Рунь дасонечных зярнятаў. Антось Уласенка

Рунь дасонечных зярнятаў. Антось УласенкаВы адчуваеце, колькі моцы ў загалоўку? Колькі ў ім інтрыгі, таямніцы, паэзіі і лёгкасці?

Вас бянтэжыць слова “дасонечных”? Не пераймайцеся: аўтар усё патлумачыць. Навукова.

Што мяне яшчэ ў ранейшых тэкстах уражвала, дык дасведчанасць і начытанасць Антося Уласенкі, сваім апірышчам у тэкстах ён абірае грунтоўныя веды.

І вось я адкрываю чарговую кнігу Антося…

У мяне тры гадзіны дарогі, я ў прадчуванні асалоды скачваю файл у добрым фармаце, пачынаю чытаць… Аўтар мяне падмануў!

Усё, як і раней. Першыя старонкі – і праз тры словы адно невядомае. Але – ты яго зразумееш, не бойся, даверся аўтару, прачытай далей, яшчэ далей… Ты быццам заходзіш у незнаёмы і страшны лес, не бачыш ні сцяжынак, ні прасвету, але пакрысе, крок за крокам – ты пачынаеш разумець прыроду вакол сябе. Ты чуеш ужо дыханне дрэў і гаворку лістоты, ты ідзеш далей і глыбей, а лес вабіць, прыцягвае, адкрывае адну за другой свае таямніцы…

І тут бац – лес кончыўся!

Гэта было неверагоднае расчараванне для мяне – дачытваць, бо кожная гісторыя прагнула працягу. Не, не таму, што заставалася загадка, ці нешта было незразумелым. А таму, што ў самых сціслых абзацах нараджаліся героі. За якімі хацелася сачыць, іх лёс кранаў і цікавіў.

Антось Уласенка – талент, для мяне сёння гэта бясспрэчна. Яго проза пазнавальная, у яго свой асаблівы стыль. Ён не піша, каб некаму дагадзіць, трапіць у плынь мейнстрыму, заявіць пра сябе. Ён стварае тэксты. Менавіта – стварае, дасканала валодаючы пры гэтым сваім адмысловым інструментам – мовай, якая ў яго арыгінальная, своеасаблівая і як па мне, смачная. Яшчэ адна асаблівасць прозы аўтара – інтэлектуальнасць. І, канешне, бязмежная фантазія, вобразнасць, багацейшая эрудыцыя.

Рэальнасць Антося Ўласенкі – у большай частцы фантастычная. Ён сапраўды фантаст, у ягонай кароткай прозе, вось у гэтых быццам выхапленых с вогнішча вугольчыках, мне ўспамінаецца Брэдберы. Помніце, слынны фантаст апісваў не прыгоды і падарожжы з падрабязным тлумачэннем і таямніцай, але раскрываў перад намі невялікія эпізоды ўжо ўзніклага фантастычнага свету. Гэта фантастыка не прыгодніцкая, але экзістэнцыйная. І вось мы маем (кажу пра тое з ціхай радасцю) сапраўднага фантаста, якіх у нашай беларускай літаратуры пералічыць хопіць пальцаў аднае рукі. Аўтара, які не зацыкліваецца на асаблівасцях зроку калісьціянцаў (ну, жыхароў Каліста), але яскрава перадае нам пакуты зямляніна, які пнецца пазнаёміць госцю з зямной навальніцай і зямной жа вясёлкай….

Гэту невялікую кнігу можна лічыць і цалкам закончанай рэччу у плане стыльнасці і падыходу да абраных тэм. А льга сказаць, што перад намі – рабочы нататнік пісьменніка. Гэта ў плане ўжо абрання тэм. Фантазія і скіраванасць думкі аўтара мяняюцца ад аднаго твора да другога, ягоную цікавасць абуджаюць самыя розныя рэчы, падзеі адбываюцца ў самых розных месцах (пры гэтым, з’яднаныя часам адной тэмай і адным загалоўкам). Калі мы, чытачы, адчуваем сябе разгубленымі ў незнаёмым лесе створанага аўтарам свету, дык недзе на другой палове невялікай кнігі аўтар бачыцца нам самім заблукаўшы ў гушчары чалавечых пачуццяў і адвечных пытаннях быцця. Ён сам – нібы іншапланецянін на нашай Зямлі, аглушаны і аслеплены, кранаецца кожнай быццам бы драбязы (што для нас) – і яна тлуміць ягоны розум, патрабуе адгадкі.

…Гадоў дзесяць таму я б дакладна мацюкаўся, псіхаваў, выгукваў рытарычныя пытанні. Цяпер пішу адно ўсім вядомае: дапамагаць трэба талентам, няздары праб’юцца самі.

Што і назіраем у наш час, і асабліва ў наш час, калі ўсім кіруюць трэнды і фонды. Не буду мышшу поўзаць па дубе, і так усё ўсім зразумела. Адно вельмі крыўдна, што ідзе імгненны розгалас пра нешта напраўду трэшавае, а насамрэч таленавітае будзе доўга церабіць дарогу да чытача.

Таму застаецца толькі чакаць. У тым ліку – і вялікага твора Антося Уласнкі. Мо гэта будзе і той сацыяльна-бытавы раман, сінопсіс якога тут змешчаны, дзе галоўны герой прыканцы глядзіць на зоры ў намаганняў знайсці сябе ранейшага. Ці нейкі іншы. Мне верыцца, што такое будзе. І хочацца, каб было. Абы толькі пісаў Антось.

В.Г.

Пакінуць адказ