Мінск на старадаўніх картах і планах. Ілля Андрэеў, Валянціна Андрэева, Павел Растоўцаў

Мінск на старадаўніх картах і планах. Ілля Андрэеў, Валянціна Андрэева, Павел РастоўцаўКалі мяне папрасілі скласці для аднаго інтэрнэт-партала невялічкія топы найлепшых беларускіх кніг, выдадзеных у 2021 годзе, я зразумела, што ў топ-5 нон-фікшн кніг у мяне недабор. Тады я вырашыла зірнуць, якія яшчэ цікавыя немастацкія кнігі выходзілі ў нас сёлета. Так і знайшла гэта неверагодна прыгожае выданне. Думала, што проста пагартаю, але так захапілася зместам, што не змагла адарвацца і прачытала цалкам.

Тэкставай часткі ў кнізе няшмат, асноўны змест кнігі, як і абяцае назва, складаюць акурат карты і планы. Нават калі вы далёкі ад гісторыі і геаграфіі чалавек, разглядаць гэта неверагодна цікава. Аўтары папрацавалі з архіўнымі і музейнымі матэрыяламі, мелі магчымасць зазірнуць у некаторыя прыватныя калекцыі, каб стварыць гэты альбом, які расказвае гісторыю нашай сталіцы пры дапамозе геаграфічных карт. Многія дакументы, апублікаваныя ў кнізе, друкуюцца ўпершыню.

Першыя згадкі знаёмых нам і існуючых па сёння тапонімаў мы сустракаем яшчэ на антычных картах. У гэтым альбоме можна ўбачыць Еўрапейскую Сарматыю на картах Пталамея. Гэтаму старажытнагрэчаскаму вучонаму, які жыў у першай палове ІІ стагоддзя нашай эры ў Александрыі, належаць першыя геаграфічныя карты, дзе мы бачым Усходнюю Еўропу. Менавіта Пталамей заклаў асновы сучаснай картаграфіі, бо прапанаваў прынцып пабудовы карт, які мы ведаем і сёння: каардынаты, сетка шырот і даўгот.

Што такое Еўрапейская Сарматыя? Гэта тэрыторыя паміж Чорным і Балтыйскім морам. Апошняе на картах фігуруе пад прыгожай назвай Сармацкі акіян.

Працамі Пталамея карысталіся і праз шмат стагоддзяў, яны неаднаразова выдаваліся і перакладаліся на розныя мовы. Здзіўляе, як раней людзі, нягледзячы на адсутнасць прывычных нам тэхнічных сродкаў, былі здольныя добра арыентавацца ў прасторы, разумець знаходжанне ўласна сябе ў гэтай прасторы адносна іншых лакацый. Ужо тады яны перасоўваліся на вялікія адлегласці ў ваенных мэтах і ўмелі мысліць маштабна.

Гэтая кніга не толькі цікавы дакументальны аповед, але яшчэ і неверагоднай прыгажосці альбом, які паказвае, як у розных кутках свету ствараліся абрысы гэтага свету, як землі нашай планеты ўяўлялі даследчыкі і падарожнікі з розных краін. Тут мноства разнастайных вельмі яркіх карт, па якіх можна падарожнічаць бясконца, бы ў машыне часу. Некаторыя можна ўбачыць у каруселі фота.

Калі Пталамееўская карта выглядае даволі падобнай да сучасных, то карты арабскага географа і падарожніка ХІІ стагоддзя аль-Ідрысі выглядаюць вельмі нязвыкла. Больш як аб’ект мастацтва, чым сапраўды функцыянальная рэч. Рэч у тым, што аль-Ідрысі адышоў ад прапанаванай Пталамеем сеткі з даўготамі і шыротамі. Ён падзяліў прамавугольнае поле паралельнымі лініямі на 7 кліматаў і 10 секцый. Праўда, гэтая карта і не мела ўплыву на развіццё геаграфічнай навукі.

Увогуле, з гэтай кнігі я адкрыла так шмат новага, што прымусіла задумацца: ці добра я слухала настаўніцу на ўроках геаграфіі? 🙂 Напрыклад, даведалася пра існаванне такога тэрміну, як Т-О карта. Гэта від сярэднявечнай карты, дзе Сусвет паказваўся круглым, дзяліўся на тры часткі лініямі, які ўтваралі літару Т, а ў цэнтры карты быў размешчаны Іерусалім. І гэтыя карты ўяўлялі сабой не сухую канстатацыю тапонімаў, а цэлыя міні-энцыклапедыі: там можна было знайсці біблейскія і міфалагічныя сюжэты. Зразумела, таму не заўсёды можна абапірацца на старажытныя карты, як на дакладную крыніцу інфармацыі. Але ў наш час нават проста глядзець на іх — ужо вялікае задавальненне.

Гэта грунтоўная кніга вялікага фармату з крэйдаванай паперай і каляровымі ілюстрацыямі. У канцы таксама прадстаўлены спіс літаратуры. Калі вы шукаеце кніжныя навагоднія падарункі, то гэта выдатны варыянт, калі нехта з вашых блізкіх цікавіцца тэмай. Кніга сапраўды вялікага фармату, можна параўнаць з маёй рукой на фота. Нават цяжка было трымаць, каб сфатаграфаваць 🙂

Ад карт Сарматыі ІІ стагоддзя да праекта-ідэі цэнтра Мінска (27 жніўня 1944 г.). Апошні сказ кнігі пасля гэтага плана сумна зазначае:

Планаў, падобных на гэты, было намалявана даволі шмат. Захавання гістарычнага цэнтра яны не прадугледжвалі.

P. S. Дарэчы, калі вы цікавіцеся не толькі сталічнай картаграфіяй, то можаце звярнуць увагу на альбом гэтых жа аўтараў “Брэст на старадаўніх картах і планах”, які выходзіў у 2019 годзе.

Xbohx.

 

Пакінуць адказ