18+
Калі пачынаць развагі здалёк, чаго бракуе беларускай літаратуры – спіс атрымаецца вялікім. З аднаго боку, многае ёсць, і кніг хапае, і літаратуры, але адначасова шмат чаго бракуе. Напрыклад, сучаснага мастацтва. Што я разумею пад гэтым словам? Мастацтва – гэта тое рэчыва, што здольнае змяніць чалавека. Калі на выхадзе крыху іншы чытач, чым быў на ўваходзе, нават на гамеапатычны адсотак. Тое, што робіць унутраны свет чалавека шырэйшым.
Нашы кнігі занадта хочуць усё разжаваць і пакласці ў рот. Нагадваць пашыраны пераказ артыкула ў вікіпедыі. Каб чытач не выходзіў з зоны “прыгадванняў і прыпамінанняў” (тэрміналогія Пукста). А мастацтва адметнае нейкай разбуральнай інтэнцыяй, калі ў звыклы наратыў дадаюць колькі ўздзеянняў. Чыстае мастацтва – калі нічога папсовага (ніякіх “прыгадванняў і прыпамінанняў”) ад самага ўваходу да выхаду, на якім чакае здзіўлены чытач. Як Акудовіч казаў, што эсэ – гэта калі ты становішся пад плыней думкі ці плыней свядомасці як пад вадаспадам і падстаўляеш далоні, і набіраеш прыгаршчамі, гэта і ёсць эсэ, так мастацкая літаратура гэта стаянне пад вадаспадам прыгажосці, а канчатковы тэкст – гэта ўжо пра тое, хто як здольны сябе паводзіць усярэдзіне гэтай вясёлкі.
Мастацкая літаратура задае пытанні пра прыроду літаратуры. Той, хто навучыўся пісаць, болей не задае пытанні, мастацтва робіць той, хто не навучыўся, хто вучыцца, хто цікавіцца прыродай літаратуры, яе сутнасцю, хто ставіць вопыты над успрыманнем. Мастацтва – гэта тая ж навука, але навука ўнутранага свету, навука прыгажосці, фізіка і хімія ўспрымання, матэматыка любові. Як сам па сабе ток не можа нічога рухаць, а рухае за конт электрамагнітных асаблівасцяў некаторых металаў, там і мастацтва нічога не рухае, толькі за конт магнітных асаблівасцяў свядомасці. Чаму мастацтва вобмаль у роднай літаратуры – таму што кожны пісьменнік намагаецца спадабацца таму богу, у якога верыць. Для кагосьці гэта бог славы і грошай, ці “поспеху”, для кагосьці – бог літаратуры і мастацтва. Калі першага болей, значыць, такі у нас стан грамадства.
Літаратура – усяго толькі гульня дарослых дзяцей, і чаму некаторыя дзеці вырастаюць такімі нуднымі – складанае сацыякультурнае пытанне. У любым выпадку мастацтва – гэта тое, што бярэ на сябе місію расштурхаць: гэта ж усяго толькі гульня! Не будзь такім нудным! Мы хутка памрэм! Але сярэдні беларускі аўтар занадта паслухмяны дзіцёнак і не пакідае пясочніцу, каб пабегчы з вар’ятамі-авангардыстамі шукаць на сметніку дэвайсы для самага ачмурэннага шалашу ў свеце.
Тым не менш, лёгка сказаць, складана зрабіць. На шляху пабудовы мастацкага твора прыхавана нямала камянёў. Калі мы пакідаем за дужкамі творы, якія патрабуюць мастацкай праўды, каб уключыць знакаміты “кінаапарат” у свядомасці, блізкія да успрымання сярэдняга чытача, і прымемся за высокі мадэрнізм, стылістычна складаныя творы, дзе асобы аўтара і чытача-назіральніка раскладзеныя на авангардныя кавалкі, чыя задача, напрыклад, стварыць такі сказ, падобнага на які яшчэ не было ў беларускай літаратуры, як у “Значных днях” Цімура Кудзеліча, то што стаіць за гэтымі стылістычнымі выябонамі? Ці трэба, каб увогуле штосьці за імі стаяла? Чытач не знаходзіць уцямнай гісторыі, як-кольвек зразумелага нарматыву.
