Кніга, якую я не проста прачытала, а пражыла. Такое здараецца даволі рэдка цяпер, але я радуюся, калі быццам выпадаю са сваёй рэальнасці і трапляю ў кніжную. Вось “Марсіянін” – акурат такі.
🌌 Па-першае, “Марсіянін” вельмі рэалістычны. Так, гэта свет, у якім людзі ўжо лятаюць на Марс, але ніякіх цудаў – толькі навука, толькі сучасныя тэхналогіі. Проста крыху больш прасунутыя, чым цяперашнія.
🔥 Па-другое, гэта вельмі іранічны тэкст. Большую частку гісторыі расказвае сам галоўны герой – астранаўт Марк Ўотні, які выпадкова застаўся на Марсе адзін. Ён спрабуе выжыць і прыдумаць, як выратавацца. На Зямлі пра гэта таксама думаюць, але ўсё ж выратаванне ў першую чаргу будзе залежыць ад кемлівасці і трываласці самога героя. Марк троху дзівак з адметным пачуццём гумару, то на ягоныя прыгоды мы глядзім праз прызму ягонай жа іроніі. Складаныя і небяспечныя хімічныя рэакцыі, гадаванне бульбы ў марсіянскім хабе, падарожжа на месца марсіянскай місіі, якой ужо некалькі дзясяткаў гадоў, самыя дзёрзкія тэхнічныя рашэніі – усё гэта вы будзеце спазнаваць пад Маркавы дасціпныя жартачкі.
👌🏼 Па-трэцяе, гэта тэкст, які вельмі крута перакладзены на беларускую. Чытаць “Марсіяніна” было надзвычай прыемна: тэкст і вельмі беларускі, і адначасова натуральна-сучасны. Тут шмат цікавых слоўцаў і яркіх беларускіх выразаў, але яны ўсе на сваім месцы і заўсёды дарэчы. А класічнае маркава “Я ў срацы!” – гэта ўвогуле мая любоў.
❤️ Па-чацвёртае, гэта вельмі аптымістычная гісторыя. Калі вам тужліва, калі восеньскае надвор’е дорыць адно нуду і апатыю, то пачытайце Эндзі Ўіра. Цалкам магчыма, што ён дапаможа адрадзіць пазітыўны настрой, хаця б на час чытання.
✨ Па-пятае, гэта той рэдкі выпадак, калі кніга існуе адразу ва ўсіх магчымых фарматах, і вы можаце выбраць, ці чытаць яе на паперы, ці ў электронным варыянце, ці паслухаць. Я прачытала, а цяпер падумваю пераслухаць, бо з настроем апошнім часам бяда.
Пурыстам – лепш не чытаць. Інтэлігентам с тонкай скурай і такой жа арганізацыяй душы – таксама за лепшае абысці бокам. Зразумела, што
18+
Гэта як пра напісанае ўсё ніжэй, так і пра саму кнігу, майце на ўвазе.
Я ж сам амаль што пурыст, выхаваны на лепшых узорах беларускай класікі, дзе адзіным мацерным словам было “сучка”, а калі размова заходзіла пра сэкс, то ў памяці ўсплывалі адно Яўхім з закаханай дурнічкай Хадоськай.
І вось я такі ўвесь выхаваны, які лаецца матам сам і іншым дазваляе, які дапускае ў размоўнай мове вульгарызмы ды іншае ўсякае, але ж нашае, але ж у вуснай мове сярод адданых сяброў, адкрываю кнігу вядомай фантастыкі, пачынаю чытаць – і гопанькі…
Першая старонка. Пачатак.
Здаецца, я ў срацы.
Сумневаў няма.
У глыбокай-глыбокай сразы.
Мяне трошкі закліноўвае. Хоць, чаго я хаваю, мяне клініць добра, так, што я іду перакурваць клін на балконе. Пасля вяртаюся і чытаю далей. Прычын для далейшых кліноў хапала, чэснае слова. Гаўно тут называецца гаўном, а калі абасраўся – дык насамрэч абасраўся. От так чорным па беламу і напісана, добрым такім чытэльным тэкстам. Ды што там, калі службовая асоба NASA, жанчына, якая між іншым за сувязі з прэсай адказвае, пасылае свайго суразмоўніка ў сраку, а калі той упікае яе і пытае, куды толькі глядзела NASA, ставячы яе на такі адказны пост, лагічна і прадказальна выдае: “Мне ў сраку”.
О так во…
Канешне, я знайшоў гэты раман на рускай мове. Чытаў яго раней похапкам, бо паглядзеў перад гэтым выдатную экранізацыю. А пасля… пасля яшчэ звязаўся з жанчынай, якая больш за 15 год займаецца перакладамі. Мы з ёй – сябры, людзі дарослыя, то мацюкі (а тут для справы!) дазволілі сабе ў перапісцы. Што ж, я папрасіў яе перадаць (не перакласці!) сэнс арыгінальных радкоў з кнігі. Пачнём з нядаўняй жанчыны з NASA.
Арыгінал:
“You asked my opinion. Don’t like it? Go fuck yourself.”
Расейскі пераклад:
– Ты поинтересовался моим мнением. Не нравится? Иди в задницу.
Наш беларускі:
– Ты спытаў майго меркавання. Не падабаецца? Ідзі ў сраку!
Мой перакладчык кажа, што найбольш блізкае па сэнсе:
– Ты спытаў маё меркаванне. Не падабаецца? Ідзі на х@й.
Галасую за беларусаў)
Вернемся да самага пачатку кнігі ў арыгінале:
I’m pretty much fucked.
That’s my considered opinion.
Fucked.
Расейскі пераклад:
Я в глубокой заднице.
Таково мое твердое убеждение.
В заднице.
