📌 Аднойчы ўбачыў на фэйсбук-старонцы Вінцэся Мудрова такі допіс:
🔸”Надоечы прачытаў пра сябе. Маўляў, піша Мудроў някепска, але адно і тое ж. Зараз, калі хто спытае: што я там пішу? — адкажу як на споведзі: “Адно і тое ж”.🔸
Запомніўся і адзін з каментароў, пакінутых пад гэтым допісам: 🔸”Напэўна, гэта называецца стыль. Горш, калі яго няма”🔸.
📌 Цікава, дарэчы, што той допіс з’явіўся на старонцы пісьменніка праз некалькі дзён пасля публікацыі майго водгука на “Нафтаград” – пакуль што апошнюю кнігу Вінцэся Мудрова. Апроч іншага, звярнуў там увагу на пэўныя самапаўторы. Магчыма, простае супадзенне, аднак словы пра стыль я нязменна згадваў падчас чытання яшчэ адной кнігі аўтара: “Меліярацыя з Альберам Камю” (так і цягне напісаць “Хамю”).
📌 Стыль Мудрова сапраўды адметны: густоўная мова, лёгкі гумар і нечаканыя канцоўкі (ў тым сэнсе, што не чакаеш іх у гэтым месцы). “Меліярацыя” не стала выключэннем – зборнік складаецца з 10 апавяданняў, большасць з каторых вяртае нас у савецкі час. Як заўжды, прыгоды герояў апісаны жыццёва і іранічна, тэма алкаголю раскрыта грунтоўна, а на старонках сустракаюцца ўжо знаёмыя нам героі. Што крыху здзівіла, дык гэта расстаноўка твораў: першыя апавяданні асабіста мне не зайшлі, але потым пачалося самае смачнае.
📌 Разынкай кнігі для мяне сталі творы, дзе так ці іначай фігуруюць камары: “Дом творчасці” і “Тайна Пронінай сажалкі”. Асабліва вылучу апошні аповед, бо лічу яго лепшым у жанры “сельскагаспада
рчы дэтэктыў” (яго я толькі што прыдумаў). Уявіце: жыхары Мандрыкаўскага раёна пачалі заўважаць вялізных камарочкаў, якія, пацэліўшы чалавеку ў лабешнік, могуць збіць з ног. За справу бярэцца Рыгор Налівайка, журналіст мясцовай газеты. Ці разгадае ён гэтую таямніцу? Магчыма, калі не пойдзе ў чарговы запой…
📌 Што пакрытыкую, дык гэта анатацыю: “Зборнік складаюць 10 апавяданняў, у якіх аўтар піша пра нашы дні, а таксама згадвае часы сваёй маладосці”. Гэта ўсё праўда, аднак ці атрымалі вы патрэбную інфармацыю пра кнігу? І ўвогуле, ці можа такая анатацыя зацікавіць? Хутчэй наадварот. Прыкладна такая ж сітуацыя і з іншымі кнігамі Мудрова, што стаяць на маёй паліцы. Вядома, тут не да аўтара пытанне, а да выдаўцоў. Не ўпэўнены, што словы маленькага пухнаціка будуць пачутыя, аднак на поўным сур’ёзе заяўляю: гатовы задарма пісаць анатацыі, калі ў гэтым будзе патрэба 🐹
🏆 АДЗНАКА: 8 🌰 з 10.