На глебе спадчыны. Уладзімір Барысенка

На глебе спадчыны. Уладзімір БарысенкаЗразумела, такія кнігі не заваююць шырокую ўвагу абазнанай у літаратуры публікі. Эсэ не вызначаюцца вялікай шырынёй і глыбінёй – сёння пра адну з тых асоб, якія разглядае аўтар у кнізе, пішуцца цэлыя кнігі. Але, варта адзначыць вось што. Разам з шырокавядомымі фактамі аўтар недзе апавядае аб нечым абсалютна новым, хоць сказам, хоць радком. І дапамога яму ў гэтым – доўгая работа журналіста, падчас якой ён займеў багатыя стасункі. Асабіста знаёмы быў з Чыгрынавым, ведаў праз свайго сябра сына Змітрака Бядулі Яфіма Плаўніка…

Мабыць жа, дарэмным будзе шукаць адказ на пытанне: чаму менавіта гэтыя постаці так зацікавілі аўтара. У кнізе эсэ і нарысы пра Цётку, Змітрака Бядулю, Язэпа Лёсіка, Вацвала Ластоўскага, Канстанцыю Буйло, Міхася Лынькова, Пімена Панчанку, Івана Чыгрынава…Ёсць эсэ пра генерала міліцыі Віктара Лазебніка…

Безумоўнай павагі заслугоўвае імкненне аўтара аддаць даніну памяці і ўдзячнасці людзям, постаці якіх ён бачыць велічнымі і таленавітымі. Поруч з дыхтоўнымі навукова-даследчымі кнігамі аб такіх няблага мець і вось такія эсэ – невялікія, канцэнтраваныя па змесце.

У кожным выпадку, напісанае застаецца, і цалкам магчыма, што гэта кніга для некага стане першым крокам да гісторыі і культуры Беларусі.

В. Г.


Ветэран НС журналіст і пісьменнік Уладзімір Барысенка прадставіў на суд чытачоў сваю новую кнігу эсэ і нарысаў «На глебе спадчыны».

Героі выдання – слынныя творцы мінулых часоў і тыя, для каго вялікая, неацэнная, багатая літаратурная спадчына папярэднікаў стала моцным, трывалым, надзейным падмуркам для выказвання з дапамогай сваёй асабістай творчасці сваіх асабістых меркаванняў, разваг, думак, памкненняў і адносінаў да нашай  гісторыі і культуры, унутраным псіхічным жыццём, якое мы называем духоўнасцю.

Менавіта супрацьлегласць фізічнай і цялеснай сутнасці чалавека і вызначае і ягоны асабісты лёс, і лёс усёй краіны, у якой у той ці іншы перыяд гісторыі гэты чалавек жыве і мае непасрэдныя стасункі з пануючай рэчаіснасцю і акаляючым яго асяроддзем.  Праз думкі герояў эсэ і нарысаў  аўтар слушна сцвярджае, што наша жыццё ў яго развіцці і руху – гэта скарбніца нашых учынкаў і дзеянняў, сведка нашага цяжкога мінулага, прыклад і павучанне для цяперашняга і перасцярога для будучага.

Адзін з тых, пра каго ў кнізе ідзе гаворка (нарыс “Векапомныя крыніцы”)  – празаік, дзіцячы пісьменнік, крытык, літаратуразнавец, грамадскі дзеяч Міхась Лынькоў.

На сустрэчах з моладдзю народны пісьменнік БССР  Міхась Ціханавіч распавядаў, акрамя шмат чаго іншага, і пра Вялікую Айчынную вайну. У яе першыя гады ён знаходзіўся ў Чырвонай арміі, рэдагаваў газету “За Савецкую Беларусь”.

Тэме вайны  пісьменнік прысвяціў зборнік апавяданняў “Астап”, які пабачыў свет у 1944-м. У ім асэнсоўваецца трагічны лёс беларускіх дзяцей, паказваецца  гераічнае змаганне нашага народа супраць фашысцкай навалы на часова акупіраванай тэрыторыі. Выконваючы  небяспечныя заданні,  героі кіраваліся не толькі жаданнем помсціць за асабістае гора, але і пачуццём агульнай адказнасці перад Радзімай, якую топча вораг. Усенародную  барацьбу з ім Лынькоў паказаў у рамане-эпапеі “Векапомныя дні”, які пачаў пісаць у 1942-м і перапісваў да канца свайго жыцця. Праз 10 год пасля выдання эпапеі была падрыхтавана яе другая рэдакцыя. Збіраўся перапісаць яшчэ раз, але не паспеў…

У ліку змагароў з захопнікамі быў гэтаксама народны паэт Беларусі Пімен Емяльянавіч  Панчанка,  бедная  сялянская сям’я якога  задоўга да Першай сусветнай  з’ехала ў Прыбалтыку з Ашмянскага павета Віленскай губерні ў пошуках заробку.