Як у шматлікіх кнігах “высокага мадэрнізму”, каб зразумець, што адбываецца, прыходзіцца перачытваць папярэднія старонкі, а я, шчыра прызнацца, не аматар такой справы, я люблю каб кніга сама тое рабіла за мяне, але гэта набліжае Кудзеліча з некаторымі інтэлектуальнымі замежнымі аўтарамі, якіх, бывае, зрэдчас усё ж перакладаюць на рускую мову у адной серыі са смеццем, якое, затое, масава чытаецца і добра прадаецца. Сапраўды, каб у нас было болей золатавалютных рэзерваў, і Цімур Кудзеліч быў бы Цімаці Кудзелітц, а герой кнігі Міхал Сцяпан (прозвішча як ва Ўладзіміра Сцяпана!) быў бы які-небудзь Майкл Скейн, можна сабе ўявіць гэтую кніжку выдадзенай АСТ пад маркай інтэлектуальны бэстсэлер, яны б яе прадавалі як маладога перспектыўнага авангарднага аўтара той самай краіны з золатавалютнымі рэзервамі і блёрбам кшталту “маладая гераіня Вера Верас прыязджае ў беларускае мястэчка Заслаўе, дзе трапляе ў канфлікт. Асабістая драма паступова вырастае ў нешта большае, прыгарадная чыгуначная станцыя пераўтвараецца ў міфічны бераг жыцця і смерці. “Значныя дні” – раман-міраж, паэтычны і пераліўчаты…” Падобна на тую прастору, куды марыў трапіць Марціновіч, але не здолей выйсці з кіношнага, нарматыўнага кірунку.
Але гэта толькі на першы погляд. Для таго, каб трапіць у гэтую прастору, патрабуецца штосьці крыху большае, чым ні на што не падобныя сказы. Пажадана мець тое, што Хармс, а следам і Сарокін называлі “чысцінёй унутранага строю”, то бок ладную эстэтычную сістэму, і гэта ў рамане таксама прысутнічае, хоць і ў даволі шырокім выглядзе, што робіцца зразумела напрыканцы. Сінтэтычны, “ад розуму” стыль зроблены на шматлікіх паўторах, прагаворваннях адных і тых жа відавочных падрабязнасцяў, быццам у аўтара разлад асобы і адразу тры ці больш яго постаці-расказчыка б’юцца паміж сабой, хто будзе расказваць той ці іншы кавалак тэксту ці сказ, альбо нават у межах аднаго сказу перахапляюць мікрафон і паўтараюць тое, што было сказана да іх, каб дадаць новых падрабязнасцяў.
Адначасова з гэтым мноства “быццам істотных” кавалкаў, дэталяў і падрабязнасцяў выкідаюцца ці прапускаюцца за неістотнасцю, і не для таго, каб зрабіць тэкст больш цьмяным, а каб сягнуць таго самага высокага авангарднага градусу. Ёсць кавалкі, у якіх тэкст гэта робіць, сягае высокага авангарднага ўзроўню, калі мармытанне пераходзіць у штосьці нечакана сапраўднае, асабліва калі гаворка ідзе пра жыццё і смерць, рэчы, пра якія што ні скажаш, будзе гучаць надта пафасна і нешчыра, акрамя авангарднага мармытання, якое адное толькі і здольнае закрануць выток тых самых жыцця і смерці. Але бывае, што аўтар вынаходзіць нейкі прыём і пачынае злоўжываць ім без меры (як прапусканне нейкіх неіснуючых кавалкаў тэксту з паўтарэннем маркеру – “неістотна”), ці навязліва выкарыстоўвае сінанімайзер, слоўнік сінонімаў, бо не можа выбраць неабходнае беларускае слова, і гэтае патуранне сінонімам, прыёмам і ўвогуле самой тэкставай плыні сведчыць аб тым, што аўтар ішоў на павадку ў імгненных словаў, не зважаючы на цэласнасць уражання.
