Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым. Валянцін Акудовіч

Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым. Валянцін АкудовічНе трэба баяцца Акудовіча…

Бо ж кожны сабака ў нашай літаратурнай слабодцы ведае, што Акудовіча няма. Дарэчы, а вось спытаеш: чаму няма? – і не пачуеш цямнага адказу. Акудовіча ж няма па той прычыне, па якой не можа ляцець страла Зянона. Здаецца, гэтак…

Чаму баяцца Акудовіча звычайныя людзі-чытачы, для якіх філасофія трошкі складаней за квантавую фізіку? Ды ж мабыць таму, што  кожны баіцца незразумелага. Таму, што спрачацца, адгукацца, захапляцца можна са зразумелым, на зразумелае, зразумелым. А што такое філосаф-літаратар Акудовіч? А во такое:

…ўзаконіць амбівалентнасць у якасці парадыгмы ўласнага лёсу. 3 апошняга вынікла магчымаснь асвойтваць геаграфію транснэндэнтнага, не ахвяруючы ўжытковым, і песціцца ва ўтульнасці жытла, не пазбягаючы скразнякоў астральнага бязмежжа.
І ўсё ж не будзем ідэалізаваць амбівалентнасць у якасці парадыгмы існавання. Дваістае прачытанне сябе, як падзеі быцця, пагражае непаўнатой прысутнасці і там і тут, тоіць небяспеку блытаніны ў прамежку паміж нелінейна рассунутымі скранямі і не выключае таго, што аднойчы дваістаснь абернецца раздвоенасцю, дзе кожная з супрацьлегласцяў гэтай раздвоенасці станецца асобным, але аднолькава чужым для паэта лёсам…

Гэты тэкст Валянцін Акудовіч сам змясціў у гэтую кнігу. Хай і з іншай нагоды, але я не змагу не скарыстаць магчымасць паэксплуатаваць  аўтара ў сваіх мэтах. Дык вось, далей Акудовіч піша, як чытаў гэтыя радкі Павел Якубовіч (той самы, ага), і весела рагатаў. І самому Акудовічу было весела. А праз нейкі час у тым жа кабінеце гэты тэкст чыталі два сур’ёзныя чалавекі, паводле пасад – інтэлігенты, інтэлектуалы. І яны гыгыкалі з тэкста.

І для Акудовіча тое было крыўдным.

Прывяду тлумачэнне аўтара першай сітуацыі:

Я павесяліўся разам з імі, бо іх смех быў не крыўдлівы – хутчэй наадварот. Гэтак з аднаго боку, а з другога, галоўны рэдактар “Савецкай Беларусі” і не мусіў разумець мае тэксты. У гонар яму было тое, што ён мог весела прызнацца ў гэтым. 3аакцэнтую, ключавым словам тут ёсць весела…

Цяпер вы разумееце, чаму не трэба баяцца Акудовіча-філосафа? Вы і не абавязаны разумець ягоныя тэксты. Ён сам так лічыць. Ён пакідае кожнаму чытачу выбар – і пры гэтым не называе дурнем таго, хто выбірае не разумець і не чытаць.

Ну, а крыўду Акудовіча ў другой сітуацыі, імаверна, вы адчулі. Калі чалавек гыгыкае з напісанага незразумелага, то справа не ў напісаным. І калі тое – кіраўнік дзяржаўнай установы, то “за дзяржаву абідна”.

Нельга зразумець філасофію настолькі, каб свабодна гутарыць у згаданым дыскурсе, адно прачытаўшы адну ці нават тры кнігі. Сам Акудовіч кажа так: ”Ён думаў, што варта змусіць сябе адкрыць філасофскую кнігу, і ты адразу зможаш яе чытаць, як кнігу прозы ці паэзіі”. І гэта не ўпіканне, а спачуванне ў тым выпадку.

Дык нахалеру нам увогуле такія тэксты ў літаратуры і каля літаратуры, калі іх нельга зразумець шараговаму чытачу?

