Снегурумі, Надзея Ясмінска

Снежань – месяц, створаны для каляднага чытання, для гісторый пра цуды на Раство і Новы год. Але ж зіма на гэтым не сканчваецца, ёсць яшчэ студзень і люты, у якія таксама хочацца зімовых гісторый, але ўжо без каляднага флёру. “Снегурумі” – як раз з такіх.

👧🏼 Мія жыве з мамай ля цёплага мора. У іхным мястэчку амаль не бывае снегу. Калі ж раптам ён выпадае, то адразу ператвараецца ў лужыны. Пра прыгожыя снегапады, пухнатыя сняжынкі, сумёты і снежную бабу застаецца толькі марыць. Што Мія і робіць.

❄️ Але ў Міі ёсць цётачка, якая жыве дзесьці на поўначы. І яна абяцае пляменніцы даслаць пасылку са снегам. Мія чакае, а ейная мама спрабуе падрыхтаваць дзяўчынку да расчаравання і нават крыху злуе на сястру, якая прымушае малечу чакаць таго, што не можа здарыцца.

📦 Пасылка прыходзіць, і Мія кліча сяброў, каб адкрыць скрыню і паглядзець на снег разам. Але ў скрыні снегу няма. У ёй – белая пухнатая піжамка-кігурумі. Дзеці смяюцца і кажуць, што і ў іх ёсць такія: у кагосьці тыгр, у кагосьці дыназаўр. Мія ледзь не плача і, ужо калі госьці сыходзяць, знаходзіць у скрыні паштоўку ад цёткі. Аказваецца, што гэта не проста піжама, гэта – снегурумі… Мія апранае снегурумі і – пачынаюцца цуды ✨

📚 Надзея Ясмінска ўмее пісаць проста, але не банальна. Ейныя гісторыі лёгка чытаць дзеткам, якія не карыстаюцца беларускай мовай штодзённа, але і носьбітам яны цікавыя.

📙 “Снегурумі” – вельмі цёплая і ўтульная гісторыя пра мары і іх здзяйсненне, якую надзвычай добра дапаўняюць ілюстрацыі Святланы Міхалап. Гэта кніга – ужо трэцяя сумесная праца пісьменніцы і мастачкі, калі не памыляюся. Раней выходзілі “Сподачак для цмока” і “Кусь-Кусяндра”, якія не так даўно перавыдалі @papury.bel_new ♥️

📖 “Снегурумі”, Надзея Ясмінска @n_yasminska Выдавецтва”Папуры” @papury.bel_new, 2023. Ілюстрацыі – Святлана Міхалап @svetka.ws
kniznyja_razmovy

Пакінуць адказ