СЭЛФІ НА ФОНЕ ЭПОХІ
(невялікі тэкст на палях кнігі Вікі Біран “Я танцую”, напісаны з такой жа пяшчотай, з якой канібал глядзіць на немаўля)
На стварэнне гэтага тэксту мяне падштурхнулі дзве прычыны. Першая выклікана неабходнасцю пераадолець супярэчлівыя пачуцці ад твора. Другую ж прычыну завуць Валер Гапееў. Перайначваючы бартаўскую тэорыю фатаграфіі пад літаратуразнаўчыя патрэбы, можна сказаць, што калі першая прычына ляжыць у сферы punctum — таго, што ўдарае і коле, выклікае эмацыйны водгук і дазваляе ўсталяваць асабістыя адносіны з творам, то другая прычына належыць сферы studium — таго, як твор упісваецца і ўспрымаецца ў кантэксце культуры, якая яго вырабіла, і што гэты твор можа сказаць пра гэтую самую культуру.
Punctum
Першы “ўкол” ад кнігі Вікі Біран, да пакалення якой я належу, быў звязаны з анонсам, які абяцаў гісторыю экзістэнцыяльнага “супрацьстаяння розным сістэмам: візавай, падатковай, памежнай, паліцэйскай, гвалту, традыцыяналісцкай і г. д.”. Здавалася, у сітуацыі недахопу аўтасацыябіяграфічных тэкстаў у беларускай літаратуры тэкст Біран можа стаць кропкай суаднясення з уласным досведам супраціву і сутыкнення з усімі гэтымі сістэмамі. Другі ж “укол” быў уколам расчаравання, выкліканым той неадпаведнасцю паміж заяўленымі аўтаркай мэтамі і вынікам, які атрымаўся. Вядома, тут будзе цалкам дарэчным успомніць беньямінаўскую тэзу пра тое, што твор — гэта заўсёды пасмяротная маска задумы. Іншымі словамі, заўсёды будзе прысутнічаць неадольны разрыў паміж жывой пульсуючай думкай і чорнымі літаркамі, якія кладуцца на паперу. Аднак гэта не адмяняе таго факта, што “Я танцую” ў большай ступені сведчыць пра саму аўтарку, чым пра сістэмы, з якімі ёй даводзіцца ўзаемадзейнічаць.
Не маючы на мэце дэвальваваць досвед Вікі Біран у яе барацьбе за шчасце, і нават наадварот — аддаючы яму належную павагу, я не магу пазбавіцца ад адчування, што аб’екты яе барацьбы не маюць выпукласці і глыбіні. Ствараецца ўражанне, што ў сваім тэксце аўтарка не даследуе сацыяльныя структуры і жыццёвы свет, у якія яна ўцягнутая, але толькі адзначае іх прысутнасць у якасці перашкоды для пераадолення. Машынерыя беларускай дзяржавы ва ўсіх яе праявах, няхай гэта будзе пошта ці турма, беларускі патрыярхальна-традыцыяналісцкі ўклад, свет заходнееўрапейскай бюракратыі, — усё гэта статычныя ці ў лепшым выпадку малапаваротлівыя дэкарацыі ў тым спектаклі жыцця, у якім удзельнічае аўтарка. І гэта гуляе не на карысць крытычнага пасылу тэксту Біран, паколькі замест разгляду механікі парадкаў прыгнёту яна, хутчэй, абмяжоўваецца іх найменнем: выказванні тыпу “радзіма — гэта сацыяльны канструкт” не тлумачаць амаль нічога.
