Наступны прыпынак – смерць. Каміла Цень

Наступны прыпынак – смерць. Каміла ЦеньНе перадаць, з якой асалодай я прачытала новыя гісторыі пра непаўторную Зінаіду Юр’еўну. Я шчыра не ведаю, хто аўтарка ці аўтар, але калі вы прачытаеце гэты допіс – ад усяго сэрца дзякую за галоўную гераіню і ўсіх іншых персанажаў, за гумар, за сюжэты і за магчымасць пабыць у Менску, падыхаць ім, паслухаць яго ❤️

✨ Здаецца, забаўляльнае чытво, класнае, вясёлае. Але для мяне яно стала крыху большым за тое, што можна назваць добрым баўленем часу. Дзесьці я смяялася, а дзесьці было соладка і тужліва адначасова. Але найчасцей хацелася проста ўзяць ды абняць тую Зінаіду Юр’еўну і падзякаваць ёй, што яна такая ёсць.

🪪 Калі вы раптам яшчэ не знаёмыя, то Зінаіда Юр’еўна – гэта кантралёрка грамадскага транспарта ў Менску. Яна жанчына энэргічная, камунікабельная, “очэнь парадачная” і проста харошы чалавек. У яе бракуе адукацыі, яна гаворыць на трасянцы (і аповед ідзе ад першай асобы – таму ўсе гісторыі напісаны трасянкай), але ў яе багаты жыццёвы досвед і добрае сэрца.

🔎 І ў нейкі момант жыццё пачынае падкідваць ёй загадкі: то памерлы мужчына ў транспарце, то ў сяброўкі, што кіруе трамваем, падазорны пасажыр на адным і тым жа прыпынку сядае, то безбілетнік сумнеўнага выгляду збягае і прыводзіць да месца забойства… Карацей, неабыякавай, з прагай справядлівасці Зінаідзе Юр’еўне нічога не застаецца, як разблытваць загадку за загадкай. І тое ў яе выдатна атрымліваецца.

📚 У гэтай кнізе дзве чарговыя гісторыі з нясумнага жыцця кантралёркі. У кнізе “Я прыду за табой у аўгусце”, што выходзіла раней, – тры. Канцэпцыя прыкладна аднолькавая, але гэтым разам Зінаіда Юр’еўна больш рэфлексуе. Атрымліваецца гэтакая філасофія простага чалавека, які намацвае для сябе жыццёвыя арыенціры, расказвае пра свае каштоўнасці і прынцыпы. Гэта і смешна, і кранальна, і вельмі чалавечна.

❤️‍🩹 Надзвычай хочацца, каб Зінаіда Юр’еўна працягвала жыць. Бо гэта напраўду народны персанаж.

kniznyja_razmovy.

Пакінуць адказ