Я – тое мяса, якое прыгатаваў Зміцер. Зміцер Вішнёў.

Я – тое мяса, якое прыгатаваў Зміцер. Зміцер Вішнёў.

Прачытана. Калі каротка — рэкамендую.

Калі крыху даўжэй і паспрабаваць патлумачыць — ніжэй некалькі разваг.

Аўтар адразу ў назве заяўляе пра множнасць сваёй прысутнасці. Вішнёў з’яўляецца ў тэксце і як персанаж, і як мноства ўласных альтэр-эга. Мяне да канца не пакідала адчуванне, што гэтыя клоны і альтэр-эга — больш Вішнёвы, чым галоўны герой, які амаль з усім пагаджаецца і выступае хутчэй назіральнікам ці робіць выгляд, што проста выпадкова прысутнічае.

Астатнія персанажы, здаецца, усе мёртвыя — нехта быў асабіста знаёмы з аўтарам, а хтосьці прысутнічаў у яго жыцці толькі як міф, але ўсе яны становяцца часткай яго памяці. Вішнёў разглядае яе пільней: дзе сапраўдны ўспамін, а дзе вымысел? І ці ёсць наогул розніца? Алесь Родзін і Джэймс Джойс, Ярыла Пшанічны і Эдвард Мунк — усе яны суіснуюць у гэтым свеце. Ёсць і яркае з’яўленне Янкі Брыля, пра якога ў «Бум-Бам-Ліце» 90-х было напісана мноства эпіграм.

У кнізе шмат смешнага і нямала змрочнага. Гротэск, як прынцып пабудовы, арганічна спалучае абсурдысцкія жарты з паэтычнай метафарай і экзістэнцыяльнымі развагамі. Ён таксама дазваляе пакідаць вобразы з размытымі межамі — як, напрыклад, кадык і шыя, што раптам становяцца самастойным тварам. У такія моманты мы ўглядаемся ў размыццё ў сваёй свядомасці і бачым, як на стыку вядомага і няпэўнага вымалёўваецца вобраз.

Напрыканцы — канцэпцыя лабірынта. Цікава, што героя ў лабірынце (сюжэтным, прасторавым, часавым) не цікавіць пошук нітак, здольных вывесці яго вонкі. Наадварот, яго хожанне па лабірынце грунтуецца на абрыве сувязяў. Кожная сустрэча, кожная размова — гэта знак парванай сувязі. І, магчыма, уся кніга ёсць фіксацыя гэтых разрываў — асабістых і тых, што непасрэдна звязаныя з беларускай трагедыяй: з рэпрэсіямі, страхам і вымушанай эміграцыяй.

Калі падсумаваць:

арыгінальна, завіхрэнна, смешна і душашчымліва.

Alexey Kuznetsov


Новы (свежы 🙂 ) раман Зміцера Вішнёва, які не кожнаму і не кожнай па зубах, але для сапраўдных аматарак і аматараў авангарду. Незабыўнае падарожжа ў метафорыку Зміцера, якая ўжо паспела зрабіцца класікай. Вельмі чакаю раман па-нямецку, каб можна было пахваліцца «глядзіце, чытайце. Які ў нашай беларускай літаратуры ёсць дыямант экспрэсіянізму». Віншую з кніжкай усіх нас!!!

volya_hapeyeva


Дзёрзкае і паэтычнае гучанне стварае змрочны свет, у якім усе рэчы маюць падвойнае дно. Каб перастрахавацца, ён (Зміцер Вішнёў) высмейвае ўсё, нават уласныя страхі.

 (Tagesspiegel)

Гэта бязлітасная кніга пра страту і гвалт, і ў той жа час пяшчотная кніга пра каханне і сяброўства, пра радасць жыцця і мастацтва. Гэты раман — уцёкі і шлях да сябе.

(33 кнігі для іншай Беларусі)

Раман-лабірынт, які нагадвае адначасова падарожжа Дантэ ў пекла, плаванне Адысея дадому і камп’ютарную гульню-блукалку, у якой трэба адшукаць выйсце і выжыць. Сустрэчы з памерлымі сябрамі і вядомымі асобамі: Улдысам Бэрзіньшам і Алесем Родзіным, Андрэем Бітавым і Эдвардам Мункам, Янкам Брылём і Джэймсам Джойсам — шлях героя ў загадкавай капсуле часу будзе пакручастым, яму давядзецца сутыкнуцца з уласнымі страхамі і спазнаць самога сябе.

(з анатацый)

Пакінуць адказ