На крытычным пафасе “Я танцую” адбіваецца таксама мова, якой аўтарка апісвае сваю барацьбу і ліхтугі. Сваё жыццё да трыццаці гадоў Віка Біран разгортвае перад чытачом як скокі з аднаго праекта на іншы і як бесперапынную актывісцкую дзейнасць. І піша пра гэта мовай неаліберальнага капіталізму. Мова гэта падпарадкоўвае багацце і шматграннасць жыццёвага досведу ідэалам эфектыўнасці і максімізацыі “прыбытку” ў тых ці іншых яе формах, а чалавечую суб’ектыўнасць трансфармуе ў аб’ект менеджменту і сэлф-менеджменту — яркім прыкладам гэтаму можа служыць тое, як аўтарка даволі неіранічна апісвае свае пятнаццаць сутак у турме летам 2020-га года ў катэгорыях “пункта ў актывісцкім рэзюмэ” і “магчымасці патрэніраваць навыкі стрэсаўстойлівасці”. Удала справіўшыся з усімі выпрабаваннямі і цяжкасцямі (што можа толькі цешыць!), аўтарка апавядае пра іх мовай неўратычнага неаліберальнага суб’екта. Суб’ект гэты лёгка ўзбуджальны, вельмі ўразлівы і эмацыйны — ён у пастаянным стрэсе, але разам з тым і ў пастаянных пошуках устойлівасці, ён “заганяе сябе як каняжка”, але каб пачувацца “крутышкай”.
У выніку ўся гэтая таропкая (на хуткасці x1,5 ці нават больш) рэфлексія пісьма Біран падштурхоўвае да думкі аб тым, што яе тэкст — гэта своеасаблівае сэлфі на фоне. Аўтарка сэлфі па змоўчанні прысутнічае, тады як фон, нават калі ён і адыгрывае важную ролю, аказваецца затушаваны. Віка Біран перамяшчаецца па розных лакацыях і кантэкстах, спрабуе паведаміць пра іх нешта важнае, але робіць гэта занадта паспешна і даволі нядбайна — і асабіста мяне гэта пакідае з пачуццём незадаволенасці ад яе тэксту.
Studium
Разам з тым сам факт наяўнасці гэтага сэлфі з’яўляецца важным, паколькі яно праблематызуе беларускую рэальнасць і яе нармальнасць. Калі дапусціць, што літаратары з’яўляюцца прадуктам і адлюстраваннем кантэксту, які іх сфармаваў, то рэакцыя пісьменніка Валера Гапеева на кнігу Біран можа падштурхнуць да таго, каб задумацца і паразважаць пра норавы беларускага грамадства, прынамсі, яго бачнай часткі. Пісьменнік і стваральнік праекта “Новыя беларускія кнігі”, мэта якога — збіраць водгукі блогераў, крытыкаў і простых чытачоў на навінкі сучбелліту, прачытаўшы ўрывак з кнігі Біран напісаў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку, што хоць ён і за шчырасць, але шчырасці Біран не прымае, а таму своеасаблівым чынам выкрэслівае яе кнігу з поля беларускай літаратуры: “Чытаў кавалак. З вуснаў дзяўчыны мацерныя і брудныя слоўцы гучаць у разы… Гучаць проста пахабна. Я за шчырасць, але не за такую. Чытаў водгукі. Уразілі. З майго боку гэта, канешне, будзе няправільным, але ўключу самадурства і не буду нічога публікаваць пра гэту кнігу на сайце. Для мяне яна нечым брудная”. (Што праўда, калі кніга Біран патрапіла ў лонг-ліст Прэміі Гедройца, Гапееў напісаў, што можа “варта забыцца на сваё самадурства” і прачытаць усю кнігу цалкам, але невядома, ці атрымалася ў яго гэта).
Улічваючы, што Валер Гапееў — аўтар твораў для падлеткаў, у вусны якіх ён укладае вельмі спрэчныя развагі пра “ненармальнасць сэксу мужчыны з мужчынам і жанчыны з жанчынай” і пра тое, што для сэксу патрэбны не “палавы партнёр”, а “каханы чалавек” (чытайце аповесць “Усё цудоўна, або Урок бяспечнага кахання”, 2008), то выпад Гапеева ў адрас Біран выглядае даволі падазроным. Міжвольна складваецца ўражанне, што 34-гадовая аўтарка, якая калісьці (тэарэтычна) была мэтавай аўдыторыяй Гапеева і якая на старонках “Я танцую” сакавіта мацюкаецца і піша пра сваю “пізду” і лесбійскі сэкс, выглядае для беларускага пісьменніка як натуральны вораг.
