Вельмі ж няпроста напісаць водгук на даўно і ўсімі прызнаную кнігу. Але мы маем пераклад, і тут ужо ёсць пра што гаварыць. Шчыра прызнаюся, было б куды больш вальготней, каб было веданне мовы арыгінала, але тут мушу абыходзіцца тым, што маю. А маю я пераклад Хобіта на рускую мову.
І гэты пераклад некалі адбіў у мяне ахвоту чытаць “Хобіта”. Ну так, не здзіўляйцеся – я не чытаў раней гэтую кнігу. А чытаць пасля экранізацыі…
Увогуле, з перакладамі адносіны ў мяне не простыя. Я… раўнаваў. Ну праўда, вось чытаеш нешта замежнае, цікавае, адарвацца немагчыма – як той жа “Таямнічы востраў” Ж. Верна… А нашы дзе такія? Дзе “Закінуты свет” К. Дойля з ягоным магутным прафесарам Чэленджарам?
Таму да перакладаў у мяне былі вялікія патрабаванні, бо ж звык да лепшых рэчаў. І пасля “Падарожжаў Гулівера” не змог я чытаць Дзікенса, пяць разоў спрабаваў чытаць і кінуў “Сабор Парыжскай Божай Маці”… І вось тая ж гісторыя з “Хобітам” у перакладзе Рахманавай.
Чаму? Ды з-за мовы. Кніга трапіла да мяне пасля чытання Ільфа і Пятрова, і было нейк прыкра сустракаць падобныя слоўцы і моўныя канструкцыі, дзе былі знаёмы сарказм, іронія, нечаканыя метафары. У гэтым фэнтэзі Толкіна усё гэта для мяне выглядала чужым, залішнім. Увогуле ж, увесь тэкст падаўся нейкім… несур’ёзным. Быццам пустая казка, з якой пасмейваецца сам апавядальнік. У многіх і многіх месцах сустракалася абсалютна непатрэбная… пацешнасць ці забаўнасць, скажу так.
То пераклад Франца Корзуна пачынаў чытаць з вялікай перасцярогай, прызнаюся чэсна.
І – не спыніўся на першай старонцы.
Чытаў сабе і чытаў, гісторыя хобіта і ягоных сяброў лёгка ўваходзіла ў свядомасць, не выклікаючы практычна нідзе ўнутранага пярэчання ці неўразумення. Бадай, самае галоўнае: тэкст набыў сур’ёзнасці, аповед не падаваўся наўпрост забаўным. Лёгкія для ўспрымання канструкцыі сказаў, упарадкаваныя дыялогі. І адсутнасць таго, што я сёння называю ёрніцтвам літаратурным – калі, напрыклад, пра хобіта ягоны госць кажа вось так:
– Легко возбудимый субъект, – сказал Гэндальф, когда все заняли свои места. – Подвержен необъяснимым приступам, но один из лучших – свиреп, как дракон, которому прищемили хвост дверью.
Не ведаю, як там у арыгінале, але ў любым выпадку, нават калі там “суб’ект” і далей даслоўна, дык ёсць знаццё, што ў іншых мовах слова можа прымаць некалькі значэнняў у залежнасці ад розных абставін. Як той жа “фак” у амерыканцаў. У беларускім перакладзе гэтае месца Францам Корзунам падаецца так:
– Уразлівы хлопец, – сказаў Гэндальф, калі яны зноў расселіся. – У яго бываюць забаўныя дзівацкія прыпадкі, але ён адзін з найлепшых, паверце, адзін з найлепшых – люты, як цмок, якому зашчамілі хвост.
Заўважце, які паважлівы Гэндальф беларускі і які з’едлівы Гэндальф у расейскім выданні. Недзе з пачаткам нулявых даводзілася паўсюль сустракаць падобныя канструкцыі (я пра “суб’ект”), яны сталі сапраўднай навалай, аўтары быццам спаборнічалі адзін з другім пісаць як маго больш “пад Ільфа-Пятрова”, арыгінальнічаць у сарказме і быццам незласлівай іроніі, але агулам тое падавалася сапраўднай бездапаможнасцю ў пошуках свайго стылю. А ў гэтым перакладзе для мяне тое гучыць сёння непавагай да тэксту.
Ну і агульнае ўражанне дапаўнялі ілюстрацыі – нешта такое ўжо дзіцячае, карыкатурнае, вуглаватае, што ніякай сімпатыі не выклікала.
Малюнкі ў беларускім выданні – лёгкая, але строгая графіка без намёку на хіхіканне. Тут нашмат больш агульнай павагі да самой гісторыі – вось галоўнае. Варта зірнуць усяго толькі на выявы Гэндальфа там і тут, дзе адзін ну проста для дзіцячай кніжкі, зрэшты, як і сам пацешна-дуракаваты хобіт…
Параўнаем яшчэ некалькі сказаў.
У тыя часы на Поўначы жыло шмат цмокаў, а золата, відаць, станавілася ўсё менш, бо адны гномы ўцякалі на Поўдзень, другіх пазабівалі, а цмокі ўчынялі ўсё новыя і новыя спусташэнні і разбурэнні.
В те времена на Севере расплодилось множество драконов, а золота, как видно, становилось все меньше, потому что гномы кто бежал на Юг, кто погиб, и картина всеобщего разорения и опустошения приобретала все более угрожающие размеры.
