Хачу пазнаёміць вас з кнігай, якую хочацца чытаць і перачытваць, забыўшы пра ўсё на свеце. Я была сведкам таго, як гэтая кніга нараджалася ў рукапісе, бо яе аўтарка – мая сястра Святлана Аўдзейчык. Мы з дзецьмі чыталі Кнігу Здольных яшчэ ў самым сырым варыянце, па некалькі раздзелаў, якія Света нам высылала раз на тыдзень, ці радзей, як паспявала напісаць.
Паверце, гэта тая кніга, якую даўно чакалі вашы дзеці, ды што там дзеці, і вы самі, калі толькі дазваляеце сабе быць не зусім дарослым.
Гэта тая кніга, якую дзеці маглі б чытаць з ліхтарыкам ноч навылёт, калі мы зробім выгляд, што нічога не заўважаем.
Як чалавек, які пачаў знаёміцца з сусветнай фэнтэзі-спадчынай бліжэй да 30 гадоў, я пакуль бяруся толькі за самае вядомае і праверанае. “Гары Потэр”, “Уладар пярсцёнкаў”, “Вядзьмар” – маштаб прыкладна такі 🤓
📘 Таму “Кнігу здольных” беларускай аўтаркі Святланы Аўдзейчык я купіла толькі пасля станоўчага водгука Ганны @hannashakhrai і ўсё адно нічога звышасаблівага не чакала.
👌 А дарма! Кніга класная. У ёй добра прапрацаваная легенда і персанажы, шмат дэталяў, якія пакрысе складваюцца ў даволі складаную мазаіку. Ёсць сакрэты, ёсць чароўныя артэфакты, ёсць злодзеі, якія палююць на артэфакты, і ёсць галоўны герой, які пакуль не ўсведамляе сваіх магчымасцяў.
👩🏻🦰👨🏻🦱У кнізе шмат падлеткаў, бо ў загадкавым горадзе-дзяржаве Ларборы існуюць дзве школы – Аквіла і Серпента, – якія традыцыйна і шматгадова варагуюць. Вучням, вакол якіх пераважна і разгортваецца сюжэт, 15-16 гадоў. Яны сябруюць, жартуюць і кпяць адзін з аднаго, спаборнічаюць, зайздросцяць і вырабляюцца. Ну і кахаюць, вядома, куды ж у 16 гадоў без кахання 🥰 Першага, нязграбнага, поўнага непаразуменняў.
📚 “Кніга здольных” заяўлена як трылогія, і першая частка сканчваецца, як той кажа, на самым цікавым месцы. Буду чакаць і абавязкова чытаць працяг!
❗❕ Будзьце гатовыя, што пачынаць чытанне можа быць няпроста, бо стасункі паміж жыхарамі Ларбора даволі заблытаныя. Там ёсць здольныя, ёсць ЗАРы, ёсць бездары, пустэльнікі і пронгі. Ёсць галоўная кніга – Спадчына, ёсць Дэркус – бог, які калісьці падарыў ларбарэйцам здольнасці, але сыйшоў ад іх. А яшчэ ёсць дзіэны і Сакрум 🤪 Карацей, трэба прызвычаіцца (асабліва калі вы, як і я, не самы дасведчаны чытач фэнтэзі), але яно таго вартае 🖤
Для аматараў фэнтэзі гэта кніга – сапраўдная знаходка. Чытаецца на адным дыханні, з кожным новым раздзелам цікаўнасць і таямнічасць нарастае, героі раскрываюцца ў нечаканых іпастасях, адчуваецца дэтэктыўнасць і глыбокая містычнасць гісторыі жыхароў Ларбора. К канцу кнігі ты непазбежна становішся фанатам і галоўных герояў, і самой кнігі, якая, лічу, мае ўсе шансы стаць сусветным бестселерам. Дарэчы, мае дачка і сын (14 і 12 гадоў), заўзятыя аматары фэнтэзі, якія ледзь не вывучылі на памяць усе сем кніг пра Гары Потэра, перачытваючы іх шматкроць, адназначна сказалі, што Кніга Здольных – лепш і цікавей!!! Цяпер з нецярпеннем чакаем працяг гісторыі. А таксама радуемся таму, што гэтая кніга выйшла на нашай роднай мове! Усім раю чытаць – і дзецям, і дарослым. Мне, у прыватнасці, вельмі спадабалася!!!
У працэсе. З сапраўды сучаснай беларускай літаратурай меў спраў вельмі мала, галоўным чынам з паэзіяй. Тым не менш, упэўнены, што гэта – новае слова ў БелЛіце. Жанр фэнтэзі мала асвоены пакуль што, і дадзены твор задае вельмі неблагую планку. Канечне, адсылкі да іншых кніг прасочваюцца, але чытаецца ў нашым нацыянальным духу. Дзякуй аўтару, выдаўцу і ОЗу за спрыянне развіццю беларускага слова.
Гэта шэдэўр!! Раю ўсім аматарам фэнтэзі пачытаць, вельмі цікавая канцэпцыя і ідэя!Удзячны аўтару за такую працу, ужо прачытаў 2 кнігі і спадзяюся хутка выйдзе трэцяя.