Зоў звычаю. Галіна Сіўчанка

Зоў звычаю

Падступіцца да кнігі Галіны Сіўчанкі “Зоў звычаю” было вельмі цяжка. Гэта якраз той выпадак, калі трэба быць вельмі асцярожным з высновамі, абагульненнямі і параўнаннямі. Таму прачытаўшы зборнік адразу па прэзентацыі, я вырашыў вярнуцца да яго крыху пазней. Дык вось.

Дэбютнай, кнігу можна назваць толькі фармальна. Бо перад намі сталы аўтар са сфарміраваным светабачаннем і сваім эстэтычным канонам . Аўтар не хістаецца, не вагаецца, а ўпэўнена прамаўляе.

Усе ваганні засталіся ў сподзе тэксту і да нас даносяцца толькі рэхам, што час ад часу прабіваецца нечым асабістым.

Кніга мовацэнтрычная. Сузіральная. Гэта не значыць што ў ёй зусім няма эмоцыі, не, проста яна хутчэй не ва ўзоры, а ў тэкстуры. Не ў вобразах, а словах, ці нават гуках – нечым глыбінным. Калі эмоцыя ўжо не эмоцыя ў прывычным сэнсе.

Як магма прабіваецца на паверхню акіяна і стварае астравы, так з аўтаркі спрабуе прарасці “непаўторным сусветам” выспа кнігі.

З’ява амаль некантралюемая і да канца неўсвядомленая – містычная. Жывая першаматэрыя мовы, якая пераліваецца з далоні ў далонь заварожвае і аўтарка, зачараваная гэтай “слоўнай” магмай (“дзелівам мовы”), ператвараецца ў сапраўдную служку і “дбайную выспаслушніцу”.

Нас запрашаюць не столькі пачытаць вершы, колькі далучыцца да старажытнага культа. Містэрыі словатворства і таемства словаповязі, дзе аўтарцы адводзіцца роля жрыцы, якая “мніўны сусьветаў сплаў пераліе ў сапраўдны”.

І сапраўды, тэксты поўняцца словатворамі – язык не паварочваецца назваць іх новатворамі, бо гэта зварот у прошласць, а не ў будучыню. Нам прапануюць вярнуцца да першаасновы, “галасамі дзіўнымі на мове старадаўняй” называць рэчы імёнамі сапраўднымі, вяртаючы першасэнсы і першагучанне, з надзеяй што:

праступіць нешта неназванае дагэтуль
так Бог зь бясконцасцю паэта сутыкне
зь бяздоньнем мовы што сама і ёсць паэтам

Узноўленая мова Галіны Сіўчанкі знаходзіцца ў непасрэдным ўзаемадзеянні з наваколлем, дакладней, мова гэта частка наваколля – “наствольнай словапалосіцай” ляжыць па свеце матэрыяльным, ды праяўляецца відушчым, тым, хто скарыстаўся ключом і вызваліўся-вывязаўся “зь вязьма чужога звычаю”.

Мова – ўсёіснае.
“Мова – ты!”, – выбухае Ён.

І як тут не адчуць бясконцага жаху і рэлігійнай утрапёнасці.

Наваколле і галасы (носьбітаў першасэнсаў), штурхаюць да творчасці. Прадзіва тэксту расце і багацее адценнямі. А мы пераносімся на колькі тысяч гадоў назад і чытаем згублены ці недаствораныя нашымі прапродкамі эпас. Вяртаемся ў часы, калі словам толькі-толькі давалі найменні, вымыкаючы сэнсы з сябе і сусвету. Наколькі гэта хораша атрымліваецца, кожны няхай вырашае па прачытанні самастойна. Знаёмства з імі і асэнсаванне такога кшталту тэкстаў патрабуе сапраўдных высілкаў, але…

пасьвячэньне

калі я дыхаю ці размаўляю
заўжды ў мінулае хачу вярнуцца
ў глыбокае мінулае – на ўскраі
зь якога прагнуць змыслы разгарнуцца
і я хачу штораз будзіць прыроду
і будаваць жытло для разбурэньня
адбіткам быць неперасохлым водам
рассыпаць гук па гладзі найглухмені
хачу ў агні сядлаць імклівых коней
хачу “складана” вызваліць із “проста”
прыняць сьвятое семя ва улоньне
і нарадзіць Прарока ад Прабоства
глядзець як рай зьнікае над паземам
як Сын наноў наўкольле называе
заўжды крычу у будучыню нема
калі я дыхаю ці размаўляю

Справа, якой займаецца Галіна Сіўчанка (у кампаніі Ігара Кулікова, Міхаіла Баярына, Кацярыны Масэ) мне падаецца вельмі важнай для беларускай літаратуры і беларускага мыслення. Гэта своеасаблівы крок назад, для таго каб мець магчымасць крочыць наперад.

Міхаіл Бараноўскі.

Пакінуць адказ