Пісаць крытычны водгук на кнігу чалавека да якога ставішся з прыязнасцю тая яшчэ справа. Але… на месцы Андрэя Кімбара, які выдаў у 2025 годзе зборнік вершаў “У кроку ад новай вясны” (назва, сумнеўная), я падышоў бы іначай да першай кніжкі.
З аднаго боку, цалкам зразумелае жаданне любога аўтара падзяліцца напісаным за працяглы час (тут з 2011 па 2024 год) у як мага большым аб’ёме. Толькі рэдка ў якіх выпадках гэта апраўдана. І няхай у анатацыі і пазначана, што вершы ў кнізе выбраныя, але 165 старонак ці не зашмат? Асабліва калі ўлічыць, што аўтар у большасці сваіх вершаў не выходзіць па-за абраную танальнасць, вобразнасць, слоўнік і набор мастацкіх прыёмаў.
Перад намі лірычны дзённік, змест якога круціцца вакол адных і тых жа перажыванняў/назіранняў – вясна, лета, восень, зіма… самота, каханне, блуканні, роздум… Суплёт знешняга з унутраным. Я нічога не бачу зазорнага ў сентыментальнасці і лірызме, але калі чытаю прыкладна пра адно і тое, аднымі і тымі ж словамі, то пачынаю напружвацца.
Усё гэта ўскладняецца дзіўнаватымі канструкцыямі “На павольным бы смоўж цягніку/вырываешся з царства бетону”(павольным ці вырываешся?) “Зноў імкнешся ў абшары палёў, каб набрацца паветра глытком” (уф) і замыленай лексікай. Некаторыя словы я забараніў бы аўтару ўжываць увогуле (хто я такі?) – “хаты”, “гарэзы”, “небаракі” і г.д. А таксама прапусціў бы друкапіс праз частотны калькулятар – і абыходзіў словы/вобразы/тэмы – каханне, сяброўства, шчасце, лісце, восень і што там яшчэ будзе ў першых (самых частых дзесяці пазіцыях). Прыбраць з кнігі 2/3 самапаўтораў і яна чыталася б крыху іначай.
Таму, самымі цікавымі для мяне ў кнізе былі “нехарактэрныя вершы”, якія з гэтага шэрагу выбіваліся:
ХЛАМ
Хлам
у пакоі,
на камп’ютары,
тэлефоне.
Большасць думак –
хлам.
Непатрэбныя файлы,
несапраўдныя словы,
нераскрытыя тэчкі,
паўпустыя размовы.Друз
паўзабытых эмоцый,
недарэчных прызнанняў,
перабольшаных мараў
ды салодкіх падманаў.Друз.
Хлам.Трэба выкінуць.
Трэба выдаліць.
Трэба здаць.
Трэба гнаць.
Толькі нешта ніяк
не пазбавіцца,
не адмовіцца.Зноў цягаю свой хлам.
Я яго не аддам.КНІГІ
Што робіцца з кнігамі,
Якія трапляюць у бібліятэкі?
Яны апынаюцца дома
пакінуўшы лёс валацугаў?
Ці можа трапляюць за краты,
а стройныя шэрагі
драўляных палічак
становяцца іхняю
надзейнаю камерай?!Што лепей для іх?
Патрапіць у бібліятэку публічную,
каб N-ны наведвальнік зрэшты
старонкі змусоліў ушчэнт,
ды людзям данесці сябе;
ці зліўшыся цалкам
з прыватнай калекцыяй
сябе захаваць
на больш доўгі час?
альбо такі ўрывак:
…Вясна пачынаецца тут,
калі пафарбуюць прыпынкі
грамадскага транспарту
(звычайна фарбуюць
у шэры,
радзей –
у карычневы).Па горадзе ходзяць
працоўныя з вёдрамі фарбы.
Яны – памаранчавы веснік
вясны.
На яго звярнуў бы ўвагу аўтара, які і ў размовах і ў пастах/каментарах вылучаецца назіральнасцю і вострымі заўвагамі. Але дзіва-дзіўнае, у вершы гэтая ўласцівасць Андрэя Кімбара амаль не пранікае. Быццам гэтая частка яго жыцця, дзейнічае зусім па іншых законах. Даваць парады справа няўдзячная, аўтар у некалькіх сваіх творах, даволі крытычна ацэньваў дарадцаў, але мне падаецца, што чытачу цікавей было б сачыць за прыватнымі назіраннямі Андрэя (удалымі/не – гэта іншая справа), чым за трывіяльнымі абагульненнямі (іх тона).
Кніжка ёсць некалькіх у мінскіх крамах, то вазьміце і пагартайце. Не ўсё ж верыць на слова.
З.Ы. “…жыццё працякала бязлітасна” – Андрэй Кімбар.