Але такім творам цэласнасць і не патрэбная. Бо высвятляецца, што па сутнасці, гэта нават і не раман. І нават не сабраныя разам амаль не звязаныя паміж сабой аповесці і апавяданні, як у “Сабаках Эўропы” ці найноўшай кнізе Анціпава. Тэкст разбіты на часткі і на раздзелы, але мала таго, што ў іх розныя стылі і героі – некаторыя складаюцца наўпрост з малюнкаў і фатаграфій. Напрыканцы раздзел з каментарамі да асноўнага тэксту, як і мусіць быць у сапраўдным сучасным постканцэптуалісцкім творы (пачакайце выбуховую паэму “Кабайн” ад суполкі ГНОЙНЫ КАЎЧЭГ, пабачыце, як гэты прыём можна вычарпаць да канца). Між тым праз іх праходзіць выразна чытэльныя гісторыя, ад якой, праўда, залішняга наратыву чакаць не прыходзіцца. Не раман, не зборнік аповедаў, але кніга. Арт-праект.
Негледзячы на высокае валоданне словам і лоўкую стылістычную эквілібрыстыку прыстунічаюць і памылкі, кшталту будынка формы неідэальнага квадрата, а з імі там-сям вылазіць і той самы славуты нізкі ўзровень свядомасці, якім праславілася наша літаратура, але гэта заўвага да рэдактара у тым ліку. Увогуле люблю тэксты, з якіх не хочацца выкідаць лішніх слоў, і вочы не імкнуцца прапускаць абзацы і сказы, таму мне было бы цікава, як можна было б давесці рэдактурай да такога стану і гэтае авангарднае мармытанне. Не ведаю, колькі тут любові да літаратуры, а колькі прагі дамінаваць, ад якой я імкнуся пазбавіцца. Але ж рэдактару без яе нікуды, у рэдактарскім куце хай і жыве.
Так склалася, што Джойса ўсе чыталі і чытаюць, і нават хтосьці палюбіў, а крыхунедаджойсаў ці каляджойсаў кшталту э.э.камінгса амаль зусім не, але ж менавіта пра гэтага аўтара я ўзгадаў, калі чытаў “Значныя дні”. І так атрымалася, што на сёння мы маем у гэтым тэксце адзін з самых авангардных беларускіх раманаў, пад белай непрыкметный вокладкай і незаўважнай назвай хаваецца тэкст, які сягнуў далей і Вішнёва, і ранняга Сіна, таму трэба чытаць, хаця б паспрабаваць, калі ёсць імпэт да такой літаратуры (“староннім уваход забаронены”), рабіцца шырэйшымі заўсёды ёсць куды.
Ну і напрыканцы нагадаю, што ўсе мастацтвы – інтэрпрэтацыі літаратуры, хоць вам і будуць ворагі літаратуры, нечытэльныя ды непісьменныя людзі даводзіць, што ўсё наадварот. Але ж гэта Нолан здымае Адысею, а не Гамер піша навелізацыю Нолана. І так назаўжды.
Сам не чуў, але пішуць, што Віктар Жыбуль кажа пра кнігу такое:
Кропка, вакол якой круціцца ўвесь сьвет рамана „Значныя дні“, — Беларусь. Так называецца чыгуначная станцыя ў горадзе Заслаўі. На ёй стаіць звычайная грамадзкая прыбіральня. У якой адбываюцца даволі незвычайныя рэчы. Кропка, дзе пераплятаюцца рэалістычнае і фантазійнае. Умоўны сьвет, упісаны ў канкрэтную тапаграфію. Рэчаіснасьць, непадлеглая „нармальнаму“ апісаньню. Жыцьцёвыя і тагабочныя пэрсанажы. Наўмысна „няправільная“ мова аповеду. Ненарматыўны сынтаксіс. Зьменлівы тэмп. Гратэск і гіпэрбалы. Прывідныя алюзіі. Апавядальнік, раствораны ў сусьвеце. Людзі, ператвораныя ў Словы. Нават. Таксама. Падказкі, папраўкі й кпіны „закадравага“ камэнтатара. Малюнкі і фотаздымкі як ілюстрацыі ці… як замена самога тэксту?.. Рэалізм, сюррэалізм, пуантылізм і яшчэ цэлы жмут -ізмаў у адным фляконе. Перакідныя масткі ў авангард, рэнэсанс і лубок.