А во пра гэта і кніга. Хаця, правільна будзе сказаць: і пра гэта. Не трэба баяцца: у гэтай кнізе не сустрэнуцца кавалкі, падобныя на той, што я прывёў напачатку. Так, тут будуць разважанні і высновы: каштоўныя, як на мой погляд, недзе нечаканыя, але праўдзівыя ўжо ў сваёй неверагоднасці і нават парадаксальнасці. Льга было б напісаць: кніга для масавага чытача, але не напішу. Бо кніга цікавая адно тым, каму баліць за літаратуру, за культуру ўвогуле, за краіну. Тым, хто хоча ведаць, чаму адбывалася тое, што адбылося, у чым сутнасць з’яў і змен у нашай літаратуры і нават што такое постмадэрнізм:

Ты, напэўна, яшчэ памятаеш, у “Буквары” быў такі сказ: “Мама мыла раму”. Дык вось, каб стварыць постмадэрновы тэкст, ты бярэш гэты сказ і, да прыкладу, пішаш:
Мама любіць
Рамы мыць.
Тата любіць
Шыбы біць.

Гэта жартам, але далей Акудовіч вельмі хораша тлумачыць па прынцыпе ад простага да складанага, ды завяршае ў сваім стылі:

Дубавец аднойчы напісаў, што ён хацеў бы быць апошнім салдатам, што загіне за незалежнасць Бацькаўшчыны.
А я, постмадэрніст, хацеў бы быць ботамі таго салдата, якія сцягне з задраных ног марадзёр і пойдзе ў іх да бліжэйшай вёскі на танцы.

Такія вось яны, думаннікі…

Перад намі – нон-фікшн. Давайце нават набяромся нахабнасці і скажам: звычайны. І цяпер пастараемся бачыць перад сабой не тытана беларускай філасофскай думкі Акудовіча (якога яшчэ ж і няма!), а пісьменніка з прозвішчам Акудовіч, які быў, ёсць, і, выкажам спадзеў, яшчэ доўга будзе. Да таго ж, сам аўтар ускосна заклікае нас трымацца абранага рызыкоўнага шляху і ад пачатку кажа чытачу: не бойцеся інтэлектуалаў!  Гэта не загана і не заразная хвароба:

Інтэлектуалы таксама людзі, і нішто чалавечае іх не абмінае. У завею яны настаўляюць каўнер, у спякоту хаваюць нос пад брылём, зімой чакаюць Калядаў, а ўвесну – калі жанчыны распрануцца. Хаця, адрозна ад іншых, інтэлектуалы пры гэтым яшчэ думаюць “трохі пра вечнае” (Янка Брыль). Ну, не абавязкова пра ўласна вечнае, аднак прынамсі пра тое, што не ўбачыш вокам.

Ну, і вось такі інтэлектуал  (заўважу яшчэ: на сціпласць не хварэе) вырашыў напісаць кнігу:

Я толькі сыпану на старонкі гэтага друкапісу жменьку-другую персанальных успамінаў ды некалькі калектыўных рэфлексій, бо без апошніх якія гэта мемуары інтэлектуала.

Праўду кажу, можа падацца (асабліва ў пачатку кнігі), што аўтар нечакана для нашай скромніцы-літаратуры не прамінае згадаць выпадкі, калі яго хвалілі, як ён недзе нешта там рабіў сама першы, як рухаў і зрушваў…

Мне нешта муляе, неяк яно і няёмка, але я ўсё ж такі не стрымаюся…

апраўдваецца Акудовіч і прыводзіць які выпадак.

Мне б хацелася спыніцца на гэтым месцы крышку больш. Так, аўтар не саромеецца недзе сам сябе пахваліць. Пры ўсім, ён няспынна хваліць іншых. Ды, разважаючы пра рух “Бум-бам-літа”, называючы імёны, пералічваючы заслугі кожнага, Акудовіч раптам выдае нечаканае:

Дзеля вырашэння ўласных канцэптуальных задач літаратура абы каго не абірае.

Няхай тут і пазначаецца, што не абы каго, але пры ўсім – літаратура як з’ява, як стыхія сама выбірае – вось канцэптуальная (скарыстаемся слоўнікам аўтара) думка Акудовіча. Такім чынам, колькі б ён сам сябе ні хваліў (ці іншых), ён трымае ў галаве тэзу: не ты абраў – цябе абралі. (Я ж, асмялеўшы да скрайнасці, вазьму  ды дадам: літаратура не проста выбірае, але ў пэўны гістарычны час зацяжарвае і нараджае.) І калі звярнуць трошкі больш увагі на містычныя думкі-разважанні Акудовіча пра Лёс і Кон, то стане відавочным, што аўтар цалкам разумее сваю ролю, якую яго мэтаскіравана абралі граць на сцэне жыцця. Талент Актора – важны, але трымаем на ўвазе Рэжысёра. І ключаваое: абралі.