Вось толькі праблема ў тым, што ўмоўны канфлікт “Гапееў-Біран” не пакаленчы і не эстэтычны, але этычны. Гэты канфлікт выходзіць за рамкі беларускай літаратуры і ўрываецца на прастору беларускага жыцця ва ўсёй яго складанасці і праблематычнасці, датычыцца беларускага грамадства і яго будучыні, а таксама каштоўнасцяў, на якіх будзе будавацца гэтае грамадства і гэта будучыня. У цяперашняй беларускай айкумене занадта шмат “гапеевых” і праяў таксічнасці (прыгадаем, напрыклад, сумнеўныя развагі Стася Карпава пра фемінізм), і кніга Біран, у якой праз асабісты досвед апісаныя “недзіцячыя турботы трыццацігадовых у аўтарытарнай краіне”, можа служыць цудоўнай ілюстрацыяй таго, што можа існаваць іншая Беларусь, роўна аддаленая як ад зануранага ў паўсядзённыя справы беларускага абывацеля, так і ад сярэднестатыстычнага каментатара “Нашай Нівы”, які гнеўна рэагуе на засілле “лявацкай” павесткі на Захадзе і яе пранікненне ў беларускія справы. З гэтай жа прычыны нядзіўна, што кніжка Біран, прадстаўніцы супольнасці ЛГБТК+ і актывісткі, якая вядзе барацьбу супраць патрыярхальна-традыцыяналісцкіх установак, прысутных у беларускім грамадстве, а таксама супраць дзяржаўнага гвалту, атрымала прызнанне сярод леваарыентаванай чытацкай беларускай публікі.
Закранаючы такія тэмы, як ненарматыўная сэксуальнасць і фемінізм, змяшчаючы гэтыя тэмы ў даволі непрыязны да іх беларускі кантэкст, аўтарка спрабуе калі не падарваць гэты кантэкст, то хаця б расхістаць. Яе слова становіцца актывісцкім дзеяннем, а проза — сведчаннем. “Я танцую” — гэта маніфест і здымак эпохі. Часам гэтага недастаткова для таго, каб стаць добрай літаратурай, аднак спробу змяніць хоць нешта можна толькі прывітаць.
Замест каментарыя
Цікава: калі ты пішаш нешта няўхвальнае пра кнігу, дзе, прыкладам, аўтар апісвае індыйскіх сланоў, нікому не прыйдзе ў галаву вінаваціць цябе ў тым, што табе не падабаюцца індыйскія сланы. Але як толькі скажаш нешта адмоўнае пра кнігу напрамку фем ці квір, у цябе паляцяць камяні абвінавачванняў, што ты супраць самой з’явы. Па ўсім, гэта наша новая нацыянальная хвароба. Яна нечым лечыцца?
Паважаны аўтар артыкула падмяняе маё выказванне пра кнігу на выказванне пра з’яву ў ёй. Прабачце, шаноўны. Тэкст не робіцца добрым толькі таму, што ў ім раптам знаходзіцца пэўная ідэя ці тэма (маніфест, ага). Літаратура – гэта іншае. Яна патрабуе мастацтва як такога і мастацкага ж асэнсавання. Згадаю тут кнігу “На заснежаны востраў” Анкі Упалы (Алены Казловай). Гэта – цудоўная кніга. Мастацкі тэкст. Глыбокі тэкст. Так трэба пісаць – і пісаць пра што заўгодна, каб тое лічылася літаратурай.
Кожнае пачуццё чалавека безумоўна вартае павагі, кожнае мае безумоўнае права стаць цэнтрам мастацкага тэксту. Абы гэта была літаратура. А яе без эстэтыкі не бывае.
Разам з тым, з густамі спрачацца не мае сэнсу. Некаму мо і падабаюцца маніфесты з “піздой” і іншымі “падрабязнасцямі”, выказаная пагарда да некаторых рэчаў, якія для многіх мо і святыя. Мне – не.
В. Г.
One thought on “Я танцую. Віка Біран”