ЯПОНСКАЯ КВЕТКА НА БЕЛАРУСКІМ ПОЛІ
Лічу неабходным папярэдзіць: у тэксце рэцэнзіі ёсць спойлеры. Таму адразу – сцісла: мяркую, кніга вартая. Асабліва для маладой аўдыторыі і ўвогуле для тых, хто жадае адпачыць з лёгкім, але добра напісаным творам пра закаханую старшакласніцу і яе мілосную гісторыю. У кнізе Евы Вайтоўскай не ўсё так проста, як у стандартных “жаночых раманах” і іх мадыфікацыях для юнацтва. Тут ёсць месца і для грунтоўнага псіхалагічнага партрэта гераіні, і для інтэлектуальнай гульні, і для прыгодаў іншага кшталту. Эксперымент з “перасадкай” на беларускую культурную глебу ўсходняга сюжэта – з’ява нячастая, і Ева Вайтоўская праводзіць яго ўдала.
Літаратуры для падлеткаў і юнацтва на беларускай мове сёння ствараецца няшмат. Па маіх прыблізных падліках на аснове поўных спісаў кніг, намінаваных у розныя гады на Прэмію імя Цёткі, у сярэднім прыкладна з 30 пазіцый проза для падлеткаў складае адзінкі – ад 1 да 4 пазіцый за год. Таму кожная добрая кніга для аўдыторыі “young adult“ становіцца каштоўнасцю – пры тым, што ў многіх іншых літаратурах існуе паўнавартасны рынак такіх кніг. Аднак кніга Евы Вайтоўскай з пэўнасцю вытрымае запыты любой аўдыторыі – не толькі моладзі (бо вызначэнне “моладзевы раман” можна суадносіць і з тэматыкай). У ёй выдатна паказана моцнае пачуццё, героі жывыя, іх адносіны і развіццё сюжэта маюць досыць шырокі і падрабязна прапісаны фон. Калі мы ў розных узростах з задавальненнем чытаем пра Рамэа і Джульету, то чаму б не пачытаць пра каханне сучаснай дзяўчыны, разумнай, ініцыятыўнай, мэтанакіраванай і эмацыйнай?
Задавальненне можна атрымаць і назіраючы за міжкультурнай гульнёй, якую аўтарка вядзе ўпэўнена і тонка. Падобныя эксперыменты ў беларускай літаратуры і сумежнай з ёй культурнай прасторы з заўважным размахам здзяйсняліся даволі даўно. Мабыць, за часоў Францішкі Уршулі Радзівіл, якая, ствараючы рэпертуар для тэатра пры сваім двары, нярэдка выкарыстоўвала сюжэты з экзатычных крыніц і ў большай ці меншай ступені надавала ім “мясцовы каларыт”. Што цікава, цяпер да падобнай практыкі актыўна звяртаюцца акурат японскія аўтары: яны ахвотна запазычваюць сюжэты заходняй літаратуры, міфалогіі, кіно, пераасэнсоўваюць іх і нязмушана робяць фактамі сваёй культуры.
Манга “Гарэзлівы пацалунак” Каору Тады – арыгінальны японскі твор (гэта манга сёдзё, адрасаваная старэйшым школьніцам), які ўжо можа лічыцца падлеткава-юнацкай класікай. Кніга Евы Вайтоўскай перапрацоўвае японскі сюжэт грунтоўна: змяняецца месца дзеяння і, адпаведна, культурны кантэкст, дадаюцца цалкам новыя элементы. Але асноўныя калізіі даволі паслядоўна захоўваюцца – чытач пры жаданні можа прасачыць за тым, як выконваецца гэтае “правіла гульні”.
Галоўная гераіня ў абодвух творах стаіць у цэнтры сюжэта і рухае яго развіццё. Каору Тада часам “перадае слова” самой гераіні, Котака Аіхары, і ўсё, што адбываецца ў творы, амаль абавязкова звязана з ёй. Гераіня Евы Вайтоўскай, Соня Сінічка, – яшчэ больш магутны “рухавік сюжэта”. Часта менавіта ад яе рашэнняў залежыць, у якім кірунку будзе развівацца сюжэт. За гісторыяй Соні часам праглядаюцца і аўтабіяграфічныя элементы, і, магчыма, аўтарскія пачуцці (як у лірычным адступленні пра значныя месцы і іх уплыў на жыццё – і Соні Сінічкі, і “аўтара”-апавядальніка).
