Дом. Андрэй Горват

Дом. Андрэй Горват

Даўно хачу з кім-небудзь пагаварыць пра кнігу Андрэя Горвата «Дом», бо яна нечакана трапіла ў адну з тэмаў, якой я цяпер цікаўлюся. «Дом» – гэта цёпла напісаная гісторыя пра палац у Нароўлі, у нейкім сэнсе «шляхецкая», яе вельмі прыемна чытаць. Сумяшчэнне розных часоў у адной плыні аповеду – чароўная вынаходка аўтара. На першы погляд гэта досыць незвычайна напісаны «лірычны нон-фікшн». Але так склалася, што апошнім часам я шмат чытаю пра тую эпоху, і праз гэта маю на конт апісанага ў кнізе нават не пытанні, а нейкія цьмяныя сумненні.

Пачну здалёк. Калі ў 90-х я вучылася ў школе і на літаратуры мы чыталі пра вёску, а на гісторыі – пра шляхту Рэчы Паспалітай, другое, зразумела, было нашмат цікавейшым. Менавіта з ёй хацелася асацыяваць сваю мінуўшчыну. Пра прыгнёт сялянаў і іх нядолю чытаць было нецікава. За тэму прыгоннага сялянства я зачапілася толькі сёлета, калі прачытала кнігу «Холад, голад і зараза» Сяргея Токця і Андрэя Вашкевіча (пра яе я ўлетку рабіла асобны допіс), адзін з раздзелаў якой прысвечаны прыгону. Як напісалі аўтары, прыгон прызнаны адным з «інстытутаў і звычаяў, блізкіх да рабства» (паводле Дадатковай Жэнеўскай канвенцыі 1956 года). Паколькі на той момант я толькі вярнулася з Бразіліі, для якой наступствы рабства – адна з найважнейшых тэмаў мастацтва, дыскусій і г. д., – параўнанне прыгону з рабствам мяне вельмі ўразіла, я ніколі не думала пра нашу гісторыю ў такім ключы. Рабства ў Бразіліі было скасаванае ў 1888 годзе, прыгон у Расійскай імперыі (апошняй у Еўропе) – у 1861 годзе, то-бок не нашмат раней. Шукаючы, што на гэтую тэму пачытаць, я натрапіла на кнігу Kacpera Pobłockiego «Chamstwo», у якой ён паспрабаваў расказаць пра польскую гісторыю з перспектывы сялянства. Думаю, яе можна «прыкласці» і да беларускага сялянства, тым больш што даследчык разглядае часы Рэчы Паспалітай і Расійскай імперыі, калі лёсы беларускіх і польскіх сялянаў былі аднолькавыя. Ён піша, што ўяўленне пра польскую гісторыю як гісторыю шляхецкую, а таксама ўвесь гэты ўтульны сямейны побыт шляхты і «wsi spokojna, wsi wesoła» – склаліся таму, што шляхта, якая гэтую гісторыю і пісала, непрыхавана сябе ідэалізавала (і ў гэтым сэнсе цікава перачытаць, напрыклад, «Ідылію» Дуніна-Мірцінкевіча). «Дом» Андрэя Горвата для мяне – такое самае ідылічнае адлюстраванне гісторыі праз прызму шляхецкага досведу.

