
Не так даўно трапіў мне ў рукі раман Ірыны Жарнасек “Будзь воля Твая”. І вось сёння дачытвала яго апошнія старонкі.
Яшчэ калі чытала, падумала, што абавязкова напішу пра свае ўражанні ў Фэйсбук.
Адразу хочацца сказаць вялізны дзякуй спадарыні Ірыне за такі каштоўны твор!
Я нават не ведаю яшчэ якога-небудзь іншага твору з беларускай мастацкай літаратуры, які б апісваў так дакладна і глыбока каталіцкую духоўнасць, а таксама жыццё і гераізм беларускіх каталіцкіх святых. Не ведаю нічога падобнага! Ёсць розныя пераклады, але вось такога арыгінальнага аб’ёмнага твору больш няма.
І ў кожным слове, сказе адчуваецца, што кніга напісана з вялікай любоўю і шчымлівым перажываннем кожнай яе падзеі. Таму не толькі сам сюжэт, але і гэта любоў і перажыванне кранае за душу і ахоплівае цалкам чытача. Прынамсі са мной было менавіта так.
Без слёз немажліва чытаць гэту кнігу.
А яшчэ з’явілася жаданне наведаць Росіцу. Паглядзела на мапе – далёка (ад Мазыра).
Але надзея ёсць, што аднойчы туды траплю.
Калі хто не чытаў, вельмі раю прачытаць.
Гэта кніга – сапраўдная пярліна!
Чытайце добрыя кнігі!
Бадай усе асноўныя асобы-легенды былі створаныя дзякуючы пісьменнікам. Пасля таго як з’яўляўся ўдалы раман якога-небудзь вядомага літаратара пра якую-небудзь гістарычную постаць, як гэтая асоба імкліва ператаварался ў легенду. Затым ужо з гэтай легенды карыстаўся кінематоргаф, а таксама ствараліся балеты і оперы, маляваліся партрэты і сюжэтныя карціны. Але, як правіла, напачатку быў раман. Так было з Жанай Д’арк, Робінам Гудам, англійскім каралём Рычардам Ільвінае Сэрца, Сцяпанам Разіным і многімі іншымі.
Перад Ірынай Жарнасек была неверагодна складаная задача – напісаць раман пра двух ксяндзоў – Антонія Ляшчэвіча і Юрыя Кашыру – ахвяраў росіцкай трагедыі. У 1943 годзе на Верхнядзвіншчыне карнікі жыўцом спалілі ў адрыне некалькі сотняў мясцовых жыхароў. Ксяндзы Антоні Ляшчэвіч ды Юры Кашыра маглі застацца жывымі, але пайшлі разам з людзьмі ў агонь. Доўгі час пра гэты гераічны ўчынак ведалі хіба што выключна мясцовыя жыхары. І толькі напрыканцы 90-х каталіцкі касцёл беатыфікаваў росіцкіх пакутнікаў, далучыўшы іх да ліку святых, пасля чаго іх імёны сталі вядомыя ва ўсім каталіцкім свеце. Але трэба было каб за гэтымі імёнамі паўсталі пазнавальныя асобы, надзеленыя ўласнымі рысамі і біяграфіямі. Уся праблема, якая ўзнікла перад Ірынай Жарнасек, палягала ў тым, што трэба было напісаць пра святых, як пра звычайных людзей, і ў той самы час убачыць у ранейшым звычайным іх жыцці вытокі самаахвярнага ўчынку.
Ірына Жарнасек, працуючы над раманам, шмат разоў ездзіла ў Росіцу, размаўляла са старажыламі, нават знайшла відавочцаў той трагедыі. Дэталёва вывучала біяграфіі сваіх герояў. Абодва яны вярнуліся на радзіму ў цяжкія гады для свайго народа – адзін з далёкага Харбіну, другі са святога Рыму. Зусім розныя ў жыцці, яны абралі агульны лёс. Такія яны і ў кнізе. І відавочна будуць яшчэ ўслаўленыя і ў музыцы, і ў кінематографе, і ў выяўленчым мастацтве.
Ды і сама гэтая кніга набыла сваё ўласнае жыццё і мае ўжо свае легенды. У адным з інтэрв’ю Ірына Жарнасек расказала адну з такіх легенд: “На прэзентацыі кнігі “Будзь воля Твая” ў Менску сучасныя айцы-марыяне нечакана падаравалі мне здымак, на якім генерал ордэну айцоў марыянаў Ян Рокаш дорыць маю кнігу Яну Паўлу ІІ. Для мяне гэта была абсалютная неспадзяванка! Я не цешу сябе надзеяй, што Ян Павал ІІ прачытаў кнігу – ішоў апошні год ягонага жыцця. Але для мяне гэта ўсё радасна і сімвалічна”.