Што ж з асобай галоўнай гераіні? У манзе гэта сапраўды глупаватая дзяўчына, кантраст да генія з IQ 200, у якога яна закаханая. Так, зрэдку яна можа пастарацца і няблага здаць іспыт, але для яе гэта закрытычная нагрузка. З ёй увесь час здараюцца непрыемнасці і няёмкія сітуацыі. Котака – камічная гераіня, але ў яе ёсць і нежартоўныя вартасці: яна мэтаскіраваная, у пэўных адносінах прынцыповая, а яшчэ вельмі добрая і імкнецца ўдасканаліць у сабе тое, што можа. Гэтае спалучэнне якасцяў здолеў ацаніць Наокі Ірые, дый не толькі ён. Падобна, што ёй пасуе роля жонкі ў традыцыйнай сям’і – нездарма яе кандыдатуру ўхваляе нават прывід продка Наокі. Але традыцыі, як сямейнай, так і літаратурнай – ролі камічнай няўдачніцы, якой шанцуе бліжэй да фіналу, – супрацьстаіць адзін нюанс. Яе каханне настолькі моцнае, што можа пераадолець традыцыйную адчужанасць паміж сужэнцамі і прымушае каханага (і чытача) сур’ёзна ставіцца да яе і да яе пачуццяў.
Соня Сінічка – гэта паўнавартасны, дэталёва прапісаны характар. Найперш, яна вельмі разумная дзяўчына, хіба што трохі дэзарыентаваная ў плане навучальнай дзейнасці (атрымаўшы ад каханага, Максіма Статкевіча, парады па эфектыўным навучанні, яна выдатна дастасоўвае іх сама) і не амбітная. Стымулам для росту яе амбіцый становіцца акурат каханне. Але калі для японскай гераіні каханы – адзіны і непарушны цэнтр сусвету, то Соня – асоба моцная і самадастатковая, а яе апантанасць Максімам – адзін з тых загадкавых выпадкаў, калі “сэрца” непадуладнае нават моцнаму “розуму”, і паміж гэтымі бакамі асобы разгортваецца нежартоўная барацьба. Соніны няўдачы і ляпсусы (многія паходзяць з мангі) з развіццём сюжэта выглядаюць усё менш выпадковымі: гэтымі падзеямі гераіня таксама кіруе, і за наступствы, у адрозненне ад Котака, часта бярэ адказнасць на сябе. У адносінах з каханым Соня не падначаленая, а раўнапраўная дзяячка.
Інтэлектуальныя намаганні Соні ператвараюцца не толькі ў спробу нагнаць каханага па адзнаках, але і ў своеасаблівае спаборніцтва. Мала таго, у яе ёсць сваё поле, на якім яна мацнейшая, – сусветная літаратура. Гэты сюжэтны элемент самайстойны, амаль нічога падобнага ў творы Каору Тады няма. Ужо ў першай кнізе высвятляецца, што Соня – апантаная чытачка, хоць і чытае бессістэмна (для дзіцяці, якое чытае самастойна, з уласнага эмацыйнага памкнення, гэта цалкам натуральна). Прачытаныя кнігі ствараюць яе ўласны патаемны сусвет. Потым Соня без праблем паступае на філалагічны факультэт. Цікава, што Котака таксама адразу пасля школы паступае на філалогію, якая лічыцца “класам F” (для самых слабых вучняў) універсітэта. Але ў Соні гэта свядомы выбар з улікам уласных цікаўнасцяў. Соня – моцная студэнтка, падчас вучобы яна ўвойдзе ў “элітарны клуб” інтэлектуалаў філфака. І яшчэ яна мае свой “Цытатнік”, які пры заканчэнні кнігі складае нешта кшталту “паслямовы”, што дазваляе яшчэ раз судакрануцца з гераіняй і мастацкім грунтам яе асобы і гісторыі. Мы бачым там творы Сэргія Жадана, Джона Кітса, Адама Міцкевіча, Сержа Мінскевіча, песні “Песняроў”, Барыса Грабеншчыкова, Леанарда Коэна. Такой “паслямовы” заслугоўвае, мабыць, толькі персанаж, заглыблены ў свет паэзіі і і паэтычны сам па сабе. Дарэчы, і развіццё лёсу Соні падаецца ў літаратурных тэрмінах: загалоўкі многіх раздзелаў перагукаюцца з назвамі кніг або іншым чынам адсылаюць да мастацка-культурнага кантэксту. Гэта арыгінальная вобразная і інтэлектуальная гульня Евы Вайтоўскай.
