120 гадоў таму Ad Astra назвалі «творам, які застаецца». Аўтары змясцілі пад яго назвай музычнае слова «дуэт» і разгарнулі сюжэт на фоне гімнаў жывой прыродзе, песень сівой даўніны, музыкі космасу і маўчання сфінксаў. Галасы герояў даносяцца з Белавежскай пушчы і Бернскіх Альпаў, ад поўнага цудаў і страхаў урочышча Чорны Гушчар і ад велічных леднікоў Роны, ад казачнай даліны Лаўтэрбрунен, над якою звініць пастушковая песенька, і ад узрытых дзікамі руін беларускага замка, адкуль нясуцца ў лес гукі прывіднага палявання…
У мелодыю кахання ўплятаюцца ноты жыцця: героі вядуць, калі гаварыць мовай нашага часу, філасофска-псіхалагічны батл, у якім сярод іншага чуюцца спрэчкі патрыёта і касмапаліта, сэрца і розуму, шчасця і ахвярнасці, кахання і абавязку.
Твор з’яўляецца працягам рамана Элізы Ажэшкі «Дзікунка» («Два полюсы»). Па-беларуску выходзіць упершыню.
(З анатацыі)
Гэты раман мае досыць вялікую прадмову перакладчыцы, з якога я і пачаў чытаць кнігу. І, па шчырасці, пасля трохі пашкадаваў. У прадмове распісваецца “кухня” рамана, а паколькі гэты раман асаблівы, нават арыгінальны ў гісторыі літаратуры, то, так мовіць, штучнасць ягонага стварэння выявілася занадта адчувальнай. Мы чытаем напачатку, як нарадзілася ідэя рамана, як ішла падрыхтоўчая праца – двух аўтараў, як пісаліся главы, чым усё завяршылася ўрэшце… Пасля прачытання прадмовы, далібог, падумалася: а вось каб гэта была не прадмова, а паслямова? Мабыць жа, цікавей было б пачытаць твор, а потым ужо пазнаёміцца з гісторыяй ягонага стварэння?
Але, падумаўшы, тады можна чакаць пэўнага разубрэння казкі: вось, тэкст прачытаны, адчуваеш цудоўны паслясмак, а тут табе кажуць: а мы ўсё прыдумалі, вось мы – Эліза Ажэшка і Тадэвуш Гарбоўскі.
Ну так, канешне, усякі твор – фантазія…
Зрэшты, мае перажыванні адносна таго, ці будзе цікава чытаць тэкст, ведаючы тэхналогію ягонага нараджэння, былі марнымі. Бо тэкст – выключны сваёй асаблівасцю. Гэта піша майстар…
Пра талент Ажэшкі напісана многа, льга адшукаць літаратуразнаўчыя работы на яе творы. Не думаю, што мне пашчасціць адшукаць нешта новае і выдаць арыгінальнае суджэнне наконт яе манеры пісьма, глыбіні і паэтычнасці метафар, тонкага лірызму і філасафічнасці тэксту.
Пра іншае сказаць магу і, відавочна, не памылюся: якая ж неверагодная па сваёй складанасці работы выпала перакладчацы! Зразумела, што кожная мова мае пласт безэквівалентнай лексікі, відавочна, што ў польскай мове нямала такіх слоў і словазваротаў, якія не маюць наўпростага перакладу на беларускую мову. І тут трэба чытаць Ажэшку ў арыгінале, каб зразумець, якая тытанічная работа была зроблена аўтарам перакладу. Бо чытаючы, міжволі адзначаў для сябе спецыфічны флёр польскасці, і адначасова была захаваная спецыфічная для нашага часу мова твора – даволі няпростая, часам празрыстая і адначасова густая, недзе віцьеватая.
Недарэмна было сказана, твор застанецца ў гісторыі, бо ягоная ідэя, тыя пытанні, якія ўзнімаюцца – неўміручыя. І па сённяшнім часе дык актуальныя для вялікай часткі беларусаў. Калі ў класіка стаяла пытанне “Быць ці не быць”, то ў “Ad Аstra” пытанне гучыць больш прадметна: “Якім быць, калі быць?”
Інтэлігентную размову ці нават і спрэчку двух разумных людзей, якія маюць супрацьлеглыя пункты гледжання на нешта, заўжды цікава пачытаць. (Урэшце, і каб самому падвучыцца адказваць годна і не “тапіць” апанента). У рамане гэтае “нешта” утрымлівае цэлы шэраг надзвычай важных тэм, дзе знойдзецца месца і патрыятызму (у найлепшым значэнні гэтага слова), і каханню, і культуры – практычна, ўсім праявам грамадскага і асабістага жыцця.
…Падумалася: а падобны твор, напісаны таленавітымі аўтарамі у суладдзі, сённяшнім часам, мог бы займець пачэснае месца ў нашай літаратуры. Хто б адважыўся на такі эксперымент?
Тры сказы на рэшту. Вельмі прыемная на вока вокладка, прыемна кладзецца ў рукі. Кніга на 340 старонак мае зусім малую вагу – як жа прыемна (трэцяе “прыемна”) гэта адчуваць пасля звуклых у нас “цаглін”… Дробка прыкрасці: пра асобу перакладчыцы трэба здагадвацца па двух зносках – яе імя няма ў афіцыйных дадзеных: з чаго зроблены пераклад – пазначана, а хто рабіў – быццам і не важна…
В. Г.