Гісторыя сялянаў была зусім іншай: у ёй было шмат прымусовай працы, фізічнага і сэксуальнага гвалту. «Карнавал гвалту» – так Kacper Pobłocki вызначае часы прыгону, пачынаючы кнігу апісаннямі размаітых крывавых пакаранняў для тых, хто не хацеў бясплатна працаваць на «пана». Гэта яскрава апісваецца і ў кнізе «Як жылі нашы продкі ў XVIII стагоддзі» Адама Мальдзіса (ёсць на «Беларускай палічцы»). Алесь Кіркевіч, раячы яе ў сваім ТОП-15 кніг, каб зразумець беларускую гісторыю, удакладніў: «Адзіны мінус – кніга пісалася за савецкім часам, таму аўтар злоўжывае крытыкай шляхты і магнатаў». Мне здаецца, гэтая рэмарка сведчыць, наколькі гісторыя ХХ стагоддзя сказіла наша ўяўленне пра стагоддзе ХІХ, бо, як на мяне, адзіны недахоп кнігі Мальдзіса – у тым, што ён занадта мала напісаў пра сялянаў і прыгон. Прыгонныя сяляне былі абсалютнай большасцю ў Беларусі і Польшчы, і пра іх досвед мы амаль нічога не ведаем. У кнізе «Chamstwo» ажно адчуваецца, з якой сілай аўтар вырывае прыгонную суб’ектнасць з наяўных шляхецкіх наратываў.

У гэтым плане цікава чытаць мемуары бацькі Максіма Багдановіча, Адама Багдановіча (ёсць на «Камунікаце»), унікальныя ў беларускай літаратуры. Напісаныя яны па-руску, але са шматлікімі ўстаўкамі беларускіх словаў, фразаў і цэлых абзацаў – з моўнага гледзішча гэта вельмі стракатая кніга. Адам Багдановіч нарадзіўся ў 1862 годзе і пра прыгон чуў з першых рук. Таксама ён падрабязна апісвае, як атрымлівала адукацыю першае пакаленне вызваленых ад прыгону сялянаў – ён быў першым у сваёй сям’і (калі не лічыць вечна адсутнага дзядзькі), хто навучыўся чытаць. «Дурны мужык» Янкі Купалы – гэта чалавек, якому стагоддзямі не дазвалялі атрымаць нават базавай адукацыі, бо ягоным адзіным прызначэннем мусіла быць фізічная праца. Нават самыя дрымучыя прапагандыскія кнігі, якія вывучаліся ў школе за часамі Адама Багдановіча, былі для ягонага асяроддзя вялікім прарывам і адкрыццём. Пра гвалт ён таксама піша – хоць у 19 стагоддзі ўлада над сялянамі была абмежаваная, гэта не адмяняла крывавых пакаранняў. І ён апісвае, як пасля адмены прыгону замест улады «пана» прыйшла ўлада чыноўнікаў, якія перанялі права на гвалт (і тут ужо дарэчы прыгадаць «Пінскую шляхту» Дуніна-Марцінкевіча).

Таму, чытаючы «Дом», я не магла ўспрымаць палац Горватаў у Нароўлі так, як пра яго расказваецца ў кнізе, – я ўяўляла яго яшчэ і як месца, гаспадары якога мелі поўную ўладу над «сваімі людзьмі», дзе рэгулярна практыкаваліся фізічныя расправы і пралілося шмат крыві. Відаць, тое самае можна сказаць ці не пра любую шляхецкую сядзібу на беларускіх землях (хаця, магчыма, былі і выключэнні?).

Эпізод пра герояў «Дома» ёсць у «Шчанячых гадах» Мельхіёра Ваньковіча:

«Наш сваяк, Эдвард Горват з Нароўлі (над Прыпяццю) расказваў, як праз колькі месяцаў пасля вяселля паехаў дзяліць лугі ў самыя глухія куткі сваіх фальваркаў, куды гаспадар завітваў толькі раз на год на падзел пашаў. Увечары адна за адной прыходзілі маладыя пары, якія пабраліся цягам года, мужы адступалі з нізкім паклонам, а жанчыны заставаліся з недвухсэнсоўнай мэтай.