Яшчэ адна пераважна аўтарская лінія – змена ў дабрачынным лагеры, пры канцы якой адбываецца вырашальная гутарка паміж галоўнымі героямі. Тут вымалёўваецца і праблема захавання беларускасці як жывой з’явы. Арганізатары лагера – людзі, апантаныя ідэяй папулярызацыі беларушчыны, ім вельмі хочацца, каб гэтая тэматыка натхняла арганізатараў дасуга дзяцей з Чарнобыльскай зоны, і з такім разлікам падбіраецца каманда, у якой аказваюцца бадай усе значныя для аповеду персанажы. Сцэны, што вядуць да развязкі інтрыгі з узаемаадносінамі галоўных герояў, разгортваюцца на фоне святкавання Купалля, разнастайных тэатральных, кулінарных, гістарычных мерапрыемстваў і конкурсаў, у асяродку прыроды на берагах Віліі. У гэты час адбываецца і культурнае самавызначэнне галоўнай гераіні, яна спакваля, але ўпэўнена прымае іншы варыянт свайго імені – Зося. Аўтарцы яўна сімпатычнае менавіта такое натуральнае, паступовае спазнанне нацыянальнага грунту.
На чым асабіста я “спатыкаюся” пры чытанні? Па-першае, гэта кантэкст, у якім разгортваюцца падзеі. У творы даволі многа канкрэтыкі: мы ведаем месца дзеяння, маем дакладныя геаграфічныя каардынаты; з абставінаў можам прыкладна вызначыць час, калі адбываюцца падзеі (хутчэй за ўсё, другая палова 2010-х гадоў). Але, як мне здаецца, у творы часам “адгукаецца” і атмасфера 1990-х (да іх адносіцца “Гарэзлівы пацалунак” Тады Каору), і праз гэта час дзеяння трохі размываецца. Аднак літаратурны твор не абавязаны падаваць “аб’ектыўнае адлюстраванне рэчаіснасці”. Думаю, больш важна, каб яго свет валодаў унутранай цэласнасцю, а з гэтым у “Гарэзлівым пацалунку” Евы Вайтоўскай усё добра.
Па-другое, некаторыя псіхалагічныя пабудовы і калізіі падаліся мне занадта фантастычнымі. Напрыклад, гісторыя “няшчаснага закаханага” “Васі” (Аляксея Васілеўскага), які яшчэ са школьнага часу дамагаўся Сонінай увагі. Такі персанаж ёсць і ў манзе, гэта хлопец просты, не надта разумны, вельмі эмацыйны, схільны да хуліганскіх выхадак, але кранальны ў сваёй адданасці гераіні. У Каору Тады ён урэшце знаходзіць іншую каханую і толькі тады перастае дамагацца Котака. У Евы Вайтоўскай сітуацыя больш складаная. Высвятляецца, што бадай увесь час, пра які ідзе гаворка ў абедзвюх кнігах, “Вася” быў закаханы зусім у іншую дзяўчыну. Калі памятаць, што і ў беларускім “Гарэзлівым пацалунку” ён просты “пацан з раёна”, такія паводзіны мне падаюцца дзіўнымі. Ці не зашмат энэргіі затрачвае ён на Соню, ці не занадта радыкальна дзеля яе мяняе сваё жыццё (стаўшы падначаленым яе бацькі), калі ўвесь гэты час у яго сэрцы – іншая? Для мяне гэта выглядае непаслядоўнасцю, і “пераносам” з японскай глебы яна не тлумачыцца, бо там такой складанай калізіі няма.
