не выбралася на свой мацярык; вязень псіхушкі Макмёрфі, герой «Зязюльнечага гнязда», зaзнаў паразу; бунтар Кен Кізі ўрэшце махнуў на ўсё рукой і з’ехаў у Арэгон, дзе стаў вырошчваць сельдэрэй і артышокі, а былыя камсамольскія работнікі, па большасці вясковыя мальцы, якія не чыталі Кена Кізі і якіх у маладосці не наведаў бунтарскі дух, сталі гаспадарамі жыцця».
Апроч гэтага мне яшчэ вельмі спадабалася кранальнае аўтабіяграфічнае апавяданне «Карэспандэнт», у якім расказваецца, як школьнік Мудроў вырашыў стаць пісьменнікам, каб спадабацца дзяўчынцы, якая любіла чытаць Рэмарка 😁
Увогуле, усе апавяданні, дзе гаворка ідзе пра дзяцінства аўтара, даволі добрыя: «Страшная мясціна», «Фанабэра», «Фантамас», «Першы дзень вакацый», «Пончыкі са школьнага буфета».
Не магу сказаць, што яны нешта ўва мне перавярнулі, але іх было прыемна чытаць. А вось тыя апавяданні, дзеянне якіх адбываецца ў 70–80-я, чытаць было даволі сумна.
Я разумею, што гэта сатыра. Нам паказваюць маленькага савецкага чалавека, у чыім жыцці няма месца подзвiгу.
То ён, будучы раённым чыноўнікам, едзе чыніць дах дома сваёй маці, а яго кусаюць восы, з-за чаго ён не можа выступаць на партсабранні. То ён, будучы двойчы народным пісьменнікам, перажывае, што на яго помнік сруць галубы, а калегі яго не паважаюць.
То гэты маленькі савецкі чалавек едзе на рыбалку, напіваецца гарэлкі і пачынае бойку з іншымі маленькімі савецкімі людзьмі, а тым часам лісіца крадзе ягоную рыбу.
То ён даведваецца, што ягоная былая жонка, з якой яны адзін аднаго ненавідзяць, але раз’ехацца не могуць, бо ні ў кога няма грошай, спіць з ягоным калегам-апівудай.
То маленькая савецкая жанчына едзе суцяшаць у Сібір сваю сястру, якую кінуў муж, і здраджвае свайму мужу з лётчыкам. Гэта было нейкае вялікае пачуццё, каханне з першага позірку? Яна была няшчасная ў шлюбе? Я не ведаю.
Я нічога не ведаю пра ўнутраны свет гэтых людзей і абставіны іх жыцця, і з тэксту гэтага не вычленіш. Дарэчы, у гэтым апавяданні, «Перапынены палёт», няма апісання самога сэксу, але ёсць апісанне дэталяў вакол яго, і гэта жудасна:
…Усё скончылася даволі хутка. Лётчык надта спяшаўся, баяўся, што пастукаюць у дзверы, а потым ляжаў, раскінуўшы ўшыркі рукі і зморана аддзімаючыся. Нінэль памацала ліпкі жывот і перавяла дых… Змахнуўшы з грудзіны крошкі (яны там падсілкаваліся пірагом з часнаком), Нінэль вырашыла, пакуль не позна, збегчы ў душ. Не вяртацца ж у самалёт з абсліненымі цыцкамі…
Разумееце, у гэтым ёсць толькі нейкі фізіялагічны абсурд і пустэча. У мяне склалася адчуванне, што Мудроў пагарджае і гэтай жанчынай, і лётчыкам. Ці гэта ў мяне такая оптыка?.. Яна яго потым чакала, але ён усё з самалёта не спускаўся.
Фінал застаўся адкрытым, але мне, шчыра кажучы, не цікава, што там з імі будзе. За пяць старонак сухога тэксту гэтыя людзі не змаглі мяне зацікавіць. І гэта, на мой погляд, праблема большасці апавяданняў у кнізе. Я нічога не адчуваў, калі іх чытаў, акрамя лёгкай гідлівасці.