Апавядаючы пра гэта, пан Горват дабрадушна і прыемна ўздыхае ды збянтэжана тлумачыцца:

– Ды ты разумееш, – я ж маладажон; нібыта і – недарэчы; але як тут адмовіць – не выпадае. Так неяк ды сяк – дзякуй Богу, меў я лёкая, спрытнага хлопца, кажу яму: «Ты ім растлумач, што я не злуюся». Дык ён гэтак тлумачыў, што назаўтра поўзаў як мочаны селядзец, усе шклянкі пабіў, усё з рук ягоных валілася. Прыехаў нябожчык бацька. Тое ды сёе, дык як жа вам тут малады пан дзеліць? «Дзякуй, – кажуць,– мы ўсім давольныя, а толькі сэрца нам не адкрывае, а так – справядлівы, не можна сказаць». Дык бацька адвёў мяне ўбок і сказаў, што наш абавязак – быць з народам і шанаваць яго звычаі. «Я разумею, што ты маладажон, – кажа, – і хвалю, што памятаеш пра тое. Але абавязак – найперш».

(Пераклаў Язэп Янушкевіч)

Усё гэта я б не хацела лічыць крытыкай кнігі (якая мне напраўду спадабалася, хоць і выклікала шмат сумневаў), а хутчэй нататкамі на палях. Для мяне гэта цікавае і складанае пытанне – як расказваць пра беларускую літаратуру і гісторыю тых часоў, каб гэта магло хоць нешта патлумачыць (бо тое, як гісторыю і літаратуру выкладалі ў школе, ды і ва ўніверсітэце мне, не тлумачыла нічога). Жудасныя траўмы ХХ стагоддзя зацерлі памяць пра тое, што было раней, не менш жудаснае, – але ці не траўмай прыгону, фактычна рабства, тлумачыцца ў тым ліку нізкі статус беларускай мовы? Мне здаецца вельмі важным прымірыць балючыя сюжэты мінулага, прыняць іх – але спачатку расказаць пра іх без рамантызацыі, выбудаваць ланцужкі прычынна-выніковых сувязяў. Каб было як у Нацыянальнай галерэі ў Лондане, дзе пад партрэтам прыгожай арыстакратычнай сям’і вісіць подпіс: «Сваім багаццем яны былі абавязаныя працы рабоў у заморскіх калоніях». У гэтым сэнсе «Дом», у якім я бачу спробу пэўнага прымірэння з прывідамі мінулага, для мяне занадта адарваны ад рэальнасці. Прыгожая казка, здольная падмануць.

Як ілюстрацыя да допісу – фота з архіва, якое я нечакана атрымала ад Антон Брыль, з якім неяк падзялілася сваімі блытанымі развагамі пра «Дом». У 1844 годзе Горваты абвінавачваліся ў жорсткім абыходжаннем з сялянамі. Скардзіліся ў тыя часы рэдка, бо гэта не надта дапамагала – часцей за ўсё справядлівасці спрабавалі дабіцца, калі была ўжо зусім бяда.

Ну і вядома, усе згаданыя ў допісе кнігі (улучна з «Домам» Горвата) вельмі раю для чытання.

Ганна Янкута.


Кніга пра нас

Я перажываў за трэці твор Андрэя Горвата, бо другі быў няўдалы. Я ледзьве яго асіліў і так і не зразумеў што хацеў сказаць аўтар. Пагэтаму хацелася каб “Радзіва Прудок” не было кульмінацыяй. Пачну з канца – “Дом” атрымаўся. Моцна ўдыхнуўшы – я з палёгкай выдыхнуў пасля апошняй старонкі.

Галоўны герой кнігі – палац Горватаў у Нароўлі XIX ст. Аднак гэта зусім не гістарычная кніга. Аўтар па-майстэрску пераплятае былое, сучаснае і фантазію. Бомж Анатоль паліць вогнішча ля палаца, а тутэйшая жыхарка з 19 ст. Анетка “кашляла і зачыняла вокны без шыб”. У 2022 валанцёры пабраліся шлюбам у палацы і з гэтай нагоды Горват апавядае шлюбныя гісторыі якія тут адбываліся 100+ год таму.

“Дом” гэта вельмі фундаментальная рэфлексія над быццём увогуле. Аўтару ўдалося выйсці вонкі сучаснасці і зірнуць на Жыццё, паўз якое цякуць вякі. “Цяпер жа ўздоўж ракі перасоўваліся толькі рыбакі. Цягам стагоддзяў яны змянялі адзін аднаго, утвараючы сваю генеалагічную лінію, якая ніколі не перарывалася”, – апісвае ён бераг Прыпяці.

