Птушкі. Наста Манцэвіч

Птушкі. Наста Манцэвіч18+

Гэты танюткі зборнічак я ўгледзела на паліцы віленскай бібліятэкі @cytalnia ў Беларускім доме. Ведала пра яго і раней, але ў рукі ён да мяне не трапляў. Пра яго, напрыклад, ішла гаворка ў выпуску падкаста “Супердудко” з Настай Манцэвіч, што робіць @litradio_by.

📗 У зборніку некалькі кароткіх празаічных тэкстаў і з тузін вершаў. Тэксты розныя, і першыя нават крыху падманваюць чытача, бо яны святлейшыя і лягчэйшыя, чым наступныя. Адзін-два ўвогуле вусцішныя і пры гэтым дасканала-лаканічныя.

Увогуле ўся кніжка робіць моцнае ўражанне: яна маленечкая, але такая цэласная, яркая.

🐦‍⬛ Цэнтральнае месца тут у тэкста, які даў назву зборніку, – “Птушкі”. У ім аўтарка расказвае пра тое, чым яе пужалі (альбо чым яна пужала сама сябе) у дзяцінстве. І самае страшнае – гэта птушкі, якія сочаць за любым дзеяннем дзяўчынкі і пра ўсё расказваюць маме. І як гэтыя птушкі назіраюць за ёй (пераследуюць?) у дарослым жыцці. Проста нейкі Хічкок.

📌 “Я ўстала, зрабіла два крокі ўправа, прысела, устала, падышла да вакна, але птушкі былі нерухомымі, яны нібыта прыліплі да даху і не маглі зварухнуцца з месца. І я зразумела – вось яно – бегчы, назад, не азіраючыся. Не спыняцца.”

📝 Вершы таксама розныя, не ўсе ў мяне атрымалася адчуць і зразумець, але сярод іх ёсць той, які апошнім часам некалькі разоў прыгадвалі ў сеціве ў калялітаратурных абмеркаваннях. Я была радая сустрэць і пазнаць яго.

📌 Калі ў вачох цямнее,
мне хочацца проста ўкленчыць:
“О Божа, хачу да мамы!
да таты хачу на плечы…”
каб апынуцца ў дзяцінстве,
як колісь –
хавацца ў шафе
сярод кажухоў і шапак,
цукеркі цягаць з буфета
ды красці ў суседа слівы

…і быць маленькім і лёгкім,
і, ёб вашу маць,
Шчаслівым.

🖤 А яшчэ крануў верш пра тое, што хочацца жыць нават калі не хочацца жыць, – гэта штосьці вельмі мне блізкае. Бо нават у самыя-самыя чорныя моманты адчуваю, што жыць усё ж – хочацца.

👆🏼 А ў Насты Манцэвіч тым часам выйшла новая кніжка ў выдавецтве @pflaumbaum_publishing.

kniznyja_razmovy

 

 

Пакінуць адказ