“Картіна…” і далей да канца сказа – ну, хіба гэта мастацкі тэкст, а не цытата з нейкага дакладу ААН?
Далей:
Так вот, был там один особенно жадный, сильный и отвратительный змей по имени Смог.
А сярод цмокаў асаблівай хцівасцю, дужасцю і злосцю вылучаўся адзін, якога звалі Смаўг.
Згадзіцеся, што ў беларускім перакладзе куды больш акрэсленасці. І – імя цмока. Якое больш фэнтэзійнае?
Потом дракон вернулся назад, к Горе, прополз через Главные Ворота и очистил от жителей все улицы и переулки, подвалы, особняки и галереи. И когда на Горе не осталось в живых ни одного гнома, Смог забрал все сокровища себе.
Потым ён вярнуўся назад, прапоўз праз Цэнтральную браму і спустошыў палацы і дамы, вуліцы і завулкі, калідоры, галерэі і сутарэнні. Пасля таго жывых гномаў унутры больш не засталося, і ён забраў сабе ўсе іхнія скарбы.
Вось усяго толькі пяць літар, адно слова – але як мяняецца сэнс і кантэкст! Глядзіце: у расейскім перакладзе “забраў усе скарбы сабе”. У беларускім: “ён забраў сабе ўсе іхнія скарбы”. Адучлі розніцу? У першым выпадку змей забраў проста скарбы. Нейкія там, з горада. У другім выпадку цмок забраў скарбы жыхароў, забітых ім.
Яшчэ. “Очістіл от жітелей…” Ад гэтага патыхае вельмі ўжо непрыемным… Як і далей у наступным сказе літаральна замест людзей – насельніцтва:
По ночам он выползал через Главные Ворота, похищал жителей Дейла и съедал их, так что Дейл постепенно пришел в упадок, а население частью погибло, а частью разбежалось.
Пасля ён не раз выпаўзаў праз вялікую браму, нападаў на Дол, хапаў людзей, асабліва дзяўчат, каб потым зжэрці, і ў выніку Дол быў канчаткова разбураны, а ўсе людзі загінулі, альбо ўцяклі.
Звярну ўвагу на назву горада. З Дэйлам адразу асацыіруецца Чып і Гаечка, ужо прабачце. Дол – гэта вельмі трывалае нешта. Нашае, знаёмае, і разам з тым – дастаткова загадкавае ў гэтым тэксце.
Вельмі мяне цікавілі песні, спынюся на адной, мо й галоўнай для гномаў.
За синие горы, за белый туман
В пещеры и норы уйдет караван;
За быстрые воды уйдем до восхода
За кладом старинным из сказочных стран.
Параўнаем:
Далёка на ўсход, за Імглістыя Горы,
Праз рэкі, праз пушчы, тунэлі, азёры
За скарбамі продкаў мы мусім ісці
У глыбокія лёхі, старыя пячоры.
Галоўнае, апроч іншага: мэта паходу акрэслена адразу, ды яшчэ як канкрэтна: не за нейкімі міфічнымі скарбамі, але за скарбамі продкаў.
Далей чытаем:
На эльфа-соседа, царя, богача
Трудились они, молотками стуча;
И солнечным бликом в усердье великом
Украсить могли рукоятку меча.
у перакладзе Франца Корзуна:
Там зброя кавалася для ваяроў,
Для мужных асілкаў, цароў, каралёў.
А зоркі і месяц святло аддавалі
Для аздаблення чароўных мячоў.
Авохці… Як кажуць, адчуйце розніцу: працаваць вольна і каваць зброю для ўсіх жадаючых, ці працаваць на цара і багача, на суседа.
Не магу утрымацца ад параўнання яшчэ аднаго чатырохрадкоўя:
И пили они что твои короли
И звонкие арфы себе завели;
Протяжно и ново для уха людского
Звучало их пенье в глубинах земли.
У беларускім выданні:
Як жа ўсё гэта мінула даўно!
Іскрылася ў келіхах срэбных віно,
І залатаструнныя арфы спявалі…
А сёння тых песень ужо не чутно.
“Завелі себе арфы” – гэта вельмі паэтычна? А як п’юць каралі? Вольніца для фантазіі, бо ж нешта не сустракаецца устойліва выразу кшталту, піў як кароль. Гэта – бясконца многа? Нейк асабліва вытанчана-вычварна? Дык пра вытанчанасць якраз у беларускім перакладзе.
Ну і яшчэ па два двухрадкоўі:
За быстрые воды уйдем до восхода,
Чтоб золото наше отнять у врага.
і
На цмока пачварнага мусім ісці,
Каб вызваліць скарб наш і нашы пячоры!
Ізноў вялікая розніца, тлумачыць тут няма чаго.
Няспешна чытаю па вечарах, мне заходзіць, як сёння кажуць чытачы, казачная атмасфера ствараецца з некалькіх прачытаных сказаў. Бачныя героі, бачная краіна. Ахайны тэкст…
Кажуць, рыхтуецца яшчэ адзін пераклад гэтай кнігі на беларускую мову. Што ж, вельмі цікава будзе параўнаць.
В. Г.

Замовіць кнігу “Хобіт” можна тут: https://knihi.by/tolkin-dzon-ronald-ruel-chobit-albo-padarozza-tudy-i-nazad