“Дом” – пра чалавека ў гісторыі. У каментарах я запытаўся ў аўтара: “Ці я правільна адчуў, што вы крэсліце два дамы – ўмоўна зямны і нябесны? (…) Вы глядзіце на Прыпяць і як бы адначасова глядзіце ў вечнасць – сапраўдны дом. Ці так гэта?” На што Горват адказаў у сваім стылі: “Тут няма розніцы, што я хацеў сказаць. Важна, як вы самі адчулі – так і будзе правільна)”.

Рады, што Андрэй Горват працягвае пісаць. Пра нас, пра Чалавека, пра жыццё. Пра край наш. Гэта глыбачэзная рэфлексія, якая сёння так патрэбна.

Artiom Tkaczuk.


Я ўсё думала – за што я люблю Горвата? Што за магічная моца ў гэтага аўтара? Я скрэмзала некалькі аркушаў паперы (на летніку няма ні кампутара, ні інтэрнэта), жадаючы сфармуляваць адказ на сваё пытанне, але ўсё было не тое.

Я думала пра “Дом”, ходзячы па мінскім вуліцам. Я думала пра “Дом”, едучы з Мінску на летнік. Я думала пра яго ўвесь час, нават працуючы на агародзе, збіраючы трускалкі ці смароду. Я адчувала смак таго самага горватаўскага нараўлянскага мармеладу дзесьці ў роце, але адказ не прыходзіў. Я чытала “Дом” першы раз і плакала, я прачытала “Дом” другі раз, перагледзела трэці раз з алоўкам у руках. Усё здавалася значным, і нешта няўлоўнае прыходзіла кожным разам, як толькі я брала ў рукі кнігу, нібы прывід, і тое ж няўлоўнае няўлоўна знікала. А сустракацца з “Домам” хацелася зноў і зноў.

І вось у адно імгненне мне здалося, што нарэшце я ведаю таямніцу кнігі і ўвогуле таямніцу А. Горвата – яна ў таленце аўтара зрабіць нежывое для звычайнага чалавека жывым: разбураны і “знявечаны часам і людзьмі” палац, нежывучых і жывых у ім людзей, дзедаву хату, паміраючую вёску, неіснуючага ката, якога трэба пакарміць, бо ён – “відэакамера назірання за людзьмі ад Бога”.

Рабіць памерлае жывым можа толькі па-сапраўднаму жывая душа і сэрца, што кожную секунду тахкае любоўю:

-Тук-тук, тук-тук, тук-тук-тук. Люб-лю, люб-лю, люб-лю. Я люб-лю.

Калі б я была будыстам, я б сказала, хутчэй за ўсё, што думкі і пачуцці гэтага чалавека і пісьменніка – суцэльныя тонкія вібрацыі. Я не будыстка, але на кожнай старонцы мяне хапаюць за макушку і падымаюць угору, каб вось без гэтай сумятні і тупасці, дзе адныя саджаюць сады і паркі, а другія – руйнуюць. Мой прадзед, канечне, быў не Эдвард Горват, але таксама і сад, і лес меў. Не ведаю пра парк, але рэдкія пароды дрэў выпісваў з Еўропы. Потым, калі ўсё адабралі, прызначылі вартаўніком свайго несвайго ўжо калгаснага саду. (Дзе той сад цяпер?..)

Усім сваім дзецям паспеў прадзед даць добрую адукацыю: хто ваенны афіцэр, хто інжэнер, хто мастак, бабуля мая – настаўніца. Кожнаму дамы пабудаваў, толькі згубілі яны тое жытло, а прытулак атрымалі ў калгасным хляву, дзе пэўным часам стаялі хворыя цяляты. Маёмасць пазабіралі і кніжкі спалілі, прыгаворваючы “мы новыя напішам”… Потым каго саслалі, каго ў турму, а іншых – пад расстрэл (афіцэра, дарэчы). Што з таго, што потым рэабілітавалі? Прадзед не вытрымаў жаху, памёр праз год. Як гаварыла мама, разарвалася сэрца ад гора.

