Валадар пярсцёнкаў. Брацтва пярсцёнка. Дж. Р. Р. Толкін (Ігар Кулікоў)

Валадар пярсцёнкаў. Брацтва пярсцёнка. Дж. Р. Р. Толкін (Ігар Кулікоў)Та-дам! Я дачытала першую кнігу “Валадара пярсцёнкаў”. Калі вас раптам абмінула, то: ужо ўсе тры часткі выйшлі і ёсць у продажы.

📗 Здаецца, ну што ты скажаш пра Толкіна і “Валадара пярсцёнкаў”? Але такая кніга па-беларуску напраўду падзея. І казаць пра яе варта.

✨ Я ўпершыню прачытала “Валадара пярсцёнкаў” у 30 гадоў, з 3-месячным сынам на руках. Ратавала свае хранічна невыспаныя глузды фэнтэзі 😅 Гэта быў адзін з расейскамоўных перакладаў, цяпер ужо і не скажу, які канкрэтна. Але ж пачалося ўсё нават не так. Спачатку я прачытала біяграфію Толкіна аўтарства Хамфры Карпентэра (я люблю біяграфіі пісьменнікаў) і пасля яе зразумела, што настаў час прачытаць сагу.  І яна мяне захапіла.

📚 Беларускі неафіцыйны пераклад я не чытала, затое, пабачыўшы абвестку выдавецтва “Янушкевіч”, стала чакаць пераклад афіцыйны. Да таго ж перакладчыкам быў названы Ігар Кулікоў, і гэта значыла, што ніякіх выпадковасцяў і недарэчнасцяў у тэксце не будзе. Так і сталася.

👌🏼 Я ўжо паспела пачуць меркаванні, што беларускі пераклад – складаны. Маўляў, даводзіцца прадзірацца. Калі шчыра, я гэтага не адчула. Па маіх адчуваннях, ён менавіта такі, якім мусіць быць пераклад Толкіна. Пасля яго біяграфіі, дзе было шмат увагі (а як інакш?) нададзена ролі моваў у жыцці аўтара-лінгвіста, я разумею: там мусяць быць моўныя цікавосткі і вынаходкі. І калі чагосьці з гэтага не было ў рускамоўных перакладах, праз якія большасць з нас упершыню знаёміліся з кнігай, то гэта не значыць, што і ў Толкіна гэтага няма.

📝 Дарэчы, на goodreads багата англамоўных водгукаў пра тое, што кніга нудная, кніга расчаравала, чытаць складана. Карацей, Толкін – гэта аб’ектыўна не лёгкае чытво. Ведаючы гэта, я не чакала, што буду ляцець па тэксце, таму нават здзівілася, як прыемна чыталася кніга. Мне было цікава сачыць за тым, як Ігар Кулікоў пераклаў імёны, назвы, як у яго гаворыць Сэм, а як эльфы. Кажуць, ў оркаў таксама адметная гаворка, але я пакуль да яе не дачытала.

kniznyja_razmovy

Пакінуць адказ