Цягнік да Познаня.  Аляксей Правалоцкі

Цягнік да Познаня.  Аляксей Правалоцкі

Мой кніжны чэлендж на снежань: напісаць пра тыя беларускія кнігі, якія я прачытала цягам года, але пакуль не расказала 😅 “Цягнік да Познаня” Аляксея Правалоцкага – адна з такіх кніг.  Дарэчы, сваім настроем і тэмпам яна пасуе для вечаровага зімовага чытання, ёсць у ёй медытатыўнасць, няпэўнасць, акцэнт на дэталі…

👌🏻Гэта файнае чытво. Аляксей Правалоцкі аб’ектыўна выдатна піша. У яго добрая беларуская, ён безумоўна чалавек тонкай душэўнай арганізацыі 🥰: назіральны, далікатны, уважлівы.

🤷🏻‍♀️ Але для мяне ў гэтай кнізе было ўсяго крышачку зашмат. І я тут хачу падкрэсліць – для мяне. Мне хацелася крыху менш здагадак і крыху больш канкрэтыкі. Мне хацелася крыху менш займеннікаў і крыху больш імёнаў. Мне хацелася крыху карацейшых і менш туманных апісанняў.

📌 Не выключаю, што ў іншы час і пры іншых абставінах я прачытаю гэтую кнігу іншымі вачыма. Яна вартая таго, каб яе перачытаць. Але гэтым разам я ад яе стамілася і мне хацелася, каб яна была на траціну карацейшая 🙂

📘 Дык пра што кніга? Гэта назіранні беларускага эмігранта за польскім жыццём і палякамі. Гэта суседзі з дому насупраць, мінакі, людзі ў бліжэйшым парку, цырульнікі, барыста і гэтак далей. Аўтар нічога пра іх не ведае, але назірае і даўяўляе іх гісторыі. Лакацыі ўсе польскія, пераважна варшаўскія, але ёсць некаторыя іншыя.

🖇️ “Гэта кніга складаецца з пяцідзесяці польскіх партрэтаў. Кожны чалавек тут рэальны. Ён поўны жыцця і мае голас… Усе яны былі выхапленыя ў розных польскіх гарадах і прапушчаныя праз эмігранцкі досвед, праз настальгію і водгалас беларускай траўмы”.

✨ Так, беларускай траўмы тут багата. Як і проста Беларусі. Ты яе бачыш, чуеш, нават адчуваеш водар і смак. Складана патлумачыць, як так атрымоўваецца, але яно ёсць. І ў гэтым – безумоўны талент аўтара. Ён – беларус у Польшчы, ён прымае сваю эмігранцскасць. Разважае, асэнсоўвае, адаптуецца. Але не запісваецца ў палякі.

👌🏻 Я шчыра магу параіць гэтую кнігу Аляксея Правалоцкага (гэта другая яго кніга, першая выходзіла ў электронным выглядзе ў выдавецтве @januskevic.books): мы маем новага адметнага беларускага аўтара.

kniznyja_razmovy.


новая кніга Aliaksei Pravalotski выдавецтва Gutenberg Publisher. Многа чытаю, мала пра гэта пішу. А пісаць пра добрае трэба.

Аўтар ёсць. Тэкст ёсць. У галаве цэлая рэцэнзія. Паспрабую сціснуць.

ПРА ДОБРАЕ

ТЭКСТ лёгкі і складаны адначасова. Шматслойны. Можна вяртацца да тых жа фрагментаў у розным настроі і бачыць розны сэнс. Такі беларускі калейдаскоп.

МЕТАФАРЫ падабаюцца – #каталіцкі пашпарт the best. Сам просіцца з языка)) Гэта такая рэч, якую ў цябе ніхто не патрабуе, аднак ты востра адчуваеш яе адсутнасць. Няма яе ў цябе, ну няма.

ФОРМА — 50 апавяданняў. Самастойных, нябачнай павуцінкай звязаных. 140 старонак. Але іх не праглынеш як дэсерт за кубачкам кавы. Маю такую звычку: пакуль да канца не дачытаю, за другім не падымацца). Тут так не выйдзе. Розныя людзі, падзеі… Іх трэба паступова асэнсоўваць, даць «адстаяцца» і пасмакаваць зноў.

ЗМЕСТ. Нібыта пра палякаў. Дакладней пра людзей з Польшчы. З’яўленне адных персанажаў расчульвае, іншых — палохае. Але нават калі гаворка пра індуса, яна пра беларуса)).

Пра эмігранта, які глядзіць на мясцовае жыццё, як на сюжэт з фільма. Зноў не дакладна. Чытайце — і зразумееце😊. Напрыклад, аўтар ходзіць на стрыжку да беларускага цырульніка ў Варшаве, мінаючы цырульніка польскага, працу якога бачыць праз шкло. За тым шклом усё добра: чыста, утульна, цырульнік працуе акуратна і нават крэсла свабоднае ёсць. І сесці ў яго хочацца. Але аўтар нябачную мяжу не пераступае, чужы ўтульны свет не парушае, ідзе далей. Тут бы плакаць, а я смяюся да слёз. Бо гэта вельмі па-беларуску.

СЭНС у тым, што ты не старонкі гартаеш, а нібыта верцішся перад люстэркам: хм, з гэтага ракурсу сімпатычна, а з гэтага – жах. Ды ну яго, кіну ўсё, выйду з прымеральні… Ад сябе куды выйсці?

ПРАЦА класная рэдактара Maryna Kazlouskaya і карэктара Настасся Мядзелка. Я ж настаўніца. Нават гарбату з алоўвачкам п’ю. Не спатрэбіўся))

ПРА АСТАТНЯЕ

Цяжка ўявіць рэчы больш розныя, чым змест кнігі і яе вокладка. Паасобку заслугоўваюць увагі, але разам… З розных акіянаў караблі. Калі б не шукала наўмысна кнігу Аляксея, якога ведаю па Асмалоўцы, а проста ўбачыла ў краме, не купіла б.

Ну, і філасофскае. Як бы мы ні круціліся перад люстэркам, усё роўна атрымліваецца пра Боль. А я ўсё чакаю: калі пра Радасць? Калі яе назбіраецца столькі, што немагчыма будзе ўтрымаць гэты паток?

У каго я гэта зараз запытала?))

Svetlana Lougovtsova.

Сачыце за абнаўленнямі ў Тэлеграме

Пакінуць адказ

Сачыце за абнаўленнямі ў Тэлеграме