Урэшце, пакінем метафізіку, пакуль ёй не стала балюча ад нашай пачатковасці. Вернемся да аўтара.

Не трэба баяцца, прынамсі, гэтай кнігі Акудовіча, бо тут, скажам так, сінтэз аўтабіяграфічнасці з біяграфіяй літаратуры і літаратараў, трошкі філасофіі, колькі грамадскай гісторыі на сконе веку.

Акудовіч раскрывае свой багаты досціп, тонкае чуццё гумару, мяккую саркастычнасць – і розум сапраўднага інтэлектуала. Прывяду словы Андрэя Дудко з ягонага нядаўняга водгука  на іншую кнігу Валянціна Акудовіча:

У Акудовіча ж кожная думка — гатовы афарызм, ды і мова такая пекная, што варта вучыцца.

Так, яшчэ і мова. Больш за тое, асаблівая лёгкасць стылю гэтай кнігі дапаўняецца сапраўднай літаратурнасцю – тут, хай і не надта часта, але сустрэнеш дзівосныя метафары, прыгожыя параўнанні. Прыкладам:

быццё падобнае да старых могілак за каменным мурам, дзе жывыя мілуюцца на надмагільных плітах, з якіх шурпаты час паздзіраў усе літары.

Калі вас трошкі напружвае філасафічнасць выказанай думкі, звярніце ўвагу адно на “шурпаты час”.

Яшчэ:

ягоныя лёгкія былі бітма набітыя смуродам эпохі.

А вось так пра літаратурны працэс 90-х гадоў мінулага стагоддзя:

Літаратар сёння свабодны, як ніколі раней, бо ведае, што за напісанае не атрымае ні ордэна, ні кватэры, ні турэмнага тэрміну ці якога яшчэ прыстойнага ганарару.

А вось шчырасць:

А потым мы падступіліся да распрацоўкі канцэпцыі. Збіраліся ўсім хаўрусам раз-пораз колькі месяцаў запар і ўсё распрацоўвалі, распрацоўвалі, распрацоўвалі, пакуль у Някляева каньяк не скончыўся. Хаця мы яго ашчаджалі.

Ніжэй маем той самы лёгкі сарказм і – нечаканую выснову:

Пакуль абмяркоўвалі, куды скіравацца, на вочы патрапіла кавярня з назвай “Воля”. Натуральна, такую кавярню мы не маглі прамінуць і спусціліся ў скляпенне. Месцы там былі, аднак каву гатавалі толькі распушчальную (як зазвычай, там, дзе ёсць воля, – там нічога вартага болей няма).

Пра якую б падзею ні пісаў Акудовіч, ён у кнізе ні разу не нэндза, хоць далёка і не зухаваты аптыміст. Ён бачыць жыццё трошкі іначай за іншых, у яго ёсць Лёс і Кон, у сапраўднай дзейнасці якіх ён асабіста для сябе пераканаўся (можа, пераканае каго і з чытачоў, мяне дык дакладна сагітаваў у сваю веру).

Асабліва каштоўнымі сталіся для мяне згадкі-разважанні-прызнанні аўтара пра мову. Помніцца, нядаўна ў ФБ было ці то спрэчка, ці то перапалка простая: дзе ж мова? Мо ў кодзе генетычным? І вось сустракаю адказ Акудовіча:

Хаця, як вядома, насамрэч мова месціцца не на языку і нават не ў галаве, а ў спратах падсвядомага.

Вельмі добра сам памятаю тыя 90-ыя і “блёк рэклямы”, ад якога мяне скаланала ўсякі раз. Усцешыўся (я не адзін!), калі Акудовіч, згадваючы Асташонка і “адсутнасць скуры” ў апошняга, успамінае такое:

Неяк Алесь знік на некалькі дзён з рэдакцыі, а калі вярнуўся да справаў, дык патлумачыў, што ў адной незалежнай газеце пабачыў слова “клюб”, і, каб хоць неяк ператрываць гэткі здзек з мовы, у яго не заставалася іншага выйсця, акрамя як тэрмінова бегчы ў краму.

