Котра. Вольга Русілка

Котра. Вольга РусілкаАсабіста я паэзію Вольгі Русілкі адкрыў са знаёмства з кнігай вершаў удзельнікаў літаб’яднання Белдзяржуніверсітэта «Узлёт» — «Вёсны». Сціплы, тонкі зборнік паэтычных твораў, ён знаёміў з тымі юнымі, маладымі талентамі, якія рупліва крочылі ў літаратуру, паэзію. Так, у кожнага з іх шлях атрымаўся ўласным, адрозным ад іншых дарог… Вольга Русілка стала вядомым у краіне літаратуразнаўцам, універсітэцкім выкладчыкам. Абараніла кандыдацкую дысертацыю. Доўгі час загадвала кафедрай беларускай літаратуры ў Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя П. М. Машэрава. Але паэзію не пакінула… Кніг выйшла не так і шмат, але кожны з вершаваных зборнікаў Вольгі Русілкі («Табе», «Ажына», «В.І.Р.», «Сцежка, сцежачка, сцяжынка») адкрываў нешта новае, прымушаў з нецярпеннем чакаць працяг…

І вось у Выдавецкім доме «Звязда» выйшла кніга «Котра», якая аб’яднала ранейшыя і новыя вершы, а таксама празаічныя абразкі Вольгі Русілкі. Увайшлі ў новае выданне і пераклады паэзіі Яўгена Голубева — рускага паэта з Даўгаўпілса. Відаць, не ўсе чытачы, на крайні выпадак — не адразу, зразумеюць, чаму на вокладцы менавіта такая назва…

 Котра, Котра, Котра,
на каменьчык скокну,
пагляджу на рэчку ў цішыні.
Тут мне гэтак добра,
бы з вадой халоднай
прэч мае няшчасці адышлі.
Жоўтаю і белай
кветкамі рачнымі
ўдаль маё юнацтва адплыло.
Як жа кветкі пахлі
ласкаю нясмелай!
Ці было ўсё гэта?
Не бы-ло…

Котра — рака, якая працякае ў Літве і ў Беларусі, на Гродзеншчыне, у Гродзенскім і Шчучынскім раёнах. Правы прыток Нёмана. Родная рака паэтэсы… Адно з тлумачэнняў назвы Котры — рэчка, плынь… Адсюль, з берага Котры, з старажытнай вёскі Бершты і пайшоў, пачаў фарміравацца паэтычны талент Вольгі Русілкі… У кнізе «Котра» нямала радкоў, якія паэтэса прысвяціла роднай старонцы, роднай вёсцы, блізкім людзям («***Не сніся, рэчанька, не сніся…»; «Маміны кветкі»; «Дома»; «Бацьку»). Часам складваецца ўражанне, што месца мастацкай і жыццёвай сілы Вольгі Русілкі — выключна Гродзеншчына, Шчучынскі край, бацькоўская сядзіба. І чым болей учытваешся ў даўнія і блізкія да нас сённяшніх па часе напісання творы, тым становішся болей перакананым у гэтым уражанні. І жадаючы пазмагацца з усемагутнай галактыкай і яе законамі («Я адчуваю ўсёй істотай/ Не расшырэнне —/ сцісканне галактыкі./ Вузее сцежка да роднага дома — / На ёй ні з кім не магу размінуцца…»), паэтэса імкнецца зачапіцца за родныя сцежачкі, сцежкі, сцяжынкі, каб мець іх падтрымку на шырокіх дарогах, у вялікім свеце.

Гэтае асэнсаванне роднага, блізкага, свайго ад нараджэння, перадаецца чытачу, становіцца самым высокім і самым трывалым патрыятычным пачуццём. Як вось і гэтыя шчымлівыя радкі — верш «Пісьмо з вёскі»:

Мне сягоння прыслалі пісьмо
Роднай вёскі старыя стрэхі.
Ім, гавораць, не да пацехі.
Гэта мне.

Што ж не вербы па-над ракой
І не мілага возера хваля?
Я ж ніколі іх не забывала.
Ды не мне.

Проста голуб, мой паштальён,
Пераблытаў, каму і завошта.
А вароны даставілі пошту.
Гэта — мне.

Ужо ў раздзеле «Новыя вершы» мы адкрываем «Дзяцінства», твор, у якім паэтэса прызнаецца самой сабе ў важкасці сілы роднай старонкі: «Ці далёка да дзяцінства?/ Пяцьсот дваццаць кіламетраў./ Сем гадзін язды машынай./ А каб раптам пехатой…/ Я б пайшла і пехатою,/ ды ўжо цяжка ходзяць ногі,/ ды трымаюць моцна сцены,/ справы, праца і сям’я./ А яно жыве ціхенька/ у старой бацькоўскай хаце/ цёплым светлым успамінам/ і шчымліваю слязой».

Вольга Русілка, ведучы свой шчыры дыялог з чытачом, не цураецца сумных, мінорных нот. І ў гэтай адкрытасці — праява традыцый беларускай паэзіі, жаданне выказаць сумненні, трывогу («І ад нязнанае тугі/ Раптоўна сэрца стралянецца./ І не пачуюць берагі,/ Што ў іх жывая хваля б’ецца…»; «Жыву ў заўсёдным прадчуванні болю»), каб усё ж прыйшоў «агонь жывы і непадробны»…

Паэтэса пераканана, што вершы нараджаюцца з-пад сэрца, што лозунгі і нават мудрыя ідэі, «калі ты прыдумаў іх не першы», — не для сапраўднай паэзіі. Відаць, таму і прыцягальныя творы аўтара кнігі «Котра», што ёсць у іх непадробнасць, што моц шчырасці, вартасць адкрытага расповяду пра сваё ўласнае жыццё запаўняюць усе старонкі, адлюстроўваючы розныя часіны ў напісанні радкоў… І я рады, што заўважаныя мною некалі вершы Вольгі Русілкі ў калектыўным студэнцкім зборніку «Вёсны» выбудавалі трывалую паэтычную дарогу праз многія гады мастацкага асэнсавання жыцця.

…Асобная частка «Котры» — празаічныя абразкі. Прычыну іх нараджэння аўтар тлумачыць на самым пачатку — у творы «У нас такое прымавіско…«Бершты — мая радзіма, не малая, а вялікая на ўвесь свет. Вёска на берагах ляснога возера і млява-спакойнай рэчкі Котры — мясціна на дзіва прыгожая і багатая гісторыяй… <…> Мясціна не сказаць каб глухая, але запаветная. Натуральна, што для мяне лепшай быць не можа: тут стагоддзямі жыў род майго бацькі — Чаваны, па-вясковаму, тут і сёння стаіць будынак бальніцы, дзе я нарадзілася, тут прыгажэе дбаннем майго брата бацькоўская хата, у якой чакае мяне старэнькая мама…» Але за гады зачыніліся клуб, бальніца, зачынілася Берштаўская школа… Людзей, праўда, не дужа паменела — за кошт дачнікаў і аселых чужынцаў. Але амаль не стала ў Берштах тых, хто жыў тут спрадвеку, хто разумеў змест роднага, берштаўскага, выслоўя: «У нас такое прымавіско…» І тады да пісьменніцы прыйшло перакананне, што трэба запісаць мясцовыя легенды, паданні, родныя словы. З іх і выбудаваліся абразкі, якія не толькі захоўваюць мастацкую, моўную памяць Берштаў і ваколіц, а яшчэ і ўзбагачаюць шырокія абсягі беларускай мовы, беларускага літаратурнага святла.

 Мікола БЕРЛЕЖ.

Пакінуць адказ