Шмат год я, як узнала тую гісторыю ад мамы (бабуля мала што расказвала), пражывала яе сэрцам. Гэта таксама пра дом, які адабралі. І гэта пра нешта большае, чым проста пра дом – сцены і дах. Хоць і яны менавіта даюць адчуванне супакою.

І ліст да дзядзі Эдзі, які мяне дабіў канчаткова, таксама пра тое ж. Пра дом, які адабралі, і пра нешта большае.

Памятаеце, я напісала тут у дзень, як набыла кнігу, што вельмі рада, калі ў ёй будзе вось гэта ўсё горватаўскае, калі сядзіш на рагу месяца, гойдаешся, як на арэлях, і шчасна табе ад любові, што поўніць паветра. І пазіраеш на ўвесь свет шчырымі вачыма з самотай і з радасцю, і здаецца, што жыццё вечнае. Гэта і ёсць любоў.

Не памылілася. Адкрыйце першую старонку і чытайце: “Вялікія воды ня могуць любоў патушыць і рэкі яе не затопяць калі б хто даваў багацьці дома свайго за любоў іх адхілілі б з пагардай”.

Калі ў “Акадэмкнізе” ці ў “Купалаўскім” ёсць яшчэ “Дом”, заўтра ж, як вярнуся ў Мінск, набуду яшчэ экзэмпляр. Можа, трапіцца, які чалавек, з кім захацелася б падзяліцца кавалачкам пяшчоты, любові і талента Андрэя Горвата, то падзялюся. Кніга вельмі жывая, а, здавалася б, пабудавана на дакументах (дарэчы, гэта ж трэба было столькі іх знайсці, разгадаць, ажывіць і прапусціць праз сябе!)

Карацей, пра любоў кніга. І адзінота ў вясковай хаце, і горы будаўнічага друзу на расчыстках палацу – гэта ўсё пра любоў таксама. А Горват – абсалютны іншасвет і абсалютны рамантык.

Р. S. І яшчэ мне цікава, што ўсё ж-такі зрабілі з “Бехштэйнам” у Нароўлі? Няўжо пад тапор? Усё жыццё граю на не самых лепшых інструментах, а тут “Бехштэйн”. Тым больш, раяль. А ён спакойненька мог дажыць да сёняшняга дню. Пры належным даглядзе – то не самы вялікі тэрмін для зробленага ў Германіі інструмента.

Halavach Natallia.


Што цудоўна ў Горвата? Такое ўласцівае яму ўменне апавіць будзённыя рэчы эмацыйнай глыбінёю, вызываючы ў чытача рэзкі прыступ настальгіі. Так было з “Радзіва “Прудок”, калі бадай уся краіна як мантру пачала паўтараць назву дагэтуль незнаёмай вёскі і стала марыць хоць аднім вокам зірнуць на  зорнае неба, што на тым кавалачку зямлі адорвае кароткатэрміновым дотыкам назаўсёды зніклага дзяцінства.

Так атрымалася і з “Домам”. З якім трымценнем Горват распавядае пра сваё знаёмства з палацам у Нароўлі! Як ён умее пабачыць у пустых вачніцах закінутага будынку святло, якое нібыта ўключыла былая гаспадыня, а ў параненых дзесяцігоддзямі безпрытульнага жыцця сценах – шафы з кнігамі ды карціны заснавальнікаў нараўлянскага роду. Аўтар расказвае пра сябе і тут жа натуральна пераходзіць да тых, хто некалі ўдыхнуў жыццё ў гэтую сядзібу. Усяго некалькі старонак – і ты ўжо прасякаешся лёсам незнаёмых табе людзей, бы яны твае блізкія родзічы.

