Няма нічога складана ў тым, каб напісаць такую кнігу, якую напісаў Алесь Місуна. Успамінаў ва ўсіх хапае, а нейкія моманты з дзяцінства – самыя яскравыя. Што праўда, да гэтых успамінаў трэба яшчэ талент (тое, зразумела, па замоўчванні) і любоў. Любоў да трох рэчаў: да сваёй зямлі, да сваіх людзей, да сваёй мовы. З апошнім найбольш складана, бо сапраўдная любоў утрымлівае ў сабе наўпрост гару ўсяго: мову трэба ведаць, за мову трэба перажываць, разумець яе становішча ў цяперашнім свеце… А далей яшчэ больш раскладання на часткі, бо, прыкладам, веданне мовы уключае ў сабе… Уключае вельмі многа. Напрыклад, веды пра дыялекты, іх значэнне для мовы…
Алесь Місуна – з не такіх ужо і многіх пісьменнікаў-магіканаў, чыя мова беларуская з дзяцінства. Сёння не аднойчы даводзілася чуць, што носьбіты жывой мовы выміраюць хутчэй за ўсе іншыя біялагічныя віды ў гісторыі зямлі. І гэта сапраўдная бяда: немагчыма навучыцца размаўляць на нейкай мове толькі з дапамогай слоўнікаў. І калі працэс вымірання непадуладны, па сутнасці, ў цяперашні час, дык захаваць багацце беларускай мовы ў кнігах – ці не святы абавязак такіх людзей. Алесь Місуна ўзваліў яго на сябе добраахвотна, бо – любіць.
Аб значэнні для яго дыялектаў, мясцовай гутаркі, Алсеь Місуна піша так:
Тут сустрэнецца шмат мясцовых словаў. Я прыкідаў, ці можна ад іх пазбавіцца, замяніць, узяўшы са слоўніка літаратурнай мовы. Вядома, можна. Але малюнкі, што тут пададзены, іншы раз трацілі б нешта каштоўнае, настраевае. Гэта б былі ўжо іншыя малюнкі…
Яскі дзяцінства, як няцяжка зразумець з назвы, – тыя самыя згадкі з далёкіх гадоў, якія насамрэч іскрацца ў нашай памяці. Але вось што цікава: пра які б выпадак ці падзею ні згадваў аўтар у сваёй кнізе, там будзе нешта абавязкова пра мову. Пра паходжанне таго ці іншага слова, ягонае тлумачэнне, пра ўзнікненне і заняпад тапонімаў.
Вельмі цікавае прызнанне аўтара:
Я іншы раз думаю, што каб наша мова была для мяне новай, замежнай, я ўсё роўна разумеў бы яе без усялякіх перакладчыкаў і слоўнікаў. Для мяне амаль кожнае слова вынікае з побыту, з навакольнага асяроддзя, з дзеі, з гука, з відарыса.
І далей тлумачыць на шматлікіх прыкладах сваю думку. Вось адзін:
Дзеверы ці дрэнна змазаныя калёсы “рыпяць”. Ніякім іншым словам, як ні старайся, не перадасі гэты гук…
Вядома ж, у гэтым месцы які вучоны-лінгвіст паблажліва ўсміхнецца, бо ж носьбіт нейкай іншай мовы будзе з гэткім жа запалам казаць пра свае слоўцы. Тым не менш, узіранне аўтара ў моўную глыбіню, ягоныя асацыяцыі выклікаюць шчырае захапленне, часам і здзіўленне.
Аднойчы маці пра некага сказала “дапыліла”… Колькі фарбаў часу і натхнення, таленту спатрэбілася б мастаку, каб пакласці на палатно тое, што я бачу, адчуваю за адным словам – “дапыліла”.
***
Трэба прызнацца, сам я заўсёды з насцярогай стаўлюся да ўспамінаў, тым больш – даўніх. Тым больш, звязаных з роднымі мясцінамі. Бывае так, што аўтар ажно захліпаецца нейкім тапонімам, месцам, адчуваеш: гэтая балаціна ці лужок для яго насамрэч надзвычай дарагое. Ды толькі чым дарагое, чаму, як тое сталася – далёка не заўсёды зразумееш з быццам абсечаных унутраным цэнзарам згадак. Алесь Місуна падае свае ўспаміны дасканала. Перад чытачом няспешна раскрываецца сама дзея, важнае месца займаюць тут пачуцці і адчуванні малечы, настрой, вонкавая прастора. І, што важна, аўтар не імкнецца навязаць табе сваё адчуванне, не заклікае цябе разам усклікаць: “Ах, якія прыгожыя бярозкі!” ці нешта кшталту. Ён апавядае пра спасціжэнне свету малым чалавекам, апісвае ягоныя ўражанні, але не сваё замілаванне мінулым сабой.
