Не так шмат сёлета будзе кніг на беларускай мове, напісаных на такім узроўні, паверце. Чаму людзям бывае шкада купляць беларускую кнігу? Таму што яна дрэнна вычытаная. Чытач назапашвае грошы, дастае дарагую банкноту і нясе ў кнігарню, дзе купляе вялізны сучасны раман. Прыносіць дамоў, прымае душ, робіць каву з кропляй віскі, уладкоўваецца ў фатэлі, адкрывае кнігу, а там немагчыма прадрацца скрозь тэкст. Грувасткія сказы з немагчымымі канструкцыямі пёрыста скачуць і ніяк не хочуць выбудоўвацца ва ўспрыманні ў які-кольвек сэнс. Чытач закрывае кнігу, каб кава не паспела ахаладзіцца, і уключае новы фільм Акі Каўрысмякі.
А тут такога не будзе, бо «Ваўка» сама як фільм Акі Каўрысмякі. Сказы ладна ідуць адзін за другім, самі ўваходзяць у свядомасць — як скальпель у сметанковае масла, што пабыло ноч па-за лядоўняй.
Уладзімір Сцяпан бясконца кшталтуе сваю прозу. Пад адной вокладкай мініяцюры чытаюцца як захапляльны раман пра нашу душу і нашу сутнасць.
Андрэй Дудко, рэдактар «Ваўкі».
Тэксты Уладзіміра Сцяпана – нататкі са збочча эпохі, сігналы жыцця ні аб чым. Хронікі асабістай прысутнасці ў дзівосным свеце, дзе стрыманы адчай суіснуе з безнадзейным лірызмам. Сцяпан, як узорны беларускі райтар апошняга часу, тут сам сабе хвароба, дыягназ і лекі. «Ваўка» — някідкае чытво для задуменнага чытача. Аўтар гатовы падзяліцца сваёй невідавочнасцю і чакае адпаведных рэзанансаў — ціхай згоды заставацца сведкам, а не саўдзельнікам. 3 гэтай кніжкай пасябраваць няпроста. Затое магчыма ператрываць халады і падзяліцца цеплынёй нечаканага паразумення.
Максім Жбанкоў, культурніцкі аналітык.
Усе апавяданні можна падзяліць на дзве часткі: аўтабіяграфічныя і такія, умоўна, як у Мапасана. Хоць і аўтабіяграфічныя часта, як у Мапасана – з відавочным і нечаканым сюжэтам. Чытаеш іх і, здаецца, нічога асаблівага, але з апошнім словам нешта ў цябе ўнутры пачынае раскрывацца. Ці шчыміць, ці трывожна, ці спакой і прыгажосць. Я люблю, калі тэкст так дзейнічае. Герой «аўтабіяграфічнай» часткі жыве і глядзіць вакол, ездзіць у вясковы дом, дзе каты, рыбалка, суседзі, ездзіць у Гомель даглядае маму… Рэдка каму атрымоўваецца перадаць сваё жыццё так не пафасна і дакладна. Самі па сабе дэталі зусім звычайныя, але разам складаюцца ў карціны, на якія хочацца глядзець доўга, можна нават сказаць, што атрымліваюцца акварэлі.
Павел Анціпаў, пісьменнік.
Усё, што выдавецтва «Мяне Няма» выпускала да гэтага, — проза даволі маладых беларускіх аўтараў, якія глядзяць на свет праз прызму свайго маладога досведу, поўнай увагі да свайго ўнутранага свету і розных штук, якія яго кранаюць. Проза Уладзіміра Сцяпана на гэтым фоне розніцца тым, што 60-гадовы аўтар пра свой унутраны свет усё ўжо зразумеў, таму ўвесь разгорнуты вонкі: яго ўвага цалкам накіравана на знешняе, ён мастак, які назірае за рэчаіснасцю. І рэчаіснасць гэта часта сумная і разгубленая, як вароны з акварэлі аўтара (Сцяпан таксама малюе), размешчанай на вокладцы зборніка.
Але ў ёй здараюцца нечаканыя сюжэты і парадоксы – горкія, смешныя або сентыментальныя. Усе гэтыя гісторыі і склалі зборнік “Ваўка”.
Марыя Лапо, рэдактарка.