Між іншым, гэтым разам мы пабывалі на месцы падзей, што разгортваюцца ў кнізе, яшчэ да таго, як яна была напісаная. У 2021 годзе Дзяніс Марціновіч унёс Нароўлю у трэк-ліст сямейнага падарожжа. Мы нават бачылі, як працавалі валанцёры на расчыстцы палаца. З аднаго боку, тое падарожжа дадае асабіста мне пазнавальнасці сюжэту, таму і хутчэй нараджаецца эмпатыя да герояў Горвата. А з іншага, я на свае вочы бачу, як толькі дзякуючы Горвату чытач набывае тую оптыку, якая раскрывае шматмернасць гэтага Дома-сусвету (бо для большасці мінакоў ці турыстаў гэтыя сцены былі б не больш за звычайныя палацавыя руіны, якіх на Беларусі шмат).

Горват рамантызуе, ахутвае гісторыямі з розных стагоддзяў, чым на некалькі гадзін дазваляе табе аслабіць панцыр эмігранскай закалкі, каб дапамагчы праз літаратурную Нароўлю дацягнуцца да тых запаветных месцаў, пра якія ты збараняеш сабе ўспамінаць, каб ізноў не ўскрываць незагойную рану смутку па родных мясцінах.

Таму хочацца, каб гэтая кніга не сканчалася, каб яшчэ доўга ўслед за Горватам можна было паўтараць: “і калі ўзыйдзе сонца, пайду следам за ценямі, каб таксама стаць ценем і кожную ноч вяртацца, вяртацца, вяртацца дадому”.

Анастасия Панкратова.


Прачытала кнігу Андрэй Горват “Дом”.

Як бы гэта расказаць без спойлераў?)

Па-першае, для мяне гэта лепшая ягоная кніга. Я падзяляю агульнае захапленне “Радзівам Прудок”, не надта мне зайшла “Прэм’ера”, а “Дом” не проста зайшоў, а ўбудаваўся ў мяне, у нейкія тыя пустоты, што выгрыз ува мне цяперашні час.

Па-другое, у Горвата зноў атрымалася, як у “Прудку”, вынайсці нейкі аптымальны, і разам з тым унікальны, мастацкі жанр для ўвасаблення гісторыі сям’і. От гэта проста бяда, скажу я вам: пасля “Дома” можна, канешне, пісаць сямейныя гісторыі, але калі захочаш зрабіць гэта ў найлепшай форме – атрымаецца як у Горвата. Гэтаксама пасля “Прудка” любыя спробы ў аптымальным жанры расказаць пра вясковае жыццё-быццё будуць непазбежна паўтараць “Радзіва”, пакуль не знойдзецца новая форма.

Дарэчы, ёсць у сучаснай літаратуры яшчэ адна прыўкрасная архіўная сямейная сага, “Сцебуракаў лёс” Усевалад Сьцебурака, цудоўная кніга, шыкоўна зробленая, і яна больш літасцівая да іншых: можна пісаць у тым жа ключы, і не будзеш выглядаць другасна. Перавага класічных форм.

Па-трэцяе, сам гістарычны матэрыял, датычны палаца Горватаў у Нароўлі, ахайна сабраны па мемуарах, газетных падшыўках і архівах, настолькі трапна адабраны і так удала скампанаваны, што не паспяваеш заблытацца ў сюжэтах і героях, што для такіх твораў – звычайная праблема.

І вось гэтая аўтарская інтанацыя. Сумная беларуская лірыка разгубленага моцнага чалавека, экзістэнцыйна стомленага, меланхалічнага, трошку пафаснага (як заўважыла некалі Сьвятлана Курс, пафас – прыкмета шчырасці), і важна – што праўдзівага, без позы.

А яшчэ, канешне, “Дом” выкшталцона выдадзены. Архіўныя і сучасныя фоты кожнае – сам па сабе асобны сюжэт. Ідэальна завярстана, кожная карцінка на сваім месцы, чытаеш-глядзіш, чытаеш-глядзіш, гойдаешся на гэтых хвалях, закалыхваешся.