Потым гэтыя маленькія савецкія людзі ў «нулёвыя» пайшлі служыць комерсам, як у «Раі і пекле». У маральна састарэлым эсэ «Контуры душы», якое і дало назву зборніку па нейкай прычыне, аўтар рэфлексуе на тэму таго, што людзі ў сэканд-хэндах «нявечаць контуры сваіх душ».
Маўляў, адзенне ў ідэале павінна нешта пра ўнутраныя ўласцівасці чалавека казаць. У Савецкім Саюзе людзі былі вымушаны насіць усялякае гаўно; потым моднікі, да ліку якіх належаў і Мудроў, імкнуліся неяк вылучыцца, варылі джынсы і ўсё такое.
Заканадаўцамі мод былі Высоцкі, Магамаеў і іншыя акцёры і актрысы. Мне падаецца, што пра сацыяльныя аспекты лепш і цікавей напісана ў кнізе «У светлую будучыню! Беларускае грамадства эпохі «адлігі» Аляксандра Гужалоўскага.
У нулявыя з’явілася адзенне, але ў людзей не было грошай, і яны былі вымушаныя хадзіць у сэканд-хэнды. Але беларускія жанчыны ўсё роўна прымудраліся быць прыгожымі.
Я не згодзен з асноўнай тэзай пра карэляцыю адзення і якасцяў чалавека і лічу, што хоць у гэтым эсэ і добра перададзены дух эпохі, але праз чвэрць стагоддзя яно ўжо нічога табе даць не можа. Проста нататка «на злобу дня», якой было наканавана згубіцца ў часе, нібы слёзам у
Хачу яшчэ спыніцца трохі на апавяданні «Мамоніха», якое мае велізарны патэнцыял, які, на мой погляд, так і не быў рэалізаваны.
Там расказваецца пра адзінокую старую жанчыну, якая жыве ў напаўзакінутай вёсцы.
У яе, вядома, няма грошай. Яна заходзіць у госці да сваёй суседкі, таксама адзінокай пажылой жанчыны, і бачыць, што ў той на ўчастку добра расце капуста. Суседка паведамляе, што збірае галубінае лайно і выкарыстоўвае яго як угнаенне.
Яна раіць Мамоніхе пашукаць лайно ў адным закінутым доме, што стаіць на краі вёскі. Мамоніха ідзе ў тую хату, па дарозе ўспамінаючы яе былога гаспадара, які ўжо памёр. Калісьці ён, мяркуючы па ўсім, спрабаваў яе згвалтаваць.
Альбо гэта я так счытваю гэты момант. Ён наваліўся на яе, пачаў нешта шаптаць на вуха… Але Мамоніха адмахваецца ад гэтых успамінаў, як ад назойлівай мухі. Магчыма, гэта была грубая вясковая форма кахання, якая ў выніку ні да чаго не прывяла.
У любым выпадку ёй ужо ўсё роўна. Мамоніха лезе на гарышча закінутага дома, але гнілыя дошкі не вытрымліваюць яе вагі, і яна падае ўніз. Жанчыну, якая памірае, знаходзіць суседка і горка прамаўляе: маўляў, была б у нас добрая пенсія, мы б лайно не збіралі. Канец.
Тут ёсць усё: жыццё, смерць, адзінота, боль, але гэта не выказана так, як магло б быць выказана. Чатыры старонкі вельмі сухога тэксту і трохі сацыяльнай крытыкі. Вельмі шкада.
Ды чорт з ім, з подзвігам, дайце хоць нейкі сэнс! Фактуру дайце, фарбы, перажыванні герояў.
Каб сумна пісаць пра сумныя рэчы, не патрэбны талент. Мне б хацелася, як спяваў Вярцінскі, каб Мудроў з падалі даставаў паэмы, а не проста паказваў мне падаль. Так, савецкае жыццё было ўбогім, але нават у ўбостве ёсць свае глыбіні.