Пімен Панчанка – лаўрэат дзяржаўных прэмій СССР і БССР, ганаровы акадэмік НАН Беларусi.  У сталічнай сярэдняй школе № 199 па вуліцы яго імя  існуе  адзіны не толькі ў Мінску, але i ў краіне літаратурны музей, прысвечаны жыццю і творчасці  майстра паэтычнага слова.

У суровыя  гады вайны, падкрэслівае  Уладзімір Барысенка ў нарысе “ Шчырасць пачуццяў”, палымянае  слова паэта дасягнула асабліва высокага грамадзянскага ўздыму. Вайна не перашкодзіла Панчанку  стаць выдатным паэтам-інтравертам, які у гэты час, як адзначаў вядомы крытык Рыгор Бярозкін, “пачынае ўсё больш і больш асвойваць законы ўнутранага пераўтварэння з’явы ў перажыванне, факта – у пачуццё, у роздум, у споведзь, і гэта не прывяло паэта да адрыву ад рэчаiснасцi, а, наадварот, азначала, што ён пачынае больш глыбока пранікаць у сутнасць жыццёвых працэсаў і з’яў”. У цяжкай напружанай атмасферы ваеннай драмы  нарадзіўся пяшчотны, філігранна апрацаваны вобраз сініх касачоў як сімвал Радзімы, мірнага жыцця і хараства:

А калісьці і я прачынаўся

ў бацькавай хаце.

Чэрвень. Раніца. Росы і цішыня.

 На гародзе спявае паціху маці

Пра жаўнера маладога, пра гнядога каня,

A пад вокнамі мята п’е сонца гарачае

I глядзяць мне ў вочы

красой нерастрачанай

Сінія касачы.

Увагу чытачоў  “На глебе спадчыны” безумоўна прыцягнуць і малавядомыя старонкі  жыцця і творчага  шляху народнага пісьменніка Беларусі Івана Гаўрылавіча Чыгрынава, з якім аўтар быў асабіста знаёмы. Дзіця вайны, зямляк Аркадзя Куляшова, ён з’явіўся на свет  у касцюковіцкай вёсцы Вялікі Бор. У прысвечаным яму нарысе “Летапісец  ліхалецця” аўтар  адзначае, што даваеннае і ваеннае сельскае паселішча  Чыгрынаў цалкам прадставіў  з “пякучымі падрабязнасцямі” ў цыкле раманаў , які пачаўся “Плачам перапёлкі”, а працягнуўся “Апраўданнем крыві”, “Сваімі і чужынцамі”, “Вяртаннем да віны” і раманам “Не ўсе мы згінем”.

У 1974-м, праз два гады пасля выхаду першага з пералічаных твораў, Іван Гаўрылавіч атрымаў Дзяржаўную прэмію Беларусі. Праз вобразы намесніка старшыні і старшыні калгаса ў Верамейках Дзяніса Зазыбы і Радзівона Чубара пісьменнік выявіў дзве жыццёвыя філасофіі, розныя формы паводзін людзей на акупаванай тэрыторыі. Пагаджаючыся  з крытыкамі, Уладзімір Барысенка адзначае, што Зазыба –  носьбіт спрадвечнай народнай маралі, мае дасціпны прыродны розум і здаровы сялянскі практыцызм, мудры жыццёвы вопыт і справядлівую душу. Гэта чалавек, які вельмі патрэбен людзям.

Значнае месца ў кнізе займае эсэ “Энцыклапедыя “Караткевіч”. У ім аўтар прыводзіць  невядомыя факты, падзеі  і моманты з жыцця людзей, якія блізка ведалі нашага прыжыццёвага класіка і сказалі пра яго калісьці сваё творчае слова, а таксама распавядае пра мясціны і ўстановы, тым ці іншым чынам звязаныя з імем і творчасцю Уладзіміра  Сямёнавіча.

Сярод іншых змешчаных у зборніку  Уладзіміра Барысенкі асобных твораў (усяго іх 15) ёсць і тыя, што прысвечаны творчым ветэранам беларускай міліцыі.

 Уладзімір Пасялкоў, газета “На страже”, 18.04.25

 

 

Пакінуць адказ