Раман Цімура Кудзеліча — пра страх і ачмурэньне, безвыходнасьць і пробліскі надзей. Сапраўдныя дні. Шчасьлівыя дні. Значныя дні. Іржавыя дні.
Далей, ва ўнутар, — Уваход.
Колькі даводзілася чытаць, ніколі не сустракаў такую рэчаіснасць, якая б не падлягала “нармальнаму” апісанню. Таму пры ўсёй павазе да Віктара Жыбуля і аўтара тэксту Цімура Кудзеліча, спытаю: а зачэм? Хоць, мушу пагадзіцца з тым, што маё пытанне больш чым бязглуздае, бо хто пытае стваральніка, чаму ён робіць менавіта так, а не іначай?
Ды круціцца ў галаве пры чытанні: навошта спатрэбілася рэальна нерэальная лексіка і стылістыка, той самы не-нар-матыўны сінтаксіс? Хай сабе будзе сюр, але ж і сюр можна апісаць простымі словамі, а тут маем сюр-тэкст, якім аўтар спрабуе апісаць сюр-рэальнасць. Ці рэальную рэальнасць, даведзеную да абсурду апісаць гэтак жа абсурдна?
Сказ і абзац – як чарговае і бесперапыннае заданне адказаць на пытанні: што, дзе, навошта, таму што без гэтага разумення чарговы сказ пераўтвараецца ўвогуле ў бяссэнсавую канструкцыю, мала падобную на літаратурны сказ.
Правакацыйныя зноскі, якія хіхікаюць над тваёй спробай зразумець крышку больш за камарыны нос. Якія выглядаюць на першы погляд здзекам над чытачом, абяцаючы нейкае тлумачэнне, ды яшчэ далей зводзяць у дурман тэксту. Якія адначасова льга ўдумліва пачытаць, каб зразумець пра што кніга, і забыцца на жаданне прачытаць сам тэкст, і не адчуваць ад гэтага ні кропелькі згрызот:
25. Сьпісам:
Спадарыня Верка Верас хацела, каб спадар Міхал Сьцяпан даверыўся.
2. Спадарыня Верка Верас хацела, каб спадар Міхал Сьцяпан упэўніўся.
3. Спадарыня Верка Верас хацела, каб спадар Міхал Сьцяпан расчуліўся.
4. Спадарыня Верка Верас хацела, каб спадар Міхал Сьцяпан закахаўся.
5. Спадарыня Верка Верас хацела, каб спадар Міхал Сьцяпан падзяліўся.26. Неістотна.
27. Неістотна.
Мне не зайшло, то праўда. Пасля “Пацукоў” чакаў ад аўтара нечага падобнага, што зацягне хоць бы сваёй неверагоднасцю агіды і брыдот. Але да такіх моўных эксперыментаў я быў, прызнаюся, не гатовы. Магчыма, у нейкі іншы час, пры іншым настроі, тэкст падасца “сваім”, не будзе раздражняць сваёй будовай. Тым больш, нейкі унутраны рытм, нават больш – быццам нейкая мелодыка тут існуюць.
Пры ўсім мусова прызнаць неверагодную працу аўтара – больш-менш нармальна ў нас кожны дзявяты з дзесяці напіша, а вось так – пытанне:
Спадар Міхал Сьцяпан слухаў утроху.
Спадар Міхал Сьцяпан распавёў спадарыні Верцы Верас, хто ён, адкуль ён і гэтак далей.
І гэтак далей, каб той кот, халера, неістотна, халера, здох, каб яго халера, ён здох, дурны кот і гэтак далей.
Я ня буду неадкладна сыходзіць, дакладней, ці я магу пачакаць ці яшчэ дапамагчы, ці яшчэ пасядзець тут і дапіць свой гэты чай, — але кот паглядзеў спадару Міхалу Сьцяпану дакладна ў вочы й гэтак атрымалася далей.
І так, далей, яшчэ адным наступным днём, спадарыня Верка Верас намэтна ішла да спадара Міхала Сьцяпана ў азначанае мейсца, каб зь ім там стрэцца і, гледзячы проста ў вочы, запытацца: чаго ён так баіцца?