Мне вельмі падабаецца сатыра Юрыя Алешы. Я лічу, што «Зайздрасць» — гэта вялікая кніга.
Мне падабаецца сатыра Міхаіла Зошчанкі. Я разумею, што гэта зусім іншая сатыра, але ягоныя апавяданні проста класна напісаныя — і яны сапраўды смешныя.
Мудроў, напэўна, вельмі добры чалавек: стаяў за полацкі андэграўнд, быў сярод стваральнікаў Таварыства вольных літаратараў, займаўся самвыдатам, за што цярпеў пераслед з боку КГБ… Але яго творчасць я палюбіць і зразумець пакуль не змог. Я, аднак, абавязкова буду спрабаваць.
P.S. Яшчэ сярод тых апавяданняў, якія мне спадабаліся, я б вылучыў «Кнігу пад нагамі» пра «абуджэнне тожабеларуса», які адмаўляецца ўдзельнічаць у этнацыдзе, успамінаючы, як маці спявала яму вершы Багдановіча. Чытаючы яго, я нешта адчуў.
Гэты тэкст будзе злы, пра што шчыра і папярэджваю.
Хоць сам я аўтар, ды біў бы аўтараў па руках (па галаве біць нельга – яна для працы трэба цэлая) за тое, што спрабуюць лезці ў працэс кнігавыдання, адмаўляючыся ад рэдактуры, настойваючы на сваім бачанні вокладак і назваў кніг. Буду прама казаць: назва кнігі, вокладка яе ды яшчэ анатацыя – усё гэта разам лічу самым няўдалым праектам Вінцэся Мудрова. Ну, шчыра, браце, гэта ж нават пошла – во такі знешні выгляд…
Наконт рэдагавання. Наўрад ці нехта ўпікне Мудрова ў няведанні мовы, неахайнасці ці нечым яшчэ. Тым не менш, аксіёма: кожнаму аўтару трэба погляд збоку да таго моманту, як старонкі збяруцца ў кнігу. І ранейшыя кнігі Мудрова (з ягоных апошніх) не былі структурна цэласнымі – розныя гісторыі стаялі кожная сама па сабе, дзе яе аўтар кінуў. Ды толькі тады гэта падавалася своеасаблівымі эмацыйна-псіхалагічнымі арэлямі пры чытанні, дзе чытач гойдаўся на розных пачуццях – ад дзіцячых крыўд да расчараванняў дарослага чалавека, ад пабытовай няўдаліцы да траўмы грамадскага кшталту.
Але ў гэтай кнізе сумбур гісторый ужо відавочна зашкальвае, і найперш тым, што успаміны самога аўтара, той самы аўта-фікшн перамешваецца з апавяданнямі зусім іншага характару.
Не магу і не хачу гаварыць пра тое, ці варта было б увогуле змяшчаць некаторыя гісторыйкі, бо, па сутнасці, кожная з такіх пашырае пустку чалавечай душу. А вось адно апавяданне, якое хутчэй ёсць нейкім публіцыстычным артыкулам і мае назву “Контуры душы”, даўшы назву ўсёй кнізе, варта б было наўпрост выкінуць. Бо пачатковая думка ў ім даволі слабая і мала чаго вартая, а далей пракладзеныя паралелі выглядаюць наўпрост недарэчнымі. Безумоўна, гэта маё асабістае меркаванне, якое можа быць і памылковым, мажліва, я маю на гэта апавяданне свой зуб. Тым не менш…
Чытаем. Вось поўнае сарказму і злой іроніі апавяданне “Кар’ерыст”. За ім знянацку – дзіцячая замалёўка пра малое гусяня. З якога яно тут пераляку? Далей ці не палітычны памфлет на эсэсэраўскія часы, смерць. Адтуль імкліва перасаджваемся ў салон самалёта і з галоўнай гераіняй перажываем раптоўны, нічым іншым, як жывёльным інстынктам не тлумачаны, сэкс з лётчыкам у гасцініцы падчас вымушанай пасадкі.
