“Загадзя ўсяго нельга было ні ўлічыць, ні прадбачыць, ішлі на невядомае, але гэта было наша права, і таму ўсё-такі спадзяваліся на паразуменне і дыялог…” – так адказваў Алесь Разанаў на пытанне Анатоля Івашчанкі пра падзеі, што здарыліся ў БДУ ўвосень 1968га.
Кніга ўвабрала ў сябе больш трох дзесяткаў нарысаў-успамнаў сведкаў і сучаснікаў тых падзей. Ёсць у кнізе і роздумы тых, хто дазнаўся пра збор подпісаў філфакаўцамі праз гады. І калі да большасці з іх, як да матэрыялаў даследчыкаў ці актыўных удзельнікаў літаратурнага ды грамадскага жыцця, пытанняў не ўзнікае, то вось што робяць у кнізе абсалютна асабістыя і недатычныя тэмы ўспаміны Веры Буланды, так і не зразумела. Разнапланавасць падыходаў і праекцый на падзею разнастайвае чытанне, за што вялікая падзяка і павага ўкладальнікам. Бо прачытаць пра адну і тую ж падзею столькі разоў, не тое што аскоміну набіць можна… І ўжо артыкуле на пятым, не-не, ды і была думка: а ці ўдасца прачытаць кнігу цалкам без перапынку? Атрымалася, дзякуй адпачынкавай пары і тэкстам: стамляешся ад аповедаў філолагаў-літаратарў, калі ласка, вось табе погляд мастакоўскай супольнасці, ды матэрыял Георгія Ліхтаровіча, дзе не толькі пра рэха 60х, але і пра Караткевічаў. Цікава было дазнацца пра першыя экспедыцыі па падрыхтоўцы збора помнікаў.
У ключы падзеі шмат давялося пачытаць і пра Віктара Ярца, а не толькі пра Разанава, і ўзнікла жаданне пазнаёміцца з творчасцю першага, бо раней неяк не даводзілася. Як захацелася зазірнуць і ў паэтычныя зборнікі Алега Лойкі, які ў гэтай гісторыі паўстае ў вельмі неадназначным святле, але лёс яго выклікае цікавасць і чытацкі інтарэс, бо пасля даўняга знаёмства з яго багдановічаўскай манаграфіяй засталося адно адчуванне абсалютнай няўежнасці.
Гісторыі падкідваюць і колькі цікавых звестак пра самвыдат і літаратурныя суполкі: “Узлёт” у БДУ, бярозаўскі “Агмень”, якім апекаваўся Уладзімір Калеснік. На яго тут падае светлы прамень, і вельмі ўжо кіношна выглядаюць гэтыя ўспаміны Разанава: “Дыхала восенню, вечарэла, і над самай атуленай лесам дарогай, якою мы ехалі, вісела велізарнае чырвонае сонца. Вісела доўга-доўга, і, прыцягнутыя яго таямнічай сілай, змоўклыя, мы ехалі насустрач, ці наўздагон, яму. Ехалі доўга-доўга. Мне і цяпер часам здаецца, што з Уладзімірам Калеснікам мы едзем у сонца…”
Галоўны герой, усё адно Алесь Сцяпанавіч. Нягледзячы на тое, што яго ўспаміны сярод астатніх глядзяцца досыць сціпла, і што ўвогуле завадатараў было трое: Разанаў, Барташ, Ярац. У кнізе багата біяграфічных звестак розных асоб, багата і меркаванняў. Вельмі хораша, што зборнік уключае не толькі ўспаміны, сабраныя непасрэдна да яго выдання на хвалі, як я разумею, 50–годдзя падзей, але і ўспаміны 96-га года Яўгена Хвалея, які пазней на тыя падзеі “забыўся”, і ўспаміны Гілевіча 2008га. Самі падзеі набіраюць аб’ём і фактуру праз дэталі. Так, раней ня ведала пра тое, што выключэнню студэнтаў папярэднічала не толькі гісторыя з подпісамі, але і паездка да Ларысы Геніюш…
Цікава паўзірацца ў фотаздымкі, якімі выданне багата дапоўнена.
Кнігу раю, яна, здаецца, вельмі ўжо вузкай тэматыкі, але не, гэта толькі на першы погляд. Тут і шпацыр Астрэйкі па праспекце, і пухавіцкія школкі, і Зайкава Берасцейшчына, і Каралішчавічы Марыі Баравік, і нядоўгае студэнцтва Галіны Каржанеўскай, і шамякінская пісьменніцкая кватэра, і Караткевіч, які гукае ўслед галоўным героям: “Хлопцы, не слухайце дурняў. Ідзіце сваёй дарогай!”