Чаго вы так баіцеся?
Спадар Міхал Сьцяпан адвярнуў галаву — у ніжні кут.
Чаго вы так баіцеся?
Спадар Міхал Сьцяпан закрычэў.
Ката!
Спадар Міхал Сьцяпан зарумзаў.
Ката.
У кожным выпадку варта адзначыць адно: спроба аўтара стварыць тэкст, які дагэтуль не быў створаны, атрымалася. Тэкст, які не будзе чытаць, мабыць жа, тыя ж дзевяць з дзесяці нармальных чытачоў, бо ж тая самая наша нармальнасць, што б ні казалі, грунтуецца на класічным фундаменце пабудовы.
Наконт азначанага пуантылізму ў творы… Наўрад ці можна адно механічным паўторам слоў і сказаў забяспечыць наяўнасць метаду. Наколькі я зразумеў з прачытанага, менавіта ў музыку пуантылізм прыйшоў як паўторы пэўных кавалкаў. Тэхніка паўтораў у тэксце выклікала напачатку ў мяне недзе нават лёгкае раздражненне, хоць, трэба прызнаць, у асобных частках (прыкладам: маці і Валя) дапамагала ствараць асаблівую цягучую атмасферу. Зразумела, варта ўлічваць менавіта маю суб’ектыўнасць. З другога боку, ёсць пуантылізм у жывапісе, дзе чыстыя фарбы з-за тэхнікі нанясення (маленькімі мазкамі, кроплямі) ствараюць самыя розныя адценні. Сустракаем такое і ў сярэдзіне кнігі:
Я бяру валізу, выключаю сьвятло: я пабег?
У мэтро: я сеў на цягнік да вакзала.
У вакзале: я трошкі пачакаў і сеў на цягнік да Гудагаю.
Электравік Менск — Гудагай: я ўмасьціўся паміж старымі-на-лецішча.
Ждановічы: мне прадалі абразок Боскай маці з малітвай на адваротным баку — мне не было чым заплаціць.
Менскае мора: мне стала невыносна душна за адсутнасьцю кандыцыянэра.
Крыжоўка: люблю.
Зялёнае.
Станцыя Беларусь: пераймальная жудасьць ахутала ўсё наўкол, страшна нават схавацца.
Ахутаны жудасьцю і прасякнуты здранцьвеньнем: я.
Не заўважыў: праехаў Баяры.
Я праехаў яшчэ Маладэчна: мінуў вялікі (катоўскі?) горад.
Добра гэта напісана, ці перадае унутраны стан героя і ўсё іншае вакол яго, судзіць чытачу. Зазначу адно: такое мае права быць. І вымагае немалой працы, калі ўлічыць, што такім чынам напісана не адзін дзясятак старонак.
Прызнаюся, чакаў нечага большага (ці наадварот – меншага у сэнсе прасцейшага) ад Цімура Кудзеліча, але ж трэба помніць, што аўтар не абавязаны адпавядаць etc. Некаму, зразумела, і зойдзе цалкам гэты тэкст, нехта зможа разгледзіць і зразумець графічную частку (вось што ў мяне не атрымалася, праўда.)
Кожны аўтар сам абірае свае шляхі удасканальвання і росту. Відавочна, Цімур Кудзеліч не тое што рызыкаваў, ён, мабыць жа, прадбачыў, што ягоная новая кніга выкліча больш няўцямнага паціскання плячыма, чым ухваленых “Ваў!”. І гэты крок – крок сваім шляхам, а не прадыктаваны чаканнямі чытачоў і абяцаннямі сітуацыі, выклікае павагу. Зрэшты, калі ведаць упадабанні Кудзеліча, тую літаратуру, якая яго цікавіць і натхняе, то зусім не дзіўна, што ён – у пошуках сваёй авангарднай оптыкі і сваіх механізмаў для канструкцыі тэксту.
Ну а я да кнігі, найхутчэй, яшчэ вярнуся. Нечым яна прыцягвае, мо і сваёй няпоўнай разгаданасцю для мяне, і як усё новае ў беларускай літаратуры.
В. Г.