Псіхараман. Язэп Гніль

Псіхараман. Язэп Гніль

Водгук, а не крытыка

Ну, пачынаць водгукі ці агляды трэба заўсёды з таго-сяго слова пра прадукцыю твора, яго аўтара і кантэкст. Бо ў гэтых агульных дыскурсах фармулюецца ўласны дыскурс твору. Пасля ж вызначэння нейкіх межаў, трэба даваць тэзіс, вакол якога пойдзе думка эсэіста. Можа, гэта не самая моцная схема, але яна працуе, і працуе заўсёды. Вядома, кампаненты эсэ могуць быць пераблытаны, тэзіс можа стаць на першае месца, а можа – і сама думка.

Але паўстае крытычнае для майго водгука пытанне: які тэзіс можна выдзьвінуць, калі твор для агляду – “Псіхараман”? Можна распавесці, як я чытаў раней асобныя кавалкі, чуў асобныя думкі, бачыў увоччу натхненне для вобразаў, можна (хоць без асаблівай кампетэнцыі) сказаць адно-другое слова пра кантэкст твора, пра іншых пісьменнікаў, пра ўздымы і расчараванні з беларускай сучаснай літаратуры, іх уплывы на ідэі і стаўленні – але хіба гэта ўсё дапаможа вынайсці нейкі цэльны тэзіс?

Магчыма, гэтая адсутнасць тэзісу і будзе сцверджаннем, якое трэба пранесці праз усю думку водгука, як, на мой погляд, і пранесся праз драбінку свайго жыцця Язэп Уладзіміравіч, ствараючы грунтоўны эмацыйны малюнак, нататнік будучага рэвалюцыянера ці проста збор гіпербалізаваных ідэй, якія можа раскруціць які чытач. Вядома, калі яму хопіць фантазіі.

Але як можа адсутнічаць тэзіс? Я не самы прадзвінуты ў крытыцы чалавек, і на гэты твор глядзеў толькі адзіны крытычны нарыс. Сціплы, кароткі – літаральны водгук. І ў ім месца статна аддвалася двум пазіцыям: маніфест і літполе. У першым выпадку твор уяўляецца як мастацкае выказванне, тым самым з яго можна зняць рознага плану абавязкі – галоўнае, што тут аўтар выказваецца, не робячы гэтага гладка, звастраючы, колючы дзідамі розныя аддзелы ўспрыняцця, вымушаючы хоць бы крыху думаць – ці гэта можна наогул у літаратуру ўстаўляць? Можна – і гвалт у стылі японскай мафіі, якая чляніла дзяўчын і перавозіла іх у валізах, і эмацыйныя выказванні, літаральны “срач” у бок пэўных асоб беларускай культуры, якія чытачу-сучасніку прыходзяцца часцяком хіба не анёламі, і закіды ў бок “нармальнага” сённяшняга беларускага грамадства, выказванне стомы з-за яго і, разумеючы аўтара, – жадання быць у верхале мясцовых падзей, не губляючы амбіцый. Навошта чалавеку ператварацца на валацугу з Мінск-Міра? Гэта выклік, гэта так вядомая з класікі (таксама ў двукоссі) “туга па карэнні”, пераверчаная трыста і адзін раз, змяшаная з выбрасамі МТЗ, тарфяных заводаў і ТЭЦаў і наэлектрызаваная падстанцыямі і вычварнымі электрамашынамі і аўтобусамі. Твор дыша не толькі нянавісцю да сучаснай ідэі, да сучаснага дыскурсу, але і самім гэтым дыскурсам. І вось гэта, на мой погляд, толькі частка (затое якая!) з таго вялізарнага маніфесту.

Што тычыцца літполя – ну, яно падпітвае гэты маніфест. Але твор ёсць сам настрой усеагульнай непавагі, жадання зломнага руху літаратуры наперад, калі беларускае грамадства даўно ўжо перарасло сённяшні этап “мастацтва слова”. Чаму перарасло? Таму што яно стала – і тут я пагаджуся з аўтарам – постмадэрнічным. Аскепкі пахаў прыроды і антрапалагічнага, гукавога поля, несувязныя выкрыкі дзяцей і дарослых ці то як фон лязгату падвесак танных аўто і шкрэбу гумаўя дарагіх, ці то на фоне гэтых. Птушкі, якіх ужо як бяздонна часу таму пачалі парадаваць у цэнтры сталіцы і тыя, якія шчэ спяваюць, дзікія і дамашнія сабакі ўперамеш, і бясконцыя рознакаляровыя колы, палітоны і курткі – усё адсылае да чагосьці, нічога не мае супрацьлеглага, існуе толькі цэльная карціна-панятак – сталіца. Як мне здаецца, прыкметы відавочныя. Нашае, Мінскае наваколле стала постмадэрнічным, а мы і не паспелі гэтага заўважыць – і спакойна жывем. Язэп Гніль жа ўбачыў – і яму цяжкавата не стаць валацугай, які адзіны так і не стаў праявай постмадэрну. Нарэшце, гэта выратаванне.