Той самы запас мясцовых слоўцаў, выразаў, абаротаў у Місуны вельмі багаты. Некаторыя, невядомыя мне раней, набывалі сэнс з апісання дзеі – тут праўду казаў аўтар пра разуменне мовы. Некаторыя слоўнікавыя словы у Місуны маюць крышку іншае значэнне. Тое ж хацішча у аўтара не “дворішче”, але канкрэтнае месца, дзе стаяла сама хата (ведаю, што недзе яшчэ гэтак жа). Шмат слоў у кнізе, якія рэдка дзе і сустрэнеш сёння: гавыла – даўно ў нас толькі быллё, быльнік; хмыза (у Місуны – жаночы род); паста – чарга пасвіць кароў. Цікавае: “голкі мае доўга не прыжываліся”, а крыху вышэй – пра спробы прышчапіць яблыню. Зразумела, голкі – тыя абрэзаныя галінкі дрэў, якія і спрабуюць прывіць на другім дрэўцы.
Ты хочаш, каб я з гэтым паскудствам квэцаўся?
– так рэагуе дзед на просьбу ўнука зрабіць са скуры злоўленай і забітай змяі раменьчык… Квэцацца – забытае намі слова, адны слоўнікі даюць тлумачэнне як нешта марудна рабіць, іншыя – пэцкацца. У Вушацкім словазборы Барадуліна
барляцца — вадзіць лыжкай ў варыве, квэцацца, вэдзгацца.
Жылі некалі словы…
***
“Хочаш чалавеку пажадаць благога – пажадай вялікай любові ці зубной балезні”
– прыводзіць Місуна словы суседкі Кацярынкі, бабулькі з дзевятнаццатага стагоддзя. Яно і праўда: любоў да роднай мовы, урэшце, да ўсяго роднага ў цяперашні час можа быць і тым крыжам, які пакутліва несці, які вымушае нешта рабіць, хоць нешта…
І кожны робіць, як умее і што ўмее.
Алесь Місуна абраў свой шлях.
На фоне тых кніг, якія сёння выдаюцца, маюць выдатную прамоўцыю, на тле тых тэм, якія быццам запатрабаваныя грамадствам (я асабіста ў тое не веру – у гэтую запатрабаванасць), кніга Алеся Місуны застаецца фактычна незаўважанай. Бо ж а аднаго боку, яна пра мінулае, як скажуць едкія адмыслоўцы, зноў пра Ганну ля печы – пра жыццё вясковае. І хай сабе яно паўстае перад намі, адмыслова аздобленае моўнымі пярлінкамі, ды не надта многа зацікаўленых збярэ. І дарэмна… Бо на цвярозы погляд, ці так ужо многа мы маем кніг, дзе так шчыра і па-мастацку перадаецца дух мінулай эпохі, дзе вобразы, выпісаныя з любоўю, без прыхарошвання, і што галоўнае – без ахання і слязлівых сопляў. Дарэчы, пра маці, якая завіхалася ля печы. Вось яе словы:
“Дровы дагараюць, а я к абеду яшчэ нічога не прыстроіла”.
Вылучыў выраз – колькі ў ім багацця…
Вось не адзін раз апісанае ў нас вясковая свежына (так звалі ў нас забіваенне-смаленне-разбіранне свінні), апісанне аўтарам працэсу “пагалоўшчыны” (так звалася ў іх) прываблівае і чытаецца з цікавасцю і настроем. Як і пра Каляды, і як пра многае іншае.
Важно падкрэсліць: кніга ўспамінаў не ёсць аўтафікшнам, гэта сапраўдны мастацкі твор са сваім тонкім флёрам, густоўным моўным аздабленнем.
У адным маю пэўнасць: кніга Алеся Місуны “Яскі дзяцінства” мае свой, энцыклапедычны, кошт. Верыцца, што нашы літаратура- і мовазнаўцы некалі звернуць на яе асаблівую ўвагу, і стане яна ў шэрагу іншых прадметам стараннага вывучэння. Гэта сёння падобныя рэчы нябачныя за тым, што нясуць на сябе інфармацыйныя калялітаратурныя хвалі, сёння вывучаюцца адно сто разоў вывучаныя класікі і пішуцца навуковыя работы па тых самых кнігах. Але ж сапраўднае – будзе запатрабавана.
В. Г.
Замовіць кнігу “Яскі дзяцінства” можна тут: https://knihi.by/misuna-ales-jaski-dziacinstva-dzie-lulala-harlacyki-zesnica