Зграя. Андрэй Андрыеўскі

Андрэй Андрыеўскі. Зграя.

📌 Верагоднасць таго, што хтосьці выратуе чалавека, які раптоўна апынуўся ў адкрытым космасе, роўная 1 да 2 у ступені 267709 – гэта мы ведаем праз Дугласа Адама. А верагоднасць таго, што тэкст пачаткоўца, пакінуты на вялізным кніжным партале, знойдзе сваіх чытачоў, яшчэ меней. Але ўсё ж не роўная нулю – гэта мы ведаем праз Андрэя Андрыеўскага.

📌 Скончыўшы школу маладога пісьменніка ў 2019-м, Андрэй Андрыеўскі вырашыў паўдзельнічаць у NaNoWriMo – амерыканскім марафоне, які прапануе любому ахвотніку напісаць за месяц твор даўжынёй мінімум у 50 тысяч слоў. Вынікам стала “Зграя”, якую сам аўтар ахарактарызаваў як “аповесць сноў”.

📌 ЗАВЯЗКА: Максім Строцаў самотна залівае вочы ў менскай кавярні, але раптам да яго падсаджваецца незнаёмая дзяўчына. Дзіўная з выгляду, яна расказвае яму гісторыю пра ваўкоў і сыходзіць. Прачнуўшыся раніцай, Максім разумее, што сніў працяг гэтай гісторыі. Больш за тое, пад пад’ездам яго ўжо чакаюць падазронага выгляду маладзёны, якім гэты працяг дужа патрэбны…

📌 Скончыўшы тэкст, Андрыеўскі даслаў яго на конкурс “Шуфлядка” – твор выйшаў у фінал, дзе саступіў другой частцы “Вольнераў” Валера Гапеева. А потым апублікаваў электронную версію на вялізным партале і пакрысе забыўся на яе. Аднак не забыўся Valer Hapeyeu, які адшукаў тэкст, высока ацаніў яго ды задаўся пытаннем: а што далей? І ўвогуле, куды маладому аўтару падацца са сваім творам? Як адзначае Валер, менавіта “Зграя” стала трыгерам для стварэння анлайн-бібліятэкі электронных твораў, дзе і быў апублікаваны яе адрэдагаваны тэкст.

📌 У пэўным сэнсе “Зграя” – гэта твор маёй мары. Ці бывала ў вас такое, што пасля доўгіх апісанняў (прыроды, напрыклад) міжвольна з’яўлялася думка: каб яны ўвогуле згінулі! Дык вось, твор Андрыеўскага гэтаму крытэру адпавядае максімальна – толькі дзеянні, толькі хардкор! Эфект ад гэтага спрэчны: сюжэт настолькі дынамічны, што перманетным экшнам можна перанасыцціца.

📌 Натуральна, што дэбютны твор мае пэўную дыспрапорцыю: сусвет людзей і ваўкоў, у якіх адбываюцца падзеі, прапрацаваны не аднолькава. Мне было цікава паразважаць над адсылкамі і паралелямі, аднак не хапіла глыбіні персанажаў. Разам з тым, не хочацца быць надта строгім: агулам аповесць можа і пазабаўляць, і справакаваць на роздумы, а гэта ўжо не так і мала.

📌 Пакуль што аповесць існуе толькі ў электронцы, аднак аўтар мае намер на выданне папяровай версіі. Зычу даць рады, а  таксама прапаную зазірнуць на lib.bellit.store – там ёсць як “Зграя”, так і іншыя ненадрукаваныя творы. Нашая ўвага спрыяе таму, каб аднойчы яны пабачылі свет 📚.

🏆 АДЗНАКА: 5 🌰 з 10.

homa_bellit


Што ж, вам трэба ведаць пра мяне два факты. 1️⃣ Я не люблю фэнтезі. 2️⃣ Я даўно не чытала кнігу, якая так моцна трымала мяне да апошняга радка. Чытала ўвесь вольны час і не адчувала эмацыйнай стомы.

⠀📕 “Зграя” Андрэя Андрыеўскага — гарадское фэнтэзі, падзеі адбываюцца ў Мінску 💜 і ў паралельным сусвеце, што населены зграямі ваўкоў.

⠀Мне тут хапіла ўсяго: і экшэну, і рэалізму, і псіхалагізму, і трывогі, і спачуванняў. Добры рэцэпт быў у аўтара! Мне даспадобы!

⠀Калі хочацца трохі паказытаць нервы або проста пачытаць што захапляльнае — бярыце.

⠀Фінал — шок.

⠀🌟 9/10

⠀У той электроннай версіі, што была ў мяне, шмат памылак. Гэта, на жаль, трохі абурае. Але лепш пачытаць харошую кнігу з памылкамі, чым зусім не даведацца пра яе.

Пазначка 12+, але я не раю чытаць у такім узросце: ёсць жорсткія сцэны.

volia_pisha.


Выдатная кніга пра паралельныя сусветы, надзею, адчай, адвагу. Падзеі адбываюцца ў Менску, а таксама ў сусвеце ваўкоў. Класічна разгортваецца сюжэт, але напружанне ад кульмінацыі проста зашкальвае. Напісана ладна, добра, героям — іх словам і пачуццям — верыш. Нечаканы фінал яшчэ больш абвастрае ўражанні ад кнігі.

Раю нават не-аматарам жанру, бо кніга не адпускае, хвалюе і адкрывае ў чытачы што новае.

 ollya11.