І – вывад самога Акудовіча адносна той хвалі “тарашкевізацыі”:

Сляпое памкненне да прасоўвання “тарашкевіцы”  ў народ бяспрэчна пагоршыла і ўскладніла агульную сітуацыю з беларускай мовай, хаця прычына самой сітуацыі, зразумела, паходзіла не з канфлікту правапісаў “тарашкевіцы” і “наркамаўкі”.

Я прыводжу ўсе гэтыя цытаты, і хочацца прыводзіць яшчэ больш – моцныя ў сваёй аргументацыі думкі рассыпаныя па тэксце кнігі быццам бы незнарок, усе яны да месца ў расповедзе аўтара пра асобныя з’явы ў літаратуры і грамадстве таго часу. Аўтар быццам і не акцэнтуе залішне ўвагу на гэтых думках, але яны каштоўнымі каменьчыкамі самі зіхцяць у выштукаваным палатне тэксту. Вось як гэтая:

Бо з даўніх давён так павялося, што азначэнне беларус у нас найперш адсылае да экзістэнцыйнага выбару чалавека, яго ідэалагічнай заангажаванасці, палітычнай залежнасці, свядома абранай экзатычнай мовы і з гэтага – да адметнага спосабу мыслення і ладу жыцця, а толькі потым да нацыянальнай кадыфікацыі, якая сама па сабе ні пра што не кажа. Быць беларусам на Беларусі –гэта выключыць сябе з нормы і паўз уласную хэнць быць для некага місіянерам новай веры, для кагосьці варожым прыблудам, а для ўсіх астатніх – от такім сабе блазнам. Нават сам зварот да беларускага слова ў Беларусі ёсць ні чым іншым, як грамадзянскім учынкам (і яшчэ – эстэтычным актам).

Ну а вось тут парадаксальнае:

Свабоду нельга заваяваць — яе можна толькі дачакацца (ці не дачакацца). Але яе можна дачакацца адно ў тым разе, калі мы яе будзем чакаць, і чакаць менавіта як свабоду.

Паўтаруся: усё гэта – ў плыні расказу (і цікавага, і жывога) пра падзеі, пачынанні і нават проста адзін нейкі дзень. Тут пра “Тутэйшых” і “Бум-бам-літ”,  пра ЗНО і “Крыніцу”…

А яшчэ – пра людзей. Дзясяткі імёнаў, дзясяткі асоб літпрацэсу таго часу. І пра ўсіх – з павагай, цеплынёй, з пералікам талентаў, асаблівасцей характару… Па шчырасці, многія літаратары раскрыліся для мяне ў іншым святле, да многіх асоб дадалося маёй павагі дзякуючы прачытанаму. Ну і галоўнае, што для мяне асабіста: я не проста пабачыў той самы працэс знутры, але зразумеў ягоную сутнасць (ці, прынамсі, ён стаў мне больш зразумелым).

Другая частка кнігі выглядае цяжэйшай, больш насычанай філасофскай думкай, складаней для успрымання. Але ж, наколькі я маю вопыту ў спробах чытання філасофскіх кніг, гэта ўласціва ўсім філосафам, гэта прарываецца міжволі і ў Акудовіча: ад простага, лёгкага для ўсведамлення, звяна аўтар кляпае свой ланцуг, зводзячы ў цябе ў нетры ўжо сапраўднай філасофскай думкі. Дзякуй аўтару, што ў гэтай кнізе заставаўся побач і не расціскаў рукі падтрымкі, тлумачачы па ходзе: на якой асіне і з якога боку спеюць яблыкі…

Трэба зазначыць яшчэ адзін момант: ці пра падзеі, ці пра людзей, аўтар глядзіць (і нам паказвае) з двух ракурсаў: асабіста-чалавечага і культурна-філасофскага. І робіць тое неўпрыкмет, не назойліва (зрэшты, мабыць жа, прафесійнае). Гэты сімбіёз дапамагае стварыць яркія вобразы, раскрыць характары асоб і паказаць нам падзеі ў поўнай іх глыбіні, дасягнуць сэнсу.

Што мне асабіста прыйшлося не па нораву. Не так і шмат, але адзначу.