Яшчэ адзін персанаж з яўнымі дзівацтвамі – мама Юля, маці Максіма Статкевіча. Паводзіны гэтай гераіні акурат адпавядаюць манзе і прынамсі часткова тлумачацца культурнымі асаблівасцямі першакрыніцы. Гэта надзвычай актыўная жанчына, яна залішне апякуецца чужой дзяўчынкай і бесцырымонна ўмешваецца ў адносіны гэтай дзяўчынкі са сваім сынам. Яе ўчынкі камічна перабольшаныя, але з гледзішча традыцый японскай сям’і не занадта дзіўныя. У японскіх сем’ях дагэтуль больш, чым у заходніх, пашыраны шлюбы, арганізаваныя бацькамі. Сферы адказнасці сужэнцаў дагэтуль падзеленыя мацней, чым на ўмоўным “захадзе”: муж займаецца пераважна працай і вонкавымі кантактамі, жонка – хатняй гаспадаркай і камунікацыяй унутры сям’і. Мама Наокі Ірые ў гэтых адносінах выглядае традыцыйна. Ёсць і яшчэ адзін важны сюжэтны момант, звязаны з японскімі сямейнымі традыцыямі. Дзеці да пяці гадоў знаходзяцца ў вельмі шчыльнай сувязі з маці. Выхоўваць малое дзіця – яе непасрэдны абавязак і асноўны занятак. Сітуацыя Котака незвычайная: яна страціла маці ў раннім узросце. Сям’я Ірые – блізкія сябры сям’і Аіхара, маці выдатна ведае, чаго не атрымала дзяўчынка, і, відаць, хоча хаця б запознена гэта кампенсаваць (у выніку старшакласніца атрымае мульцяшны пакой, які пасаваў бы акурат пяцігадовай “прынцэсе”). У японскай мамы, як і ў беларускай, ёсць яўная “бздура” з жаданнем мець дачку – а ў яе замест гэтага два хлопцы. Але ў астатнім дзеянні японскай мамы выглядаць, па-мойму, менш дзівацкімі, чым жарсная актыўнасць мамы Юлі. Але калі разглядаць вобраз мамы Юлі як “пасхалку”, намёк-адсылку да першакрыніцы, то ён цалкам да месца.
Аўтарка ў адным з інтэрв’ю зазначае, што яе раманы паводле мангі “Гарэзлівы пацалунак” скіраваныя найперш на пашырэнне разнастайнасці беларускамоўнага лёгкага, але якаснага чытва для шырокай аўдыторыі. З гэтай задачай яе кнігі дакладна спраўляюцца (цікаўнасць чытачоў да першай кнігі, якая ўжо выйшла, гэта паказвае). Але, на мой погляд, “Гарэзлівы пацалунак” – не толькі “лёгкае чытво”. Аўтарка паставілася да сваёй задачы з адказнасцю “сур’ёзнага” пісьменніка (двукоссе пазначае толькі ўмоўнасць тэрміна), у аснове яе твора шмат асабіста перажытага і перадуманага, таму сам твор дакладна можа прэтэндаваць на ролю нечага большага, чым шараговы ўзор масавай “жанравай” літаратуры. У беларускай літаратуры масавых жанраў так здараецца нярэдка, і, магчыма, гэта надае ёй перавагу, якой няма ў літаратур з развітым масавым рынкам.
Сябра журы ПГ-24
Гэта масавая літаратура, разлічаная на шырокую аўдыторыю, напісаная на даступнай мове. Чытаць «Гарэзлівы пацалунак» будзе проста нават тым, хто мала чытае па-беларуску. Але пры гэтым кніга падымае шмат важных тэм і ненавязліва расказвае і пра Мінск, і пра школьна-студэнцкае жыццё, і пра першае каханне, і пра сяброўства, і нават, уявіце сабе, пра любоў да Беларусі і беларускай мовы. Усё гэта лёгка, гарэзліва, але не павярхоўна.