Мой перакладчык кажа, што і насамрэч першы сказ перакладаецца так амаль бяскрыўдна – “в задніце”. Аднак гэта – несумненны вульгарызм, тым больш – трэці радок, які сама блізка ў нашым сэнсе перадаецца праз “я@аць”. Што ж, у абсцэннай лексіцы гэта слова якраз і можа перадаць максімальна экспрэсіўную ацэнку сітуацыі, з якой відавочна няма выйсця (хіба яшчэ вядомы пясец).
Што за сітуацыя, дзе амерыканскаму пісьменніку даводзіцца “факаць” без усякай меры на старонках кнігі? Дзе ягоны герой у адной сітуацыі усклікае:
My conclusion was “Fuck it.”
Пераклад расейскі:
Пришел к выводу: да и хрен с ним.
Пераклад беларускі:
…але потым махнуў рукой: “Насраць”
Кажа мая перакладчыца: «К чорту». Але зноў жа, гэта кшталту з уключаным фільтрам вульгарызмаў. А калі без, то максімальна блізкі сэнс: да п@зды альбо по@уй.
А сітуацыя наступная: экспедыцыя на Марсе, нечаканая бура, эвакуацыя, падчас якой аднаго астранаўта зносіць ветрам, у яго уторкваецца нейкі штыр. Знайсці яго не могуць у такіх умовах, паказчыкі жыццядзейнасці цела ў скафандры (праз перадатчыкі) па нулях. Камандзір прымае рашэнне адлятаць, каб не згубіць карабель і ўсіх.
Але той, пакінуты, выжыў. І вось кніга пачынаецца з таго моманту, калі ён ачомаўся і бачыць: ягоныя сябры адляцелі, сувязі няма і не будзе, і ён – адзіны на ўсёй планеце!
Падумаў і прызнаўся сам сабе, што я б у такой сітуацыі выразаў не выбіраў, далібог. І ў будучым таксама. І прабачаю тую жанчыну з NASA: гэткая арганізацыя, такія рэсурсы – і вось яны бачаць жывога чалавека на Марсе, а… А зрабіць нічога пакуль не могуць. А казаць праўду трэба – там яе, праўду, не схаваеш, нехта нацэліцца на Марс тэлескопам і нешта там пабачыць… Таму не да малімоній, што на Зямлі, што на Марсе.
Безумоўна, праблема перакладу вось такіх вульгарызмаў – надзвычай складаная. З аднаго боку, пайшоўшы шляхам расейскіх перакладчыкаў, мы ўважаем быццам густ чытача, але тым самым губляем сапраўдную экспрэсію думак і размоў. Таму я мушу прыдушыць свайго унутранага пурыста і пагадзіцца з беларускімі перакладчыкамі. Бо ж да ўсяго, трэба яшчэ уважыць і самога аўтара, не перарабляць яго, а ў выпадку з расейскім перакладам атрымалася менавіта так: градус экспрэсіі быў свядома зніжаны, дыялогі “абкульураны”, напружанне асобных месцаў губляецца.
Але гэта толькі адзін бок не медаля нават, а пірамідкі.
Помніцца, чытаў мо першы раз перакладную фантастыку на беларускай мове. І як рэзалі мне некаторыя слоўцы, якія… ну тырчалі з тэксту, за іх чапляўся, свядомасць упарцілася іх прымаць. Кшталту усю-ды-хода. У гэтай кнізе – безліч тэхнічных дэталей. Тут закранаецца хімія і фізіка, тут пра біялогію і электрычнасць, тут матэматыкі навалам і астрафізікі. Вылічэнні…
Але гладка! Чытаеш без аніякай затрымкі над тым ці іншым словам, усё на месцы, усё зразумела адразу. Ведаючы сам добра нейкі тэхнічны бок (тую ж радыёсувязь), дакладна разумею, як няпроста на беларускую мову перадаць сутнасць з’явы ці праблемы. Заўважу: аўтар перакладу асмеліўся на стварэнне колькіх наватвораў. І яны, кажу шчыра, зайшлі ў маю свядомасць без асаблівага драпання.
Фантастка ўвогуле для перакладчыка – задача не з лёгкіх. Тут жа патрэбна было не проста перакласці тэкст, але перадаць увесь адчай пакінутага і атмасферу на Зямлі. Вельмі няпроста ў перакладах перадаць іронію, якая часам грунтуецца на гульні слоў (але ж не нашых, а чужых!), удвая складаней – горкую іронію, сарказм, не намнога прасцей з гумарам…
Адчуваецца ў беларускім тэксце іронія, ёсць месца для ўсмешкі. Карацей, чытач уключаецца цалкам у атмасферу твора. Так, шмат тэхнічнага боку, розных тлумачэнняў ад імя героя, але іх доза дакладна разлічаная, каб тэкст не падаўся нудным ад лічбаў ці формул (ці “разбаўляецца” якім слоўцам). І вось у гэтым сэнсе кніга – выдатны дапаможнік для нашых беларускіх фантастаў: тут ёсць чаму павучыцца. Ну а для нашага чытача, якога розныя амерыканскія “факі” ў нашым перакладзе не будуць шакаваць, гэта добрая магчымасць пазнаёміцца з шырынёй самаабмежавання тамтэйшых пісьменнікаў.
Мы бачым перад сабой сапраўдную навуковую фантастыку, дзе няма чароўных палачак фей, усё абгрунтавана і дасканала. І ў гэтым сэнсе яшчэ раз падкрэслю выдатную работу перакладчыка: навука на беларускай мове гучыць тут арганічна, самадастаткова і прафесійна.
Раман раней трапіў у спіс бестселераў, атрымаў некалькі прэмій, перакладзены ці не на 50 моў свету.
І вось маем беларускі пераклад. З чым сябе і павіншуем.