Не люблю, калі аўтар і раз, і другі падчас свайго расказу устаўляе “Аб гэтым мы яшчэ пагаворым… аб гэтым падрабязна пазней…”. Гэта збівае дынаміку, наводзіць на думку аб хаатычнасці думак самога аўтара. Дый не заўсёды аўтар пасля згадвае, кшталту: “А вось цяпер больш падрабязна пра нашых чорных гусей…”

Другое: цытаванне і самацытаванне. Канешне, яно ўзбагачае аповед, няма чаго спрачацца, а без нечага і не абысціся. Але праблема яшчэ і ў тым, што, напрыклад, даўняе інтэрв’ю надта ж розніцца стылёва і ад таго падаецца чужым нарастам на дрэве тэксту.  Другое і больш важкае: не заўсёды ўсё цікавае, а нешта элементарна састарэла. Мне падаецца, мела б сэнс даваць не вялікія кавалкі, а выбраныя месцы, найбольш яскравыя, адметныя, якія б дапаўнялі выказаную раней думку, дапамаглі шырэй раскрыць з’яву.

Трэцяе, для мяне нечаканае, па шчырасці. Акудовіч згадвае дзясяткі імёнаў, аддае даніну не аднаму творцу. І не па адным сказе ці абзацы: разгорнута, шырока. Ён знаходзіць і паказвае адметныя якасці як старэйшых, прыкладам, Разанава, так і маладзейшых (Глобуса), маладых (Мартысевіч). Але… я не сустрэў пра Сыса. Так, згадкі пра паэта ёсць – у сувязі з расказам пра Асташонка, дзе аўтар падкрэслівае, што Сыс рэалізаваў сябе цалкам і “сышоў у невараць пусты, як цень”, успамінае Акудовіч і бойку сярод “Тутэйшых”, дзе фігуруе Сыс. І ў аповедзе пра 50-годдзе Разанава:

побач са мной чорт прынёс і пасадзіў Анатоля Сыса (ужо на падпітку).

І далей досыць непрыгожы эпізод з друзай крышталю і выштурхваннем Сыса за дзверы.

Мажліва, Сыс не ўпісаўся ў вызначаную для асвятлення ў кнізе канцэпцыю… Так, не постмадэрніст, наўрад ці можна і філасофска-інтэлектуальнай назваць ягоную паэзію (ці можна? Ці яна такая і ёсць?). Але тут я лаўлю аўтара на слове: “…для мяне абсалютна неістотныя эстэтычныя схільнасці ды прыхільнасці аўтара. Класіцызм, рамантызм, рэалізм, мадэрн, постмадэрн. Гэта ўсё адно – калі таленавітае”. Сыс – таленавіты. Ягоная асоба ў тыя гады, пра якія і піша аўтар, – з усіх асоб асобней. “Па колькасцi паэтычнай энергii на радок, падобна, яму саступяць i Купала, i Багдановiч” – так казаў пра Сыса Акудовіч. Канешне, не мне, як чытачу, указваць аўтару, пра каго пісаць у кнізе, каму лаўры, каму цярноўнік, каму лебяду. Ды ж раней у лекцыі для Беларускага Калегіюма Валянцін Акудовіч у пераліку іншых “межавых слупаў”, якiя “…ў агульнай прасторы беларускай лiтаратуры “выгарадзiлi” поле Новай лiтаратурнай сiтуацыi”, называе і Анатоля Сыса.

Маю “хацелку” можна разглядаць як прыдзірку, ды, шчыра кажу, мне ўсё ж у гэтай кнізе не хапіла менавіта Сыса. Вельмі не хапіла.

Але разам… кніга выдатная. Кніга разумная, цікавая, пазнавальная і навучальная (не павучальная, бо не павучае, а менавіта навучае). Амаль немагчымае для беларускай літаратуры спалучэнне, але яно адбылося. У ФБ я падтрымаў думку пра тое, што менавіта яна і заслугоўвае першае месца, бо самая адметная з усіх і самая…  глядзіце вышэй. Дык чаму б і не даць прэмію Гедройца Акудовічу – “За распрацоўку праекта, выраб і устаноўку помніка самому сабе, сваім сябрам-аднадумнікам і часу перамен”.

В. Г.

Пакінуць адказ