Першая частка «Гарэзлівага пацалунку» выходзіла ў 2020 годзе, а гэты працяг увайшоў у шорт-ліст прэміі Гедройця.
Аўтарка расказвала, што на стварэнне «Гарэзлівага пацалунку» яе натхніла аднайменная манга, папулярная ў Японіі ў 90-я. Гісторыя засталася няскончанай па прычыне заўчаснай смерці аўтаркі. Потым сюжэт стаў вандраваць з літаратуры ў літаратуру, таму беларускі «Гарэзлівы пацалунак» — далёка не адзіная спроба лакалізацыі японскай мангі.
Пра што гэтая гісторыя? На такое пытанне можна адказаць па-рознаму. Напрыклад, так: гэта гісторыя кахання і пошуку сябе. Альбо гісторыя пра ціхую ўпартасць, якая ў выніку прыводзіць гераіню да здзяйснення мараў. Альбо нават так: гісторыя пра наканаванасць і выпадковасці ў нашым жыцці.
Але гэта калі казаць абстрактна. А калі канкрэтна, то ў першай кнізе 11-класніца Соня Сінічка, троечніца і з выгляду даволі пасрэдная асоба, раптоўна піша ліст з прызнаннем у каханні першаму прыгажуну і разумніку школы Максіму Статкевічу. Пасля пачынаецца сапраўдны серыял, ад якога амаль немагчыма адарвацца. Соня з татам згубяць жытло, і бацькі Максіма (знаёмыя Сінічак з нейкага мінулага жыцця) запросяць тых пажыць у сваім катэджы на Цнянцы. Так Соня пачне жыць з Максімам пад адным дахам, але ці стане ад гэтага шчаслівейшай? Героі вас будуць злаваць, вар’яваць, вы будзеце адчуваць гішпанскі сорам і жаданне даць поўху некаторым з іх. Першая кніга скончыцца выразным знакам увагі Максіма ў адрас Соні, але ў паветры павісне пытанне: ён гэта ўсур’ёз ці проста каб пацвяліць дзяўчыну?
У другой кнізе адна з прыяцелек Соні, якая акурат паступае вучыцца на псіхалагічную спецыяльнасць, паспрабуе адрэфлексаваць адносіны герояў:
«І тут з’яўляешся ты… Аўтсайдарка. Бярэш і ўсё перакрэсліваеш. Проста пішаш яму шчыры ліст. Бо твае пачуцці — сапраўдныя, а на ўмоўнасці табе начхаць. Ведаеш, гэта было геніяльна. Хоць ты наўрад ці ўкладала ў тое, што робіш, нейкі такі камбінаторны сэнс. І я падазраю, што Максім глыбока ў душы таксама твой учынак ацаніў, але ні за што гэтага не пакажа, бо надта ж пераймаецца статусам. Але тым горш для яго».
Другая кніга атрымалася яшчэ больш насычанай — ва ўсіх сэнсах. Тут яшчэ больш вучобы, цяпер ужо ўніверсітэцкай. Больш менскіх лакацый — як рэальных, так і прыдуманых, але за якімі лёгка пазнаць прасторы, што існуюць альбо існавалі насамрэч.
Напрыклад, гераіні п’юць пунш у кавярні «Стары Менск», а некаторыя студэнты падпрацоўваюць у рэстарацыі «Сеул», якая знаходзіцца ў мясцінах цяперашняга гэтэльнага комплексу «Пекін». А ў кнігарні «Шуфлядка» вы таксама пазнаеце адну культавую лакацыю. Героі больш падарожнічаюць па Беларусі і за яе межамі, і на іх больш уплываюць падзеі свету. Карацей, калі першая кніга была кшталту сіткам-серыяла, то другая — і шырэйшая, і глыбейшая. У ёй Ева Вайтоўская па-майстэрску спалучае love story з аўтарскім даведнікам пра ўладкаванне жыцця і свету для студэнтаў малодшых курсаў. Натуральна, на беларускім грунце.