Што тычыцца рэмінісцэнцый у творы – я іх можа і адшукаў, але не занітаваў, таму зараз не прыгадаю. Але алюзій было багата. І сацрэалізм, і прыгода памежжа, і стыль асабістага дзённіка на лаптопе (хоць бы ўнікальная з’ява, ды ўсё адно добра знаёмая), і абсурд падзеі – усё ў постмадэрновай вокладцы ўяўлення пра стыль і адметнасці жанру, але не дакладных спасылак. І гэта цудоўна – бо Гніль адмовіў усім, толькі гуляючы з чытачом уяўным жаданнем пазбегнуць гіпертэкставасці, тым самым стварыўшы літаральную “алюзію на ўсю беларускую літаратуру”. Можа, пра музыку малавата, але гэта ж не рок-опера, дзякуй божа.

І два словы пра нататкі, якія сустракаюцца між трыпаў: гэтыя “благія парады”, з аднаго боку, вельмі якасна знітоўваюць пасылы асобных частак, а з іншага – засланяюць іх, напластваючы тлусту на цела твора (ці Язэпа Уладзіміравіча?) Можа яны і маюць асобны “плот”, але для мяне выступаюць усё ж як больш дэталізаваныя, практычныя настроястваральныя часткі. Цудоўны ход.

Ну, варта неяк прыпыняцца. “Псіхараман” паказаў сябе ўсё ж не толькі як маніфест, але паўнавартасны твор, які мае і свае ўхілы. Што праўда – гэта не крытыка, каб я зараз вышукваў кампазіцыйныя несутыкі, якія не будуць адпавядаць мастацкай канцэпцыі твора, стылістычныя адхіленні, спрошчаную ці залішне аказіянальную месцамі мовы. Больш за тое, асобныя часткі (як тая, што з камбайнёрамі) вылучаюцца якраз неблагой мовай і стылістыкай. Тая, з камбайнёрамі, досыць добра ўпісалася ў твор, прытым ствараючы новыя адценні сэнсаў, дадаючы “камуністычную” і “сацрэалістычную” стылістыку і паэтыку. Па-сутнасці, яна іх і стварае.

Анархізм – галоўная супрацьвага мо якім і ўхілам твора. Варта сказаць, што й паэтычныя ўстаўкі робяць сваю справу адпаведна, і задраць насы з нагоды “не высокамастацкі твор” могуць толькі якія Бахарэвіч ці Шчур, па кім камбайн прайшоўся мацней за іншых. Словам, ухілы маем – а дзе іх не было? Але паглядзець на магчымасці росту было б добра, ды не мая гэта справа – сам не лепш.

Вось зараз можна сканчаць. “Псіхараман” пастараўся, Язэп Гніль стаў творам, а тэзіс быў просты: гэты твор ёсць як сукупнасць закладзеных тэзісаў, так і машына па стварэнні нейкага агульнага выказвання. Як гарызантальна-камунальная краіна Беларусь – ва ўсе бакі, абапіраючыся на кансэнсус праз руйнаванне ўступкаў. Прынамсі, такое магу сфармуляваць я, не абапіраючыся на “пацешнае” ўяўленне, што лепшае ў творы – аўтар, які “рэальна разбіраецца ў літаратурным кантэксце”. Гэта твор, а не пракламацыя, гэта мастацтва, а не публіцыстыка. Дык моцная ганжа ў вас, Язэп Уладзіміравіч! Кідайце, вядома, наркотыкі, але пішыце далей.

Твор варты для прачытання ўсім, хто хоць бы крыху нешта чуў пра беларускую літаратуру. Можа, адсюль вырасце жаданне пазнаць яе ўсю – можа, гэта будзе першая кніга свядомасці беларуса? Чакаем.

М. Бяс.


Мне сказалі, што гэта – андэграўнд. Канешне, я ўзяўся чытаць, бо чаго-чаго, а беларускага андэграўнду не чытаў. Паралельна я шукаў усякае рознае пра андэграўнд – што ім ёсць і чаму. Начытаўся да той ступені, што сёння беларускім андэграўндам можна абвясціць нават мае дзве апошнія кнігі. Ну, тое перабольшванне трошкі, але затое я ўпэўніўся, што “Псіхараман” – насамрэч андэграўнд.

Многія выхаваныя традыцыяналізмам чытачы назавуць прачытанае мной трызненнем вар’ята. Улічваючы той факт, што аўтар сусветнавядомай казкі пра вядомую дзяўчынку запісваў ейныя прыгоды пад добрай дозай пэўных рэчываў, сам стаўлюся і прашу іншых ставіцца да такіх трызненняў з вялікай павагай.

