Апярэдзіць Госпада Бога. Ганна Краль (Лявон Баршчэўскі)

Апярэдзіць Госпада Бога. Ганна Краль (Лявон Баршчэўскі)…Мы былі маладыя, здаровыя, вясёлыя, халастыя. Ёсць жытло, работа, грошы. Пабачылі афішу: “Ідзі і глядзі”. Мы парагаталі і пайшлі глядзець.

Помню тую гнятлівую, пахавальную цішыню, з якой людзі выходзілі з залы кінатэатра.  Мы ішлі ад “Электрона” да свайго інтэрната і маўчалі. Нас было пяцёра. Ні адзінага слоўца ніхто нікому. Ўзняліся на паверх, нехта прамовіў: “Чайнік пастаўлю”. І ўсё. Моўчкі пілі чай. Моўчкі курылі. Усякае слова пра што заўгодна падавалася б блюзнерствам.

Гэта жаданне анямець і аглухнуць мяне напаткала зноў – пасля прачытання кнігі “Апярэдзіць Госпада Бога”.

Я не ведаю, як і што напісаць пра гэту кнігу. Як і галоўны герой яе не ведаў, як жа трэба было расказваць пра гета, выжыванне там, іхнюю барацьбу, каб была праўда, і тая праўда задаволіла б усіх. Гэты момант – а ён пра нас, пра слухачоў, чытачоў, сытых і ў бяспецы – быццам іржавы цвік у ступню праз падэшву з разбегу.   Нам жа – каб паўсюль гераізм, і каб жа героі – крыштальнай чысціні людзі літаральна з пялёнак… Каб лічбы – большыя, тэрміны – даўжэйшыя…

Мы зараз мала чытаем анатацыі, а калі і чытаем, дык мала ім верым. Вось так пра гэту кнігу:

У перакладзе на беларускую мову выйшла адна з найбольш моцных кніг пра Холакост, чалавечую годнасць і маральны выбар людзей. Ганна Краль, якой сёлета споўнілася ўжо 90 гадоў, у 1970-ыя гады на падставе размоў з Маркам Эдэльманам — лекарам і кіраўніком паўстання ў Варшаўскім гета — напісала гісторыю пра жыццё, смерць і маральны выбар чалавека.

На працягу больш як сарака гадоў кніга Ганны Краль «Апярэдзіць Госпада Бога» застаецца класікай польскага рэпартажу і адной з самых узрушальных аповесцяў пра паўстанне ў Варшаўскім гета ў красавіку 1943 года і лёсы польскіх габрэяў, якія стварыла літаратура XX стагоддзя.

Заклікаю вас паверыць кожнаму слову тут.

Мне падавалася, што я дастаткова пачуў, пабачыў і пачытаў пра вайну і нацызм. Аказалася, не дастаткова. Дзясяткі тры выпісаных цытат, не стану іх прыводзіць тут усе, хай застаюцца ў маім нататніку. Многія з іх урываліся… не, проста ўваходзілі ў маю свядомасць спакойным голасам расказчыка – і там ужо ламалі, трушчылі, пасля звязвалі наноў тыя самыя сінаптычныя сувязі нейронаў, каб наноў жа асэнсаваць…

Мы маем да яго прэтэнзію толькі за тое, што ён распарадзіўся сваёй смерцю як сваёй асабістай справай.

Перачытайце, удумайцеся, паверце і уявіце: як гэта было.

Як нам, пакаленню піянерскіх дружын імя Алега Кашавога і іншых “маладагвардзейцаў” успрыняць, упусціць у свядомасць і зразумець вось такое:

У нас існаваў няпісаны закон: трапішся – маўчы прынамсі тры дні. Калі потым чалавек зломіцца – ніякіх прэтэнзій.

Як жа так? А што нам рабіць з тым юнаком, які цвёрда трымаўся на дапросе? З тымі, на каго наляпілі кляймо здраднікаў, бо не вынеслі катаванняў? Страсаю галавой, як конь ад мух у спёку, яшчэ і яшчэ раз імкнуся зразумець: вось яны там, на мяжы жыцця і смерці, дакладна ведаючы, што ўсіх чакае адзін фінал, і вось яны зразумелі, прынялі і паставілі сабе за закон: не вінаваціць тых, хто не вытрымаў больш за тры дні катаванняў. Бо яны ведалі, як могуць катаваць. Яны ведалі, на што здольны даведзены да літаральна шаленства галодны чалавек. Яны чулі, як доўга і страшна можа крычаць чалавек, якога спальваюць жыўцом. Яны засыпалі зямлёй свайго сябра ў трубе, таму што магло загінуць дзесяцёра…

Гэта кніга не пра гераічнае паўстанне. Пра людзей, пра чалавечнасць у людзях.

…Немцы выдалі “нумаркі на жыццё” – паперкі з пячаткамі і нумарамі, якія стваралі ілюзорную надзею на выратаванне. Без імён – вы там самі між сабой размяркоўвайце. І вось…

Побач з Абрашам Блюмам ляжыць яго жонка Люба — тая самая, якая ў гета кіравала школаю медсясцёр. На ўсю школу Любе далі пяць нумаркоў на жыццё, а вучаніц было шэсцьдзясят; таму яна сказала…

Не стану цытаваць далей. Паспрабуйце самі. Угадаць, што сказала Люба. Стаць на яе месца. Зрабіць выбар…

Калі адпрэчыць эмоцыі, пра кнігу трэба сказаць, што выбрана ўнікальная і, мабыць, самая лепшая для такой форма падачы тэксту. Гэта быццам вялікае інтэрв’ю, герой расказвае… А журналіст часам перапытвае, просіць удакладніць, перапыняе сваім узрушэннем. І задае пытанні менавіта такія, якія б узніклі ў цябе, чытача, калі б журналіста ў тэксце не было. Кніга, якая звязвае той жудасны час і цяперашні. Дзе праўда і нічога, акрамя праўды. Той самай – часам няўтульнай, нежаданай і трошачкі быццам лішняй з гледзішча мірнага часу.

Чытаць ці не чытаць?

Кожны вырашае для сябе. Можна, вядома, паберагчы свой эмацыйны і душэўны спакой. Некаму хопіць і тых ведаў пра Халакост і людзей у Халакосце, што мае. Але… Паўтаруся: гэта пра чалавечнасць у невыносных умовах. Пра тое, што ўрэшце робіць нас людзьмі і трымае на гэтай ступені нават тады, калі быццам бы няма сэнсу трымацца. Нават тады, калі і Бог адступіўся:

– Які Бог? Ты не бачыш, што робіцца? Ты не бачыш, што Бога тут ужо даўно няма? А нават калі і ёсць, – панізіў дзядок голас, – то ён на іхнім баку…

Кніга пра тое, што мы звычна завём годнасцю, даўно не задумваючыся пра глыбінны сэнс слова.

Раю пачытаць. Кожнаму. Хто верыць, і хто зняверыўся. Хто ў пошуках і хто знайшоў выйсце. Хто хоча заставацца чалавекам нават тады, калі выжыць можна, толькі стаўшы скацінай.

В. Г.

 

 

Пакінуць адказ