Янка Купала і Якуб Колас у профіль і анфас. Сяргей Шапран

Янка Купала і Якуб Колас у профіль і анфас. Сяргей ШапранНу канешне, як можна было не пабегчы адразу ж – і не займець сабе гэтую кніжку Сяргея Шапрана? Вядома ж, я пабегла, і цяпер маю:) Ужо нават і прачытала, бо чытаецца яна вельмі хутка – а вось глядзіцца доўга, і будзе глядзецца яшчэ не раз.

Але спачатку – адна гісторыя з майго чытацкага дзяцінства. У нашай хатняй бібліятэцы была невялічкая такая кніжка, “Абразы без абразы” – карыкатуры на беларускіх пісьменнікаў з эпіграмамі Рыгора Барадуліна. Маляваў гэтыя карыкатуры татаў аднакурснік і сябар Канстанцін Куксо. І гэта была кніжка, якую я брала ў рукі найчасцей. Не ведаю, чым, але гэтыя смешныя, гратэскныя выявы мяне заварожвалі, і я гартала яе бясконца, ўглядалася ў прымружаныя вочы, перабольшаныя насы, танклявыя шыі – і дзівілася, як праз гратэск праступае чалавечая праўда.

З тых часоў я вельмі люблю шаржы і карыкатуры – і, здаецца, ўмею іх глядзець (і чытаць). Здавалася б, усё на іх нейкае вычварэнскае, ненатуральнае – а між тым праўдзівае. Колькі разоў заўважала: пазнаць жывога чалавека пасля патрэтнага фотаздымка – мо, і не пазнаеш, а пасля карыкатуры – адразу ж.

Да таго ж карыкатура і шарж імгненна здымае з чалавека і ягонага суразмоўцы ўвесь абрыдлы школьны пафас і лак. Іншы раз такі пафас і лак трэба здымаць і самому сабе з самога сябе. Надзвычай карысная практыка:)

Цяпер пра змест. Каб вы ведалі, самыя забытыя людзі ў беларускай навуцы – гэта кніжныя ілюстратары і шаржысты. Чамусьці пра іх напісана ну зусім няшмат, а ўжо каб комплексна, з біяграфіямі, аналізам, тлумачэннямі – увогуле амаль нічога. А тут – цэлая кніга! Асабліва ўзрадавала мяне, што кожная карыкатура падрабязна апісаная – калі зроблена, у якіх абставінах, чаму ў той час гэта было смешна, як зразумець пасхалачкі, якія пакінуў мастак. Здаецца, чытаеш пра карыкатуру – а насамрэч пра час.

Свет мастакоў-шаржыстаў такі цікавы! У іх асаблівае вока, асаблівы лад мыслення. Гэта як фельетаніст (таксама вельмі рэдкі талент!), але канцэнтраваны, бо фельетаніст можа разагнацца і на тысячу словаў, а ў шаржыста – кавалак паперы. Трэба быць вельмі пільным і трапным, хуткім і пранізлівым, смелым і цвёрдым – і адначасова вельмі ўважлівым і часам паблажлівым да чалавечых недасканаласцяў. Кшталту таго, што: ну так, у яго вось такі смешны жывоцік. Ну ок. Альбо: пхе, выпінаецца там на трыбуне, а ў самога валасы з носа растуць.

Ну, і героі. Божа мой, як жа выразна бачна праз карыкатуры ўсё, што толькі адчувалася паміж радкоў прычасаных біяграфій! І смешная душнаватасць Коласа, і кранальная наіўнасць Купалы, і пустыя амбіцыі альбо прыхаваныя драмы іхных калег па цэхе, і прыкрая паблажлівасць Кукрыніксаў па адрасе “малодшых братоў” – ну ўсё, усё як на далоні.

Да таго ж да большасці шаржаў дададзены шчэ і эпіграмы – гэтаксама як смешныя малюнкі суправаджаліся вершыкамі ў тагачаснай прэсе. Гэта, канешне, іншы раз смешна, іншы раз кранальна, а іншы раз страшна, як у выпадку верша пра Купалу і Беламорканал. Мяне ажно ператрэсла. Але: што было, тое было.  Аўтар падрабязна тлумачыць гісторыю і шаржа, і верша, і абставін.

І час, час. Праз карыкатуру заўсёды дыхае час такі, якім ён быў. Без нашых цяперашніх пярэкрутаў, міфаў і спрашчэнняў.

Карацей, не кніга, а скарб. бяжыце набывайце. А, вельмі зручны фармат і вельмі прыемная вёрстка-вокладка-карцінкі-каляровыя ўклейкі, усё вельмі стылёва.

Hanna Sieviaryniec.

One thought on “Янка Купала і Якуб Колас у профіль і анфас. Сяргей Шапран

Пакінуць адказ