Прабачце, мушу сур’ёна заўважыць, маючы пэўны досвед: трызненні таго ж шызафрэніка маюць пад сабой настолькі выкшталцоную структуру, што не кожны пісьменнік і прыдумае. Я да таго, што трызненне, якое б было цікава некаму яшчэ, крамя самога аўтара – мастацтва. Нездарма добры пісьменнік, які мусіць у сваю свядомасць умяшчаць ў адзіны момант дзве-тры-чатыры асобы і уяўны свет, павінен быць трошкі шызафрэнікам. Урэшце, магчымасць мысліць вобразна ўжо нечым хвароба. Дарэчы, аўтар гэтага тэксту для трызнення скарыстоўвае новае слоўца – трып, стан змянення свядомасці ад пэўных рэчываў. (Прызнаюся, мне давялося не адзін раз зазіраць у Гугл у пошуках пэўных сэнсаў.)

Пакрысе (калі пачаў чытаць усё запар, без выбару) маё разуменне мастацкай літаратуры перастала мацавацца на сюжэце, героях, завязках-кульмінацыях-развязках і іншых і прочых класічных падпорак сацрэалізму. Думка аб тым, што літаратура ў першую чаргу гэта стыль, загучала ўсё мацней, пакуль канчаткова не выйшла на ўзровень вызначальнага фактару. Да стылю, канешне, дадаецца аўтаматам уменне карыстацца словам, збіраць са слоў сказы і абзацы, фарміраваць прастору і думку. Якую ты мусіш разумець. Ці разгадаць.

Паўтаруся ў раней напісаным недзе ў ФБ. Ёсць у нас аўтар, В.П. Атрыманымі лаўрэацкімі граматамі і дыпломамі яму б можна было заклеіць хату, як шпалерамі. Ягоныя кнігі выдаюцца ў серыях, яны выходзяць у прыгожых вокладках, карэньчыкі якіх ідэальна б пасавалі да савецкіх “сценак”. Дык вось, гэтага аўтара я пачынаў чытаць разоў з пяць, розныя творы. Усё ніяк не мог зразумець: чаму мне “не заходзіць”. У афіцыйнай літаратуры ён – мэтр, амаль класік. Абяцаюць дэтэктыўныя загадкі, псіхалагічныя двубоі, прыгоды… А я не магу прачытаць дзесяць старонак. Мёртва! Сапраўдная мярцвячына, і таго, што павінна ўзнікнуць ад складання літар у радок – свету аўтара – не ўзнікае. Ну, не адчуваю я нічога!

У такім выпадку неяк на сябе глядзіш падазрона: можа, ты глухі да літаратуры? Але чапляюся за сваю свядомасць і набыты вопыт і кажу сам сабе страшнае (бо ж выношу прысуд): кінь спробы зразумець графамана. Нельга іначай зразумець стол – ён проста стол.

Пісхараман – гэта стыль. Гэта нешта жывое, што пульсуе ў скронях, што адчуваеш сам, што зацягвае. Зараз прывяду кавалак, буду чакаць, як нехта з чытачак (так ужо было) усклікне кшталту: “А я такога гаўна чытаць не буду!”. Ды калі ласачка, чытайце дабро ад В.П. і іншых “класікаў” СПБ.

Галава баліць кожны раз па-рознаму, быццам ты прыходзіш на рынак, стаіш, размаўляеш з прадаўцом і дамаўляешся, гатовы стаць на калені, бы толькі твой боль уняўся, ну ці скіньце ну хаця бы паўдзялення ўніверсальнай шкалы галаўных боляў. Бо галаўны боль гэта рынак. Галаўны боль не перадаецца па спадчыне, галаўны боль узнікае па прычыне. Калі трэба паказытаць сваё эга — прыдумаць, чым адметны я сёння, які ў мяне недахоп, які сёння вісіць, як дэкарацыя на маім целе, ну ці калі гэты недахоп нарэшце стрэліць, каб працягнуць і без таго паскудны сюжэт далей па рэйках, як вослік цягне вазок (сюжэцік пакуль што варты хіба што малога воза, нікчэмнага чарпачку ну ніяк не малой мядзведзіцы (усё вышэй пералічанае перадае парахавы-узрушаючы чалом Альдэбарану, свайму пакутліваму суседу, які кожнага раза, як я яго ўзгадваю, выскоквае з турмы дваяка-каардынатнай мары зорнага неба і шыпіць на мяне, што я зноў чорт ведае куды зайшоў)). Дык вось як на рынку. Стаіш на кавалку кардону, да чаго прывяла цэлая групоўка фактараў, пачынаючы малаадукаваным кардонамайстрам, які на кардоназаводзе дыміў трубамі з рота, пакрытага чалавечым потам, і трубамі з бетону, пакрытага едка цэлюлозным кандэнсатам, скончваючы добрай воляй. Стаіш на кардонцы, якая сама магла быць рынкам з найбагацейшым у Беластоку выбарам слядоў — чорных, шэрых, лічбавых і мачападцёчных. А перад табой стаіць грузная жанчына. Ну вы паспрабуйце боль ад тупога ўдару тыльнай часткай сякеры ў скронь падчас патрулю. Ён канешне на аўтарскі выраст, але вы насуньце, о які вы красунчык, ну слухайце, я нават зніжку зраблю, а хочаце вось у нас ёсць яшчэ такі вось боль, завоз новы, гэта сасуд, трэба будзе з ім да доктара з гэтым сасудам, ой. Сасуд лопнуў