Зрэшты, гэтая караценькая гісторыя мае адну рысачку:
— А хто муж?
— Журналіст. Праўда, ён сябе называе пісьменнікам. Выдаў дзве кніжкі, якія да гэтай пары ніхто не прачытаў.
Думка Мудрова пра такіх як ён беларускіх аўтараў прагучала ў творах раней не адзін раз. Падобна, яна не адпускае, зняважыць і прынізіць самога сябе як пісьменніка сталася бы і патрэбай ужо для спадара Вінцэся. На жаль.
Ну, а пасля сэксатэрапіі трапляем у фантасмагорыю, дзе разам з двума ахвотнымі зарабіць ездзім па Беларусі ды збіраем-скупляем беларускія кніжкі – усе, без разбору, абы на беларускай мове, якія з выгодай здаём на макулатуру. То праект нейкага расейскага бізнесмена…
Адносна гэтага, даволі ўдалага апавядання, выкажу маленькую заўвагу: скарыстоўваць “Вянок” Багдановіча дзеля спускавога кручка ці трыгера нейк ужо і занадта збіта, тым больш – роля паэта чыстай красы ў жыцці аўтара была яскрава падсвечана ў аўтафікшну наперадзе.
Ну і вось як цяпер суаднесці гэты слоены пірог тэкстаў з анатацыяй, дзе “аўтар малюе контур душы маладога чалавека і поўніць яго падзеямі, здарэннямі і недарэчнасцямі мінулых гадоў”.
Можа, пацверджу сваю думку адносна неабходнасці рэдактуры тэкстаў нават і такіх постацяў, як Мудроў. Наўскід, што драпнула вока:
А мы яго Чайнікам клікалі
Клікаць – гэта гукаць найперш. Яшчэ партыя на барыкады клікаць можа. У беларусаў не клічка – мянушка. Як па мне, дык Чайнікам абзывалі, дражнілі, называлі. Клікалі – ў крайнім выпадку, якога тут якраз і не бачна.
Жаваў пірог з натхненнем
Не бачыў, па шчырасці, каб беларусы так елі. Мо расейцы і ядуць “с воодушевленіем”, нашы то дакладна не… Ну, хіба што пасля сексу з выпадковай пасажыркай у гасцініцы. Што праўда, не помню, каб мне самому пасля сексу, ужо прызнаюся, раптам заманулася есці пірагі з чарамшой нашча…
“Гамузам” – ці не занадта часта? Разумею любоў да слова, ды ж хапае нашых, беларускіх сінонімаў: чохам, агулам, разам, гуртам, натоўпам
Вось такія былі мае злыя думкі падчас чытання. Што да астатняга, то пісаць пра талент Вінцэся Мудрова не выпадае, як і пра ягоную мову – пісана-перапісана. Па-мастацку дасканала сканструяваны сусвет са сваёй атмасферай, якая імкліва паглынае цябе, з тонкім і праўдзівым псіхалагізмам, што счытваецца між радкоў. Густоўная мова, бачнае пазбяганне калек, часам – наватворы.
І гэта цудоўна. Але, якіх бы крыўд мне не давялося сустрэць, паўтару не мной гаворанае: “Многае дадзена – многае спытаецца”. Урэшце, таленавіты мастацкі тэкст не проста мае права, але абавязаны стаць сапраўды кнігай – асобным мастацкім творам, дзе аўтар – не адзіны ягоны стваральнік.
На тым стаім. А збочваць канчаткова ў самвыдат яшчэ быццам і рана.
Перапрашаю за шчырую злосць.
В. Г.


https://knihi.by/mudrou-vinces-kontury-dusy