Пасля двух старонак чытання першае жаданне – знайсці аўтара і біць па руках і мяккім месцы. Бо тэкст не вычытаны. І тут вось што зразумеў: пэўна ж, не ўсе тыя, хто карыстае беларускую мову, ведаюць, што для Ворда можна знайсці беларускі слоўнік! І тады ён будзе правяраць арфаграфію, і тэкст будзе ўратаваны хоць бы ад такіх памылак, кшталту:

думка пра дзяoxsye з кавярні

Ну і далей, канешне, хапае таго, ад чаго даводзіцца крывіцца.

Прызнаюся, крывіўся я не надта доўга. Далей проста шкадаваў. І вось па якой прычыне.

Згадаў, дзе я чуў назву твора раней і прозвішча аўтара. Конкурс “Шуфлядка”. Той год, калі ў абойме фіналістаў апынуліся і мае Вольнеры, другая кніга. “Зграя” Андрыеўскага прайграла, мо і з-за мяне. Калі б выйграла – тэкст бы трапіў да добрага рэдактара, разам бы яны давялі да ладу… Бо нямала ў тэксце месцаў, якія льга і трэба шліфаваць, крышачку мяняць. Папрацаваць з мовай.

Бо ёсць жа што даводзіць! Шкада, не магу ўскрыкнуць: “Запомніце гэта імя!”, бо ж будзе плагіят, таму скажу ціхенька: аўтар – здольны. Таленавіты.

Не назваў бы тэкст фэнтэзі – настолькі тут прапрацавана ідэя, якая грунтуецца на пэўных фізічных законах. І хоць тое грунтаванне на ўзроўні дагадак і інтуіцыі, ніякага тлумачэння мы не дачакаемся, тым не менш, перад намі фантастыка. Тут падумалася: а чаму нам так хочацца заўсёды бачыць тлумачэнне? Помніце, першы фантастычны твор, у якім ніц не было зразумела – Стругацкія, “Краіна барвовых хмар”? Яно ж, урэшце, так і павінна быць: нельга вось так, сходу, зразумець чужую цывілізацыю. Таму што – іншае.

Андрыеўскі стварае не проста новы свет, але піша аб паралельных сусветах. З магчымым пранікненнем з аднаго ў адзін (сучасная тэорыя струн руліць!). Карацей, заблытана. Але створаныя іншыя сусветы… Яны прыгожыя. Яны цікавыя.

Да ўсяго, аўтар можа пісаць і ствараць. Таму іншасць – жывая. Хай вельмі неверагодная, але –сапраўдная. Гэта першы плюс на вагі.

Другі – дынаміка тэксту. Ну, проста не дае спыніцца, далібог. Вельмі дакладна, на нейкім сваім інтуітыўным узроўні, аўтар мяняе ракурс апавядальніка з сусвету на сусвет, з дзеі на дзею. Атрымліваецца – захапляльна. Не надакучвае чытаць.

Што прываблівае асабліва: аўтар не пачынае “філасофстваваць”, ён не ўводзіць у гісторыю новых герояў толькі каб пашырыць дзею і больш заблытаць ці дадаць тэксту. А гэтага іншым разам і баішся, бо ж сусветы, зграі – вельмі розныя, складаныя, тут насамрэч ёсць дзе разгарнуцца, тут прастора для інтрыг, тайн, нечаканасцей. Не, Андрыеўскі трымаецца галоўнай лініі і не загрувашчвае сваю гісторыю рознымі адгалінаваннямі, тут усё толькі тое, што насамрэч рухае сюжэт. Таму яна, гісторыя,  атрымалася максімальна канцэнтраванай, цэльнай. (Хоць, лёгка можна напісаць тры кнігі на аснове адной, праўда)

Трэці плюс – абсалютна новая канцэпцыя пабудовы сюжэту. Тут не непасрэдны ўдзел героя ў падзеях, а нешта ўскоснае і не надта выразнае, але менавіта гэты момант і цікавіць найбольш. Няма ў наяўнасці супер-пупер ваяра, які з нашага сусвету трапляе ў сусвет разумных ваўкоў і вучыць іх майстэрству вайны і “адным махам дзесяцёх забівахам”. Тут дастаткова слабы і няўпэўнены ў сабе малады чалавек, які сніць – і гэты сон якраз і мае значэнне. Бо ён, герой, – Апавядальнік. Але не просты.

Чацвёртае. Цывілізацыя ваўкоў вельмі ўражвае. Канешне, тут ёсць нейкая, можа, і наіўная  паралель з пабудовай чалавечага свету, але тыя ўласцівасці зроблены такімі праставатымі на першы погляд адмыслова. Грамадская пабудова розных зграй вельмі пераканаўчая, героі-ваўкі маюць свае характары, іх дзеянні псіхалагічна абгрунтаваныя і вывераныя.

…Аўтар прайграў у конкурсе “Шуфлядкі”. І не было яму каму падказаць, і сам ён не ведаў: а што далей з тэкстам? Ну, вось жа – завярнулі назад… І ён размяшчае яго, як ёсць, не адрэдагаваны, без позірку карэктара, на пэўны рэсурс. “Можа, хто пачытае…” Але ж пачыталі. І ацанілі.

Харошы тэкст. На жаль, ягоны памер – усяго ля шасці аўтарскіх лістоў – малаваты для адной кнігі, але… можна ж напісаць яшчэ адну гісторыю – і тады кніга будзе выдатнай. А што аўтар можа, тое несумненна. То трэба яго спаймаць, злёгку пабіць ды прымусіць ствараць.

В. Г.

 

Пакінуць адказ