Два словы пра аўтара. Так, ён мне не вядомы, але пра яго льга што сказаць. Напачатку відавочна, што гэты твор з’явіўся як адказ на “Кінараман” Макса Шчура. Але, па колькасці прозвішчаў, якія згадвае аўтар у тэксце, зразумела, што ён увогуле валодае цяперашняй літаратурнай сітуацыяй. Ён, пісьменнік, чытае пісьменнікаў. Выключнае на наш час, згадзіцеся. Мажліва, ён малады, шукае сябе ў творчасці. І мне вельмі імпануюць такія паводзіны маладых – чытаць іншых. Бо Язэп Гніль  – не адзіны такі, перачытайце інтэрв’ю з Дудко – проста ўражвае, аб колькіх аўтарах ён мае што сказаць, і яшчэ больш цікавае тое, што яму “па масці” – тут і мейнстрым, і класіка. Карацей, хлопцы ў тэме. Тое цешыць. У нас адзінкі сучасных мэтраў чытаюць тэксты сваіх братоў па розуме. Бо ж некалі, сваё пісаць трэба, дый які геній будзе чытаць пасрэднасцяў?

Тэкст Язэпа Гніля розны. Часам катэгарычны і з’едлівы, бескампрамісны. Часам панурысты, бязлітасны да сябе і інышх. Рэзкі, злы. Правакацыйны. Глыбокі.

Раман можна разглядаць як маніфест, а можна як адчай і ўскрык даведзенага да роспачы. Ускрык, у якім – зерне цвярозага розуму і боль:

А ну і пра пратэсты. Гэта рэальна тое, да чаго вы імкнецеся? Літаратура пра другую сусветную? Гэта літаральна ВАВ. Мы будзем абсмоктваць палітзэкаў як ветэранаў? Пісаць, якія мы героі, а потым яшчэ і пра тое, што а раптам мы не маем рацыю, і цэнзура задушыць. І праз сто гадоў на юбілейным маршы людзей з неабмежаванымі магчымасцямі будуць чытаць вершы з’ехаўшых паэтаў у чорную ноч? Проста ёсць мяжа, калі літаратура пра нацыянальную траўму перарастае з нішавай андэграўднай хуйні, якая прадаецца ў Берліне, пра тое як марксізм і алігархі задушылі народны ўздым. Наступная стадыя — вашыя кніжкі пра вайну прасоўваюць амбасады, па іх матывах робяцца музеі. Тады ўсе разумеюць, што дзесяць апавяданняў пра пратэсты, гэта чарговая літаратура…

Дадам, што гэтай тэме прысвечаны добры кавалак тэксту, і ён варты ўдумлівага прачытання.

Па праўдзе, пісаць пра гэты тэкст вельмі няпроста, дый не стану спрабаваць. Галоўнае для мяне – гэта было новае і чытаць гэта было цікава. У любым разе, жадання адкінуць прэч не ўзнікала, хоць былі два-тры моманты сапраўднага трэшу, антыэстэтыкі, але розумам адчуваў, што тут неабходна уключаць асацыятыўнасць, шукаць падтэкст…

Аўтар умее тое, што павінен умець пісьменнік: пісаць. Ягоны тэкст вывераны, ён валодае словам у той меры, каб чытачу не даводзілася паўзці па старонках і спатыкацца аб дурнаватыя канструкцыі, недасканаласць пабудовы. Ён піша, каб мне было льга бачыць і разумець. Які свет будуе аўтар і якія ідэі прасоўвае – ягонае неаспрэчнае права.

А вось згаджацца ці адпрэчваць – гэта якраз неаспрэчнае права чытача.

Кажу: добра, што ёсць такая ў нас проза. І яшчэ болей грэе тое, што ёсць аўтары, якія чытаюць іншых.

В. Г.

 

Пакінуць адказ