Праз лёгкую форму і дзівосную чытэльнасць тэксту добра прасвечваецца эрудыцыя аўтаркі. Але яна не фанабэрыцца, а невялікімі дозамі і ў зручнай для засваення форме расказвае пра тое, што лічыць важным.
Напрыклад, амаль усе героі тут шмат часу выдаткоўваюць на вучобу.
Дырэктар напісаў, што калі нехта са спецкласа пойдзе ў ліцэі ці каледжы, то конкурс на свабодныя месцы будзе толькі ўнутры школы. Гэта шанец, ну?
Нахрана мне гэта?
Маша разгублена аслабаніла абдымкі.
Я… Я нават не ведаю, што адказаць. Проста вучыцца — гэта крута. І гэта дапамагае зрабіцца лепшым чалавекам.
Не ўсе пры гэтым добра вучацца, але амаль усе паступова знаходзяць тое, што ім напраўду цікава. І тады, калі з’яўляюцца дадатковыя сэнсы і стымулы, становіцца больш зразумела, для чаго вучоба патрэбная. Вучоба — гэта інструмент, ненавязліва даводзіць аўтарка. І гутарка не толькі пра школу ці ўніверсітэт, але і пра самаадукацыю, і пра дадатковыя адукацыйныя праекты.
Пра акуратна прыхаваную оду адукацыі мала задумваешся, пакуль чытаеш кнігу. Але калі пералічыць сферы, пра якія Ева Вайтоўская расказвае на фоне развіцця падзей, то можна здзівіцца. Гэта і філалогія, і геаграфія з гісторыяй, і геапалітыка, і псіхалогія, і кулінарыя. Атрымліваецца альтэрнатыўны даведнік пра навучальныя ўстановы, спецыяльнасці і прафесіі (з акцэнтам на факультэтах БДУ).
«…смешыць тое, што ў нас у Беларусі гэта ўсё вельмі ўмоўна. Адзін неасцярожны рух — і ты эліта. Вось калі казаць пра ўнівер, то чым іншым можна патлумачыць тое, што філосафы гнабяць гісторыкаў, журналісты — філолагаў, а міжнародныя адносіны — усіх разам узятых? Па мне — дык толькі прагай «людзьмі звацца». У многіх няма ўнутранага стрыжня, таму самасцвердзіцца можна толькі за кошт іншых. І асабліва на першым курсе, калі ўсе гэтымі баламі цэтэ мераюцца. Па мне, дык розніцы паміж узроўнем студэнтаў у нас на гуманітарных факультэтах няма ніякай. Розніца толькі ў амбіцыях».
Другая кніга «Гарэзлівага пацалунку» яшчэ і вельмі літаратурная. У першай кнізе Соня і Максім чыталі і нават абменьваліся кнігамі, але цяпер усё сур’ёзней, бо Соня паступіла на філфак. У тэксце багата спасылак як на класічныя, так і на сучасныя літаратурныя творы. Напрыклад, жыццё факультэта аўтарка тлумачыць праз гумарыстычны тэкст «Міфы і легенды філфака», створаны адной са студэнтак на падмурку грэцкай міфалогіі.
«Дэканат Астма называла Алімпам, дэкана — Зеўсам, яго намесніц — Герай і Афрадытай. Расклад заняткаў называўся Залатым Руном, пампезныя філфакаўскія сходы — Сцылай і Харыбдай. Актавая зала была Парнасам, бібліятэка Аідам, які вартавалі лютыя цэрберкі-бібліятэкаркі… Дзяўчат філфака Астма падзяляла на дрыяд і эрыній. Гэтая «бінарная апазіцыя» пайшла ў народ і была вядомая нават першакурснікам, якія пакуль не чыталі «Міфаў і легенд».
А яшчэ Соня амаль выпадкова становіцца ўладальніцай найноўшай кнігі Сяргія Жадана, якую проста са Львова прывозіць дырэктар кнігарні «Шуфлядка». Падзяліўшыся кнігай з філфакаўскімі аматарамі ўкраінскага паэта, яна здабывае новыя знаёмствы і становіцца паважанай асобай. А Жадан пасля яшчэ не адзін раз узнікае на старонках кнігі, дапамагаючы адцяніць і заглыбіць падлеткавыя эмоцыі.