Я ведаю, што першы наклад распрададзены ўжо. Але маю ўпэўненую надзею: гэтым летам усе змогуць набыць свой “Дом”.

Вельмі раю, вельмі.

Hanna Sieviaryniec.


Думаў, што крышку пачытаю – і працягну пазней, аднак не мог адарвацца, пакуль са слязамі на вачах не скончыў на досвітку.

Набывайце і чытайце кнігу “ДОМ” Анрэя Горвата! І вы адчуеце водары эпохаў, пачуеце гукі мінулага і сучаснага, станецеся саўдзельнікамі спляцення гісторыяў…

Даўно не чытаў настолькі шчырай кнігі! Пра што яна? Для мяне – пра любоў… да свайго кутка, да мовы, да прыгажосці, да сям’і, сваіх мараў… А яшчэ – гэта кніга пра пошук уласнага месца, дзе ты ўдома; а таксама – кніга неймавернага болю страты гэтага месца, нашага ДОМу і ДОМа.

Драматычная фабула гістарычных паўтарэнняў, калі, быццам на карцінах Вермеера, мы глядзім на рэчаіснасць, у якой гучаць галасы, праз якія падслухоўваем размовы герояў, чуем бразгат посуду, гукі разліваных напояў, іх пахі і колеры, слінкі цякуць ад “пабачаных” страваў. І –  пагроза гэтай ідыліі тады ды цяпер. Аўтар пакідае нас з пытаннем, ці гэта канец гісторыі. Але і ён, і мы хочам, каб гісторыя працягвалася, каб ён парушыў драму лёсу і вярнуў сабе свой ДОМ, каб мы ўсе вярнулі той ДОМ.

Фантастычнае, рэальнае, рамантычнае, трагічнае і сапраўднае – у кнізе пра свет кожнага з нас. Лёгкі стыль, жывая мова, напружанне сюжэту, нібы проза Караткевіча. Гэта не проста хроніка аднаго роду, гэта ўрок беларускай гісторыі. І за такія кнігі трэба даваць галоўныя прэміі! Чаму? Бо яны не пішуцца дзеля прэміяў, а ёсць данінай памяці і выразам любові ды болю, крыкам зсярэдзіны.

Дзякуй, Спадар Андрэй Горват, за неверагодную рэч, у якой паказваеце сябе так адкрыта! Чытаць абавязкова!

Siarhei Padsasonny


Я напісаў кнігу пра нараўлянскі палац. Яна называецца “ДОМ”.

Кніга пісалася ў розныя гады, пачынаючы з 2021-га. Некалькі разоў я перарываў працу над ёй, думаючы, што яшчэ не гатовы расказаць гэту гісторыю – сваю і дома. Ці проста не хацеў ставіць кропку. А потым паставіў.

“Дом” – гэта не толькі тэкст, але і прыгожая рэч. Я стараўся зрабіць такую кнігу, якую хацелася б захоўваць.

Прэзентацыі, творчых сустрэч і інтэрв’ю не будзе. Аднак на наступным тыдні я прывязу “ДОМ” у Вільню, Беласток, Варшаву, Гданьск і Познань – буду везці адзін асобнік гаспадару палаца (дзядзі Эдзі), і па дарозе заеду ў гэтыя гарады. У пэўны дзень у пэўным месцы мы зможам пабачыцца, павітацца, пазнаёміцца, абняцца, перакінуцца некалькімі словамі, сфоткацца – я ваш. Летам, можа быць, я зраблю такія паездкі ў іншыя гарады, іншыя краіны.

Уся інфармацыя пра кнігу (і ўрывак з яе) ёсць на сайце. Гэта адзінае месца, дзе можна набыць “ДОМ”. Як гэта зрабіць з Беларусі, пакуль што я не маю адказу. Але адказ будзе.

Дзякуй за ўвагу.

Запрашаю dadomu.com

Андрэй Горват.

 

One thought on “Дом. Андрэй Горват

Пакінуць адказ