Вайсковыя могілкі ў Мінску. Зберагаючы памяць. Юрый Тамковіч, Павел Каралёў

Вайсковыя могілкі ў Мінску. Зберагаючы памяць. Юрый Тамковіч, Павел КаралёўКніга прысвечана гісторыі Вайсковых могілак Мінска. На падставе архіўных крыніц, перыёдыкі, успамінаў мінчан упершыню грунтоўна паказана гісторыя славутага некропаля. Нададзена ўвага гістарычным, мастацкім, моўным асаблівасцям могілак. Аўтары звяртаюцца да пытання належнай аховы і вывучэння некропаля, зберажэння яго адметнасцяў — ад простых самаробных помнікаў да манументальных абеліскаў. Расповед суправаджаецца фотаілюстрацыйным матэрыялам. Спіс пахаваных з надмагільнымі інскрыпцыямі дапаможа многім сваякам у справе вывучэння генеалогіі.

Выданне разлічана на спецыялістаў у тэме некрапалістыкі, а таксама будзе карысным для ўсіх, хто цікавіцца беларускай гісторыяй і культурай.

(З анатацыі)

…Нам было па 16, другі курс. Класная папрасіла:  хто вольны ў нядзелю – дапамагчы. Работа не цяжкая, гадзіны на чатыры. Нас сабралася ля шасці чалавек, ля Вайсковых могілак мы сустрэліся з жанчынай гадоў сарака, мілавіднай і ветлівай. Патлумачыла нам задачу: перапісваць самыя старыя захаванні, усё да літаркі, у пэўным месцы. То было ў даўнім 1979 годзе.

Дагэтуль на могілках быў адно на Радаўніцу.

Перад тым, як кожны стаў на свой сектар, жанчына вяла нас ад вуліцы Казлова да магіл Коласа і Купалы, але не па алеі – мы зварочвалі туды-сюды, і яна расказвала пра некаторыя магілы. Помню, як мы былі ўражаныя, калі даведаліся аб трагедыі пасля вайны ў ДК – калі згарэлі жыўцом людзі ў пажары, што ўспыхнуў на святкаванні Новага года. Маладыя, мо такія як мы… Надмагілле з японскім іерогліфам  – дагэтуль ніхто не можа яго прачытаць, хоць запрашалі і японскага дыпламата… Агульная магіла памёрлых ад тыфу – іх там сотні, целы перасыпалі хлёркай, завозілі новыя, зноў сыпалі хлёрку, мёртвыя ляжаць там пластамі, магілу доўга не закопвалі…

Пасля мы разышліся і запісвалі.

Хто ведае, можа, нейкі радок у гэтай кнізе з’явіўся і дзякуючы рабоце той жанчыны і нашай дапамозе.

Але для мяне важна іншае: з таго часу я зразумеў, што на могілках – гісторыя. Лёсаў, падзей, эпох. І ўжо восенню наступнага года, калі паехалі на бульбу пад Мёры,  мы з сябрам, з якім разам былі на Вайсковых, у бліжэйшую нядзелю забрылі на могілкі вясковыя. І там найноўшая гісторыя зірнула  нам у твары некалькімі свежымі пахаваннямі маладых салдат, загінулых у Афганістане…

Безумоўна, гэта кніга ў першую чаргу – навуковае выданне з пэўнымі неабходнымі дадзенымі, сабранымі і апрацаванымі. Але і для простага чытача, якому не абыякавая Беларусь, а пагатоў – людзям навукі, культуры (і пісьменнікам у тым ліку) будзе надзвычай цікава (і карысна) пачытаць публіцыстычную частку. Упэўнены, як шакавалі і ўзрушылі мяне, так шакуюць і ўзрушаць многіх іншых гісторыя смерці і пахавання, прыкладам, Паўлюка Труса… Адна справа пачытаць адзін успамін і адну згадку пра перапахаванне Янкі Купалы, а ў кнізе матэрыял скампіляваны і пададзены ва ўсім трагізме сітуацыі, і адно толькі за гэтай адной падзеяй  стаіць столькі  ўсяго пра “наш новы савецкі лад”, што можа замяніць вялікае даследаванне. І такіх прыкладаў – дзясяткі, калі за простым, на першым позірк, пахаваннем,  хаваецца незвычайнасць і пакручастасць  лёсаў.

Асобна спыніліся аўтары на саміх помніках, бо акрамя звычных нам і знаёмых, нямала на вайсковых могілках пахаванняў, які маюць свае знешнія адметнасці, і тут таксама – цэлы пласт цікавай гісторыі, культурных асаблівасцей.