«У гэты момант Соня зразумела, кім хоча быць. Яна хоча быць нічым — істотай без мінулага і будучыні. Чалавекам, які ні ад каго і ні ад чаго не залежыць. Яна хоча выпасці на гэтую зямлю снегам надзеі з верша Сяргія Жадана…
Людзі самотныя, — кажа, — гэта ж было заўважна адразу.
Больш за тое, самота іхняя ёсць для іх сутвай самою.
Таму хай будзе пара, калі важна збірацца разам.
І хай тую пару яны называюць, скажам, зімою…»
У сярэдзіне кнігі студэнты едуць важатымі ў экалагічны летнік на Віліі. Гэтая частка крыху выбіваецца з агульнага аповеду, але і мае свае важныя функцыі. Напрыклад, дае магчымасць пагаварыць пра Беларусь. Тут будзе ўсяго патроху і ненавязліва: моўнае пытанне, лёгкая іронія ў адрас апантанага неафіцтва, розніца паміж беларусамі і ўсходнімі суседзямі.
«У экафондзе нікога не прымушалі размаўляць па-беларуску, але падавалі прыклад. Нехта перайшоў на беларускую мову ў летніку з іншымі важатымі, а з дзецьмі дачыняўся на звыклай для іх рускай — як Кубліцкая ці Ротмістрава. Канькова і Каланіцкі зрабіліся цалкам беларускамоўнымі — увайшлі ў мову адным махам, як у раку. «Мы даўно гэта абмяркоўвалі, але трэба быў стымул», — казалі яны».
Соня тут — распаўсюджаны беларускі кейс: яна б і хацела беларусізавацца ў летніку, але баіцца нарабіць памылак. Ева Вайтоўская, дарэчы, нікога не асуджае, проста паказвае, як яно бывае. Але ёсць адзін персанаж, над якім аўтарка ўсё ж добра іранізуе. Гэта Яраслаў — апантаны беларушчынай доктар-інтэрн са Смаленску. Прыгожы, статны, але не надта разумны хлопец, мара якога — знайсці сабе дзяўчыну-беларуску.
«Нарэшце смаленскі аратар заявіў, што кожны сумленны беларус мусіць адраджаць традыцыю не толькі мовай, але і паводзінамі ды стылем — не мацюкацца, быць абыходлівым з усімі, не грубіць старэйшым, насіць адзежу з этнічнымі элементамі ці хоць бы патрыятычнымі цытатамі…»
Круцей за ўсё аўтарка пакпіць з Яраслава з дапамогай творчасці Уладзімера Арлова. «Кандыдат у беларусы» ў захапленні ад «Дзесяці вякоў беларускай гісторыі». У адказ на гэта Максім Статкевіч цытуе яму фрагмент «Краявіду з ментолавым пахам» як прыклад эратычнай прозы пісьменніка. І дадае: «…усё ў парадку: ты два гады як беларус, і таму чытаеш творы Арлова для дзяцей. А я — васямнаццаць гадоў як беларус, і мне ўжо можна творы Арлова для дарослых». Не ведаю, ці зацікавяцца пасля такога маладыя чытачы гістарычнай прозай Арлова, але вельмі магчыма, што зацікавяцца эратычнай.
Тэма адрознення беларусаў ад некаторых сваіх суседзяў усплывае ў «Гарэзлівым пацалунку» не адзін раз. У чытачоў ёсць магчымасць параўнаць беларусаў і з расейцамі, і з украінцамі. І нават з татарамі. У кнізе ёсць прынамсі некалькі каларытных персанажаў з усходняга боку: гэта і дачка алігарха, які вярнуўся на зямлю продкаў з Расеі; і ўнучка татарскага нафтавага магната, якая ўпершыню прыязджае ў Беларусь; і напалову беларуска Алеся, якая добра ведае беларускую мову і гісторыю, але з пэўных прычын прагне вярнуцца ў Маскву. Ёсць і дзеці ўкраінскага бізнэсоўца. Відавочна, што ў аўтаркі не стаіць задачы падкрэсліць перавагу беларусаў над іншымі альбо наадварот неяк іх пакрытыкаваць. Задача хутчэй паказаць адрознасць, а можа нават і ўнікальнасць беларусаў, даць нагоду ганарыцца сваім. І гэта, як мне падаецца, важная рыса для літаратуры, арыентаванай на моладзевую аўдыторыю.
