Забіць нягодніка, альбо гульня ў Альбарутэнію. Людміла Рублеўская

Забіць нягодніка, альбо гульня ў Альбарутэнію. Людміла РублеўскаяКніга Людмілы Рублеўскай “Забіць нягодніка, альбо Гульня ў *Альбарутэнію” прагучала ў маёй душы плачам па роднай Беларусі, што ўвесь час шукае сваю сапраўдную ідэнтычнасць і месца ў свеце. Інтрыга вакол дэтэктыўнага расследавання змяшаная з гісторыяй пра боль, страты і ўнутраны разлад, які праходзіць праз пакаленні беларусаў.

Жудасныя 30-я гады… Усеахопны страх, падзел грамадства, вымушаная цішыня — гэта не проста гістарычны фон, а рана, якая да гэтага часу крывавіць. Адзін з герояў адзначае: “У тыя гады людзі знікалі не толькі фізічна, але і з памяці. Як быццам краіна сама сябе выпальвала знутры, спрабуючы выжыць”.

Але разам з гэтым аўтарка вельмі тонка і далікатна ўздымае пытанне пошукаў радзімы.

Беларусь у творы падаецца не як канкрэтная геаграфічная кропка, а як стан душы, які людзі шукаюць, згубіўшы:

“Дзе ты, Альбарутэнія? У зямлі, што пад нагамі, ці ў сэрцы, якое ніяк не супакоіцца?”

Менавіта ў гэтай “гульні ў Альбарутэнію” ёсць магчымасць аднавіць сябе, свой унутраны свет і нацыю. Кніга не дае простых адказаў, але заклікае чытача задумацца: ці здольныя мы пераадолець мінулае, каб нарэшце знайсці сваю Радзіму ў поўным сэнсе гэтага слова?

Сапраўдная радзіма заўсёды побач — у кожным з нас, калі мы гатовыя яе прыняць і адстойваць.

Мне крыху не хапіла мужных вобразаў сучасных хлопцаў. Такое ўражанне, што ўсім кіруюць жанчыны 😀.

Крыху жудасна было чытаць пра забойствы і смерці. Асабліва, калі гэта адбывалася на вачах герояў.

Паколькі ў канцы стаіць шматкроп’е, то я спадзяюся на працяг гісторыі 🤗.

🔞 Рэкамендую для чытання і ўпэўнена, што абыякавым нікога кніга не заставіць.

*Альбарутэнія – гістарычная назва часткі зямель Беларусі, вядомая з 13 ст. (ад лацінскага Ruthenia alba – Белая Русь)

chytaju_zlupaj.


Як заўсёды з кнігамі Рублеўскай, уражанні ў мяне супярэчлівыя. Цікавая тэма, непаганы сюжэт, дый напісана няблага, неаднастайныя персанажы (хаця тры хлапцы ў масоўцы адрозніваюцца надта слаба і ролі амаль не выконваюць). Я нават захаплялася аповедам, суперажывала, спяшалася даведацца, што далей… а потым нешта зноў выбівала з тэксту і прымушала скептычна крывіцца. Уражанне ці то дзяціннасці, наіўнасці напісання некаторых эпізодаў (пры цалкам недзіцячым аповедзе), ці то пэўнай скаванасці, змушанасці пісьма.

Усё-такі кніга моцная, найперш тэмай. Нашы сучаснікі, моладзь (ну проста гарадскія эльфы) гуляюць у Альбарутэнію. Яны знаходзяць дзірку ў мінулае, у 1930-я гады, і пражываюць хвіліны жыццяў, дакладней, смерцяў беларускіх інтэлігентаў . Спачатку чытач асацыюе сябе з сучаснікам (што нескладана), потым – перажывае апошнія хвіліны ў целе рэпрэсаванага. Гэта сапраўды моцна (і вельмі выхаваўча), і я разумею, чаму аўтарка называе гэтую кнігу самай цяжкой і вымотвальнай для сябе.

Аднаго асуджанага выпадкова выцягваюць у наш час. І вось гэта сапраўды яркі ход, ёсць некалькі (на жаль, мала) бліскучых эпізодаў – спазнаванне будучыні чалавекам, асуджаным на смерць, гатовым у любую хвіліну вярнуцца ў сваю вязніцу. Герой Скаловіч проста нерэальна трагічна-фантасмагарычны. Ну, вядома, вобраз брутальнага хіміка-нос-горбінкай, ці то здрадніка, ці то героя, жыве ў сэрцы кожнай постпотэраўскай лэдзі любога веку. Хто асудзіць за яго Рублеўскую, хай ніколі не пачуе слова “заўсёды”.

У сутнасці кніга складаецца з мноства падгісторый сучаснікаў, гістарычных рэальных ці прыдуманых дзеячаў, успамінаў і аповедаў. Чытаецца нязмушана, хоць скразная сюжэтная лінія праз гэта атрымліваецца менш выяўнай. Нешта чым далей, тым больш я пачынаю цаніць стары добры лінейны аповед.

Зашмат інфармацыі, як пра рэпрэсаваных асобаў (ледзь не з цытацыяй энцыклапедый), так і пра ўсялякія-ўсялякія розныя рэчы: зашмат даведачных звестак, імёнаў, датаў, пэўных натацый, доўгіх разваг і маналогаў у недарэчных для герояў сітуацыях. Гэта напружвае і выглядае ненатуральным. Не люблю, калі аўтар прымае чытача за дурня і ўсё яму разжоўвае. У наш век вікіпедыі не выпадае хваліцца эрудыцыяй.

Калі пафас у такой трагічнай тэме можна дараваць, то сентыментальнасць б’е цераз край. Так, часам эмоцыі адгукаюцца, але ўсё-такі – цераз край.

Раздражнялі і памылкі, так думаю, карэктара: спрэс прыстаўны галосны пасля галосных (ігруша, іртуць, іржа…), ігнараванне традыцыйнага націску на канчатак дзеясловаў кшталту ідзяце, несяце, ну, і так, дробязі.

Прыдзірацца ёсць да чаго. Аднак кнігу буду раіць. Менавіта праз простасць, даступнасць напісання, інфармацыйнасць, важнасць тэмы і эмацыйны спосаб яе раскрыцця.

Krysty-Krysty

Пакінуць адказ