Кніга складаецца з дзвюх асноўных частак — агульнага разгляду гісторыі некропаля і матэрыялаў інвентарызацыі могілак. У першай частцы чытач пазнаёміцца з гістарыяграфіяй Вайсковых могілак, убачыць кароткі агляд прац па гісторыі іншых беларускіх некропаляў, даведаецца пра развіццё некрапалістыкі ў суседніх краінах. Далей аўтары пераходзяць да этапаў існавання некропаля, дзе паслядоўна разглядаюць дарэвалюцыйны, міжваенны і паваенны перыяды ў гісторыі могілак.

…Тут разглядаецца праблема зберажэння Вайсковых могілак, выяўляецца іх роля як універсітэцкага некропаля 1920—1950‑х гг., закранаецца тэма прыроды, даюцца апісанні выбраных помнікаў і агароджаў, а таксама змешчаны архіўны матэрыял з метрычных кнігаў мясцовага храма. Асобная вялікая частка кнігі — матэрыялы інвентарызацыі могілак, які маюць вялікую важнасць….

Выданне змяшчае ілюстрацыі з архіваў і сямейных збораў, а таксама сучасныя здымкі, зробленыя пераважна аўтарамі кнігі.
(з уводзінаў)

З пахаваннямі, як з працэсам, звязаны яшчэ адзін культурны пласт – нормы, звычаі людскія і агульнаграмадскія, і ім гэтаксама нададзена належная ўвага.

…Тут жа маем падрабязную гісторыю могілак, аналіз развіцця мемарыяльных форм, такія важныя раздзелы, як аналіз паўторнага выкарыстання помнікаў — на Вайсковых нямала савецкіх помнікаў, пераробленых са старых дарэвалюцыйных. Унутры шмат матэрыялаў рэдкіх, а часам і ўнікальных з мінскіх і пецярбургскіх архіваў,а таксама з прыватных збораў. Вялікі аб’ём, 75 старонак, складаюць ілюстрацыі. Акрамя таго, тут прадстаўлены спісы ўсіх захаваўшыхся пахаванняў з інскрыпцыямі (некалькі тысяч) і імянны паказальнік

Сяргей Грунтоў, ФБ.

Аўтары даюць дакладны адказ на пытанне, чаму гэтыя могілкі не сталі ў свой час культурнай адметнасцю сталіцы, як гэта сталася, да прыкладу з вядомымі ва ўсім свеце пахаваннямі ў некаторых краінах. Мінулыя гады не былі літасцівымі да Вайсковых могілак. Былі  часы, калі гэтае месца займела сваімі штодзённымі наведвальнікам… Зрэшты, далёка не самая ўдзячная справа – спойлерыць,  таму – пачытайце самі. Адно хочацца заўважыць, што ў і гэтай частцы гісторыі могілак на Казлова адлюстроўваецца наша мінулае з ўсімі ягонымі перыпетыямі і зменамі каштоўнасцей.

Як навуковая, кніга павінна была б быць сухой і прэснай, навукоўцы не маюць права ў нашым звычным разуменні на эмоцыі і перажыванні. Тым не менш, між абзацаў і радкоў гучыць, акрамя ўсхваляванасці перад гісторыяй могілак, і шчырая занепакоенасць аўтараў за будучы лёс гэтага унікальнага месца. Бо ім, вядома ж, бачыцца яснай і зразумелай значнасць для нашай агульнаграмадскай культуры і гісторыі нацыі могілак такога маштабу. Пры ўсім, каштоўнасць для навукоўцаў маюць, апроч іншага, нават элементы агароджаў, да прыкладу, не кажучы пра самі помнікі.

Прабачце за адхіленне, зноў не магу ўстрымацца, каб не згадаць пра асабістае. На маіх вачах не адны могілкі, светлыя ад бяроз і велічныя ад меднастволых хвояў, пераўтварыліся ў пусткі, якія густа зарастаюць крушыннікам і іншым кустоўем. Цяпер даводзіцца штогод (а то і двойчы на год) мясцовым старастам арганізоўваць грамадскасць на высечку гэтай расліннасці. Яшчэ адна навала апошніх гадоў, якая шырыцца паўсюль, – залатарнік ці сумнік, што імкліва заваёўвае жыццёвую прастору, і цяпер вясковыя могілкі ў многіх месцах  насамрэч выглядаюць сумна. Ніяк не скажаш, што поўнае высяканне дрэў на могілках, якія якраз і не давалі разрастацца пустазеллю і кустам, прывяло да жаданага парадку.

Таму вельмі б хацелася, каб усякае рашэнне аб добраўпарадкаванні на Вайсковых могілках прымалася з глыбокім прадумваннем і дальнабачнасцю. А што тычыцца кнігі – яна сама робіцца сёння часткай нашай гісторыі і культурным набыткам, тое бясспрэчна.  І да ўсяго – гэта простае цікавае выданне, як для чытання, так і ў візуальнай, фотаілюстрацыйнай частцы.

В. Г.

Пакінуць адказ