У Евы Вайтоўскай атрымалася яркая і насычаная гісторыя, пры гэтым — вельмі станоўчая. «Гарэзлівы пацалунак» — з тых кніг, у якія можна схавацца на некалькі дзён ад рэчаіснасці, са смакам паперажываць за герояў з унутранай упэўненасцю, што ўсё ў іх урэшце будзе добра.
Аўтарка шмат у чым абапіраецца на свой уласны досвед студэнцтва — студэнцтва міленіялаў, а не маладзейшых зумераў. Але амаль усіх нас у падлеткавыя і студэнцкія гады хвалюе базавы камплект пытанняў: выбар свайго шляху, адукацыя, рамантычныя адносіны, наяўныя ці адсутныя сябры, адносіны з бацькамі. Менавіта да гэтых тэм і звяртаецца Ева Вайтоўская.
Зося Лугавая.
Першая кніга была такой відавочна экзальтаванай, што я так і бачыла перад вачыма тую мангу, з якой яе пісалі, не беларускіх школьнікаў, а герояў з агромнымі вачыма і перабольшанымі эмоцыямі і дрыжачымі вуснамі. І гэта не падабалася. А другая частка вышэй на цэлую галаву.
Героі пасталелі, і хоць паразумнелі не адразу, але перасталі бясіць і вычварацца (амаль). Аўтар уклала больш душы ў кнігу, тут ужо відавочна многае сваё, а не запазычанае з японскага мульціка. Асабліва частка пра лагер вельмі лірычная. І ўвогуле ўсё добра.
Вельмі радая, што не закінула пасля першай кнігі, гэтая рэальна спадабалася на 5 зорак.
__________________________
Вельмі лёгка чытаецца кніга, хоці і сюжэт пакручасты, і герояў зашмат. Хіба ж так яно і ёсць у юнацтве, ведьмі шмат чаго адбываецца. Але ў гэтым віры ў рэшце рэшт знаходзіш сябе. Гэта кніга пра вельмі пяшчотны ўзрост. Аўтарка выпісвае Соню, галоўную гераіню, вельмі яскрава. Астатнія, хіба, ідуць фонам. Героі мужчыны нейкія празмерна таксічныя. Але я радая б была прачытаць пра іх такіх даступнай мне мовай падлеткам і не толькі з праграмнай літаратуры. Класна, што ў беларускіх падлеткаў такая магчымасць ёсць!
📚Другая кніга – гэта першы курс БДУ (Соня паступіць на філфак, Максім – на інавацыйную Брытанскую праграму пры эканамічным факультэце), экалагічны летнік і пачатак другога курса, калі Максіму давядзецца ратаваць бацькаў бізнэс.
💔Я не ведаю, як успрымаюць “Гарэзлівы пацалунак” сучасныя школьнікі і студэнты, ці падобна гэта на тое, што адбываецца з імі. Але гэта дакладна падобна на тое, што адбывалася са мною +/- 20 гадоў таму. Гэта бадзёрыць і маладзіць :). Соня Сінічка ўляпваецца то ў адну трасцу, то ў іншую, Максім паводзіць сябе пераважна як зас*нец, а аднакласнікі, сябры і сваякі толькі саломы ў агонь падкладаюць.
🙈Напэўна, я б так і чытала “Гарэзлівы пацалунак” як пра сябе, калі б у таты Віці не здарыўся інфаркт і аўтрарка не паведаміла б, што таму было крыху за 40. Тут і скончыўся амаладжальны эфект і рэчаіснасць зірнула мне ў твар. Бо крыху за 40 са мной здарыцца ўжо даволі хутка 😅
👌Калі шукаеце лёгкага і захапляльнага чытва – то дужа раю. На любы ўзрост.